Лісты ў рэдакцыю

 

Немагчыма чакаць

Ужо стаўся гісторыяй канцэрт, што адбыўся ў Магілёве 20 лістапада. Падзея была доўгачаканая. Улады больш за пяць гадоў баранілі магілёўцаў ад сустрэчы з самым папулярным айчынным рок-гуртам – “NRM”. Таму нават першыя пагалоскі пра тое, што ў горадзе адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому “NRM”, выклікалі ажыятаж, і ня толькі ў моладзевым асяродку. Рэклямы хапала, танныя квіткі былі раскупленыя ўмэнт, на канцэрт зьбіраліся сем’ямі. І толькі нейкая няпэўная засьцярога сядзела недзе ў душы – вельмі доўга чакалі мы гэтага канцэрту.

Моладзь, што разыходзілася пасьля канцэрту зь песьнямі, ня ведала, што з гэтага моманту КДБ ужо заняўся разглядам новае справы.

Яшчэ падчас канцэрту чатыры супрацоўнікі Камітэту разьбіраліся з арганізатарамі ў асобным пакойчыку. Дырэктару Палацу піянэраў тут жа выпісалі позву на заўтра (на 7-ю раніцы). Распаўсюдніка касэтаў арыштавалі. А астатніх доўга ўшчувалі за тое, што займаюцца непажаданай справай. Што ж зрабілі гэтыя людзі? З-за чаго аказалі ім такі гонар – прыцягнулі сілы такой сур’ёзнай арганізацыі?

Арганізатары канцэрту лічаць, што краіна Беларусь мусіць быць беларускай. Зь беларускай музыкай, мовай, адукацыяй і нават тым жа Камітэтам. Арганізатары не займаюцца палітыкай і адраджаць нацыянальную культуру зьбіраюцца яе папулярызацыяй. І ў іх атрымліваецца. Колькі гадоў перапоўненыя залі Менску, дзе адбываюцца канцэрты айчынных рок-гуртоў. Вялізная хваля нацыянальнае аўдыё- ды відэапрадукцыі разыходзіцца па ўсёй краіне. Усяго й не пералічыш! І працэс гэты натуральны. Моладзь сьвядома абірае незалежнасьць.

А як улады “Рэспублікі Беларусь” рэагуюць на гэта? Пра канцэрт, што меўся адбыцца 9 сьнежня ў Магілёве ў межах праекту “Вольныя танцы”, ніхто не захацеў нават чуць. Забаранілі. Нягледзячы на абсурднасьць такога рашэньня – прыехаць меўся “Палац”.

Можна доўга разважаць над сытуацыяй, што склалася за апошнія гады ў краіне. Прызвычаіліся даўно да затрыманьняў, вялізных штрафаў ды сутак, пачалі забывацца, хто зь вядомых апазыцыйных палітыкаў і як даўно зьнік. На жаль. Калі ўсё гэта можна лічыць хоць і бруднай, але палітычнай барацьбой, дык перасьлед культурнікаў, забарону на распаўсюд ды папулярызацыю сучасных здабыткаў нацыянальнае культуры, карыстаньне роднай мовай можна і трэба азначыць як этнацыд. Які ажыцьцяўляецца самой “Рэспублікай Беларусь”.

На сустрэчы з прызнанымі пісьменьнікамі зьяўляюцца супрацоўнікі Камітэту. “Гаранты бясьпекі беларускае дзяржавы” таксама ходзяць па школах ды “па-сяброўску” размаўляюць з настаўнікамі ды вучнямі, якія прысутнічаюць на сустрэчах зь пісьменьнікамі... Гэта факты. А колькі яшчэ зроблена ціха і непрыкметна?

Вось і становіцца страшна. Ад таго, што ўсё гэта ёсьць, што ўсё гэта праўда, што ўсё гэта адбываецца на тваіх вачох. Насамрэч.

Але такі страх кажа табе – немагчыма чакаць. Трэба рабіць, трэба адстойваць і змагацца за свае правы. За правы безь перашкодаў карыстацца дасягненьнямі свае культуры. За правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і шматлікімі міжнароднымі пагадненьнямі.

Андрусь Кавалёў, Магілёў

 

P.S. Магілёўская гарадзкая арганізацыя Маладога Фронту распачынае акцыю зваротаў да ўладаў з пратэстам супраць забароны айчыннае культуры. Мы заклікаем усіх сяброў моладзевых грамадзкіх арганізацыяў, а таксама ўсіх неабыякавых даслаць ліст на імя намесьніка старшыні гарвыканкаму сп.Васільчанкі (Дом саветаў, вул.Першамайская, 63) з патрабаваньнямі не ўсчыняць перашкодаў для разьвіцьця нацыянальнае культуры. Прыблізны тэкст лісту можна атрымаць па адрасе: Магілёў, вул.Ленінская, 27-50.

 

Водгукі

* * *

З артыкуламі наконт локшыны ад Лукашэнкі і ўдзелу ў вулічных акцыях цалкам згодная. Большасьць незалежных СМІ разгубілася і паблякла. Больш за ўсё зьдзіўляе нейкая адстароненасьць пры аналізе сытуацыі ў Беларусі. Нібыта гэта ня іхнюю краіну тузаюць і прадаюць. Зьмірыліся з фактам, што зьмяніць Лукашэнку можа толькі стаўленік Масквы. Дык навошта тады ён такі патрэбны? Справа ж ня ў тым, каб конча скінуць цяперашняга, а ў захаваньні незалежнасьці краіны. У вас я некалі прачытала пра магчымасьць паўстаць перад дзікім выбарам: дэмакратыя або незалежнасьць. Ці не здаецца, што мы ўжо блізкія да гэтага? Спытаць бы, што думаюць наконт гэтага вядомыя людзі. Пэўна, цікавы расклад атрымаўся б.

Хачу яшчэ ўдакладніць вашу інфармацыю пра сьвяткаваньне гадавіны Слуцкага паўстаньня. Бралі там удзел розныя палітыкі, але ладзіла гэта ўсё ж Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ, пра што ваш карэспандэнт не напісаў.

На гэтым разьвітваюся. З Калядамі і Новым годам усіх!

Сьвятлана Пячкова, Бабруйск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0