Гістарычныя акцыі

Лукашэнка запомніцца палітычнымі забойствамі,
90-я — вулічнымі акцыямі пратэсту

Народ супраціўляўся і пратэставаў. Гэтага не аспрэчыць ні гісторык, ні паэт. І як ты пасьля Дзён Волі, Чарнобыльскіх Шляхоў, Маршаў Свабоды, уручэньня гарбуза расейскаму паслу ці акцыі «Пераменаў!» дакажаш, што беларусы з радасьцю прынялі новыя ёрмы?

Мітынгі і шэсьці пералому 80-х і 90-х тыпалягічна розьняцца ад маршаў часоў Лукашэнкі. Тады яны праходзілі, з рэдкімі выняткамі мірна. Цяпер маткі праводзяць сыноў на мітынг, як на вайну. Тады акцыі адбываліся на грэбні рэвалюцыйнага ўздыму ўва ўсім рэгіёне. Бурліла Масква, трыюмфавала Варшава, абаранялася Вільня, выходзілі й мы. Цяпер мы ладзім шэсьці ў адзіноце — палітычныя буры вакол Беларусі сьцішыліся — насуперак адмоўнаму стаўленьню да грамадзкіх пратэстаў, якое старанна прышчапляе незацікаўленая ў народнай актыўнасьці маладая расейская алігархія. Дэманстрацыі апошніх гадоў — гэта наша асабістая гісторыя. Гісторыя зьдзяйсьнялася «тут», ці, прынамсі, мы спрабавалі яе тутака зьдзяйсьняць.

Само слова «акцыя» аказалася вельмі беларускім і самадастатковым. «Ён на акцыі», — мова адбівае новыя рэаліі.

Масква і прарасейская прэса ў Беларусі імкнуцца любой цаной прыменшыць значэньне менскіх пратэстаў. Кажуць пра 300 ці 200 ўдзельнікаў акцыі «Пераменаў!» Гэтым дасягаюцца дзьве мэты: масавасьць заніжаецца і запалохваюцца патэнцыйныя ўдзельнікі. Бачыце: 200 выйшла, 112 зь іх мы злавілі. Толькі паспрабуйце сшыць дзьве белыя палоскі з чырвонаю і далучыцца!

Газпромаўская «Белорусская газета» ўвогуле пра шэсьце моладзі маўчыць. Яна абмяркоўвае, вырасьце ці зьменшыцца давер Лукашэнкі да Мясьніковіча пасьля прызначэньня Батуры ў Магілёў. Тожа важна! Здымаю шапку перад імкненьнем структураваць і арганізаваць лукашэнкаўскую эліту, але ня веру, што гэта можа па-сапраўднаму зьмяніць краіну. Не такіх «пераменаў» патрабавала моладзь 12 лістапада.

Чаму так мала людзей выйшла на акцыю «Пераменаў»? — пытаюцца «Свободные новості». «500–1000 чалавек», — з арытмэтычнай рэўнасьцю падлічвае Аляксей Шыдлоўскі для «Нашай Свабоды». Сапраўды, чаму гэты вясёлы, бурны паход сабраў дзьве, ну, разам зь вельмі пасыўнымі ўдзельнікамі — тры тысячы? Рэкляма акцыі была такая, што большай і не даб’ешся. Ні бульба, ні прымусовыя заняткі ў школах не заміналі. І — «толькі» дзьве тысячы.

Само зьлічэньне колькасьці ўдзельнікаў падобнай акцыі аддае глыбокім цынізмам. Гэта ўсё адно што расказваць пра пратэсты дысыдэнтаў на Краснай плошчы, сыходзячы зь лічбаў. «Пратэставаць супраць расейскага ўварваньня ў Чэхаславаччыну выйшлі 16 чалавек, а супраць суду над Сіняўскім і Даніэлем — толькі 9», — брыда.

Мала людзей дазваляе сабе выйсьці на вуліцы, бо Беларусь — не Славаччына, дзе Мэч’яр дапускаў існаваньне незалежнага тэлебачаньня і прэзыдэнта ў апазыцыі сабе, і ня Сэрбія, дзе існавалі свабоднае радыё і апазыцыйныя муніцыпалітэты. Рэжым Лукашэнкі нашмат больш аўтарытарны за былыя сэрбскі і славацкі. Тут сапраўды ўсё пад фатальным і татальным кантролем. «Тут Масква ў тэлевізары і галаве», як сьпявае Кася Камоцкая. Тут «расейская зона ўплыву».

Я таксама дзівуюся, што на акцыі кшталту «Пераменаў!», пагуляць у гэтую «амонаўскую рулетку», прыходзяць цэлыя дзьве тысячы чалавек, цудоўна ведаючы, што сотня зь іх паспытае дубіналаў і акажацца за кратамі. У лёгіку слухача алігафрэнізатарскіх FM-станцыяў такія добраахвотныя дэцымацыі проста не ўкладаюцца. Паводле ўсіх плянаў лукашэнкаўскіх прагнозных інстытутаў рух пратэсту мусіў сысьці на нішто ў 1997-м, ну, у крайнім разе, у 1999-м, ну, прынамсі пасьля таго, як быў скончаны вышкал паўваенных паўнацысцкіх атрадаў, рукамі якіх можна ліквідаваць дзеячоў апазыцыі. А тут ізноў дзьве тысячы выйшлі, каб запатрабаваць пераменаў. Ізноў прылавілі сотню чалавек. Усё як 14 сакавіка 1997-га. Адкуль яны бяруцца, Вася?

Лукашэнка ня хоча ісьці на прамыя шырокія рэпрэсіі: беларуская традыцыя і грамадзкая думка не даюць. Таму інстытуты прагнозу прапануюць афіцыйным СМІ нагнятаць яшчэ мацнейшы страх. Журналістам незалежных газэтаў таксама многа ня трэба, яны хапаюцца за ўсё, што хоць як нагадвае скандал ці трылер. Дастаткова пры журналісту «БДГ» запытацца, «ці будзем яго прабіваць?», каб чарговая застрашка зьявілася на старонках прэсы. І фатографы IREX-Promedia яўна аддаюць перавагу нэгатыву — дэманстрацыі мускулаў АМОНу і кадрам разгону і зьбіцьця — перад пазытывам, усім тым, што выклікае аптымізм.

Насамрэч, рэпрэсіі захлынаюцца ў нежаданьні апарату зьдзяйсьняць іх. Дэканы і рэктары выкручваюцца, каб не выганяць студэнтаў, дырэктары не жадаюць звальняць супрацоўнікаў, судзьдзі чапляюцца за кожны кручочак ува ўказах, каб засуджваць як мага мякчэй проці таго, што патрабуюць зьверху. Падазраю, што і амонаўцы затрымліваюць 112 чалавек пры норме 200. Хоць няма роду без выроду, ясная штука.

Усе намаганьні «закруціць гайкі» грузнуць у маўклівым сабатажы тых, хто мае гэта зрабіць. Рэакцыя ўладаў на вулічныя акцыі як найлепш выяўляе сілу ціхага грамадзкага супраціву цяперашняй уладзе і нязгоды з мэтадамі, якімі ўлада ажыцьцяўляецца. Сродкі абароны ад рэпрэсіяў, якія ёсьць у праваабарончых арганізацыяў, пакуль намнога перасягаюць здольнасьці рэпрэсіўнага апарату. Аднаго студэнта выганяюць, двух запрашае на вучобу Праскі ўнівэрсытэт. У месяц суды раздаюць штрафаў на тры тысячы даляраў, а ахвяраваньняў на палітвязьняў зьбіраецца на шэсьць. Нас пужаюць, а нам ня страшна. Прывыклі да грозных «уцечак інфармацыі» перад кожнай важнай дэманстрацыяй.

Адстароненая журналісцкая інтэрпрэтацыя падзеяў аказваецца недаравальнаю. Накідаючы нам свае шкурніцкія разважаньні пра тое, хто выйграў, хто прайграў, хто каго падставіў, а хто атрымаў дывідэнды ад «апазыцыйных акцый», колькі тысячаў прыйшло, а колькі прайшло, прывучаючы нас да самой гэтай фразэалёгіі і бугальтэрыі, афіцыёзныя і расейскія СМІ падточваюць самае нутро нашага руху.

Афіцыёзныя і расейскія СМІ падточваюць самае нутро нашага руху, хочуць убіць клін паміж лідэрамі апазыцыі і простымі сымпатыкамі. «Простыя ўдзельнікі нічога не атрымліваюць, а вось Вячоркі і Лябедзькі кладуць сабе ў кішэню тысячы», — паўтараюць яны. «Масавыя акцыі ня могуць нічога памяняць», — сеюць яны паняверку.

Мо і падточаць, раскладуць зь сярэдзіны. Мо і сыдзе наш рух з вуліц у падпольле, разьліецца крыўдамі па пушчах і гонях, спалахнуўшы апошнімі адчайнымі паходнямі беларускіх Палахаў. Мо нават расейскі капітал рэкалянізуе ня толькі нас, але і Латвію, Украіну, Баўгарыю, хоць у гэта зь цяжкасьцю верыцца — занадта непрывабным застаўся расейскі лад жыцьця. Толькі 90-х гадоў і гэтых шэсьцяў, і «стаканоў», і «вуліцы Акрэсьціна» нельга будзе выкрасьліць з народнай памяці. У 90-х мы зноў выразна сталі суб’ектамі сваёй гісторыі. Запомніцца і прыгадаецца, як мы адстойвалі права жыць па-свойму і думаць па-свойму.

Вырваўшыся чарговы раз з кальца АМОНу, Адам Глёбус дастае свой сотавік, каб затэлефанаваць у рэдакцыю «НН»: «Я — нармальна. А ці ўсё ўпарадку са Славамірам?» Адказваеш яму і разумееш, наколькі ён усё ж народны пісьменьнік, «народны» ў тым вялікім значэньні гэтага слова, над якім ня ўладныя ні ЦК КПБ, ні адміністрацыя прэзыдэнта, ні газпромаўскія газэты, народны той народнасьцю, якую Якубу Коласу ці Максіму Танку адцялі афіцыйным прысваеньнем гэтага званьня.

Нішто не выстрэльвае ў мае жылы столькі жыватворнага адрэналіну, як гэтыя выхады ў горад са сьціснутымі кулакамі. Нішто так не апраўдвае майго існаваньня, як гэтае імпэтнае і зацятае рызыкаваньне сабой на брудных вуліцах зрасейшчанае дазваньня сталіцы. Нічым ня буду я гэтак ганарыцца перад сваім сынам, як тым, што і я — у гэтыя дні — не сядзеў дома. І ў жыцьці я ня ўдзельнічаў і, мабыць, ужо не паўдзельнічаю ні ў чым больш велічным і гарачым за гэтыя іншы раз грандыёзныя, а іншы — скамечаныя або растаптаныя пратэсты. Мае пратэсты.

У барацьбе супраць рабства грэх рабіць калькуляцыю дывідэндаў.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0