Ідэальны кандыдат

Якім вы бачыце кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах?

З такім пытаньнем зьвярнуліся мы да палітыкаў і палітолягаў.

 

Уладзімер Чарноў, палітоляг:

Можна выкласьці сваё бачаньне ідэальнага кандыдата ці з свайго суб’ектыўнага пункту гледжаньня, ці з пункту гледжаньня таго, што патрэбна для Беларусі. Але такі кандыдат можа не аказацца прахадным, бо тое, што, на нашу думку, патрэбна для краіны, той вобраз кандыдата, які мы сабе ўяўляем, на жаль, карэнным чынам адрозьніваецца ад таго, які авалодаў масавай сьвядомасьцю нашых людзей. Ідэальны для народу кандыдат павінен быць просты ў стасунках зь людзьмі, мець вобраз чалавека з народу, блізкага да людзей, быць справядлівым, шчырым, у меру інтэлігентным, але не павінен здавацца занадта разумным. Відавочна, гэта мусіць быць мужчына, а не жанчына, не маладзейшы за 40 і не старэйшы за 65 год. Ён мусіць мець элемэнты харызмы, умець валодаць аўдыторыяй. Прафэсійныя якасьці ў дадзеным выпадку граюць другасную ролю. Увогуле я вылучаю тры катэгорыі ацэнкі магчымых кандыдатаў: маральна-псыхалягічныя якасьці, арганізацыйна-дзейныя магчымасьці і палітычную арыентацыю. Можна, вядома, гэты ідэальны вобраз загадзя змадэляваць, зыходзячы з гэтых крытэраў, але, на мой погляд, канструяваць яго лепш, зыходзячы са зьвестак сацыялягічных апытаньняў. Цяпер мы якраз такое апытаньне праводзім, пасьля будзем аналізаваць ягоныя вынікі. Што тычыцца статусных характарыстык, то гэты чалавек павінен займаць досыць віднае становішча ў нашым грамадзтве — напрыклад, гэта можа быць буйны гаспадарнік альбо прамысловец. Можа, ён нават будзе размаўляць на трасянцы. Ён не павінен быць русафобам, не павінен выказваць сур’ёзнай крытыкі на адрас Расеі, як гэта рабіў Пазьняк, бо гэтым ён адштурхне ад сябе значную частку электарату.

Адкрытая крытыка на адрас таго ці іншага кандыдата зараз была б непажаданай. Але калі ўжо закранаць маральна-псыхалягічныя якасьці гэтых людзей і ставіцца да іх з пункту гледжаньня экспэрта, то Домаш — не аптымальны варыянт. Хоць ён і гаспадарнік, хоць у яго і ёсьць досьвед кіраваньня і яго можа падтрымаць намэнклятура, але ён заходнік, і ўсходняя Беларусь за яго можа не прагаласаваць. Па-другое, ён чалавек з рэгіёну, і гэта значыць, што Менск можа да яго паставіцца зь недаверам. Па-трэцяе, на яго ёсьць кампрамат (гэта зьвязана зь яго домам), які ўлады пакуль прыхоўваюць, але ў неабходны момант абавязкова выкарыстаюць.

Што тычыцца Дабравольскага, то гэта малады і вельмі пэрспэктыўны палітык эўрапейскага тыпу, і ў любой іншай краіне ён меў бы вельмі вялікія шанцы. Калі зыходзіць з тых паказьнікаў, якія я называў вышэй, у Беларусі ён наўрад ці можа перамагчы. Хаця ён вельмі камунікабэльны, умее размаўляць з простымі людзьмі і невыпадкова заўсёды перамагаў у Серабранцы, дзе бліскуча выйграў дзьве выбарчыя кампаніі — у апошні Вярхоўны Савет СССР і ў Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ скліканьня. Але на вока простага чалавека — ён яшчэ малады. Вядома, асабіста мне гэтая кандыдатура больш імпануе, але я баюся, што для нашага электарату гэта таксама ня лепшы варыянт. Трэба шукаць, апазыцыі трэба выйсьці на як мага шырэйшыя слаі грамадзкасьці і шукаць там гэтага кандыдата, весьці перамовы, высьвятляць, хто можа быць кандыдатам сярод прафсаюзьнікаў, сярод аграрнікаў і г.д. Гэты кандыдат павінен разглядацца як чалавек ад шырокіх слаёў насельніцтва, а не ад апазыцыі, тады будзе шанец перамагчы.

Мікола Статкевіч, старшыня Народнай Грамады:

Ідэальны кандыдат — той, які мае найлепшыя шанцы перамагчы. Гэта чалавек, які можа адначасова здабыць падтрымку ўсіх ці пераважнае большасьці апазыцыйных партыяў, як дэмакратычных, так і тых, якія мы ня лічым дэмакратычнымі, рэгіянальных элітаў — прамысловых і кіраўнічых, прафсаюзаў — як свабодных, так і дзяржаўных, і здабыць падтрымку як Расеі, так і Захаду.

Кандыдат ад Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, ад дэмакратычных партыяў, гэтаксама як і кандыдат ад любой іншай партыі, мае вельмі мала шанцаў на посьпех. Згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, магчымасьці партыйных кандыдатаў, падтрыманых апазыцыяй, невысокія. Гэта датычыць і Домаша, і Дабравольскага. Хоць пра іх можна сказаць толькі станоўчае, але ў грамадзтве існуе ўстойлівы стэрэатып, і шанцы на перамогу мае толькі той кандыдат, якога грамадзтва палічыць незалежным. Я лічу, што такі кандыдат можа быць вылучаны як КРДС, так і партыямі, якія ў яе не ўваходзяць, а таксама прафсаюзамі. Трэба правесьці перамовы і выбраць такога кандыдата, якога ўсе маглі б падтрымаць. Для мяне відавочна, што такім кандыдатам ня можа быць партыйны чалавек. Хутчэй за ўсё, найбольшыя шанцы ў таго кандыдата, якога падтрымае Фэдэрацыя прафсаюзаў. Такі кандыдат будзе ўспрымацца як незалежны. Калі Каардынацыйная рада зараз уголас падтрымае такога кандыдата — гэта будзе “мядзьведжая паслуга”: цяпер да партыяў вельмі мала даверу.

Лявон Баршчэўскі, былы выканаўца абавязкаў старшыні БНФ:

Гэта чалавек, які будзе падтрыманы ўсімі — і элітай, і народам. Галоўная яго характарыстыка — ён павінен сфармаваць дзеяздольную каманду, якая выцягне краіну з гэтага жахлівага крызысу. Ён усяго толькі павінен быць добрым арганізатарам, сам жа ён можа быць кім заўгодна.

І Домаш, і Дабравольскі маглі б стаць цудоўнымі прэзыдэнтамі. Яны маюць для гэтага ўсе неабходныя якасьці. Адзінае, што ім неабходна, — каб іх падтрымаў народ.

Апытваў Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0