Уладзімер Роўда

Ці магчымыя ў Беларусі Stunning Elections?

 

Выбары — гэта і спосаб існаваньня дэмакратыі, і інструмэнт дэмакратызацыі, пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да народаўладзьдзя. Яны дазваляюць узаконіць урад, і таму вельмі часта дыктатары ўжываюць іх у якасьці спосабу сваёй легітымізацыі. Зразумела, тады не дэмакратычныя выбары. Яны праводзяцца з парушэньнем прынцыпаў свабоднага і сумленнага галасаваньня, правоў чалавека, правоў апазыцыі. Але цікава, што вынікі такіх выбараў вельмі часта зьяўляюцца нечаканымі для ўладаў, якія альбо церпяць паражэньне, альбо губляюць падтрымку значнай часткі выбарцаў. Гэты феномэн атрымаў у паліталёгіі назву “stunning elections” (ашаламляльныя выбары). Прыкладамі іх зьяўляюцца: 1974 г. у Бразыліі, 1983 г. у Пэру, 1983 г. у Паўднёвай Карэі, 1985 г. у Пакістане, 1988 г. у Чылі, 1989 г. у былым Савецкім Саюзе, 1989 г. у Польшчы, 1990 г. у Вугоршчыне, 1990 г. у Нікарагуа, 1990 г. у Альжыры. У канцы 90-х гадоў такія выбары адбыліся ў 1998 г. у Славаччыне, у 1999 г. у Харватыі, у 2000 г. у Сэрбіі. Існуюць, вядома, і выняткі з гэтага правіла: падтрымка насельніцтвам генэрала Піначэта на рэфэрэндуме 1980 г., абраньне генэрала Ро Дэ У прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі ў 1987 г., перамога былой партнамэнклятуры на выбарах 1990 г. у Баўгарыі, Румыніі, Манголіі, а ў 1994 г. — у Беларусі. Але нягледзячы на выняткі, фэномэн “ашаламляльных выбараў” можа пры пэўных умовах адбыцца ў нашай краіне ў наступным годзе.

Узьнікае пытаньне: чаму кіраўнічая эліта звычайна прайграе тое спаборніцтва, якое яна сама ініцыюе і ў якім гульня ідзе паводле правілаў ураду? Адзін з найбольш відавочных варыянтаў адказу на гэтае пытаньне такі: таму ж, чаму і ў дэмакратычных краінах улада пераходзіць зь цягам часу з адных рук у другія. Проста людзям можа надакучыць мець у якасьці сваіх кіраўнікоў прадстаўнікоў адной і той жа абоймы. Людзі імкнуцца да альтэрнатывы, асабліва калі іхнае жыцьцё пагаршаецца. Часта ў сваёй пераважнай большасьці яны галасуюць “супраць”, а ня “за”; супраць ураду, ад якога стаміліся, а не за дэмакратычную апазыцыю і яе кандыдатаў.

У Беларусі ўлада фактычна не зьмянілася з камуністычных часоў. Яна па-ранейшаму застаецца ў руках клясы намэнклятуры, якая ў 1994 г. вылучыла са сваіх шэрагаў для кіраваньня найбольш кансэрватыўныя і правінцыялісцкія элемэнты. Яны спраўдзілі сваю поўную бездапаможнасьць, прадэманстравалі, што ня ў стане думаць сучаснымі катэгорыямі, праводзіць рынкавыя рэформы і дэмакратычныя пераўтварэньні. З гэтай прычыны Беларусь апынулася ў ізаляцыі, пад пагрозай страты незалежнасьці, а ейны народ — на мяжы духоўнага і фізычнага вынішчэньня. Таму наступныя выбары для нас — гэта ня проста адзін з раўндаў палітычнага спаборніцтва, якое можна прайграць, каб узяць рэванш у будучым. Параза дэмакратыіі на іх адаб’ецца вельмі нэгатыўна на лёсе нашай Бацькаўшчыны. І гэта цудоўна разумее беларускі народ, які ў пераважнай сваёй большасьці выступае за перамены. Сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя лябараторыяй “Новак”, сьведчаць: 88% грамадзянаў нашай краіны лічаць, што Беларусі патрэбныя перамены. Гэта адзін зь вельмі важных аб’ектыўных фактараў на карысьць сцэнару “ашаламляльных прэзыдэнцкіх выбараў” у будучым годзе.

Вялікае значэньне мае здольнасьць апазыцыі стварыць шырокую кааліцыю сілаў і накіраваць яе супраць аўтарытарнага рэжыму. У Нікарагуа і Чылі ў такія кааліцыі ўваходзіла па 14 партыяў і рухаў, у Баўгарыі — 16. У некаторых выпадках апазыцыя аб’ядноўваецца ў новыя арганізацыі і блёкі, імідж якіх не пацярпеў ад урадавай прапаганды (Альжыр), выкарыстоўвае імёны папулярных народных герояў: Акіна, Бхута. У Славаччыне быў створаны круглы стол апазыцыйных Мэч’яру палітычных партыяў, у працы якога бралі ўдзел і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. У любым выпадку, як сьведчыць досьвед многіх краінаў, выбарцы рэдка прапускаюць магчымасьць выказацца супраць непапулярнага дыктатарскага рэжыму, калі бачаць, што праціўнікі яго кансалідаваныя і адзіныя.

У нашай краіне зараз існуе некалькі цэнтраў прыцягненьня разнастайных антыдыктатарскіх сілаў, якія можна і неабходна аб’яднаць у магутную шырокую дэмакратычную кааліцыю. У першую чаргу — гэта Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС), “прафсаюзны цэнтар”, нядаўна створаны Грамадзянскі камітэт “Выбар-2001”, БСДП-НГ. На антыдыктатарскіх пазыцыях стаяць таксама ПКБ і ЛДПБ. Некаторыя зь іх ужо зрабілі свой выбар на карысьць тых ці іншых кандыдатаў ці зьбіраюцца гэта зрабіць у бліжэйшай пэрспэктыве. Гэта нармальны працэс. Чым шырэйшую альтэрнатыву мы прапануем беларускаму народу і чым больш магчымасьцяў дамо прэтэндэнтам для выказваньня сваіх поглядаў, сустрэчаў з рознымі групамі насельніцтва, атрыманьня зваротнай сувязі (у тым ліку і праз сацыялягічныя апытаньні), тым большай будзе верагоднасьць таго, што будучая кааліцыя зробіць правільны выбар, які падтрымае беларускі народ. У гэтай справе, хоць час нас і прысьпешвае, ня трэба сьпяшацца. Кошт памылкі — страшэнна вялікі!

Пры вылучэньні адзінага кандыдата мы мусім улічваць таксама і тое, што нашыя грамадзяне з большай ахвотай прагаласавалі б за незалежнага кандыдата, чым за прадстаўніка аб’яднанай апазыцыі. Гэта рэальнасьць, якая паўстала ў сувязі з шэрагам прычынаў: адсутнасьцю доступу апазыцыі да СМІ, шалёным ціскам на палітычныя партыі з боку дзяржавы, памылкамі саміх палітычных партыяў і г.д. На вялікі жаль, нешта паправіць у гэтым раскладзе палітычных сымпатыяў і антыпатыяў насельніцтва за той кароткі тэрмін, што застаўся да выбараў, нерэальна. Таму найлепшым выйсьцем было б вылучэньне шырокай кааліцыяй незалежнага кандыдата, які не атаясамліваецца ў сьвядомасьці простых выбаршчыкаў зь ніводнай з апазыцыйных груповак. Гэта, дарэчы, паспрыяла б і паскарэньню працэсу фармаваньня як мага шырэйшага блёку дэмакратычных сілаў. Ім было б значна лягчэй аб’яднацца вакол добра вядомай у грамадзтве асобы незалежнага кандыдата, чым вакол прадстаўніка адной з груповак.

Паралельна з вылучэньнем кандыдатаў павінен ісьці працэс перамоваў, кансультацыяў і абмеркаваньня пазыцыяў паміж прадстаўнікамі розных палітычных і грамадзкіх структураў, аб’яднаных воляй да пазытыўных пераменаў у нашым грамадзтве. Прынцыпам гэтага працэсу мусіць стаць добра вядомы лёзунг: “Хто ня супраць нас — той з намі!”. Такім чынам можна забясьпечыць найшырэйшую сацыяльную базу падтрымкі адзінага кандыдата, дамовіцца аб умовах пагадненьня паміж ім і палітычнай апазыцыяй, забясьпечыць прадстаўніцтва гэтых сілаў у будучым урадзе і г.д. Важна стварыць такую сытуацыю, каб кожная існуючая зараз групоўка апазыцыйных рэжыму арганізацыяў разумела, што ўваход у шырокую перадвыбарчую кааліцыю не пазбавіць яе незалежнасьці, не прывядзе да выкарыстаньня ейнага патэнцыялу буйнейшымі і больш вядомымі сябрамі кааліцыі, а наадварот, паспрыяе дасягненьню пастаўленых мэтаў.

І, нарэшце, яшчэ адна ўмова, якая можа паспрыяць “ашаламляльным выбарам” — гэта разуменьне таго факту, што адных выбараў для зьмены палітычнага рэжыму недастаткова. Справа ў тым, што па сваім характары сучасны палітычны рэжым Беларусі — гэта аўтарытарная дыктатура асабістай улады. Падобныя сыстэмы, як сьведчыць сучасная паліталёгія, ажыцьцяўляюць пераход да дэмакратыі праз так званую форму “replacement” (“замяшчэньне”). Яна ж, у сваю чаргу, прадугледжвае наяўнасьць істотнай перавагі сілаў на баку шырокай антыдыктатарскай кааліцыі і немагчымасьць паступовага рэфармаваньня рэжыму зьверху.

Каб дасягнуць неабходнай зьмены балянсу сіл, перадвыбарчая кампанія ў Беларусі павінна суправаджацца масавымі і негвалтоўнымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі акцыямі пратэсту, мабілізацыйнай кампаніяй няўрадавых арганізацыяў, страйкамі на прадпрыемствах і ўстановах і г.д. Іншымі словамі, задача забясьпечыць перамены да лепшага павінна стаць усеагульнай, важнай для самых розных сацыяльных групаў: жыхароў Менску і рэгіёнаў, моладзі і пэнсіянэраў, настаўнікаў і рабочых, а гэта патрабуе вялікай і самаахвярнай працы ад усіх нас.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0