Правапісная нарада

Першая ў гэтым тысячагодзьдзі нарада па пытаньнях упарадкаваньня клясычнага правапісу адбылася 3 студзеня ў Менску.

 

Першая спроба сфармуляваньня правілаў была зроблена Вінцуком Вячоркам, які надрукаваў праект збору артаграфічных нормаў у пятым нумары часапісу «Спадчына» за 1995 г.

5–6 сьнежня 1998 г. у Празе адбылася канфэрэнцыя, што мела на мэце абмеркаваць праект, надрукаваны ў “Спадчыне”. Запачаткаваная ў Празе работа працягвалася й у Менску на адмысловых зборках мовазнаўцаў.

Сёлетняя нарада мела збольшага арганізацыйнае значэньне: былі акрэсьлены асноўныя неразьвязаныя праблемы. “НН” пасьля кожнае зборкі лінгвістаў будзе паведамляць пра разьвязаныя праблемы правапісу, а гэтаксама надрукуе канчальны збор правілаў адразу па ўхвале яго на заключнай нарадзе.

3 студзеня ў нарадзе, апроч Вінцука Вячоркі, мелі ўдзел Зьміцер Санько з выдавецтва “Тэхналёгія”, Юрась Бушлякоў з філфаку БДУ, Паўлюк Канавальчык з газэты “Навінкі” і Зьміцер Саўка з Радыё Рацыя. Наступнымі паседжаньнямі маюць далучыцца пісьменьнік Уладзімер Арлоў, Валерка Булгакаў з часопісу “Arche”, Мікола Раманоўскі з “НН”, мовазнаўца Пятро Садоўскі.

3 студзеня былі вылучаны на разгляд наступныя пытаньні:

1. Мовазнаўцы вярнуліся да статусу літары ґ для выбухнога гуку (ґуру або гуру). Зноў паўстала праблема перадаваньня ў беларускай мове англасаксонскага гуку, што пазначаецца там літараю h (гіпі ці хіпі).

2. Зьвярталася ўвага на супярэчнасьці між вымаўленьнем і адлюстраваньнем на пісьме пераходу і ў й пасьля галосных. Скарачаць ці не скарачаць на пісьме злучнік і, як пісаць – бацька і сын або бацька й сын.

3. Існуе праблема напісаньня або ў фіналях іншамоўных слоў (міністар, але містэр, кадар, але лідэр).

4. Пасьля дакладнага сфармуляваньня мае быць зацьверджана правіла для прыназоўнікаў на , што ў становішчы перад ненацісьненым і не зьмякчаецца (з інстытуту).

5. Існуе разнабой у склонавых фомах назоўнікаў на -тар (міністарміністра, кампутаркампутара).

6. Як пісаць: гіерархія, герархія або ярархія, гіерогліф, герогліф або ерогліф ды інш.

7. Ці дапушчаецца напісаньне ў пасьля зычных і на пачатку слоў у пазычаньнях (Франсўа, Ўолтэр).

8. Мае быць канчальна вырашана – зь якім канчаткам маюць ужывацца словы іншамоўнага паходжаньня на -ner (піянэр або піянер, як і жаўнер).

9. У зьвязку з разнабоем у выкарыстаньні вялікае й малое літар гэтая праблема таксама будзе разглядацца ў часе аднае з нарад.

3 студзеня былі разгледжаны дзьве праблемы – літара ґ і злучнік і.

 

Літара ґ

Найбольшыя спрэчкі разгарнуліся вакол літары ґ. Праект пастановы пра літару ґ, прыняты на Праскай нарадзе, радзіць не выкарыстоўваць літары ґ у агульнай лексыцы, але прыпусьціць ува ўласных найменьнях у спэцыяльных і навуковых выданьнях. Слоўнік, рыхтаваны С.Дубаўцом і С.Шупам, першыя літары якога вывешаныя ў Інтэрнэт-вэрсіі (http://slounik.hypermart.net), прапануе пісаць з ґ вялікую колькасьць словаў, напр. лёґіка.

На думку П.Канавальчыка, ужываньне літары ґ трэба абмежаваць іншамоўнымі ўласнымі назовамі й словамі ґанак, ґузік ды іншымі даўно засвоенымі іменьнікамі. П.Канавальчык лічыць, што ўжываньне літары ґ мае быць факультатыўнае, як у расейскай мове — ужываньне літары ё (паводле новых правілаў расейскае артаграфіі літара ё наагул будзе скасавана).

З.Саўка прапанаваў прыпусьціць выкарыстаньне літары ґ ува ўласных іншамоўных імёнах, дзе гук [ґ] гучыць у арыгінале.

На думку Ю.Бушлякова, праблема літары ґ надуманая, бо за паўтара дзесяцігодзьдзя актыўнага карыстаньня клясычным правапісам гэты графічны знак не зафіксаваны ў масавым друку (вынятак – некаторыя нумары часапісу “Фрагмэнты”, рэдагаваныя В.Булгакавым), няма гэтае літары й у азбуцы. Ю.Бушлякоў перакананы, што літара ґ ня мае й сэнсаадрознае функцыі.

В.Вячорка запярэчыў – маўляў, як адрозьніваць: ганак дзяўчат і ґанак дому; прыродны газ і ґаза (карасіна), страляніна ў сэктары Ґаза?

Прыняцьцё канчальнай фармулёўкі адкладзенае да наступнага паседжаньня. Літара ґ, напэўна, будзе ўведзена ў азбуку. Прапануецца абмежаваць ейнае выкарыстаньне іншамоўнымі неславянскімі словамі ў энцыкляпэдыях, навуковай і спэцыяльнай літаратуры (у даведніках словы, што пачынаюцца літараю ґ, не павінны вылучацца ў асобны разьдзел).

 

Гук h у пазычаньнях
з ангельскае мовы

Дагэтуль не дасягнута згоды ў напісаньні нядаўніх пазычаньняў з ангельскае мовы (гіпі, гобі, гіп-гоп) ды іншых словаў іншамоўнага паходжаньня (Гельсынкі, Ганс-Георг). У мове дзяржаўных беларускамоўных газэт яны перадаюцца як хіпі, Хельсінкі, Ханс-Георг, як і па-расейску. Ад нядаўняга часу гэтыя словы на старонках газэт і часапісаў, тэксты якіх друкуюцца клясычным правапісам, замацаваліся ў форме з пачатным г, якое на зьмену х прыйшло з эмігранцкага друку. У перадаваньні англасаксонскіх пазычаньняў, на думку З.Санька, трэба зважаць на меркаваньне тых, хто жыве ў тамтэйшым асяродку. В.Вячорка падкрэсьліў, што беларускія эмігранты чуюць аўтэнтычныя ангельскія й нямецкія гукі, тым часам як у Беларусі ангельская мова выкладаецца з расейскім акцэнтам. Таму да англасаксонскага гуку [h] беларускі гук [г] бліжэйшы за расейскі [х] – па-беларуску належыць пісаць і гаварыць: Гельсынкі, Ганс-Георг. Да выняткаў могуць быць прылучаны словы хуліган, хакей, хол, хук. Скласьці сьпіс выняткаў для абмеркаваньня й прыняцьця канчальнае пастановы даручана Ю.Бушлякову.

 

Злучнік і
пасьля галосных

Ува ўжываньні літар й і ў існуе праблема неадпаведнасьці жывому вымаўленьню іхнае пазыцыі на пачатку слоў і ў якасьці злучнікаў. Напярэдадні й у часе Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі 1926 г. Антон Лёсік прапанаваў быў пакінуць й і ў у сярэдзіне й пры канцы слоў. Як злучнікі ды на пачатку слоў й і ў прапаноўвалася не скарачаць. На гэтую сваю прапанову А.Лёсік увёў быў адмысловае правіла ў выдадзеным у 1943 г. у Менску “Беларускім правапісе”.

Нарада 3 студзеня пацьвердзіла прынятае Праскаю канфэрэнцыяй правіла, паводле якога пасьля галосных і ды ў ува ўсіх разох пераходзяць у й і ў. Гэткім чынам, мае быць: мама й сын, кукуруза й у Беларусі расьце, але яна і пісала, і чытала ды яна й пісала, і чытала. Пасьля галосных ува ўласных іменьніках і і у гэтаксама пераходзяць у й і ў: пра Ўладзімера, кніга Ў.Арлова, ува Ўкраіне.

Наступнае паседжаньне ў справе ўдакладненьня клясычнага правапісу беларускае літаратурнае мовы адбудзецца серадою 10 студзеня. Пасьля разьвязаньня ўсіх правапісных праблем і выданьня граматыкі пачнецца абмеркаваньне марфалёгіі й слоўніка. Ужо цяпер у часе дыскусіі было закранутае пытаньне ўжываньня адменьнікаў аднаго й таго сама слова: горадзенскі й гарадзенскі, моладзевы й маладзёвы; непасьлядоўнага пільнаваньня правіла перадаваньня грэцкіх слоў пад уплывам савецкае традыцыі: этэр – эфір ды інш.

У часе правапісных зборак мае паўстаць праблема напісаньня кірыліцаю назоваў, што абазначаюць зьявы й рэчы, якія нядаўна зьявіліся ў нашым жыцьці: McDonalds, rave, drive ды іншыя. Няма дагэтуль правіла напісаньня скарочаных формаў слоў: мо’ ці мо – можа, трэ’ ці трэ – трэба, ё’ ці ёёсьць, до’ ці додосыць.

Віктар Мухін

 

“НН” будзе паведамляць пра ўсе наступныя паседжаньні менскіх мовазнаўцаў. Чакаем таксама Вашых водгукаў, ацэнак і прапановаў. Ваш чынны ўдзел у дыскусіі засьцеражэ мовазнаўцаў ад няўлічваньня асаблівасьцяў жывога народнага маўленьня. Правапіс, які будзе цалкам ігнараваць маўленчыя звычкі большасьці носьбітаў мовы, будзе сам асуджаны на сталае ігнараваньне ці прафанацыю.

Далей цягнуць з унармаваньнем клясычнага правапісу сапраўды няма куды.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0