Навіны за тыдзень

 

У Відзах выбухнуў газ

У мінулы чацьвер у Відзах на Браслаўшчыне выбухнуў газавы балён. Добра, хоць нікога не было ў доме на вуліцы Леніна, 47, дзе жывуць ажно 12 чалавек. Бо дом той разбурыўся дазваньня. Нават суседнія хаты пацярпелі. Не пашчасьціла чалавеку, які йшоў міма — выбух пераламаў яму ногі.

 

ВС «палаткі» не прызнае

«Палатка» нелегітымная, а што тым часам робіць Вярхоўны Савет нешчасьлівага 13-га скліканьня? У мінулую суботу дэпутаты ВС на паседжаньні ў Менску заявілі, што будуць дамагацца вяртаньня канстытуцыйнай законнасьці ў краіне, — паведаміў БелаПАН. У заяве адзначаецца, што «Палата прадстаўнікоў другога скліканьня не зьяўляецца паўнацэнным легітымным парлямэнтам, абраным народам Беларусі».

 

Адзначылі Слуцкі Чын

Учора БНФ разам з саюзнымi сіламі пачаў адзначаць 80-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Аўтобусы зь Менску, Салiгорску й iншых гарадоў выехалi ў Слуцак. На гарадзкiм стадыёне сабраліся каля 300 чалавек. Перад прысутнымi выступiлi В.Вячорка, А.Дабравольскi, А.Катляроў (Слуцак) i iншыя. Удзельнiкi паглядзелі сьвяточную праграму. Быў рэканструяваны сьцяг I Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР з надпiсам «Яны пайшлi памiраць, каб жыла Бацькаўшчына». Паказвалі таксама тагачасныя вайсковыя строі, сьпявалі песьні.

 

Чарнобыль вось-вось закрыюць

Чарнобыльская АЭС будзе закрытая сёлета 15 сьнежня а 12-й гадзіне. Адразу пасьля цырымоніі закрыцьця ЧАЭС, якая будзе трансьлявацца ў жывым тэлеэтэры, у Нацыянальным палацы «Ўкраіна» з гэтай нагоды адбудзецца сход з удзелам прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці.

 

Адкрылі музэй Караткевіча

У Воршы ў суботу адкрыўся музэй Уладзімера Караткевіча. Акрамя заляў з пастаяннай экспазыцыяй, тут ёсьць кіназаля і тэатральная сцэна. У адным з пакояў будуць курсы беларускай мовы для дарослых.

Тым часам Малады Фронт у пятніцу запрасіў да сябе на сядзібу Рыгора Барадуліна і Алеся Камоцкага. Ушаноўвалі памяць Караткевіча. Сабраліся больш за 100 чалавек.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0