Партрэт стагодзьдзя вачыма мастака

Успамінае найстарэйшы беларускі мастак Яўген Ціхановіч

Мастак Яўген Ціхановіч – найстарэйшы мастак Беларусі. 25 лістапада яму споўніцца 90 гадоў. Ягоны старэйшы брат – славуты мастак-графік Валянцін Ціхановіч, ягоная жонка Люся – дачка Ўладзіслава Галубка. Яму давялося вучыцца ў сьценах Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Ягонымі настаўнікамі й калегамі былі клясыкі эўрапейскага мастацтва. Многія зь іх сталі ахвярамі сталіншчыны, як і цесьць Ціхановіча – Галубок. Іншыя палеглі ў апошнюю вайну. Шмат каго нялітасьцівы лёс раскідаў па сьвеце. Сам Яўген Ціхановіч бярэ ўдзел у мастацкіх выставах ад 1932 г. За гэты час ім створаныя дзясяткі жывапісных палотнаў, сотні графічных работ. Шмат твораў гэтага мастака можна пабачыць у музэях, кнігах, падручніках. Апроч усяго гэтага, Ціхановіч – выдатны мэмуарыст, адзін з апошніх сьведкаў стагодзьдзя, што сышло ў нябыт.

 

Пра Янку Купалу і Пілсудзкага

...Гэта быў пачатак 20-х. Не магу дакладна ўспомніць, калі і дзе я пачуў, як чытае свае вершы Янка Купала. Мабыць, у Доме пісьменьнікаў. Ведаю, Купала ня надта любіў чытаць сам, мабыць, саромеўся, а можа думаў, што артыст гэта зробіць лепш за яго. Ці, хутчэй, і тое і другое разам. Купала наагул не любіў выступаць з прамовамі, бо навошта яму было на людзях выкладаць свае думкі, якія ляцяць у паветра і там губляюцца? Ён не хацеў выходзіць на сцэну, дзе яго сустрэнуць як артыста, пачнуць пляскаць у ладкі, наробяць шуму, а навошта? У той час лічылася, што, калі маеш пастаўлены голас і можаш выступаць з розных нагодаў, ты актывіст, цябе выбіраюць, ты паважаны. Купалу заўсёды запрашалі ў прэзыдыюмы розных сходаў ці вечароў, дзе павінны былі сядзець знакамітыя людзі. Гэта надавала прадстаўнічасьці сходу.

Часьцяком, калі чалавек чуў упершыню вершы ў выкананьні Купалы, яго спасьцігала пэўнае расчараваньне. Манатонны, глухі голас, дый кожнае слова вымаўляецца ня гэтак яскрава, як трэба. Нават сэнс верша ўхапіць было цяжка, заставалася адно разглядаць паэта — як ён стаіць, як трымае рукі, чаму не расстаецца са сваім кійком...

...Ад жонкі я ведаю, што Купала любіў слухаць, як яна чытала ягоныя вершы, як выразна гучалі яе словы, пераходзячы ў згукі пачуцьцяў. Сэнс вершаў узрастаў нават ад жэстаў яе рук. Галубок нездарма браў сваю дачку ў менскі Белпэдтэхнікум, каб яна чытала вершы Купалы перад студэнтамі пасьля лекцыі аб тэатры, аб літаратуры ў сцэнічным мастацтве. Быў гэткі выпадак, калі цётка Ўладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок на пару дзён, каб Люся вывучыла вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. У гэтым нічога дзіўнага не было, бо Люся яшчэ ня мела досьведу трымацца перад гледачамі. Рэпэтыцыі адбываліся ў Доме І зьезду РСДРП, дзе тады й жыла сям’я Купалы. Цётка Ўладзя як былая настаўніца валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей – ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкаю. Можна толькі сабе ўявіць, як хвалявалася Купаліха за кулісамі ў той вечар прэм’еры. Але ўсё адбылося добра, і маленькая актрыса мела цяпер сваё амплюа.

Вечар той быў прысьвечаны Юзафу Пілсудзкаму, які сядзеў у лёжы гарадзкога тэатру, абапіраючыся на шаблю. Ён пяшчотна глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсьміхаўся. Пэўна, падабалася яму маленькая дзяўчынка, што гэтак добра чытала беларускі прывітальны верш ад Купалы. “Гэты вечар, — казала Люся Галубок, — запомніўся мне болей за ўсё, бо той вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, а потым доўгі час людзі пляскалі ў далоні, стоячы. Сотні людзей глядзелі ў тую лёжу, на Пілсудзкага, на ягоных выкшталцоных ад’ютантаў, польскіх ахвіцэраў...”

Казалі, што беларускія ўрадоўцы з БНР сустракалі Пілсудзкага хлебам-сольлю... Тады ніхто ня ведаў, да каго далучаць нашую маленькую дзяржаву. Бо Заходні край, як расейцы называлі нашую Беларусь, ня меў ані ўзброеных злучэньняў, ані дакладных межаў і трывалых юрыдычных правоў... Калі ж націск чырвонага войска ўзмацніўся, Пілсудзкі вымушаны быў адступаць. Польскія войскі па дарозе ўсчынялі гвалты, рабункі й пагромы. Гвалцілі жанчынаў, а сівым жыдам адразалі бароды. Хто толькі не таптаў каваным ботам нашую маці-Беларусь! Немцы, палякі, ізноў немцы. Хто толькі не дзяліў яе на часткі, не абдзіраў то зьлева, то справа. Але найбольш гвалту было за царскай Расеяй, а пасьля й за бальшавіцкім Савецкім Саюзам...

 

Пра Азгура і Коласа

...Заір Азгур быў старэйшы ад мяне толькі на тры гады. Першая наша сустрэча адбылася ў 1929 г. у доме Якуба Коласа. Азгур ляпіў бюст Коласа, а я і мой прыяцель па прафтэхшколе, Шымановіч, фарбавалі дом Коласа звонку і ў сярэдзіне.

У Азгура пасьля сканчэньня Віцебскага мастацкага тэхнікуму бюсты Коласа й Купалы былі першымі дзяржаўнымі замовамі. Ляпіць з натуры Коласа амаль не атрымлівалася, з тае прычыны, што ў пісьменьніка не было часу пазаваць. А таму Азгур абзавёўся вялікай колькасьцю фатаздымкаў клясыка ў розных позах — у профіль, анфас і са згубленага профілю. Гэткі спосаб быў няпростым. Не было станкоў, што круцяцца, на якіх мадэль сядзіць у фатэлі, а скульптар бачыць яе з усіх бакоў.... Зь вялікімі цяжкасьцямі Азгуру й ягоным фарматарам удалося зрабіць толькі адну адліўку (у чорнай форме), дый тую зь вялікай рызыкай – не было ніякага досьведу.

У Менскім гарадзкім тэатры на фасадзе былі дзьве паўкруглыя нішы: зьлева стаяў Пушкін, а справа – Гогаль. Абодва тыя бюсты былі з бронзы. Дык вось, замест Пушкіна паставілі бюст Купалы, а замест Гогаля – бюст Коласа. Праўда, у гіпсавым выкананьні. Толькі з расфарбоўкаю пад бронзу. У тыя часы беларусізацыя ішла ў поўным разгары. Самасьвядомасьць зьяўлялася паўсюль. Толькі вось мароз, сонца, вецер ды дажджы збаёдалі гіпсавыя бюсты. Да таго ж фасад тэатру рэканструявалі тройчы — усё зьмянялася і ўсё забывалася.

Творчая біяграфія Азгура шырылася галоўным чынам у жанры бюстаў дзеячоў культуры мінуўшчыны паводле іхных партрэтаў, а сучасных дзеячоў — ужо і з натуры. Усё ж Азгур займеў і майстэрню, і ўсё абсталяваньне: станкі, асьвятленьне ды іншае. Набліжаліся тыя фатальныя гады (канец 30-х), калі сталінскі тэрор касіў усіх без разбору, асабліва выхоплівалі дзеячоў культуры, навукі, літаратуры... І Азгуру давялося самому разьбіваць гіпсавыя бюсты “ворагаў народу”, спаміж якіх быў і гэткі “вораг”, як Уладзіслаў Галубок... Адразу ж па вайне разгарнуліся пошукі “касмапалітаў”, у ліку якіх галоўным чынам апынуліся дзеячы культуры жыдоўскага паходжаньня. Гэта супала з прыездам у Менск славутага артыста Міхоэлса, які ачольваў камісію па Сталінскіх прэміях. Міхоэлса і ўдзельніка тае камісіі, які яго суправаджаў, забілі ўначы — быццам бы грузавая машына наехала. Гэтак гэбісты інсцэнавалі. Міхоэлсу прыпісваліся сувязі з амэрыканскай “буржуазна-нацыяналістычнай” арганізацыяй “Джойнт” і першым паслом Ізраіля ў СССР Голдай Мэір. Азгуру гэтым разам давялося разьбіваць гіпсавую групу: Міхоэлс трымае на руках немаўля, якое сымбалізуе нараджэньне новае жыдоўскае дзяржавы... Праз пэўны час Азгур наноў зьляпіў партрэт Міхоэлса, ужо па фатаздымках і без усялякіх алегорыяў. Дзякуй Богу, досьвед быў. А вось партрэт Уладзіслава Галубка, першага народнага артыста Беларусі, маэстра гэтак і не сабраўся ўзнавіць. Таму той бюст ня згадваецца ў энцыкляпэдыях. Гэтак і губляюцца ў памяці людзі, незвычайна адораныя ў сваёй творчасьці...

А возьмем кампазыцыю помніка Якубу Коласу. Тут зь левага боку Сымон-Музыка зь дзяўчынаю, справа – Дзед Талаш са стрэльбаю й хлопчык, які паказвае пальцам, куды мусіць страляць дзед... Пасярэдзіне кампазыцыі – аграмадная постаць Якуба Коласа сьпінаю да шматлюднай вуліцы Веры Харужай... Паэт нібы падпёр рукою падбародзьдзе, да якога не стае якіх 30 см. Фантаны абапал гэтак і не былі ўведзеныя ў дзеяньне. Сам Азгур завяршыў гэтую натуралістычную кампазыцыю бярозамі. Гэтыя дрэвы хоць неяк скрадваюць сьпіну помніка. Памятаю сваю гутарку з Данілам, сынам Коласа, пра тое, што мастакам і скульптарам гэты мэмарыял Коласу зусім не падабаецца. Даніла мне адказаў, што сам факт стварэньня помніка Коласу на плошчы ягонага імя, ды ў дадатак і вуліца, таксама названая ў гонар Коласа, яго цалкам задавальняюць. А крытыка, маўляў, ад мастакоў і асабліва скульптараў паходзіць ад зайздрасьці: кожны хацеў бы атрымаць такі заказ.

У Менску засталося яшчэ два помнікі работы Азгура: Дзяржынскаму, які глядзіць у вокны свайго ж ведамства, і лётчыку, Герою Савецкага Саюзу Грыцаўцу. Гэтая манаполія Азгура тлумачылася тым, што ўладам тыя званьні і ўзнагароды, якімі ўганаравалі скульптара, не давалі заўважыць, што ня ўсё падуладна гэтаму творцу.

 

Пра Вацлава Іваноўскага

Можна многа чаго распавядаць пра Вацлава Іваноўскага як навукоўца, палітыка, аднаго з пачынальнікаў вызвольнага руху...

Прафэсара Іваноўскага я зблізку бачыў толькі адзін раз, калі ён, як заўжды без аховы, праходзіў па Нізкім завулку, у раёне Нямігі, да прафэсара Лыкоўскага. Лыкоўскі быў галоўным эпідэміёлягам гораду. Іваноўскі заўсёды спакойна й годна хадзіў па ўсім Менску.

Ад 3 лістапада 1941 г., як яго прызначылі бурмістрам Менску, ён шмат зрабіў для ратаваньня людзей ад нямецкіх рэпрэсіяў. Я гэта ведаю. Улетку 1943 г. з ініцыятывы групы прафэсара Іваноўскага было створанае й падпольнае беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднаньне дзеля гуртаваньня сілаў, якія мелі на мэце адбудову беларускае незалежнае дзяржавы па вайне...

7 сьнежня 1943 г. Вацлаў Іваноўскі быў забіты на рагу цяперашніх вуліцаў Нямігі й Камсамольскай. Іваноўскі, як заўжды, без аховы ехаў на фурманцы. Ролю ахоўніка й выконваў фурман. Некалькі чалавек жалезнымі прутамі забілі іх абодвух, Іваноўскага з фурманам. Прутамі – каб не было чуваць стрэлаў. Хто гэта зрабіў, невядома было ні тады, ні цяпер. Магчыма, забойства было ўчыненае са згоды гаўляйтара фон Готбэрга. Але тады ўсе забойствы валілі на партызанаў, і, каб гэтак выглядала, Іваноўскаму як бурмістру немцы зрабілі шыкоўнае пахаваньне на Кальварыі. Так ня стала вялікага чалавека. Было яму толькі 62 гады...

Прафэсара Лыкоўскага я ведаў даволі добра. Ён, пэўна, меркаваў, што мая сям’я мае сувязі з партызанамі... Колькі разоў ён нам дапамагаў. Яго, прафэсара мэдыцыны, закатавалі “сталінскія сокалы” на Валадарцы. Разам з тымі, хто “працаваў на немцаў”...

 

Гісторыя аднаго партрэта

Гэта было 3 чэрвеня 1997 г., калі Дзяржаўнаму мастацкаму музэю было адмоўлена ў набыцьці партрэта мастака Антона Каржанеўскага ў маім выкананьні. Прычынаю сталася тое, што Каржанеўскі ў гады апошняе вайны знаходзіўся ў акупаваным Менску і немцы ўзнагародзілі яго мэдалём. Гэтак гаворыцца ў выпісцы з пратаколу паседжаньня мастацкае экспэртнае рады. Пратакол падпісаў старшыня рады сп.Гедройць. Адразу скажу, што экспэртная рада мусіла разглядаць мастацкую вартасьць твору. У гэтым сэнсе ён выкананы на высокім узроўні, бо інакш музэй і не прапанаваў бы гэтага закупу.

Тое, што рада занялася справаю КДБ на прапанову мастака Грамыкі і што менавіта ад яго й сыходзіла прапанова забараніць гэтае набыцьцё, дзівіць...

Гэты партрэт быў напісаны ў 1940 г. для выставы на “Дэкадзе літаратуры й мастацтва” ў Маскве. Гэта па-першае. А па-другое, у чым віна Каржанеўскага?

Дзясяткі мільёнаў чалавек, што апынуліся на акупаваных немцамі тэрыторыях, былі закладнікамі. Хто ж вінаваты ў гэткім лёсе?

Мне было тады 30 гадоў, як камуністы ўцякалі зь Менску на дзяржаўных машынах, як у паніцы пакідалі ўсё немцам. Пакінулі й будынкі ЦК КПБ, Дому ўраду й нават НКВД. Не спалілі ані архіваў, ані дакумэнтаў, ані сьпісаў. Для гестапа “карты ў рукі”. За немцамі пачаліся адразу ж арышты, вобшукі, расстрэлы. Разам з тым немцы актывізавалі работу па прыцягненьні беларускае інтэлігэнцыі ў палітыку. Мастакам давалі працу ў газэтах, мастацкіх майстэрнях, у нагляднай агітацыі. Было нават дзьве мастацкія выставы...

Жонка Каржанеўскага да вайны працавала ў Вярхоўным Савеце БССР, была ў кампартыі і ў часе вайны эвакуявалася. Па вайне ёй прапанавалі выбар – развод з мужам альбо “членства ў КПСС”. Яна абрала сям’ю – мужа і сына, які ўсю вайну прабыў з бацькам.

Бадай, я адзіны застаўся жывы, хто можа апавядаць у друку пра жыцьцё інтэлігэнцыі ў часы нямецкае акупацыі.

Вось што было на самой справе... Усе мастакі, якія апынуліся пад акупацыяй, мусілі стаць на ўлік ва Ўправе, што выдавала мастакам (а таксама пісьменьнікам і артыстам) даведку, зь якой раз на тыдзень ён павінен быў зьяўляцца ў аддзел мастацтва, каб засьведчыць, што яшчэ жывы. Намесьнікам загадчыка Дому мастацтва быў мастак Мікола Дучыц, а загадчыкам — Ільінскі (колішні журналіст), родны брат народнага артыста СССР. І, натуральна, па-над усімі аддзеламі ўправы быў немец (гэтак званы шэф). Дык вось, гэтыя шэфы змушалі мастакоў браць удзел у выставе, што мусіла адбыцца ў памяшканьні Опэры, пры ўмове, што кожны прынясе ня менш як 3 работы на вольныя тэмы... Я асабіста даў эцюд партрэта жонкі, краявід і нацюрморт. Тутака й Каржанеўскі просіць мяне зірнуць на тое, што ён прынес Дучыцу. “Многа, замнога,— кажу я. — Знайшоў час выстаўляцца ў такім аб’ёме”. А ён у адказ: “Вы на Дэкадзе ў Маскве бралі ўдзел у выставах. А я ў той час служыў у войску. І вось толькі цяпер ёсьць магчымасьць паказаць свае творы”. Карацей кажучы, не паслухаў ён маіх парадаў, выставіў больш за 40 малюнкаў алоўкам, былі й акварэлі, але не было ніякіх тэматычных кампазыцыяў. Заняў сваімі творамі невялікі пакойчык у тэатры, толькі колькасьць ягоных твораў вылучала яго сярод іншых мастакоў. Але калі мы йзноў сустрэліся каля кінатэатру, ён мне кажа: “Ня ведаю, Жэня, ці цешыцца мне, ці плакаць...”. — “А што здарылася?” — пытаюся ў яго. — “Немцы ўзнагародзілі мяне “Мэдалём для Ўсходу” за актыўны ўдзел у выстаўцы...” — “А што ты пасьля скажаш? Плач”, — кажу.

Гэтак яно й выйшла пасьля. Выслалі яго на 10 гадоў, а пасьля забаранілі жыць у сталіцы. Знайшліся людзі, сярод іх і мастак Яўген Мікалаеў зь Віцебску, якія ўсё жыцьцё не давалі Каржанеўскаму ходу ў мастацтве. Нават юбілейнай выставы той Мікалаеў не дазваляў зрабіць. Хоць Антон Каржанеўскі заставаўся сябром Саюзу мастакоў.

Мікалаеў быў “членам Віцебскага гаркаму партыі”. Гэтая акалічнасьць вельмі спрыяла яму ў мастакоўскай кар’еры. Ён за кароткі час атрымаў ганаровае званьне заслужанага дзеяча мастацтваў, а пасьля й народнага мастака БССР. Каржанеўскі быў зьвярнуўся да праўленьня Саюзу мастакоў з просьбаю дазволіць зрабіць выставу ў Менску, але й тут Віцебскі гаркам выступіў з пратэстам. Тая забарона дзейнічала да самое сьмерці Каржанеўскага. Дзейнічала й пасьмяротна.

Так мэдаль мастака крочыў зь ім побач, як нейкае таўро. Хоць ягоныя палотны выстаўляліся побач з творамі таго ж Грамыкі, Савіцкага, Уродніча. Ягонае імя ёсьць і ў энцыкляпэдыях. Ну, а што з тым маім партрэтам? Я напісаў ліст у Міністэрства культуры. Адказу не дастаў. А новы дырэктар Мастацкага музэю спасылаецца на тое, што грошай няма на гэткія партрэты. Я паказаў той партрэт Антона Каржанеўскага на выставе “Бацькі і дзеці” на пачатку 2000 г. Гледачы ўспрынялі яго добра.

Падрыхтаваў да друку
Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0