Круці не круці...

Лукашэнка і Шэйман пачалі новы спэктакль

Навіной тыдня стала ператрасаньне сілавікоў Лукашэнкам. Ніхто ўжо не называе гэтага спэктаклю карным актам. Тэатар бывае акадэмічны, драматычны і палітычны. Розьніца паміж імі невялікая. На тэатральнай сцэне часам у кожнай дзеі актор актора крыўдзіць, зьневажае і нават забівае, але ніводзін здаровы глядач ня пойдзе пасьля спэктаклю за кулісы ганіць забойцу і шкадаваць забітага. У глядзельнай залі паспачувае, нават паплача, але калі запаліцца сьвятло і акторы выйдуць усе разам на сцэну, каб разьвітацца, дык рэальнае жыцьцё імгненна нагадае аб сабе. Хтосьці засьпяшаецца на працу, нехта ўзгадае, што трэба купіць хлеба, бо ў хаце ні скарынкі, хтосьці адразу накіруецца ў дзіцячы садок па сына або дачку. Бесклапотных людзей цяпер амаль няма. Магчыма, толькі бамжы. Але яны ў тэатар ня ходзяць.

Відавочна, што Лукашэнка распачаў перадвыбарчую кампанію. Балазе ён сам сабе судзьдзя і фальстарту не абвесьціць. Спэктакль пачаўся. Шматсэрыйны тэлесэрыял накшталт лацінаамэрыканскага. Галоўны рэжысэр напачатку ўзяўся за рэвізію сваёй трупы. Трупа ў яго, трэба сказаць, вельмі слабая і малалікая. Кожнаму актору тут трэба быць і кавалём, і стругалём, і танкістам, і пракурорам. Да таго ж сам рэжысэр недаверлівы і капрызны. У панядзелак і адбылася адна з найбуйнейшых сёлетніх інсцэнізацый. Ці то для высокага маскоўскага госьця, ці то выключна для сваіх гледачоў, ці то — і нашым і вашым.

Рыхтуецца рымэйк п’есы сямігадовай даўніны: пра чыноўнікаў, якія рабуюць народ. Сусьветная клясыка. Рэжысэр у ролі Машэкі. Галоўная роля другога пляну аддадзена народнаму пракурору Шэйману. Менавіта ён пачне зараз шукаць патрэбныя ахвяры, падпісваць ордэры на затрыманьне, карацей, выконваць усю чарнавую працу. На ўзор якогасьці Бермана (ня Інгмара Бэргмана, а Барыса Бермана). Рэжысэр, ён жа выканаўца галоўнай ролі, будзе толькі зьдзяйсьняць пад гучныя воклічы натоўпу справядлівае народнае пакараньне. “Бо чаму так кепска жыве народ?” — спытаецца ён у народу і сам адкажа: “Бо чыноўнікі зь яго зьдзекуюцца і бяз сораму раскрадаюць краіну”. Вось толькі хто кіруе гэтымі чыноўнікамі і хто ў краіне першы чыноўнік? Ці зможа на гэтыя пытаньні адказаць народу апазыцыя?

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0