film.ruПрывіды Гоі (Goya's Ghosts)

Гішпанія, 2006, каляровы, 114 хв.

Рэжысэр: Мілаш Форман

Ролі выконваюць: Хаўер Бардэм, Наталі Портман, Стэлан Скарсгард, Рэндзі Куэйд, Бланка Партыльё, Майкл Лонсдэйл, Хасэ Луіс Гомес, Мабэль Рывэра

Жанр: Гісторычная драма з элемэнтамі біяграфіі

Адзнака: 8 (з 10)

1792 год. Гоя (Стэлан Скарсгард) малюе прыгожую дзяўчыну Інэс (Наталі Портмэн), якая неўзабаве трапляе ў турму інквізыцыі, як патаемная іудзейка. Інквізытар Лярэнца (Хаўер Бардэм), яшчэ адзін кліент мастака, абяцае дапамагчы Гоі – і спакушае дзяўчыну. Іхняя дачка станецца прастытуткай.

А калі пасьля выгнаньня напалеонаўскіх войскаў Лярэнца пакараюць сьмерцю, як калябаранта й герэтыка, за ягоным целам будзе ісьці звар’яцелая Інэс і аглухлы Гоя…

Ашаламляльны сацыяльны гратэск Мілаша Формана, дзе біяграфія Гоі – толькі нагода для гістарычных кашмараў і залімітнай бульварнай мэлядрамы.

Гоя – рэпартэр, мэдыюм, пасярэднік.

Ягоныя прывіды на афортах не адлюстроўваюць жыцьцё, а становяцца ім.

І што тут можа Гоя зрабіць? Здані гісторыі скалынаюць паветра: герылья, інквізыцыя, акупанты – і няшчасны твар музы.

Мілаш Форман паказвае маленькага чалавека, на якога вызьверылася эпоха. Чалавек можа быць каралеўскім жывапісцам – ці дзіцём багатага купца. Ён агент Сьвятое палаты, які становіцца змагаром за “Свабоду, роўнасьць, братэрства” – ці біскуп, на якога начапілі кайданкі. Злучво хараства й звыродства, годнасьці й подласьці, мужнасьці й прыстасаванства, жорсткасьці й сэнтымэнтальнасьці.

Ці не такое жыцьцё на зломе?

Хаўер Бардэм дэманструе надзвычайныя здольнасьці пераўвасабленьня, Наталі Портман грае адначасова дзьве ролі – зьнявечанай прыгажуні й ейнай дачкі-прастытуткі; Мілаш Форман палохае і зьдзіўляе.

Да вас прыйшлі прывіды Гоі.

Сэансы ў кінатэатры “Перамога” 14-17 чэрвеня а 18.30.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?