Дабро і Воля

Аляксандар Дабравольскі адказвае на пытаньні нашаніўцаў

— Краіна перажывае стан, які можна ахарактарызаваць як культурную катастрофу. Па-Вашаму, у гэтым ёсьць прамая віна Лукашэнкі і ягоных урадаў ці Лукашэнка проста бязвольны кіраўнік, які ня змог пераламіць агульныя тэндэнцыі, характэрныя для нашага рэгіёну?

— У рэгіёне назіраюцца супрацьлеглыя тэндэнцыі. Ёсьць тэндэнцыі да дэмакратызацыі, самастойнасьці, аднаўленьня і разьвіцьця нацыянальных каштоўнасьцяў, і ёсьць тэндэнцыі звароту ў мінулае. Апошнія пераважаюць, калі людзі расчароўваюцца з-за таго, што перамены не паляпшаюць за кароткі час іх рэальнага жыцьцёвага ўзроўню. У нас мог бы быць і іншы балянс гэтых тэндэнцыяў, іншы вынік. Але наша кіраўніцтва культывавала нэгатыўныя тэндэнцыі звароту ў мінулае, а таксама нянавісьць і зайздрасьць — два асноўныя пачуцьці, якія цяперашняя ўлада ўсяляк падтрымлівае ў беларускага народу і на якіх і трымаецца. Калі б людзі думалі больш рацыянальна, яны ня сталі б падтрымліваць такое кіраўніцтва. Грамадзкая сьвядомасьць у значнай меры ірацыянальная, але я мяркую, што ёсьць пэрспэктывы зьмяніць сытуацыю і дадаць людзям рацыяналізму. Цёмныя пачуцьці, якія цяпер дамінуюць у беларускім грамадзтве, ня могуць прывесьці да паляпшэньня ні жыцьцёвага ўзроўню, ні самаадчуваньня людзей.

— Новы прэзыдэнт, пад якімі лёзунгамі ён ні прыйшоў бы да ўлады, апынецца перад задачай кансалідацыі грамадзтва, расколатага цяпер паводле сацыяльных, ідэалягічных, моўных, рэлігійных, сьветапоглядных прыкмет. Якімі вы бачыце шляхі пераадоленьня гэтага расколу?

— Асноўны раскол у нашым грамадзтве праходзіць паводле стаўленьня да аднаго чалавека. Прычым усе астатнія расколы справакаваныя менавіта тым, што цяперашняя ўлада паставіла пытаньне рубам: ці “за”, ці “супраць”. Калі гэтай улады ня будзе, калі людзі зробяць выбар на карысьць таго чалавека, які зможа кіраваць краінай бяз гэтага шалёнага жаданьня шукаць ворагаў, то ўсе астатнія праблемы вырашаць будзе значна лягчэй.

Людзі сапраўды па-рознаму бачаць шляхі разьвіцьця краіны, але цалкам супрацьлеглых пазыцыяў амаль няма. У грамадзтве пачнецца вялікая дыскусія, і новае кіраўніцтва павінна будзе сфармуляваць шлях разьвіцьця і выразную ідэалёгію, прычым пэўна, што ўжо ня будзе спробаў зрабіць гэтую ідэалёгію манапольнай. Дарэчы, такія спробы не ўдаліся і цяперашняй уладзе: мы памятаем, што некалькі разоў яна бралася выпрацаваць канцэпцыю нацыянальнай (хоць у адносінах да гэтай улады слова “нацыянальны” гучыць сьмешна) ідэалёгіі, але нічога ня выйшла. Што датычыць рэлігійнага расколу, то ў рэлігійных пытаньнях беларусы — талерантны народ, чаго нельга сказаць пра палітыку. Расколы зьнікнуць, калі зьнікне напружанасьць у грамадзтве, якая выклікана пошукам ворагаў.

— Большасьць чытачоў нашай газэты — гэта людзі беларускае культуры. Але ў грамадзтве суіснуюць людзі беларускай і расейскай культур. Які магчымы варыянт рашэньня культурнай і моўнай праблемы, каб ні беларуская, ні расейская культуры не адчувалі ўціску? Якое месца ў будучай Беларусі будзе мець расейская мова і культура?

— Тут ёсьць дзьве праблемы: першая — гэта неабходнасьць грамадзянскага міру, кампрамісу ў грамадзтве ў адносінах да шляхоў разьвіцьця культуры. І другая — гэта вельмі важная праблема аднаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, разьвіцьця менавіта беларускай культуры. Зараз Беларусь амаль цалкам русіфікаваная. Спроба беларусізацыі, хоць і дала значны эфэкт, была ня вельмі ўдалай: адбыўся рэванш. Вельмі важна, каб дух рэваншызму застаўся ў мінулым. Справа ў тым, што цяпер большасьць людзей размаўляе па-расейску, але вельмі вялікая іх частка хацела б, каб адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская. Гэта пакуль ня большасьць насельніцтва. Вельмі нечаканы эфэкт даў нядаўні перапіс насельніцтва. У людзей пыталіся, на якой мове яны гавораць у сям’і. Вынікі перапісу паказалі, што 37% размаўляюць па-беларуску — працэнт, якога мы не чакалі. Гэта быў палітычны пратэст супраць русіфікацыі. Людзі разумелі, што вынікі могуць быць выкарыстаны для абгрунтаваньня новай хвалі русіфікацыі, і выказаліся супраць. Гэта пацьвярджае канцэпцыю, якая ўпершыню была агучана Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў: беларускі нацыяналізм размаўляе па-расейску. Вяскоўцы, хоць яны і па-беларуску гавораць, ня лічаць для сябе праблемай аднаўленьне беларускай нацыянальнай культуры. А ў вялікіх гарадох, а таксама і ў маленькіх, ёсьць свае асяродкі, якія размаўляюць па-расейску, але хацелі б аднаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці і спрыяюць разьвіцьцю нацыянальнай культуры. Хоць яны самі ня носьбіты гэтай культуры, але яны да яе імкнуцца, і гэта вельмі важна.

Мне цяжка сказаць, якая можа быць канцэпцыя суіснаваньня ў нашым грамадзтве беларускай і расейскай моваў. Ніякая ўлада ня зможа вырашыць гэтае пытаньне, калі людзі не адчуюць у гэтым патрэбы. Яны ў сваёй значнай частцы, як мы цяпер бачым, гэтую патрэбу адчуваюць, але бальшыня грамадзтва яшчэ абыякавая.

І ёсьць такія ваяўнічыя русіфікатары, як Посахаў ці Замяталін, якія выступаюць за ідэю славянскай еднасьці, а калі паспрабаваць разабрацца, то проста за ідэю расейскага дамінаваньня. Але такіх мала. Гэтае пытаньне настолькі складанае, што я асабіста ня ўзяўся б прадказваць, што і як павінны мы рабіць, за выключэньнем таго, што трэба падтрымаць памкненьні да разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры і трэба рабіць гэта вельмі асьцярожна, бо асноўная частка грамадзтва да гэтага не гатовая і напалоханая той ідэалёгіяй, якая праводзілася ў апошнія гады праз усе СМІ.

Прапагандысты ад улады казалі, што разьвіцьцё беларускай культуры накіравана супраць Расеі. На самой справе мне здаецца, што расейскае пытаньне будзе тут вельмі важным, але для беларусаў найважней — зразумець, што мы самі адказныя за свой лёс. Ні Захад, ні Расея ня вырашаць нашых праблемаў. І я думаю, што той комплекс непаўнавартасьці, які ў нас ёсьць перад Расеяй, раней ці пазьней зьнікне.

— Чалавек, які хоча стаць прэзыдэнтам, мусіць сфармуляваць для сваіх выбарцаў пэўную мару, як Лукашэнка, прыйшоў да ўлады, сфармуляваўшы мару “каб усё было як раней”, мару вяртаньня ў мінулае. Зь якой марай можа выйсьці на выбары дэмакратычны кандыдат?

— Паколькі грамадзтва ніяк ня вызначылася ў палітычных канцэпцыях, а расчараваньне цяпер вельмі моцнае і людзі хочуць пераменаў, бачачы, што ні да чога добрага вяртаньне ў мінулае не прывяло, то гэта, мабыць, будзе самае істотнае пытаньне наагул да ўсёй апазыцыі. Мусіць быць кантраст паміж прапановай Лукашэнкі і прапановай адзінага кандыдата ад апазыцыі. І, паколькі гэты кантраст неабходны, то ірацыянальнасьць, мне здаецца, ня лепшы шлях. У палітыцы ірацыянальнасьць можа выкарыстоўвацца, калі гаворка ідзе пра галоўныя, фундамэнтальныя каштоўнасьці, як, напрыклад, “любоў да Радзімы” — тут ужо ніяк нельга лягічна распавесьці, чаму мы любім нашу Беларусь. Але шляхі да паляпшэньня сытуацыі заўсёды рацыянальныя, і яны павінны быць простымі і зразумелымі. Асноўным палажэньнем такой праграмы можа быць плян эканамічнага разьвіцьця, бо праблемы, якія хвалююць людзей, у сваёй аснове сёньня эканамічныя — высокія цэны, малыя заробкі, беспрацоўе.

Акрамя вырашэньня эканамічных праблемаў нас цікавіць вяртаньне самапавагі беларускаму народу. Гэта вельмі глыбока сядзіць у грамадзкай сьвядомасьці, і людзі гэтага вэрбальна яшчэ не сфармулявалі, але гэта ўжо гучыць, бо яны бачаць, што зь Беларусі насьміхаюцца ўва ўсім сьвеце, што Беларусь знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі і што ніхто сур’ёзна не ўспрымае таго, што думаюць беларусы, за што яны выступаюць. Фактычна людзі адчулі, што іх не паважаюць — ні ўлада, ні міжнародная супольнасьць. І Расея не цікавіцца тым, што думаюць беларусы. Я мяркую, што вяртаньне самапавагі будзе адным з асноўных палажэньняў перадвыбарчай праграмы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Зразумела, што будзе гаворка і пра сацыяльную дапамогу, лепшую мэдыцыну, адукацыю, экалёгію, пра Чарнобыль. Але першыя два — эфэктыўная эканоміка і вяртаньне самапавагі — гэта галоўнае. Ну і, нарэшце, няма ніводнай дэмакратычнай партыі ці арганізацыі, якая б выступала за ліквідацыю сувэрэнітэту краіны.

— Вы сказалі, што беларускае адраджэньне не скіраванае супраць Расеі. У той жа час Расея якраз баіцца беларускага адраджэньня і беларускай незалежнасьці. Якім чынам можна давесьці Расеі, што беларускае адраджэньне і незалежнасьць не нясуць небясьпекі інтарэсам Расеі і што апазыцыя, якая выступае за адраджэньне і незалежнасьць, не нясе небясьпекі інтарэсам Расеі?

— Па-першае, паколькі канцэпцыя расейскіх палітычных эліт, якая да гэтага часу дамінуе, у значнай сваёй частцы імпэрская, то адраджэньне нацыянальных каштоўнасьцей у Беларусі і іншых краінах, якія раней былі ў СССР, яны ўспрымаюць як пагрозу для інтарэсаў Расеі. Вядома, калі хтосьці будзе адчуваць сваю нацыянальную самабытнасьць і разумець, што ён мае права быць гаспадаром на сваёй зямлі, то гэта пагроза для імпэрскіх інтарэсаў. Але імпэрскія амбіцыі шкодзяць самой Расеі. Дый імпэрская палітыка Расеі апошнім часам церпіць крах. Рэальных рэсурсаў — ня толькі эканамічных, ніякіх рэсурсаў — няма ў Расеі, каб аднавіць імпэрыю ў тым складзе, у якім яна была, больш за тое, гэтая імпэрыя яшчэ будзе распадацца. Такім чынам, цяпер перад Расеяй стаіць ужо новая задача, якой там ня могуць даць рады ўнутры краіны — захаваць імпэрыю, якая ёсьць цяпер. Станіслаў Багданкевіч калісьці адказаў расейскім палітыкам, якія сьцьвярджалі, што трэба Беларусь далучыць да Расеі, каб усе пытаньні вырашыліся: “Далучыце спачатку Прыморскі край да Расеі, каб там усё было ў парадку, а пасьля будзем размаўляць”. Мне здаецца, што тут на дапамогу можа прыйсьці тая самая рацыянальнасьць, бо расейскае стаўленьне да Беларусі — вельмі ірацыянальная рэч. Але ў Расеі ўсё больш людзей, якія нас разумеюць. Наша задача — працаваць з расейскай палітычнай элітай, ня толькі каб ім патлумачыць, што мы нічога дрэннага ня хочам зрабіць Расеі, паважаем іх нацыянальныя інтарэсы і гатовыя іх улічваць, калі яны не супярэчаць нашым інтарэсам, але і каб зразумець, што новая палітычная эліта хоча бачыць у адносінах зь Беларусяй. Тут нейкія ўзаемныя крокі маглі б быць вельмі карысныя. Мы зараз займаемся гэтай справай і бачым, што самыя розныя людзі з расейскай палітычнай эліты, якія раней былі прыхільнікамі імпэрскіх ідэяў, цяпер зь вялікім разуменьнем ставяцца да таго, што Беларусь хоча быць самастойнай дзяржавай. Напрыклад, Фёдар Шэлаў-Кавядзяеў, былы намесьнік міністра замежных справаў, які ня раз выказваўся за «вялікую Расею», на адной зь нядаўніх канфэрэнцый зрабіў вялікі гістарычны даклад, дзе зазначыў, што, аказваецца, Вялікае Княства Літоўскае было адной з самых дынамічных і перадавых эўрапейскіх дзяржаваў, што прынцып падзелу ўладаў фігураваў яшчэ ў статуце ВКЛ 1588 году і быў рэалізаваны на практыцы задоўга да таго, як Мантэск’ё напісаў сваю вядомую працу “Пра дух законаў”.

Пытаньне аб адносінах Расеі і Беларусі заўсёды будзе вельмі цяжкім, проста таму, што розьняцца масы нашых краінаў, і Расея заўсёды будзе імкнуцца дамінаваць. Гэта натуральна, і мы павінны гэта ўлічваць. Нікуды мы ня дзенемся ад Расеі ў геаграфічным сэнсе, нам трэба будаваць нармальныя партнэрскія адносіны, не варожыя, бо самае неразумнае, што можа быць, — гэта варажнеча з Расеяй.

Расейскае пытаньне для нас вельмі складанае. Я не лічу сябе ў ім вялікім экспэртам, і гэтыя мае разважаньні сьведчаць, што адназначнага адказу на яго няма. Адзінае, што для нас адназначна, і мы гэта заўсёды кажам нашам расейскім партнэрам, — мы абмяркоўваем усе пытаньні, акрамя беларускага сувэрэнітэту.

— Калі меркаваць па прыватных абвестках у «НН», у разьдзеле віншаваньняў з нагоды нараджэньня дзяцей, сярод чытачоў адно імя вельмі папулярнае, і гэта імя Вашага бацькі. Кім быў Ваш бацька, якая Ваша сямейная гісторыя?

— Мой бацька Альгерд нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, раней гэта быў Івянецкі раён. Усе ягоныя сваякі насілі сапраўдныя беларускія імёны: Яніна, Ядвіга, Юзік, Францішак. Ён нарадзіўся на хутары, працаваў на сваёй зямлі, у калектывізацыю ўсю зямлю адабралі, хоць яе было няшмат, пара гектараў. Пасьля вайсковай службы бацька пераехаў жыць у вёску Сула Стаўпецкага раёну, дзе я й нарадзіўся. Праз тры з паловай гады нарадзілася сястра Людміла. Бацька рабіў будаўніком у калгасе, маці — настаўніцай. Калі мне было пяць гадоў, сям’я пераехала ў Койданава. Там я скончыў школу. Там зараз жыве мая маці Аляксандра Іванаўна (яна зь Віцебшчыны) і сям’я сястры. Бацька мой ужо памёр.

— А Вашы дзеці, хто яны, што яны?

— Мне пакуль цяжка сказаць, кім яны хочуць быць, бо сыну Аляксандру 11 гадоў, дачцэ Вользе — 8. Дачка ходзіць у першую клясу, а сын — у пятую. Яны вучацца ў звычайнай, неспэцыялізаванай, праўда, вельмі добрай школе. Сын хадзіў яшчэ да школы на заняткі па суботах і нядзелях, яшчэ да школы вельмі добра размаўляў на ангельскай мове. У сына выдатны музычны слых, і ён мог бы добра вучыцца ў музычнай школе, але пакуль ня хоча. Дачку паводле тэстаў адабралі ў хор, але яна чамусьці таксама спалохалася, плакала і не пайшла. Прымушаць я не хачу. Але я паспрабую іх угаварыць, бо ў іх добрыя музычныя здольнасьці. Сказаць, што мае дзеці — супэрталенавітыя, я не магу. Звычайныя дзеці. А што вучацца добра, то дзякуй Богу.

Запісаў Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0