Пераходная краіна

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік ласкава пагадзіўся адказаць на пытаньні “НН”.

 

— Спадару пасол, працэс нацыятворчасьці ў беларусаў, адной з наймалодшых эўрапейскіх нацый, яшчэ працягваецца. Прыклад былой Югаславіі паказвае, наколькі паскудна і цяжка ён можа праходзіць і якія пагрозы рэгіянальнай стабільнасьці, дэмакратыі і правам чалавека можа несьці. Якія найбольшыя небясьпекі сьцерагуць Беларусь на гэтым шляху?

— Разьвіцьцё Беларусі ў кірунку дэмакратыі, якая адпавядае эўрапейскім стандартам, як было вызначана Капэнгагенскім і Парыскім дакумэнтамі 1990 г., перарвалася ў 1996 г. Эўрапейскія стандарты прадугледжваюць вяршэнства закону, падзел улады між ключавымі дзяржаўнымі інстытутамі (заканадаўчым, выканаўчым і судовым), а таксама плюралістычную дэмакратычную структуру. Канцэнтрацыя ўсёй дзяржаўнай улады ў руках аднаго дзяржаўнага інстытуту істотна абцяжарвае разьвіцьцё сапраўды плюралістычных дэмакратычных структураў. Эўрапейскія інстытуты паспрабавалі адрадзіць дэмакратычны працэс празь міжнародны і ўнутраны дыялёг. Да цяперашняга часу гэтыя намаганьні не прынесьлі якіх-небудзь істотных вынікаў. Аднак магчымасьць аднаўленьня трансфармацыйнага працэсу мусіць заставацца адкрытай.

— 9 гадоў беларускай незалежнасьці абверглі думку пра “выпадковасьць” беларускай дзяржаўнасьці, якую выказвалі некаторыя аналітыкі раней. Тым ня менш, гэта быў пэрыяд усё глыбейшага эканамічнага крызысу, міжнароднай ізаляцыі і культурных узрушэньняў. Як, па-Вашаму, гэтае дзесяцігодзьдзе ўрэшце застанецца ў беларускай гісторыі дзесяцігодкай стратаў ці знаходак?

- Паколькі мы яшчэ ня ведаем пра далейшае разьвіцьцё існуючых цяпер супярэчлівых тэндэнцыяў кансалідацыі аўтарытарнай сыстэмы і разьвіцьця сапраўды дэмакратычных дзяржаўных інстытутаў, сёньня не ўяўляецца магчымым казаць, як падзеі згаданага пэрыяду будуць ацэненыя ў будучыні.

— Беларусь - гэта “транзытная краіна”. Ці гэтая рэальнасьць спрыяе ўмацаваньню дэмакратыі, ці, наадварот, падштурхоўвае да ўсталяваньня алігархічнага кіраваньня?

— Беларусь зьяўляецца краінай пераходнага пэрыяду, што знаходзіцца між краінамі-сябрамі Рады Эўропы і якія таму ўважаюцца за краіны з дэмакратычнымі структурамі. Будзе справядліва адзначыць, што пасьпяховаму разьвіцьцю краіны пераходнага пэрыяду будзе несумненна спрыяць умацаваньне краінай яе дэмакратычных працэсаў.

— Беларусь, дый уся Ўсходняя Эўропа, часта разглядаліся як зона натуральных інтарэсаў і гегемоніі Расеі або Нямеччыны, якія нярэдка адкрыта ці падсподна ставіліся да меншых, доўгі час безьдзяржаўных народаў Усходняй Эўропы як “меншавартасных”. Як АБСЭ і Вы асабіста бачыце будучыню нацыяў Усходняй Эўропы?

- Па завяршэньні халоднай вайны канцэпцыя гегемоніі ў Эўропе той ці іншай сілы згубіла сваю ранейшую значнасьць. Тая канцэпцыя была замененая канцэпцыяй Эўрапейскага Зьвязу з аднаго боку, а таксама канвэнцыйнымі пагадненьнямі пра ўзаемадзеяньне і супрацоўніцтва Эўрапейскага Зьвязу з Расейскай Фэдэрацыяй і іншымі дзяржавамі ў Эўропе - якія не плянуюць далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу ў бліжэйшай будучыні, зь іншага боку. АБСЭ падтрымлівае разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў у краінах, што знаходзяцца цяпер на пераходным этапе ў накірунку пабудовы дэмакратыі, што адпавядае эўрапейскім стандартам.

— Калі, у сувязі з чым Вы ўпершыню ў сваім жыцьці пачулі слова «Беларусь»?

— Упершыню ў жыцьці я пачуў слова “Беларусь” пры канцы 40-х - пачатку 50-х падчас вывучэньня гісторыі Эўропы. Гэта было зьвязана з інфармацыяй пра гісторыю Польшчы, Літвы і Расеі (Савецкага Саюзу).

— Вы правялі ў Беларусі ўжо два гады. Што было Вашым найглыбейшым уражаньнем тутака? Што было самым пякучым болем? Што Вы распавядаеце сваім унукам пра краіну, у якой працуе іхны дзед?

— У часе маёй прафэсійнай дзейнасьці, пачынаючы зь сярэдзіны 50-х, я меў шмат кантактаў з Усходняй Эўропай. Я адзначыў шмат зьменаў, што адбыліся за мінулыя дзесяцігодзьдзі. Цяпер мне хацелася б дасягнуць большага, чым я насамрэч змог бы выканаць. Усе мае дзеці наведалі гэтую частку Эўропы, таму мае дарослыя дзеці могуць распавесьці сваім уласным дзецям пра тую частку Эўропы, дзе цяпер выконвае сваю місію іх дзядуля, гэта ж зраблю пры нагодзе і я.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0