Сто беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя

Вынікі апытаньня чытачоў “НН”

Бывай, ХХ стагодзьдзе. Мы сыходзім. Мы пакідаем гэты пыльна-фіялетавы Аўганістан у руінах. Мы яшчэ доўга будзем згадваць цябе, ХХ стагодзьдзе. Твае рэвалюцыі ды войны, курапаты, хатыні, чарнобылі. А што сьветлага — дык хіба нешта асабістае, кожнаму сваё, з маленства. Сьветла заўсёды наперадзе. Бо мы сыходзім фатальна і незваротна. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло.

Для Беларусі гэта было літаратурнае стагодзьдзе. Нацыя, Паэзія і Камуна нараджаліся ўвадначасьсе, і староньняму назіральніку часьцяком не ўдавалася адрозьніць іх паміжсобку. Што ўжо казаць пра саміх народжаных! Нацыя паэтаў і нацыя бальшавікоў стварала сябе, абвяшчала пра сябе сьвету і забівала сябе. Літаратура нараджалася і гінула. Тысячы людзей, што ўсьвядомілі сябе беларусамі, браліся за краснае пісьменства з усім сваім энтузіязмам і гінулі ад юначае безагляднасьці і неабачлівасьці. Нараджэньне і сьмерць ішлі тут побач. Нацыя напоўніцу перажыла гэтае стагодзьдзе празь літаратуру, літаратура напоўніцу адлюстравала нацыянальны лёс. Ніводзін іншы від творчасьці гэтак поўна і сыстэмна ня выказаў Беларусь у ХХ ст. І ніводзін за гэтае стагодзьдзе ня склаўся ў такі самадастатковы малюнак, як гэта адбылося зь літаратурай.

Архітэктура толькі бліснула некалькімі помнікамі канструктывізму, надзвычай кволымі пошукамі нацыянальнага стылю, татальнай забудовай савецкіх хрушчовак ды панэльных брэжневак і беспрэцэдэнтным вынішчэньнем помнікаў мінулых эпохаў. Абсалютна эклектычная і фрагмэнтарная атрымалася карціна. Уявіць сабе цэльную гісторыю беларускай архітэктуры ХХ ст. немагчыма. У параўнаньні з папярэднімі эпохамі — поўны заняпад. Падобным чынам выглядае і выяўленчае мастацтва. Віцебская школа 20-х, маляваныя дываны Алены Кіш, прыход цэлае плоймы графікаў у 70-я — зьявы, нічым міжсобку не зьвязаныя. Музыка праз усё стагодзьдзе раскраплёная песьнямі, у якіх яна жанрава чаплялася за тое самае прыгожае пісьменства, за літаратуру. Літаратурнае стагодзьдзе ўспрымаецца як выдумка, фікцыя, у якую здаровы розум часьцяком адмаўляецца верыць.

Чатыры гады таму “Наша Нiва” надрукавала сьпiс ста найлепшых кнiжак ХХ ст. Той сьпiс быў складзены супрацоўнiкамi Нью-Ёрскай Публiчнай Бiблiятэкi i ахоплiваў кнiгi з усяго сьвету i ўсiх сфэраў жыцьця чалавецтва. У канцы сьпiсу рэдакцыя прапанавала чытачам стварыць свой сьпiс — ста найлепшых беларускiх кнiг ХХ ст. І вось за прамінулы час атрымалі мноства лістоў з прапановамі. Хто пару-тройку кніжак называў, а хто і ўсе сто. Пэрыядычна на старонках “НН” друкаваліся прамежкавыя падлікі — сьпісы самых папулярных кніг. А ўсе ўвогуле прапановы заносіліся ў агульны рэдакцыйны сьпіс. На сёньняшні дзень гэты агульны сьпіс уключае 1000 назваў. Ці магло штосьці зь неаспрэчных каштоўнасьцяў туды не патрапіць? Верагодна, не. Бо пісалі людзі самых розных узростаў, адрасоў і прыхільнасьцяў. Колькi ўсяго было выдадзена беларускiх кнiг у ХХ ст.? Напэўна, тысячаў сто. Выбраўшы зь iх сто найлепшых, “Наша Ніва” паставіла мэту сфармаваць унiвэрсальную бiблiятэку беларускай цывiлiзацыi i новую, постсавецкую гіерархiю нацыянальных культурных аўтарытэтаў. Што ў выніку атрымалася?

Каб адразу зьняць папрокі і зразумець “недарэчнасьці”, трэба мець на ўвазе, што гэта — вынік апытаньня не спэцыялістаў альбо ўсіх наагул, а менавіта чытачоў “Нашай Нівы”. Натуральна, гэта аўдыторыя людзей, далучаных да таемстваў беларушчыны. Самі матывацыі адбору — зусім розныя. Найчасьцей гэта — знакавыя кнігі. Сапраўды, як можа выглядаць такі сьпіс без Купалы і Коласа? Нават калі ў вас не ўзьнікае патрэбы зьвяртацца да іхных твораў. Другі матыў — гэта ўсё адно як адкладаньне тых кніг, якія хацелася б прачытаць. Сапраўды, калі кіравацца матывам — што б я ўзяў з сабой у космас, дык, натуральна, узяў бы найперш ня тое, што перачытваць, а тое, чаго яшчэ не чытаў. Яшчэ адзін матыў — інтарэсы наступных пакаленьняў — кнігі, якія павінны прачытаць дзеці. Альбо яшчэ — чытаў некалі, пра што — ня помню, але нечым добрым запомнілася. Ну і мноства драбнейшых матываў — што згадваецца са школьнай праграмы, ці вось такі — скласьці сьпіс з малавядомых, але безумоўна вартых кніг. Словам, матывацыяў мноства, і гэта дазваляе лічыць нашаніўскі рэйтынг дастаткова аб’ектыўным. Хоць ён і шмат у чым не супадае з афіцыйнай, выпрацаванай за савецкім часам гіерархіяй. Зрэшты, тут спрацоўвае галоўны нашаніўскі прынцып, які можна акрэсьліць адным словам — дэкамунізацыя. Так ці інакш, газэта не прэтэндуе на поўную аб’ектыўнасьць свайго праекту — хутчэй гэта сукупнасьць суб’ектыўнасьцяў.

Паэт стагодзьдзя ў Беларусі — зь вялікім адрывам ад іншых — Максім Багдановіч. Менавіта яму належыць і беларуская кніга стагодзьдзя — “Вянок” — тая, што выйшла ў 1913 г. Яе чытачы “НН” назвалі 59 разоў, і гэта максымальная лічба. Цікава, што Багдановіч амаль усё сьведамае жыцьцё пражыў па-за Беларусяй і мову вывучаў з кніг. І пражыў усяго 26 гадоў. Нават партрэта нармальнага не засталося — адно прыдуманыя. І разам з тым няма ніякага ўяўленьня, што б ён рабіў, калі б не памёр напярэдадні рэвалюцыі ў 17-м. Настолькі, здаецца, поўна і прыгожа выказаўся, а новая рэальнасьць магла запатрабаваць ад яго такіх песень, што загасілі б увесь папярэдні эстэтычны подзьвіг любімага паэта нацыі. Раньняя сьмерць зрабіла так, што ягоны талент дастаўся нам нерастрачаны. Міжволі думаеш, як усё ж доўгае творчае жыцьцё можа зьнівэляваць уражаньне ад шэдэўраў, напісаных у маладосьці. Згадваюцца словы Альбэра Камю: мы задоўга жывем. Альбо прыклад Сэлінджэра, які сьвядома перастаў займацца літаратурай, як толькі адчуў, што, кажучы словамі Глёбуса, паэзія пакінула яго. Што праўда, кароткі век — зусім не для ўсіх творцаў закон. Жыў бы далей Караткевіч, мелі б мы яшчэ тузін выдатных ягоных кніг.

Уладзімер Караткевіч — пісьменьнік стагодзьдзя, ён па-за канкурэнцыяй. Чытачы “НН” называлі ягоныя кнігі 277 разоў, а ягонае “Дзікае паляваньне караля Стаха” — самая любімая пасьля Багдановічавага “Вянка” беларуская кніга.

Трэцяя постаць у нашаніўскім рэйтынгу — Васіль Быкаў. Яго згадвалі 209 разоў. Гэта, так бы мовіць, вяршыні, неаспрэчныя каштоўнасьці. Да прыкладу, кнігі наступнага ў рэйтынгу — Янкі Купалы — называліся 129 разоў.

Лідэрства Багдановіча і Караткевіча разьмяшчаецца па-за савецкай ідэалёгіяй. Першы ўсё напісаў яшчэ да камунізму, другі — на выхадзе з камунізму. Гэта значыць, што аплодненая камунай нацыянальная ідэя не дала ў выніку пазачасавых шэдэўраў.

Заходнебеларускія аўтары ў пасьляваенны час ня надта ганараваліся ў школьных праграмах. Укарэньваўся стэрэатып, што цэнтрам культуры ў міжваенны пэрыяд быў Менск, а заходнебеларускія творцы — нібы маргінальныя, не зусім правільныя. Ажно за апошняе дзесяцігодзьдзе стала зразумела, што гэта ня так. І нашаніўскі кніжны рэйтынг пацьвярджае гэта.

1920 год пазначаны “Гісторыяй беларускай літаратуры” Гарэцкага, а наступны, 21-шы — брашуркай “Адвечным шляхам” Ігната Абдзіраловіча. Абодва творцы — віленскія. У 22-м выходзяць апошні том “Беларусаў” Карскага і “Спадчына” Янкі Купалы. Менскія выданьні. Далей заходнія і ўсходнія кніжкі чаргуюцца. Напрыклад, у 27-м выходзяць “Байкі” Крапівы ў Менску і “Пад сінім небам” Арсеньневай у Вільні. У самы разгар бальшавіцкіх рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі карціна выглядае так: у 35-м у Менску — “Трэцяе пакаленьне” Кузьмы Чорнага, у 36-м у Вільні — “На этапах” Максіма Танка. 37-мы пазначаны дзьвюма кнігамі: менскім “Міколкам-паравозам” Лынькова і віленскай кніжкай “У капцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча. У 38-м — пуста, а ў 39-м — крапівоўская п’еса “Хто сьмяецца апошнім”. Сымбалічная назва. Пасьмяяліся... Кандрат Крапіва, монстар тагачаснай беларускай савецкай літаратуры, удзельнічаў у так званым “вызваленчым паходзе савецкай арміі ў Заходнюю Беларусь”. Ведаючы нядобры кантэкст часу, гэты радок у біяграфіі Крапівы ўспрымаеш як паездку на сафары.

Мінулая вайна прадстаўленая ў рэйтынгу ўсяго дзьвюма кніжкамі — зусім ня тых аўтараў, якія выпускалі газэту “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Час усё расстаўляе на свае месцы, і важнейшым робіцца не савецкае або фашыстоўскае, а тое, дзе галоўны матыў творчасьці — беларушчына, яе суб’ектнае самавыяўленьне. Чытачы назвалі зборнік Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, які выйшаў у Празе, і кнігу “Беларусь учора і сяньня”, пазначаную акупаваным немцамі Менскам. Далей гэтая галіна беларускай літаратуры цалкам выцясьняецца на эміграцыю ідэалягізаванай савецкай літаратурай.

Пасьляваенны пэрыяд пазначаны панаваньнем менскіх пісьменьнікаў. Але нашаніўскі рэйтынг і тут уносіць карэктывы ў нашыя ўчорашнія школьнапраграмныя стэрэатыпы. На ўсе 50-я гады — толькі дзьве кнігі — “На ростанях” Якуба Коласа і эмігранцкая “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” Юркі Віцьбіча. Сапраўдная хваля літаратуры пачынаецца ў часы хрушчоўскае адлігі. Мележ, Брыль, Быкаў, Караткевіч пануюць у 60-я — 70-я — 80-я гады. Паступова да іх далучаюцца іншыя творцы, пераважае гістарычная тэматыка. Цікава, што не засталіся незаўважанымі і эмігранцкія кнігі Янкі Станкевіча, Аўгена Калубовіча, Вітаўта Кіпеля, Кастуся Акулы і кнігі беларусаў у Польшчы — Туронка і Гайдука. Пэўны фэномэн нашаніўскага сьпісу — выданьні Вітаўта Чаропкі. Іх паміж ста кніг ХХ ст. ажно чатыры. Асабіста я вытлумачыў бы гэткую папулярнасьць ня вельмі дасканалых твораў непераборлівасьцю чытача ў часе страшэннага голаду на гістарычную літаратуру, а таксама — тугою па Караткевічу.

Камуна, што так зраслася была з нацыянальным адраджэньнем і зь беларускай літаратурай у ХХ ст., верагодна, будзе цяпер паступова і няўхільна забывацца. Няма ў нашаніўскім рэйтынгу кніг Броўкі, Куляшова, Макаёнка ды некаторых іншых народна-партыйных песьняроў. У іхнай адсутнасьці, бадай, адна прычына. Іхны аўтарытэт быў створаны савецкай ідэалёгіяй, бо — служылі гэтай ідэалёгіі. Але ж ідэалёгіі мінаюць, і застаецца толькі тое, што служыць вечным каштоўнасьцям, сярод якіх і пачуцьцё свае нацыі, саматоеснасьць.

Завяршае ХХ ст. у кніжным рэйтынгу “НН” кніга, пазначаная 1999-м годам і сэрыяй “Беларускі кнігазбор”. На вокладцы прозьвішча — Кастусь Каліноўскі… Быццам і не было гэтага стагодзьдзя, руіны якога праз пару тыдняў застануцца ў нас за сьпінай. А тое, што было, і тое, што мы забіраем з сабою ў будучыню, — быццам гэтаму ХХ ст. і не належыць. Верагодна, яно належыць вечнасьці, а мінулае стагодзьдзе адбілася на ім адно заложнаю, татальнай перашкодай — нараджацца, разьвівацца і тварыць. Верагодна, так было зь лепшымі беларускімі кнігамі, так было і з найлепшымі беларускімі людзьмі, з нацыяй у цэлым. Ня так шмат нам пакінулі мінулыя войны і закалаты, а найперш — эпідэмія камунізму, якая каго панішчыла, а каго паперакручвала на самыя вычварныя лады.

Бывай, ХХ стагодзьдзе. Мы сыходзім. Сьветла заўсёды наперадзе. Сьветлае ззаду пакідаецца тады, калі маеш намер вярнуцца. А мы сыходзім фатальна і незваротна. Бо інакш не бывае. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло.

Крыт.


1906

Цётка. Скрыпка беларуская (9)

Цётка. Хрэст на свабоду (17)

1908

Янка Купала. Жалейка (27)

1910

Вацлаў Ластоўскi. Кароткая гiсторыя Беларусi (32)

1913

Максiм Багдановiч. Вянок (59)

1914

Максiм Гарэцкi. Рунь (25)

1918

Алесь Гарун. Матчын дар (18)

Бранiслаў Тарашкевiч. Беларуская граматыка для школ (33)

1919

Максiм Гарэцкi. Дзьве душы (18)

Усевалад Iгнатоўскi. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi (31)

Аркадзь Смолiч. Геаграфiя Беларусi (30)

1920

Максiм Гарэцкi. Гiсторыя беларускай лiтаратуры (16)

1921

Iгнат Абдзiраловiч. Адвечным шляхам (14)

1922

Яўхiм Карскi. Беларусы (16)

Янка Купала. Спадчына, 1922-1955 (37)

1923

Якуб Колас. Новая Зямля (47)

1924

Янка Купала. Тутэйшыя (17)

Вацлаў Ластоўскi. Падручны расейска-крыўскi (беларускi) слоўнiк (21)

1925

Якуб Колас. Сымон-музыка (25)

Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. Беларуска-расійскi слоўнiк (8)

1926

Максiм Гарэцкi. На iмпэрыялiстычнай вайне (9)

Мiтрафан Доўнар-Запольскi. Гiсторыя Беларусi (16)

Вацлаў Ластоўскi. Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi (18)

1927

Натальля Арсеньнева. Пад сiнiм небам (28)

Кандрат Крапiва. Байкi (9)

1928

Мікола Шчакацiхiн. Нарысы з гiсторыi беларускага мастацтва (9)

1929

А.Мрый. Запiскi Самсона Самасуя (15)

Адам Станкевiч. Родная мова ў сьвятынях (11)

Аляксандар Цьвiкевiч. “Западно-руссизм” (14)

1930

Янка Маўр. Палескiя рабiнзоны (29)

1935

Кузьма Чорны. Трэцяе пакаленьне (9)

1936

Максім Танк. На этапах (9)

1937

Францiшак Аляхновiч. У капцюрох ГПУ (28)

Мiхась Лынькоў. Мiколка-паравоз (9)

1939

Кандрат Крапiва. Хто сьмяецца апошнiм (8)

1942

Ларыса Генiюш. Ад родных нiў (20)

1944

Язэп Найдзюк i Іван Касяк. Беларусь учора i сяньня (16)

1955

Якуб Колас. На ростанях (31)

1956

Юрка Вiцьбiч. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман (19)

1962

Іван Мележ. Людзi на балоце (36)

1964

Янка Брыль. Птушкi i гнёзды (9)

Васiль Быкаў. Альпiйская баляда (26)

Уладзiмер Караткевiч. Дзiкае паляваньне караля Стаха (56)

1966

Максiм Гарэцкi. Камароўская кронiка (8)

1968

Уладзiмер Караткевiч. Каласы пад сярпом тваiм (51)

1970

Васiль Быкаў. Сотнiкаў (33)

1972

Уладзiмер Караткевiч. Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi (33)

1975

Алесь Адамовiч, Янка Брыль, Уладзімер Калесьнiк. Я з вогненнай вёскi (14)

Вядзьмак Лысагорскi. Сказ пра Лысую гару (12)

1977

Уладзiмер Караткевiч. Зямля пад белымi крыламi (28)

1978

Вячаслаў Адамчык. Чужая Бацькаўшчына (12)

Уладзiмер Караткевiч. Зь вякоў мiнулых (11)

1979

Ніл Гiлевiч. У добрай згодзе (8)

1981

Алесь Адамовiч. Карнiкi (8)

Мiхась Раманюк. Беларускае народнае адзеньне (8)

1982

Васiль Быкаў. Знак бяды (46)

Уладзiмер Караткевiч. Нельга забыць (16)

Адам Мальдзiс. Беларусь у люстэрку мэмуарнай лiтаратуры XVIII стагодзьдзя (8)

Алесь Салавей. Нятускная краса (8)

1983

Уладзiмер Караткевiч. Чорны замак Альшанскi (42)

1984

Кастусь Тарасаў. Памяць пра легенды (28)

1985

Сьвятлана Алексiевiч. У вайны не жаночае аблiчча (17)

Ніл Гiлевiч. Родныя дзецi (20)

1986

Кастусь Тарасаў. Пагоня на Грунвальд (18)

1987

Васіль Быкаў. У тумане (9)

Леанід Дайнека. Меч князя Вячкi (17)

Уладзiмер Караткевiч. Вершы (27)

Міхась Стральцоў. Выбранае (17)

Міхась Ткачоў. Замкi Беларусi (18)

1988

Леанід Дайнека. Сьлед ваўкалака (17)

Алесь Разанаў. Вастрыё стралы (17)

Анатоль Сыс. Пан Лес (10)

1989

Васiль Быкаў. Аблава (16)

Мiкола Ермаловiч. Па сьлядах аднаго мiту (26)

Сяржук Сокалаў-Воюш. Кроў на сумётах (10)

Анатоль Цітоў. Гарадзкая геральдыка Беларусi (8)

1990

Сьвятлана Алексiевiч. Цынкавыя хлопчыкi (9)

Ларыса Генiюш. Споведзь (36)

Мікола Ермаловiч. Старажытная Беларусь (42)

Ян Станкевiч. Беларуска-расійскі (вялiкалiтоўска-расійскi) слоўнiк (9)

1991

Вітаўт Чаропка. Храм бяз Бога (11)

1993

Аўген Калубовiч. Крокi гiсторыi (16)

Вітаўт Кiпель. Беларусы ў ЗША (16)

Янка Купала. Жыве Беларусь (11)

Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй (25)

Мiкола Гайдук. Паратунак (9)

1994

Кастусь Акула. Змагарныя дарогi (19)

Уладзiмер Арлоў. Таямнiцы полацкай гiсторыi (30)

Язэп Лёсiк. Творы (10)

Леанід Пранчак. Беларуская Амэрыка (8)

Вітаўт Чаропка. Iмя ў летапiсе (32)

Яўген Сямашка. Армiя Краёва на Беларусi (14)

1995

Рыгор Барадулiн. Эвангельле ад мамы (10)

Генадзь Сагановiч. Невядомая вайна (40)

1996

Вітаўт Чаропка. Уладары Вялiкага княства (15)

Вітаўт Чаропка. Перамога ценю (9)

1998

Васіль Быкаў. Сьцяна (26)

Уладзімер Жылка. Выбраныя творы (Беларускі кнігазбор) (19)

1999

Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. 10 вякоў беларускай гісторыі (8)

Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць (Беларускі кнігазбор) (12)