15 варыянтаў аднаго дэкрэту

Перарэгістрацыя прадпрыемстваў і фірмаў цягнецца ў Беларусі гадамі. Ніхто ўжо не зьдзіўляецца гэтай завядзёнцы Лукашэнкавай улады

 

Прычым, як вядома, ужываць прыстаўку “пера-” забаронена — загадана гаварыць і пісаць, што ў краіне адбываецца ўсяго толькі “рэгістрацыя”. А тых, хто даўно зарэгістраваны і працуе, такім чынам, быццам бы ніхто не чапае. Гэта няпраўда, і ўсе пра гэта ведаюць, аднак мусяць гуляць у “голага караля”.

 У Горадні зьбіраліся разам журналісты, прадпрымальнікі і чыноўнікі, якія мучаюцца са славутай “рэгістрацыяй”. Больш за год мінула, а здолелі перааформіць свае дакумэнты толькі пад траціну ад усіх “суб’ектаў гаспадараньня”. Працэдуру ўлады мусілі працягнуць ажно да паловы наступнага году! Выбачайце, але міжволі ўзгадваецца прыказка пра кепскага танцора… Хаця тут парушаецца лад іншай вядомай прыказкі — наконт таго, хто замаўляе музыку. Грошы ж спаганяюцца за перарэгістрацыю з адных, а музыку замаўляюць другія — самі спаганяльшчыкі. Ды гэткую, што танчыць пад яе аніякай магчымасьці няма. Як напісаў калісьці ў партыйнай пастанове таварыш Жданаў: замест музыкі — сумбур. Падвойны прыгнёт атрымліваецца: зь цябе выцягваюць грошы, а потым прымушаюць скакаць пад дылетанцкі аркестар.

Але вернемся да канкрэтыкі. Асабліва цікавымі былі прызнаньні сп.В.Сечкі з Саўміну, які займаецца падрыхтоўкай дэкрэтаў, паводле якіх усіх прадпрымальнікаў якраз і прапускаюць праз агонь, ваду і медныя трубы. Аказваецца, працэдура была распачата яшчэ ў 96-м годзе — з мэтаю зьліквідаваць фірмы-аднадзёнкі. Яны, маўляў, хуценька наробяць грошай — за тыдзень-два — і адразу згортваюцца. Але за некалькі гадоў было выкрыта ўсяго 36 фіктыўных фірмаў. А непатрэбныя пакуты, перашкоды створаны для дзясяткаў тысяч аб’ектаў гаспадараньня, для мільёнаў людзей. Брава! Эфэкт проста ўражвае! Гэта ўсё адно, як з прычыны існаваньня, напрыклад, кішэнных злодзеяў пастаянна тэрарызаваць усіх пешаходаў, усіх гараджанаў, якія знаходзяцца на вуліцы.

Ува ўсёй гэтай дэкрэтнай нумарацыі няцяжка заблытацца. Летась наш адзіны аўтар дэкрэтаў падпісаў, здаецца, 11-ты. Але ён аказаўся непрыдатны. Па-першае, занадта вялікія памеры статутных фондаў абвешчаны, каб перарэгістравацца. Аднак людзі нашы аказаліся значна бяднейшымі, чым уяўлялася галаве. І працэс не пайшоў. Па-другое, у дэкрэце ёсьць неканкрэтныя месцы, і кожнаму чыноўніку давялося самому на свой страх тлумачыць іх. І ўрэшце — перарэгістрацыя адбываецца “вялацякуча” — са словаў чыноўніка, бо дагэтуль ня створаны адзіны орган, які павінен усёй гэтай катавасіяй займацца.

З органам увогуле цырк на дроце адбыўся. Шчыра не жадаючы павялічваць колькасьць чынавенства, Аляксандар Рыгоравіч загадаў стварыць новую структуру — з “унутраных рэзэрваў”. А напярэдадні “рэзэрвы стаўкі” ўжо былі выкарыстаны на двух іншых франтах — антыалькагольным і навукова-тэхнічным, дзеля чаго былі створаны адпаведныя камітэты. Падрыхтоўшчыкі прапанавалі Аляксандру Рыгоравічу ажно тры варыянты новага дэкрэту “аб адзіным рэгістрацыйным органе”! І ўсе тры змагар з павелічэньнем бюракратычнага апарату адхіліў. Першым разам сказаў, што зашмат паўнамоцтваў запрасілі. Другім, што назва занадта доўгая, незразумелая, ня стаў нават зьместу чытаць. Трэці варыянт таксама не прайшоў. Яны запрасілі для “органу” 35 штатных адзінак, а ён сказаў — як адрэзаў: аніводнага!

 Вось у Расеі ёсьць “Рэгістрацыйная палата” з трохсот чалавек на ўсю “неабдымную” краіну. Але яна толькі рэгіструе новыя фірмы. Перарэгістрацыі ў Расеі не было ані разу. “Але ж мы ня хочам у добрым вучыцца ў “старэйшага брата”, — летуценна зазначыў адзін з прысутных прадпрымальнікаў. “Мы стварылі праблему і гераічна яе пераадольваем”, — ня стаў яму пярэчыць чыноўнік.

Карацей, дзякуючы адзінаццатаму дэкрэту Беларусь, паводле згоднага прызнаньня чыноўнікаў, ператварылася ў краіну “чаўнакоў і лавачнікаў”. А капіталы пачалі яшчэ больш інтэнсыўна пераплываць у Расею. Адразу пасьля прыняцьця гэтага пачалі рыхтаваць новы — такі ж самы, але “лепшы” — 22-гі дэкрэт. На яго падрыхтоўку спатрэбіўся больш за год. А ўвесь гэты час пакутавалі і прадпрымальнікі, і чыноўнікі, усе па-рознаму, канечне. Але і новы дэкрэт не разьвязаў праблемы. Са словаў В.Сечкі, у ім (падпісаны ён 16 лістапада. — С.А.) адразу ўбачыліся іншыя недахопы. Як бачым, бюракратычная машына ператварылася ў левіяфана, мастадонта ці брантазаўра, які гіне пад уласным цяжарам. Гэта своеасаблівы рэкорд, найвышэйшая ступень разьвіцьця бюракратыі, калі дзяржаўная машына пачынае сама сабе падсыпаць пясок у буксы, як калісьці героі-заслонаўцы шкодзілі немцам на чыгунцы.

Вялікай “дэкрэтнай” праблемай было вызначэньне статутных фондаў у мінімальных заробках. Трэба за аснову ўзяць euro, вырашылі саўмінаўскія спэцыялісты, аднак Рада бясьпекі загадала вярнуцца да мінімалак. Значыцца, нейкую крамолу ўбачыў, нейкія падкопы пад дзяржаўныя падмуркі. Працаўнікі “дэкрэтнага фронту”, аднак, працягвалі доўгае змаганьне і — о дзіва! — euro перамог! 15 варыянтаў дэкрэту спатрэбілася стварыць! Проста цуды, рэкорды паператворчасьці ставяцца ў прэзыдэнцкай Беларусі.

 Як вядома, для галоўнага беларуса сьвятая справа — вытворчасьць “дзіцячага харчаваньня і жаночых калготак”. У першым дэкрэце давалі льготы тым фірмам, якія займаюцца “пераважна вытворчай дзейнасьцю”. Але такое вызначэньне нідзе ў сьвеце не ўжываецца! — кажа чыноўнік. У выніку — поўная блытаніна. Менгарвыканкам, напрыклад, ня лічыць гандаль вытворчай дзейнасьцю, а ў іншых месцах краіны — лічаць.

Дэкрэтаробы прапанавалі тады адмовіцца ўвогуле ад паняцьця “вытворчая дзейнасьць”, каб ня блытацца. Але, як мы ўжо ўзгадвалі, для нашага самага галоўнага гэта — “сьвятое”. Таму ён забараніў падобны экспэрымэнт — “каб заахвочваць вытворцаў”, каб у іх рукі не апускаліся. Увогуле аказалася, што афіцыйна зацьверджаны пералік асноўных відаў дзейнасьці і дэкрэт не стасуюцца! Трэба зараз перарабляць гэты самы пералік! У працэс уцягнуты 56 міністэрстваў і канцэрнаў!

Дасягненьнем сьвежага — нумар 22 — дэкрэту яго стваральнікі лічаць “зьмяншэньне падставаў для ліквідацыі прадпрыемстваў”. Ну проста эра лібэралізму і дэмакратыі наступіла!

Вялікім дасягненьнем зьяўляецца таксама перамога дыпляматаў. Так-так! Аказваецца, закрыцьцём прадпрыемстваў з замежным капіталам павінна было займацца менавіта Міністэрства замежных справаў! Дзяржкантроль альбо падаткоўцы штосьці раскапаюць і — хутчэй дэпэшу дыпляматам: вы павінны скасаваць гэткую фірму. Абражаныя дыпляматы, якім даводзілася цягацца па судах, доўга абураліся, што ім перашкаджаюць спакойна наладжваць стасункі з рознымі недэмакратычнымі рэжымамі. Victoria! Цяпер самі кантралёры павінны і раскопваць парушэньні, і быць “далакопамі” фірмаў з замежным удзелам, якіх засталося яшчэ 2600 — поле для дзейнасьці існуе, карацей.

Аўтар дэкрэтаў яўна любіць парадак, каб ніхто не сачкаваў. Паводле 11-га дэкрэту, напрыклад, усе ўдзельнікі закрытых акцыянэрных таварыстваў павінны былі зьявіцца у выканкам для працэдуры рэгістрацыі. А гэта, даражэнькія мае, адразу па 200-300 чалавек часам. Шчыльнымі радамі — як у песьні… Я раптам запыняю сябе на думцы, што мне ўжо робіцца нецікавым пералічваць усе дэкрэтныя “дасягненьні”, названыя самімі ж чыноўнікамі, якія мусяць іх выконваць. Але трэба давесьці справу да канца. Чыноўнікі шчыра прызнаюцца, што зь пяці перарэгістрацый, якія адбыліся за дзесяць гадоў, апошняя — самая цяжкая. І што 22-гі дэкрэт жыцьця ім не палегчыў.

Прадпрымальнікі абураліся: каб эканоміка не занікала, дайце спачатку працаваць, разьвівацца, а ўжо потым — кантралюйце. А ў нас, наадварот, усё пачынаецца з жорсткага кантролю. Трэба спрашчаць, а не ўскладняць рэгістрацыю. Зрабіць, як у нармальных краінах — я паведамляю ў выканкам, што стварыў фірму, а не хаджу па кабінэтах з просьбай дазволіць мне яе заснаваць. Прадпрымальнікі ня ведаюць, зь якім яшчэ дэкрэтам прачнуцца заўтра! “Мы вырашылі, што гэта будзе апошні”, — супакойвае В.Сечка. “Гэта вы рашылі… Але наўрад ці ён апошні”, — адказвае прадпрымальнік раздражнёна. “Я спадзяюся на гэта”, — не здаецца сталічны госьць.

“Навошта ўвесь час вынаходзіць ровар, усё ўскладняць?”—зноў атакуюць прадпрымальнікі. “Каб жыць цікавей было, — прызнаецца чыноўнік. — Год рабілі дэкрэт, а ўжо відаць прагалы. А калі месяц даецца альбо тыдзень-два? Сядзіш з такой галавой, каб усё ўлічыць…” А прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасьці ў бюджэце, між тым, увесь час падаюць. Былі 20%, цяпер — толькі 15. “А зачэм нам дзеньгі этава жулья?” — запытае абываталь, і хто яму здолее адказаць?

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0