Слуцкі вузел

80 год таму, 27 лістапада 1920 г., пачалося Слуцкае паўстаньне

Яшчэ ў верасьні 1917 г. была заснаваная Слуцкая Беларуская Гімназія. У тым жа годзе стварылася культурна-асьветнае таварыства «Папараць-кветка», якое праводзіла нацыянальна-ўзгадаваўчую працу сярод насельніцтва. У 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт.

У лістападзе 1919 г. Янка Купала з усьцешнасьцю пісаў у менскай газэце «Звон»: «…перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна». Выдана яна [ў] Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася лезьці ў людзі ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе н[і] заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Кветка-Папараці», каторая сваю чыннасьць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і навет далей, за яго межы… Адбудаваньне незалежнасьці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з пад беларускай саломенай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!»

У кастрычніку 1920 г. Случчыну занялі польскія войскі. Беларускае нацыянальнае жыцьцё, прыдушанае папярэдняй бальшавіцкай акупацыяй, узнавілася. Аднавіў працу Беларускі Нацыянальны Камітэт. У кастрычніку 1920 г. у Рызе распачаліся мірныя перамовы паміж савецкай Расеяй і Польшчай, на якіх ішоў гандаль Беларусьсю. Адзін з кіраўнікоў паўстаньня Ўладзімер Пракулевіч пісаў: «Я адмыслова зайшоў да Ясінскага (камандуючы 10-й польскай арміяй. – А.Г.), каб даведацца пра палітычныя падзеі і каб яскравей уяўляць сабе абстаноўку. Ён разгарнуў газэту, дзе быў зьмешчаны праект Рыскай дамовы, і зьвярнуў увагу на 1 пункт дамовы, у якім гаварылася, што абодва бакі прызнаюць прынцып самавызначэньня і незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны, а таксама дадаў, што многае залежыць, як сьведчыць дамова, ад самога насельніцтва».

Паводле прэлімінарнай дамовы ў Рызе Меншчына, а разам зь ёй і Случчына, павінны былі дастацца Саветам. Аднак на пэўны час польскія і савецкія войскі мусілі адысьці ад дзяржаўнай мяжы на адлегласьць 15 км. Случчына патрапляла ў нэўтральную зону.

14 лістапада 1920 г. у Слуцку ў доме Эдварда Вайніловіча адбыўся зьезд прадстаўнікоў Случчыны, на якім прысутнічала 107 дэлегатаў гораду і валасьцей. Дом Вайніловічаў быў упрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі, скрозь панавала патрыятычная атмасфэра. На зьезьдзе прысутнічалі прадстаўнікі Станіслава Булак-Балаховіча, які на чале свайго войска вёў пасьпяховыя баявыя дзеяньні на Палесьсі і прапаноўваў сваю дапамогу («даць сваіх сыноў на змаганьне») случакам. Аднак Павал Жаўрыд, прадстаўнік Найвышэйшай Рады БНР у Слуцкім павеце, здолеў пераканаць дэлегатаў зьезду ў сьледаваньні ідэалам БНР і прызнаньні Найвышэйшай Рады.

Зьезд выбраў Раду Случчыны ў складзе 14 чалавек на чале з Уладзімерам Пракулевічам. Радзе было даручана арганізаваць грамадзянскую ўладу ў павеце і сфармаваць войска. Арганізацыя вайсковых фармацыяў ішла вельмі пасьпяхова: змучанае папярэднімі бальшавіцкімі акупацыямі і бясконцымі харчразьвёрсткамі ды рэквізыцыямі, мясцовае насельніцтва адгукнулася на заклік Рады Случчыны.

З 22 лістапада, выконваючы рыскія пагадненьні, польскія войскі пачалі пакідаць Случчыну і адыходзіць за дзяржаўную мяжу. 24 лістапада яны пакінулі Слуцак. На Случчыну пачало паціху прасоўвацца савецкае войска. З-за пагрозы акупацыі гораду штаб случакоў быў перанесены ў мястэчка Семежава. Была сфармаваная 1-я Слуцкая брыгада (камандзір Антон Сокал-Кутылоўскі), якая складалася з двух палкоў — Слуцкага і Грозаўскага. Толькі за першыя тры дні прыйшлі добраахвотнікамі паўтары тысячы чалавек, а ўсяго ўзялі ўдзел у паўстаньні каля 10 тыс. чалавек.

27 лістапада распачаліся баі з Чырвонай Арміяй. Найбольш жорсткія баі вяліся каля Капыля, Цімкавічаў, Вызны, Семежава. Цэлы месяц ішло змаганьне з усходнім акупантам. Паўстанцам не хапала зброі, ваеннай вывучкі, яны значна саступалі лепш вышкаленай Чырвонай Арміяй, якая дагэтуль пасьпела выціснуць з Палесься войска Булак-Балаховіча. Пра зацятасьць баёў сьведчаць падзеі ў Семежаве. 7 сьнежня яно было занятае чырвонымі, 12-га адбітае случакамі, 20-га зноў увайшлі чырвоныя.

19 сьнежня 1920 г. распачаўся шырокамаштабны наступ Чырвонай Арміі. Штаб случакоў быў перанесены зь Семежава у Заастравечча, паблізу польскай мяжы. Случакі маглі супрацьпаставіць чырвоным толькі прагу волі, але гэтага аказалася замала. Рада Случчыны прыняла рашэньне пра пераход дзяржаўнай мяжы. 28 сьнежня 1920 г. памежную раку Лань перайшла 1-я Слуцкая брагада, 31 сьнежня 1920 г. мяжу перайшоў апошні аддзел случакоў. Аддзелы гэтыя абяззбройваліся польскімі ўладамі і інтэрнаваліся. Адзін батальён паўстанцаў застаўся на савецкім баку, каб працягваць барацьбу з Саветамі.

Слуцкае паўстаньне было асуджанае на паразу. Случакі былі слабейшыя за бальшавікоў, паўстаньне не было падтрыманае ў астатняе Беларусі. Апрача таго, былі рознагалосьсі ў самім складзе паўстанцаў: нагаворы, канфлікты, амбіцыі, розныя палітычныя погляды. Эсэраўская арыентацыя кіраўніцтва паўстаньня выключна на сялянства адштурхнула ад яго частку патрыятычна настроеных афіцэраў. Але, нягледзячы на гэта, паўстанцы паказалі сьвету, што Беларусь змагаецца за сваю вольнасьць. Пасьля акупацыі Случчыны чырвонымі распачаліся рэпрэсіі супраць насельніцтва, якое абвінавачвалася, і небеспадстаўна, у сымпатыях да «контрарэвалюцыі».

Павал Жаўрыд, Макар Краўцоў, Марк Асьвяцімскі, Васіль Русак, Сяргей Бусел, Уладзімер Пракулевіч, Тодар Данілюк, Юльлян Сасноўскі, Антон Борык, Антон Сокал-Кутылоўскі... Сьпіс герояў Паўстаньня можна працягваць.

«Яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0