Няміга і Менск

“Гутарка” №3 (10). 16.01.1976 г.

Даўно ўжо зьнікла ў Менску рэчка Няміга. А зараз зьнішчаецца вуліца Няміга. А больш жа няма для нашай сталіцы дарагога, як гэтыя сьвятыні. Але калі некалькі гадоў таму назад адзначалася 900-годзьдзе Менску, то казённы друк толькі скорагаворкай упамінаў бітву на рацэ Нямізе, у сувязі зь якой і зьявіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць яе значэньне ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці, гэтая бітва была глыбока ўразіла ня толькі сваіх сучасьнікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў “Слове аб палку Ігаравым” самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. І хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэньне нашай прарадзіме – Полаччыне — і яе слаўнаму правадыру – князю Ўсяславу Чарадзею – яна была найяскравейшым сьведчаньнем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым па часе ворагам – Кіеўскай імпэрыяй. На вялікі гонар, Полаччына была першай, хто пачаў развал гэтай, паводле Карла Маркса, “недарэчнай і няскладнай, скарасьпелай і шматковай дзяржавы”.

Жыцьцёвыя інтарэсы зямлі Ізяслававічаў былі працілеглымі інтарэсам імпэрыі Рурыкавічаў. Палачане не хацелі несьці ахвяры ў імя заваёўніцкіх мэтаў кіеўскіх князёў і рашуча распачалі зь імі бітву. Бітва на Нямізе і была адной з трагічных вех на гэтым доўгім і цяжкім шляху старажытнай Беларусі.

Бітва на Нямізе сьведчыць і пра тое, якое значэньне меў у нашым далёкім мінулым Менск. Ён быў найважнейшай і самай надзейнай крэпасьцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менску былі самаахвярнымі грамадзянамі і свайго гораду, і сваёй Радзімы, і мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсьцілі Менску і яго жыхарам. Узяўшы ў 1067 годзе яго, яны “иссекаша мужей, а жёны и детей взяша на щиты”. Крыху пазьней Уладзімер Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, “не оставихом у него ни челядина, ни скотины”.

Прайшло звыш 900 гадоў з тых гераічных часоў. Няма больш грозных палачанаў, а ёсьць толькі бяскрыўдныя беларусы. Мы больш ня творым сваёй гісторыі, не баронім саміх сябе. Мы вось ужо некалькі стагодзьдзяў зьяўляемся рабочым быдлам, якое пакорна валачэ воз чужой гісторыі.

Няма больш і непакорнага Менску. Менск стаў Мінскам. Ён не бароніць больш ні сябе, ні Беларусі. Зь цьвярдыні-крэпасьці ён ператварыўся ў рассаднік здрады, рабства, халуйства. Ён стаў траянскім канём, горадам-спрутам, які прагавіта высмоктвае фізычныя і інтэлектуальныя сілы беларускага народу, для патрэб сёньняшніх нашчадкаў тых, хто некалі бязьлітасна разбураў Менск, беручы на шчыт яго жанчын і дзяцей, не пакідаючы ў ім ні чалядзіна, ні скаціны.

Якая ганьба нам! Гэта да нас з глыбіні вякоў нясецца папрок, які сёньня гучыць, як пракляцьце: “Апусьціце ўжо сьцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя, бо ўжо збыліся дзедавай славы!”

Пара, даўно ўжо пара зьняць зь сябе гэты праклён. Пара ўжо падняць сьцягі свае, навастрыць мячы свае пашчарбаныя і пайсьці дарогай сваіх дзядоў. Уваскросім жа баявы дух Нямігі і даўняга Менску!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0