Перадзел Партыі Свабоды

Увечары 16 сьнежня лідэру незарэгістраванае Беларускае Партыі Свабоды Сержуку Высоцкаму патэлефанавалі ды запрасілі на партыйную нараду, якая мусіла адбыцца 17 сьнежня. На нараду сп.Высоцкі прыйшоў, але неўзабаве мусіў пакінуць яе ў знак пратэсту разам зь некалькімі дзясяткамі верных яму сяброў партыі: сабраная грамада (пад 50 чалавек) пастанавіла абвесьціць нараду сходам партыі ды пазбавіць паўнамоцтваў кіраўніка партыі С.Высоцкага. Яго зьвінавацілі ў аўтарытарнасьці ды амбіцыйнасьці, выказалі патрэбу ў больш мяккім і гнуткім нацыяналізьме, а таксама казалі пра патрэбу шчыльнейшага супрацоўніцтва зь менш радыкальнымі дэмакратычнымі партыямі. Сп.Высоцкі называе тое, што адбылося, адколам, а не расколам. Ён лічыць, што падрыхтоўчая праца да адколу вялася даўно. Галоўныя натхняльнікі яе – былыя сябры БПС, якія сышлі яшчэ ў 1996 г., ды частка цэнтрысцкае плыні ў партыі.

У статутных укладах БПС не прапісаная мажлівасьць прыняцьця агульнапартыйных рашэньняў на сходах шараговых сяброў арганізацыі, усе пастановы павінны прымацца на сходзе кіраўнікоў БПС. Апроч таго, на сходзе не было прадстаўнікоў рэгіянальных аддзелаў. Гэта дае падставу С.Высоцкаму даказваць сваё права на назву “БПС”.

БПС – незарэгістраваная партыя, і пытаньне правамоцнасьці сходу, праведзенага 17 сьнежня, зьвязанае толькі з унутрыпартыйнай дысцыплінай. “Мы пакідаем сябрам БПС магчымасьць – цэлы месяц –вызначыцца са сваім далёйшым лёсам у арганізацыі. Нашыя прэтэнзіі толькі да завадатараў. У Беларусі ім месца ня будзе”, — гэтак сказаў С.Высоцкі для “НН”.

Алесь Кудрыцкі

 

Ад рэдакцыі. Трэба заўважыць, што расколы ў напаўпадпольных радыкальных арганізацыях — рэч звычайная скрозь, дзе ідзе падпольнае змаганьне. Як толькі арганізацыя разрастаецца да пэўнага памеру, на яе “ўскраінах” утвараюцца групы, арбіты якіх далёкія ад цэнтру “сонечнае сыстэмы”. Прыцягненьне да асобы харызматычнага лідэра, які зазвычай узначальвае падпольную групу, слабое, і гэтыя групы адрываюцца ад “сонца”, адпраўляючыся ў вольны палёт. Часьцяком яны адрываюць з сабой і добрую частку старое арганізацыі. У гэтым нічога страшнага няма: быў адзін аддзел, стане два. Іншая рэч, калі ў арганізацыі і ейнага лідэра рыторыка цалкам замяняе рэальныя справы, а дзейнасьць атрымліваецца неэфэктыўнаю і беспэрспэктыўнаю — трэба разумець, менавіта да гэтага зводзяцца асноўныя папрокі апанэнтаў сп.Высоцкаму, а сп.Высоцкага — новай фракцыі (ёю пакуль кіруе “тройка”, а не адзін правадыр). Але тутака разважыць, хто мае рацыю, можа толькі час: хто болей зробіць для Беларусі, той і зробіць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0