Авалодваньне сытуацыяй

Сядзім сабе на аблоках і марым. Адкуль можа ўзяцца рэальны кандыдат ці рэальная кандыдатка за пяць месяцаў да выбараў? І што гэта за кандыдат ад дэмакратычнага руху, які ад самага пачатку ня мае за сабой шматмільённай людзкой падтрымкі? Няздольнасьць дамовіцца наконт адзінага кандыдата – ня проста камічны эпізод з жыцьця беларускіх палітычных структураў; гэта сымптом таго, што ў нашай краіне ня вызначыўся лідэр, здольны да актыўнай і выніковай дзейнасьці на палітычнай арэне. Гэткага лідэра нельга выхаваць у інкубатары, нельга адшукаць, як амбітныя хлопцы шукаюць сабе жанок, зыходзячы зь нейкіх папярэдніх, абстрактных патрабаваньняў (а адшукаўшы, жахаюцца, бо ў рэальнасьці ўсё выглядае зусім ня так, як у летуценьнях). Існы лідэр ня можа паўстаць зь небыцьця ў выніку адных толькі дэмакратычных працэдураў – якіх мы, дарэчы, ня маем. Ён мусіць прыйсьці і авалодаць сытуацыяй – незалежна ад таго, як гэтая сытуацыя выглядае.

А яна выглядае наступным чынам. Той, хто захоча стаць прэзыдэнтам, мусіць улічваць стэрэатыпы, мары і ілюзіі, якія глыбока ўкараніліся ў нашым народзе. А таксама тыя стэрэатыпы, мары і ілюзіі, якія ўкараніліся ў крамлёўскіх валадароў, бо яны дагэтуль трымаюць у руках моцныя рычагі ўзьдзеяньня на сьвядомасьць беларусаў. Чым горшае і бяздарнейшае становіцца Беларускае тэлебачаньне, тым часьцей і ахвотней нашыя людзі глядзяць расейскія тэлеканалы, якія так ці іначай адпрацоўваюць пазыцыю афіцыйнай Масквы. Пабачце, што сталася з Прымаковым па паўтарох месяцах безупыннай тэлевізійнай антыпрапаганды! Гігант ператварыўся ў карліка. І наадварот, Курдупель стаўся сапраўдным гігантам.

Лукашэнка здолеў намацаць самую сутнасьць беларускага посткамуністычнага мэнталітэту, і ў гэтым – ягоная геніяльнасьць. Той мэнталітэт сфармаваўся ў часы Машэрава.

У “дабрабытную” эпоху Машэрава проці расейскага ўбоства беларускія гарады і вёскі выглядалі цудоўна, у крамах меўся амаль поўны набор падставовых харчоў… Адтуль пайшло гэтае прыхаванае, аднак відавочнае пачуцьцё сваёй вышэйшасьці ў параўнаньні з расейцамі (“яны толькі п’юць ды гультайнічаюць”). Пры Саветах беларусы, як ім самім здавалася, “жылі лепей за ўсіх”. Значная частка народу была шчыра ўпэўненая, што гэткі прывілей належыць ім па праве, як плата за ахвяры падчас апошняй вайны. Яны ганарыліся “кожным чацьвертым”, як іншыя нацыі ганарацца сваімі найяскравейшымі перамогамі. Яны пачуваліся так, быццам сваёю крывёю набылі для сабе Расею. А таксама й расейскія прыродныя рэсурсы. Расейскае войска. Расейскую мову, якая паводле нейкай дзіўнай фантазіі падавалася ім прыгажэйшаю за сваю ўласную. Расейскіх паэтаў. Расейскае тэлебачаньне. Гэткім чынам мы плоцім найстрашнейшую цану за колішні машэраўскі “рай”. Ці аддадуць яны зараз гэтую Расею, каб набыць для сваіх дзяцей Беларусь?

Што ж рабіць? Распарушваць даўныя ілюзіі? (Бо, як напраўдзе, беларусы ніколі ня мелі для сябе ані расейскіх прыродных рэсурсаў, ані расейскага войска, ані расейскай мовы, ані расейскіх паэтаў, ані расейскага тэлебачаньня.) Як на мой погляд, гэта была б праца безвыніковая. Распавядаць праўду пра ўбогі стан расейскіх рэгіёнаў, каб застрашыць людзей тамтэйшай галечай, беспрацоўем і нікчэмнай аховай здароўя? Ізноў жа, марная гавэнда, бо прыхільнікі “інтэграцыі” добра памятаюць, як салодка ім жылося калісьці на фоне расейскай галечы. Адзіны магчымы выхад для дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах – згуляць на тым самым электаральным полі, на якім зь вялікім посьпехам пабудаваў сваю кар’еру Аляксандар Лукашэнка.

Людзям падабаецца, што ён “бяссрэбранік”? Пераможны супернік мусіць жыць у двухпакаёвай хрушчоўскай кватэры і езьдзіць на працу на мэтро. Людзям падабаецца, што Лукашэнка ня слухае парадаў з Захаду? Трэба ўцяміць (як зразумелі гэта югаслаўскія дэмакраты на чале з Каштуніцам), што адрабінка антызаходняе рыторыкі ў нашых умовах ніколі не зашкодзіць, і наадварот – для кандыдата ў прэзыдэнты вельмі небясьпечна выглядаць “крэатураю NATO”. Трэба даць людзям нейкія гарантыі абароны ад чыноўніцкага свавольства і запэўніць іх, што заводы і фабрыкі будуць працаваць, зарплаты і пэнсіі — павышацца, што ў нашых дамох заўжды будзе цёпла, а лекар у раённай паліклініцы ня будзе глядзець, каб яму далі ў кішэню за свае паслугі.

Аднак прытым дэмакратычны кандыдат у прэзыдэнты мусіць зьмяніць некаторыя арыенціры. Замест зашмальцаванага лёзунгу “інтэграцыі” ён мусіць абвясьціць узаемакарыснае партнэрскае супрацоўніцтва з Расеяй, замест “сацыяльнай справядлівасьці” – роўныя правы і магчымасьці для ўсіх грамадзянаў, замест “барацьбы з карупцыяй” (то бок з прадпрымальнікамі) – удасканаленьне гаспадарчага заканадаўства, замест “жорсткай дзяржаўнае вэртыкалі” – умацаваньне дэмакратыі і разгортваньне мясцовага самакіраваньня, замест “дзяржаўнага дзьвюхмоўя” – афіцыйную падтрымку беларушчыны. А галоўнае, дэмакратычны кандыдат мусіць прадэманстраваць беларусам іхныя сёньняшнія дасягненьні ўва ўсіх галінах жыцьця і сказаць ім, што яны – і ніхто іншы! – стварылі гэты цуд сваімі собскімі рукамі, безь ніякай падтрымкі і вонкавае дапамогі. Беларусы, мабыць, моцна зьдзівяцца.

Тады самі сабою адшукаюцца і хаўрусьнікі ў Маскве, якім надакучыла беларуская нестабільнасьць, небясьпечныя для самой Расеі інтэграцыйныя гульні і геапалітычныя амбіцыі, якія заўжды канчаюцца адно чарговым прыніжэньнем. Людзей, якія хацелі б адчыніць для Расеі шырокую дарогу ў эўрапейскую цывілізацыю, а Беларусь была б для анатоль кляшчукіх у гэтай справе найбольш прыдатным партнэрам.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0