Пачынаючы трэцяе тысячагодзьдзе

Каляднае пасланьне Апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана

Сёлета мне прыходзілася часта чуць спрэчкі пра тое, ці мы жывем ужо ў трэцім тысячагодзьдзі, ці яшчэ не. За тыдзень, 1 студзеня 2001 году, гэтае пытаньне будзе канчаткова вырашанае.

Дзьве тысячы гадоў хрысьціянства – значны рубеж ня толькі ў гісторыі Царквы, але і ўсяго чалавецтва. Таму хочацца азірнуцца назад, падвесьці рахункі – не каб судзіць гісторыю – лёгка быць разумным пасьля падзеі, – але каб ведаць, зь якім багажом мы ўваходзім у трэцяе тысячагодзьдзе.

Працэс г.зв. глябалізацыі – адна з найбольш характэрных рысаў нашага часу. Дзякуючы хуткаму разьвіцьцю сродкаў транспарту і масавай камунікацыі сьвет быццам бы зрабіўся меншым. Усё, што здараецца ў самым глухім кутку зямлі, адразу стаецца вядомым ува ўсім сьвеце. Амаль аднолькавым робіцца паўсюль стыль жыцьця, паводле стандартаў адной масавае культуры. Адным словам, як часта цяпер можна пачуць, жывем у глябальнай вёсцы. Гэты працэс глябалізацыі нясе з сабой небясьпеку страты індывідуальнасьці, што было б вялікай шкодай. Зь іншага боку, ён узмацняе ў нас адчуваньне адзінства ўсяго стварэньня і адказнасьці за ягоны лёс. Сёньня ўжо немагчыма разьбіць чалавецтва на маленькія аўтаномныя групы, кожная зь якіх жыве сваім жыцьцём, не зьвяртаючы ўвагі на іншых. З горкага досьведу мы таксама ведаем, што прагрэс навукі, не абмежаваны маральнымі тармазамі і пачуцьцём адказнасьці за вынікі, можа прывесьці да вялікіх няшчасьцяў. Таму сёньня зьявілася столькі групаў, рухаў і арганізацыяў, якія выказваюць сваю заклапочанасьць станам навакольнага асяродзьдзя («Грынпіс», «Сябры Зямлі» і г. д.) і чалавецтва («Міжнародная амністыя» ды іншыя). Іхныя мэтады дзейнасьці могуць ня ўсім падабацца, але нельга адмовіць у слушнасьці іхных прынцыпаў.

Пасьля кожнага дня стварэньня Бог бачыў, што гэта было добра (Бц 1:10). Ён стварыў добры сьвет, багаты на розныя формы існаваньня, але адзіны паводле свайго прынцыпу і мэтанакіраванасьці. Гэта быў упарадкаваны сьвет, дзе кожнае стварэньне мела сваё месца і мэту. Чалавек, захацеўшы быць як Бог, дзеля свае абмежаванасьці будучы ня ў стане прадбачыць вынікаў сваіх дзеяньняў, парушыў гэтую еднасьць і страціў пачуцьцё адказнасьці за іншых. Калі Бог запытаўся ў Каіна, які забіў Абэля, дзе ягоны брат, той адказаў: Ці ж я вартаўнік брату свайму? (Бц 4:10).

Галоўным вынікам прыйсьця Хрыста было аднаўленьне страчанае еднасьці ўсяго стварэньня. Гэтая еднасьць можа быць толькі ў Богу, як добра кажа сьвяты Павал: У Хрысьце Бог паяднаў з сабою сьвет (2 Кар 5:19). Таму няма больш ні габрэя, ні грэка, няма нявольніка ані свабоднага, няма мужчыны ані жанчыны, але ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе (Гал 3:28). Зьяднаныя ў Богу, мы адчуваем адказнасьць за іншых і за сьвет, у якім жывем. Вось у гэтым прынцып “Божай глябалізацыі”.

Два тысячагодзьдзі Царква прапаведуе вестку пра паяднаньне ўсіх з Богам праз Хрыста. На жаль, ейны голас не даходзіць да ўсіх, магчыма таму, што сярод нас, якія называем сябе хрысьціянамі, няма згоды. Зноў такі, ня нам шукаць вінаватых. Відаць, што ў Сьвятой Царкве Хрыстовай людзкі складнік, у адрозьненьне ад боскага, далёка не дасканалы. Адной з важных характарыстыкаў мінулага стагодзьдзя быў рост занепакоенасьці падзелам паміж тымі, хто носіць імя Хрыста, і пошук шляхоў да паяднаньня. Будзем спадзявацца, што высілкі ў гэтым напрамку з новай моцай будуць працягвацца ў трэцім тысячагодзьдзі. Шлях да еднасьці будзе доўгім і цярністым, але зьнявервацца нельга.

Мне прыгадваецца гісторыя, якую некалі расказаў сьвятое памяці біскуп Баляслаў Слоскан, апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскае дыяцэзіі. Пасьля адбыцьця зьняволеньня на Салаўках ён быў высланы ў нейкую сібірскую вёску на так званае “вольнае пасяленьне”, зразумела, пад наглядам уладаў. Калі ён шукаў сабе кватэру, яму параілі спытацца ў адной удавы, якая прымала ўсіх “страньнікаў”. Пастукаўшы ў дзьверы, ён пабачыў перад сабой старую кабету. Слоскан сказаў, чаго яму трэба, і дадаў, што ён каталіцкі біскуп.

– Каталіцкі біскуп, – адказала старая, якая нічога ня чула пра такіх, – а ты ў Бога верыш?

– Веру, – адказаў Слоскан.

– А ў Госпада нашага Ісуса Хрыста верыш?

– Веру.

– А Найсьвятую Багародзіцу шануеш?

– Шаную.

– А гарэлку п’еш?

– Ня п’ю.

– Дык ты такі ж хрысьціянін, як і мы, – вырашыла старая. – Можаш жыць у мяне на кватэры.

Думаю, што перш чым думаць пра адрозьненьні, нам варта зьвярнуць увагу на тое, што нас лучыць, як зрабіла тая старая, што “праэкзамэнавала” біскупа.

На такой думцы я хацеў бы разьвітацца з вамі, дарагія чытачы «Нашай Нівы», і пажадаць усім у гэтае вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага шчасьця і ласкі Божай у новым годзе.

а. Аляксандар Надсан,
Каляды 2000


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0