Сяргей Варыводзкі 

 Носьбіты сьмерці

 

Слаўныя сваімі навацыямі Нідэрлянды (першыя ўва ўсім, ад абвяшчэньня буржуазнае рэспублікі да шлюбаў паміж гомасэксуаламі) зноўку пацьвердзілі сваю схільнасьць разбураць асновы. Мы гаворым пра дазвол галяндзкага парлямэнту на правядзеньне мэдыкамі працэдуры эўтаназіі. Гэта значыць: цяпер лекар мае законнае права забіць невылечна хворага пацыента.

Гэтае права абмяжоўваецца пэўнымі фармальнасьцямі (удзел некалькіх дактароў, невыносныя пакуты хворага, адсутнасьць спрыяльнага прагнозу на выздараўленьне ці хаця б зьмяншэньне боляў), але не яны тут галоўнае. Схематычна сытуацыя выглядае досыць проста. Чалавек жахліва церпіць. Надзеі на палепшаньне няма, але ёсьць два выйсьці: зьмяншаць па магчымасьці боль або прысьпешыць надыход сьмерці (праз адмаўленьне ад лекаваньня або проста забойства). Агулам беручы, дагэтуль такая схема паўсюль рэалізоўвалася і без удзелу заканадаўцаў. Небараку трымалі на болеспатольных прэпаратах, аж пакуль ён не канаў ад таксычных эфэктаў анальгетыкаў, ці ад выпадковага перадазаваньня, ці, урэшце, ад хваробы (старое ці нованабытае), якой дазвалялі рабіць ейную справу.

Падкрэсьлім: усё гэта ўваходзіла ў сфэру дзейнасьці лекараў. Калі хто ня ведае, справа мэдыцыны — лекаваць, аздараўляць, рабіць хворае (няправільнае, няцэлае, ненармальнае) жыцьцё здаровым (правільным, нармальным, цэлым). Сфэра клопату мэдыцыны, пачынаючы з ХVII–XVIII ст., увесь час усебакова пашыралася (гл. “Нараджэньне клінікі” М.Фуко).

На сёньня мэдыцына мае за абавязак, апроч іншага, кантроль за прысутнасьцю чалавека ў грамадзтве (псыхіятрыя, эпідэміялёгія, вэнэралёгія), за нараджэньнем чалавека (генэтыка, акушэрства), за вызначэньнем прычынаў сьмерці і нават часам за выкарыстаньнем цела або органаў чалавека пасьля сьмерці (паталягічная анатомія, трансплянталёгія). Мэтаю ўсяе гэтае паважнае чыннасьці адпачатна было і ёсьць пільнаваньне здароўя чалавека, слугаваньне ягонаму жыцьцю, падаўжэньне ўсякага жыцьця. Хірург, адразаючы гангрэнозную канцавіну, ня думае зьдзекавацца з хворага, як і гінэколяг праводзіць плянавы спарон не дзеля таго, каб прадэманстраваць няшчаснай жанчыне сваю ўладу. Іхныя намаганьні кіруюцца на захаваньне жыцьця або запабяганьне нараджэньню нежыцьцяздольнае пачвары (хаця наконт апошняга і вядуцца шматлікія дыскусіі). Адсюль зусім лягічнай выглядае і нашая (як пацыентаў) упэўненасьць, калі даводзіцца зьвяртацца па мэдычную дапамогу. Мы ведаем, што лекаваньне (якое б балючае ці небясьпечнае яно ні было) будзе імкнуцца да жыцьця, а не да сьмерці, і лекар зробіць усё, што можа, каб яе ўнікнуць. Яшчэ раз: калі мы хочам жыць — мы ідзем да лекара (усё роўна — афіцыйнага, знахара ці хірапата), калі мы хочам памерці (звычайна кажуць пра пятлю: “Павесіцца, ці што?”) — тычам галаву ў зашмаргу. Пытаньне робіцца складанейшым, калі самастойна даць рады немагчыма (калі бракуе не рашучасьці, але фізычнае магчымасьці зрабіць сабе сьмерць). Цяжкая анкалягічная, прыроджаная, інфэкцыйная ці нэрвовая хвароба можа прывесьці да таго, што чалавек самастойна ня зможа мігнуць ці нават дыхаць, ня кажучы ўжо пра складаную арганізацыйна спробу суіцыду. Мала хто можа, нават пачуўшы ад доктара пра беспэрспэктыўнасьць далейшага лекаваньня, адмовіцца ад хаця б паліятыўнае (якая зьмяншае праявы хваробы) дапамогі. Гэта значыць, выйсьці канчаткова са сфэры кампэтэнцыі мэдыцыны, усклаўшы справу ўласнага зьнішчэньня на самога сябе.

З гледзішча лекара, ён вымушаны займацца заведама бясплённай, марнай працай: падаўжаць жыцьцё таму, каму яно ня трэба. Забіваць ён права ня мае і як мэдык (глядзі вышэй пра мэты мэдыцыны), і як грамадзянін (глядзі крымінальны кодэкс). Але кожны мэдык — чалавек (пакуль яшчэ), і яму таксама баліць за іншага (калі доктар яшчэ ня цынік) або проста нецікава, дакучліва, сумна (калі ён ужо ім стаў). Таму сытуацыя звычайна і вырашаецца (афіцыйна) лячэбнай памылкай ці выпадковай неахайнасьцю. Мы гаворым пра нашыя ўмовы. На Захадзе сытуацыя ўскладняецца мэдычным страхаваньнем, коштамі лекаваньня, адказнасьцю (пераважна фінансавай) за сьмерць пацыента etc. У нас за такое дактароў крымінальна караюць рэдка (трымае моцная калегіяльнасьць), фінансавыя спагнаньні проста нерэальныя, дый давесьці факт забойства складана. Зрэшты, мы і не сьцьвярджаем, што такія факты ёсьць. Але не пра тое гаворка.

Задачы і роля мэдыцыны нам, будзем лічыць, ясныя. Няясна, хто займаецца прынясеньнем сьмерці законна? Ці ёсьць спэцыяльныя інстытуцыі, прызначаныя якраз на гэта? На першы погляд ёсьць. Забіваць могуць, а нават і павінны, вайскоўцы. Яны маюць дзеля гэтага і прылады, і ўменьні, і інтэнцыі. Хаця самі сябе сьвядомымі забойцамі яны лічыць не жадаюць (абаронцы Радзімы) і кажуць, што умелы ваяка толькі пакажа зброю, як усе, хто трэба, і самі разьбягуцца. Дый паводле закону яны скіраваныя пераважна за межы краіны (зьнішчаць вонкавых ворагаў, а ня хворых у сябе ў краіне). Органы ўнутраных справаў забойствамі таксама не займаюцца (прынамсі, не павінны), хоць права такое маюць (на жаль, пакутнік няздольны аказаць супраціў пры затрыманьні).

У Сярэднявеччы існаваў інстытут катаў. Кожнае паважнае места мела свайго ката, які апроч саміх катаваньняў мог лёгка і бязбольна забіць (хоць мог і доўга і нясьцерпна балюча). Зусім легальна. Грошы меў нармальныя, жыў як звычайны гараджанін, павагу меў (ясна, ад калегаў). Проста быў у яго такі занятак — несьці сьмерць і пакуты. Цяпер гэты цэх зьнік. (Цікава, праўда, а хто ж прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды?)

Дык вось да праблемы. Нідэрляндзкія аматары свабодаў аддалі права забіваць жывых людзей мэдыкам. Гэты факт — толькі сымптом, але сымптом чаго? Мэдыцыне, якая мусіць прадаўжаць любое жыцьцё, даручана несьці сьмерць. Адзначым, магчымасьцяў пазбыцца пакутаў існаваньня, не забіваючы сябе, стае яшчэ зь сівое старажытнасьці. Стараіндыйскія санкх’я, ёга, пазьнейшы будызм толькі й вучаць пра пакутнасьць усялякага зямнога існаваньня і патрэбу вызваліцца і ад пакутаў, і ад зямнога жыцьця на вякі вечныя, каб здабыць сапраўднае жыцьцё. Сярод найбольш пашыраных у сучасным сьвеце — зусім просты спосаб, наркаманія.

Мэдыцына прымала кожны зь іх, наколькі ён не пярэчыў захаваньню жыцьця. Але апошнімі часамі стаў назірацца хуткі пераход ад жыцьцязахавальнае асновы мэдыцыны да болезасьцерагальнае, а нават і болезьнішчальнае (няма чалавека — няма й болю). Для некаторых лекараў сэнс існаваньня мэдыцыны — “Зрабіць усё, каб чалавек жыў” — блытаецца з дэвізам наркагандляроў “Зрабіць усё, каб чалавек не пакутаваў”. Адбываецца выразнае зьмяшаньне быцьця зь нябытам, жыцьця са сьмерцю. Няясна, хто чаму слугуе. Да каго па што зьвяртацца, ад каго чаго чакаць? Зрэшты, сытуацыя зусім нармальная для постмадэрнага грамадзтва. Кожны вольны рабіць тое, чаго хочацца або чаго нібыта вымагаюць абставіны. А галяндзкія заканадаўцы проста першымі ўзаконьваюць такі стан рэчаў. Чаму гэта адбылося і якія магчымыя наступствы гэтае рэвалюцыі — тэма асобнае гаворкі. Дадамо адзінае: здаецца, і мэдыкам, і іхным пацыентам зусім не выпадае радавацца з новай свабоды.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0