Андрэй Хадановіч

Прамова пра Міцкевіча

 

Браты й сёстры ў Міцкевічы! Сёньня мы адзначаем урачыстую дату: 14 сьнежня, роўна 175 год таму, паэт Адам Міцкевіч ня выйшаў на Сэнацкую плошчу ў Пецярбургу. І дзякуй Богу, бо йнакш мы, найхутчэй, ня мелі б ані “Пана Тадэвуша”, ані “дрэздэнскіх “Дзядоў”, ані Сержа Мінскевіча ў якасьці іх перакладчыка. Сёньня, калі “лабавы” грамадзянскі патас амаль немагчымы, а слова “дзекабрыст” асацыюецца ў моладзі пераважна з “Di Caprio”, мне асабліва прыемна адчуваць запатрабаванасьць высокай культуры тут і цяпер, пад партрэтам фаміліянта нашага “героя”, у прысутнасьці аматараў краснага пісьменства, то бок усіх вас.

Час расстаўляе ўсё па сваіх месцах, зычліва плоціць па неаплочаных “гамбурскіх рахунках”, але працэс гэты павольны й марудны. Таму нам усім, як і ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву, мусіць быць вельмі прыкра, што ўся творчая спадчына “вешчуна” дагэтуль не дайшла да ўдзячных нашчадкаў. Так, мы маем знакамітую “Оду да Маладосьці”. Але дзе, скажэце мне, ода да “Полымя”, ода да “Крыніцы”, ода да “ARCHE”, ода да “Nihila”, оды да “Беларускай думкі” й “Славянскага набата”? І дзе, скажэце, знакамітая ў свой час паэма “Гражына й Граждан”? Вось яно, людзкое забыцьцё, і імя яму – царскага цэнзура! Шмат што зынакшыла цэнзура. Бо кожны разумны чалавек ведае, зь якімі словамі Юры Гагарын стартаваў у космас. Гэта пасьля іх пераклалі на расейскую, і атрымалася “Паехалі!”. “Jedźmy! Nikt nie woła!” – сказаў нам на разьвітаньне касманаўт, перад тым як удала прызямліцца ў Акерманскіх стэпах.

Але гістарычная справядлівасьць трыюмфуе ды імя Міцкевіча грыміць сярод нас. Вы памятаеце, як некалькі год таму па нашых тэлеэкранах плылі радкі зь Міцкевічава “Пана Тадэвуша” й паведамлялася, колькі дзён засталося да дня народзінаў Паэта? Вы памятаеце, як на ўзьбярэжжы Сьвіслачы, каля Траецкага прымесьця, зьявіўся помнік Адаму Міцкевічу – братні дар народу Białorusi ад ураду гораду Варшавы? А экскурсіі ў Міхайлаўскае… перапрашаю, Наваградак?

Таму няма чаму зьдзіўляцца, што ўся наша творчая моладзь, як пэнсійнага, так і перадпэнсійнага веку, усе нашыя паэты й варштаты, грамафоны й эпіконы, першаскладальнікі й вершацьветы, параплавы й чалавекі, грамадзяне й гражданы, сабакі й танкісты, нацыянальныя меншасьці й сэксуальныя большасьці, патрыёты й нэкрафілы, цяжкія падлеткі з “Бум-бам-літу” й тэрарысты з “Шмэрцвэрку”, а таксама проста канібалы ад літаратуры з Вашым пакорным слугою ўключна – усе яны сябе пад Міцкевічам чысьцяць, “чтобы плыть в революцію дальше!”

Ня трэба ж быць нэграм старэчых гадоў і выракацца Міцкевіча толькі за тое, што ён не пісаў па-беларуску! Не пакідайце Міцкевіча нашага, шануйце яго, бо шмат было такіх народаў, што страцілі найперш Міцкевіча свайго, а потым і Шэксьпіра, і Дантэ, і Гамэра свайго страцілі. Беражэце Міцкевіча нашага, такога ж людзкага, як і польскі, як і ўсе іншамоўныя Міцкевічы! Беражэце сяброў яго, філяматаў ды філярэтаў (як менскіх, так і слуцкіх), беражэце аматараў яго, дасьледчыкаў яго й перакладчыкаў яго беражэце й не пакідайце, каб ня ўмёрлі!

14 сьнежня, Менск


Андрэй Хадановіч

 Крынскія санэты

Сакрату Яновічу,
гаспадару Беларускага Трыялёгу

1.

Мой сон у ноч на Янука Купалу
спыніўся на тры тыдні і застыў:
патрыманы шэксьпіраўскі матыў
празь сіта “Фаўста” хтось прасеяў дбала.
Смак самагнёту, як апэрытыў,
(мастацтва выпіць тут не заняпала!),
палеміка – пакуль стае запалу,
і раптам – нечаканы аб’ектыў
распусьціцца, бы кветка папарацы:
ім, небаракам, тут хапае працы,
бо сёньня кожны – беларусавед,
які паддаўся д’ябальскай спакусе
з рыторыкай сакратаўскіх дыскусій
знаёміць Беласточчыну – і сьвет.

2.

У менш чым кілямэтры ад мяжы
зь менш чым краінай – любай Беларусяй,
чые абрысы – плямай на абрусе,
а краявіды – могілак крыжы,
лаўжы, смаўжы ды ў бліндажах бамжы
(акрэсьліць добрым словам не бяруся),
гадуем сны, кунежым міражы
і молім Госпада аб землятрусе,
каб вёсачкі, калгасы й гарады
стыхія пазьнішчала – не бяды! –
як некалі Пампэі й Геркулянум;
каб ворагі загінулі ў агні
і больш ніхто не замінаў – ані! –
зьдзяйсьняцца нашым беларускім плянам!

3.

Хто да пісьменства краснага прыкуты,
аслабаніцца здолее наўрад.
Усім тубыльцам прыяцель і брат,
застацца зноў ня можаш убаку ты,
асуджаны на вечныя пакуты –
цягнуць літаратуры панарад.
Ты ведаеш, Плятон мне камарад,
ды ісьціна ў глытку тваёй цыкуты.
Мы – хлопцы талерантныя: сябруем
з расейцамі, палякамі… Даруй ім –
і нам даруй, спагадлівы Сакрат!
Ты там, у Польшчы, у тузе ды скрусе,
а мы жывем у шчаснай Беларусі
і прывітаньне шлем табе – з-за крат.

Крынкі-Менск

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0