Новы Крымінальны кодэкс

За што нас будуць судзіць, за што – садзіць, якія будуць альтэрнатывы зьняволеньню

1 студзеня ўступіў у сілу новы Крымінальны кодэкс, зьмяніўшы стары, прыняты яшчэ ў 60-х. Завяршылася пачатая ў 1992 г. распрацоўка крымінальнага заканадаўства. Зьмены ў заканадаўстве нам тлумачыў адзін з распрацоўшчыкаў кодэксу, доктар юрыдычных навук, прафэсар Уладзімер Хоміч. Камэнтары – рэдакцыйныя.

Распрацоўшчыкі задумвалі, што новы Крымінальны кодэкс будзе розьніцца ад папярэдняга, 1960 году выданьня, большай гуманнасьцю. Гэта праяўляецца нават у чыста сымбалічных момантах. Гэтак, савецкае крымінальнае заканадаўства пачыналася пералікам дзяржаўных злачынстваў. Новы Кодэкс адкрываецца разьдзелам, прысьвечаным злачынствам супраць чалавека. Дзяржава і так мае дастаткова прававых, палітычных і сілавых сродкаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў.

Але новы Кодэкс атрымаў у спадчыну ад старога ідэалягічны фон, паколькі па-ранейшаму дае вызначэньне злачынства як “грамадзка небясьпечнага і крымінальна супрацьпраўнага дзеяньня”. Кодэксы ж практычна ўсіх эўрапейскіх дзяржаваў злачынства вызначаюць гэтак: “Злачынствам ёсьць дзеяньне, прадугледжанае дадзеным Кодэксам”. Калі чалавек зьдзейсьніў штосьці, забароненае крымінальным заканадаўствам, суд не павінен вагацца й разглядаць пытаньне, небясьпечна гэта для грамадзтва ці не. У нас жа ў аснову вызначэньня злачынства пакладзеная ягоная грамадзкая небясьпека, і ў сытуацыях, калі супрацьпраўнае дзеяньне нібыта й мела месца, аднак грамадзкая небясьпека ад яго мінімальная, узьнікаюць спрэчкі, злачынства гэта ці не. Лішне казаць, што грамадзкая небясьпека таго ці іншага ўчынку заўсёды вызначаецца з пазыцыяў палітычнай улады. Напрыклад, на выбарчым участку выяўленыя дзесяць падробных бюлетэняў для галасаваньня. З фармальнага пункту гледжаньня, гэта злачынства. А наш Кодэкс дае магчымасьць паразважаць: маштабы парушэньня — проста мізэрныя, ну хіба за гэта садзяць?.. Такім чынам, беларускае крымінальнае заканадаўства засталося на пазыцыях матэрыяльна-фармальнага вызначэньня злачынства, але праблема ідэалягічнага фону часткова здымаецца наступнай фармулёўкай: “Малазначным вызнаецца дзеяньне, якое не нанесла і па сваім зьмесьце й скіраванасьці не магло нанесьці значнай шкоды…”— то бок, значнасьць дзеяньня вызначаецца з пункту гледжаньня ягоных мэтаў, а не фактычнай шкоды.

 

За што садзіць ня будуць

Вытворчасьць самагнёту, санкцыяваная ў 97-м, не фігуруе і ў новым Крымінальным кодэксе. Так што цяпер, відаць, гнаць гарэлку можна будзе шчэ сьмялей. З разуменьнем паставіліся стваральнікі Кодэксу й да яшчэ адной немалаважнай крыніцы даходу простых грамадзянаў: зьменшанае пакараньне за прысваеньне маёмасьці юрыдычнай асобы — прасьцей кажучы, за крадзеж дэталяў на заводзе, бульбы з калгаснага бурта, бэнзыну ў аўтамайстэрні. На адпаведныя маніпуляцыі з чыёйсьці прыватнай маёмасьцю такія паблажкі не распаўсюджваюцца: можна атрымаць да трох год пазбаўленьня волі. Дробныя крадзяжы (а такімі яны лічацца, калі агульны кошт экспрапрыяванага не перавышае 10 мінімальных заробкаў) могуць мець варыянтныя пакараньні – то бок могуць пасадзіць, а могуць проста аштрафаваць або прызначыць на папраўчыя работы.

Зьмянілася стаўленьне праваахоўных органаў і да прадпрымальніцкай дзейнасьці ды яе “суб’ектаў”. Паводле ранейшых заканадаўчых нормаў, асобам, якія мелі адміністрацыйныя правапарушэньні, забаранялася займацца бізнэсам. У новае крымінальнае заканадаўства гэты пункт не ўвайшоў. Відаць, такая рэдкая птушка, як бязгрэшны перад дзяржавай прадпрымальнік, даўно ўжо не гняздуе ў Рэспубліцы Беларусі.

 

За што судзіць будуць стражэй

Нельга, аднак, сказаць, што новы Крымінальны кодэкс, у параўнаньні са старым, скрозь характарызуецца палягчэньнем мераў ды зьмяншэньнем тэрмінаў. Ёсьць і адваротныя тэндэнцыі. Напрыклад, за парушэньне недатыкальнасьці жыльля супрацоўнік праваахоўных органаў можа атрымаць да 6 месяцаў пазбаўленьня волі, тады як звычайны грамадзянін – максымум 3 месяцы. Больш суровая кара чакае змагароў нябачнага фронту й за парушэньне таямніцы прыватнай перапіскі. Тым больш што патрэба ў гэтым патроху зьнікае: адмова чыноўніка ад прадастаўленьня інфармацыі дзяржаўным органам, паводле новага Кодэксу, таксама лічыцца крымінальным злачынствам.

 

Недатурма

Новы Кодэкс прадугледжвае таксама такі тып пакараньня, як “абмежаваньне волі” — спэцыфічная кара, пры якой асуджаны пражывае ў спэцыяльна абсталяваным інтэрнаце, дзе ён знаходзіцца пад наглядам адміністрацыі папраўчых “установаў адкрытага тыпу” і абавязаны працаваць. У інтэрнаце існуе прапускны рэжым, пэўныя правілы паводзінаў, аднак збольшага чалавек вольны: ён можа, з дазволу адміністрацыі, выходзіць за межы інтэрнату, сустракацца зь сям’ёй. Асуджаныя атрымліваюць заробак, без усякіх вылічэньняў, з гэтага заробку яны харчуюцца й апранаюцца. Толькі пры адсутнасьці ў іх адпаведнай вопраткі альбо сродкаў на харчаваньне адміністрацыя такой “установы адкрытага тыпу” ў першыя месяцы знаходжаньня там асуджанага можа дапамагаць яму.

У большасьці краінаў, дзе Кодэкс прадугледжвае абмежаваньне волі (Польшча, Расея), такія “ўстановы” ствараюцца там, дзе патрабуецца працоўная сіла на вялікі тэрмін. Так, напрыклад, славутая “хімія”, ад якой сыстэма “ўстановаў адкрытага тыпу” мала чым розьніцца, узьнікла ў СССР у 1977 г., калі пачалося будаўніцтва нафта- й газаправодаў у Эўропу. Такія маштабныя задачы перад беларускімі зьняволенымі ня ставяцца, сёньня яны прыцягваюцца да працы на прадпрыемствах, што маюць патрэбу ў спэцыялістах шырокага профілю пачатковай кваліфікацыі. Гэтак, адна з “установаў адкрытага тыпу” знаходзіцца ў Менску за Домам быту, што на вуліцы Маскоўскай, і спэцыялізуецца на будаўнічых працах.

Новы Крымінальна-выканаўчы кодэкс патрабуе, каб падчас разьмеркаваньня зьняволеных па “ўстановах адкрытага тыпу” ўлічвалася іх грамадзянская спэцыяльнасьць, што цалкам рэальна для шафёраў альбо будаўнікоў. А вось інтэлігенцыя атрымае выдатную магчымасьць адпачыць ад душных аўдыторыяў ды НДІ й падмацаваць здароўе фізычнай працай на сьвежым паветры.

 

Што такое “арышт”

У Кодэксе 1960-га такое пакараньне, як арышт, за крымінальнае злачынства не прадугледжвалася. Ягонае зьяўленьне ў новым заканадаўстве было спрычыненае патрэбай адасобіць ад асноўнае масы асуджаных на пазбаўленьне волі “кароткатэрміновых” зьняволеных. Апошнія, патрапляючы ў турмы й калёніі, дэзарганізавалі ўсю сыстэму папраўна-перавыхаваўчых мерапрыемстваў, разьлічаных, як мінімум, на год. Максымальная працягласьць арышту — 6 месяцаў. Праз увесь гэты тэрмін асуджаны знаходзіцца ва ўмовах суворай ізаляцыі. Як сьведчыць міжнародная практыка, асноўны перавыхаваўчы фактар пры арышце — шок. Гэтае пакараньне можа ўжывацца, калі злачынства не зьяўляецца асабліва небясьпечным для грамадзтва і, у горшым выпадку, караецца турэмным зьняволеньнем тэрмінам ад 2 да 5 гадоў.

Трэба адрозьніваць крымінальны арышт ад адміністрацыйнага. Першы ёсьць вынікам судовага выраку. Асоба асуджаецца як злачынца, а не як правапарушальнік, і лічыцца судзімай, чаго няма пры адміністратыўным арышце. Апошні, дарэчы, можа цягнуцца ня болей за 2 месяцы.

 

Амністыя

Больш за дваццаць тысячаў чалавек выйдуць на свабоду ў сувязі са зьмяншэньнем, у адпаведнасьці з новым Кодэксам, тэрміну зьняволеньня. Усе справы, у адносінах да якіх прыняты закон зьяўляецца больш мяккім, павінны быць аўтаматычна перагледжаныя. Любы чалавек, сваякі якога сядзяць, можа сёньня зьвярнуцца ў праваабарончыя цэнтры, дзе юрысты яму патлумачаць, ці маюць гэтыя зьняволеныя права на волю ў адпаведнасьці з новым Кодэксам.

На вызваленьне могуць спадзявацца і ўсе цяперашнія беларускія палітвязьні.

 

Арганізаваная злачыннасьць

У новым Крымінальным кодэксе больш дакладна вырашаная праблема барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Галоўнай цяжкасьцю ў гэтай справе заўсёды было (згадайма “Спрут”) прыцягненьне да адказнасьці кіраўнікоў і арганізатараў злачынных фармаваньняў, якія, натуральна, уласнымі рукамі нікога не забіваюць і не рабуюць. Паводле новых законаў, “хросныя бацькі” нясуць адказнасьць за ўсе ўчынкі сваіх “падначаленых”, зьдзейсьненыя на карысьць злачыннай арганізацыі.

За гвалт, учынены “ў прыватным парадку”, бандзюкі адказваюць асабіста.

 

Глябалізацыя крыміналу

Паводле новага крымінальнага заканадаўства, перасьледуюцца й караюцца і злачынствы супраць чалавецтва. Яны падзяляюцца на тры асноўныя тыпы: злачынствы супраць міру, злачынствы супраць чалавецтва (генацыд, апартэід, гандаль людзьмі) і ваенныя злачынствы (парушэньне так званых Гаагскіх канвэнцыяў — што тычыцца акупацыйнай палітыкі, стаўленьня да ваеннапалонных, мірнага насельніцтва, культурных каштоўнасьцяў і г.д.). Адпаведныя канвэнцыі падпісваліся і за савецкім часам, аднак у крымінальнае заканадаўства злачынствы супраць чалавецтва не траплялі — зь дзьвюх асноўных прычынаў. Па-першае, іх маштабы былі недасягальныя для крымінальнай адказнасьці, а па-другое, згаданая адказнасьць прадугледжвалася тады за адныя толькі размовы пра “па-першае”. Такога злачынства, як этнацыд – гвалтоўныя дзеяньні, скіраваныя на сьціраньне этнічных адметнасьцяў, склад якога многія знаходзяць у палітыцы ўладаў цяперашняй Беларусі, Кодэкс не адзначае.

 

Страта толькі за забойства

Сьмяротны прысуд можа быць вынесены толькі за наўмыснае пазбаўленьне жыцьця іншага чалавека, пры наяўнасьці дадатковых цяжкіх абставінаў (такіх, як удзел у забойстве дзьвюх і болей асобаў, карысьлівыя меркаваньні, найманае забойства і г.д. — усяго 16 пунктаў). Крымінальны Кодэкс абгаворвае шмат іншых сытуацыяў, пры якіх можа здарыцца забойства. Напрыклад, захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Сьмяротнае пакараньне за такія дзеяньні можа мець месца толькі ў тым выпадку, калі яны сталіся прычынай наўмыснага пазбаўленьня жыцьця чалавека. Калі гэтага няма — няма й сьмяротнага пакараньня, якіх бы наступстваў гэты захоп ні меў.

У новым Кодэксе афіцыйна зацьверджаная альтэрнатыўная страце кара – пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, якое зараз ужо адбываюць у турмах Рэспублікі некалькі дзясяткаў асуджаных.

 

Адрозьненьні ад расейскага

Беларускі Крымінальны кодэкс мае мала супольнага з расейскім. Апошні ствараўся некалькімі рабочымі групамі, што канкуравалі паміж сабой, таму й атрымаўся дастаткова незбалянсаваны. Акрамя таго, ён амаль нічым ня розьніцца ад савецкага. Наш Кодэкс мае абсалютна іншую структуру. У ім, упершыню ў Эўропе, вырашаная праблема прававой рэглямэнтацыі інстытуту крымінальнай адказнасьці. То бок, вынікам злачынства можа таксама быць крымінальная адказнасьць, якая не заўсёды зводзіцца да пакараньня. У Кодэксе прадугледжаная цэлая сыстэма альтэрнатыўных мераў крымінальнай адказнасьці, абсалютна не зьвязаных з пакараньнем: т.зв. сыстэма прабацыі, сыстэма асуджэньня без прызначэньня пакараньня, сыстэма асуджэньня з ужываньнем прымусовых мераў выхаваўчага характару. Такога зусім няма ў Расеі.

 

Прабацыя

У клясычным крымінальным праве лічылася, што вынікам злачынства мусіць быць пакараньне, але, пачынаючы з 40-х, шырока ўжываюцца альтэрнатыўныя меры крымінальнай адказнасьці (так званыя дывэрсійныя меры). Напрыклад, сыстэма прабацыі — яе сутнасьць у зьмяншэньні колькасьці зьняволеных, што мае як маральна-этычны, так і эканамічны аспэкты. Суд можа прыняць рашэньне не накіроўваць асуджанага на пазбаўленьне волі ў вязьніцу, калі апошні на працягу пэўнага тэрміну будзе выконваць прапанаваныя ўмовы: рэжымна-абмежавальныя (зьяўляцца й рэгістравацца ў пэўныя дні тыдня), адукацыйныя (палячыцца, калі ёсьць такая патрэба, ад алькагалізму, наркаманіі, прайсьці пэўны адукацыйны курс — “прафіляктыка” прызначаецца індывідуальна, у залежнасьці ад характару дзеяньняў і ўпадабаньняў асуджанага). У ЗША сыстэма прабацыі кампутарызаваная. Кожны асуджаны мае электронны бранзалет, які дазваляе ў любы момант вызначыць ягонае месцазнаходжаньне цераз электронную карту места. Да такога будзе імкнуцца і беларуская пэнітэнцыярная сыстэма.

Падрыхтаваў Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0