АЎДЫЁ - ВІДЭА

 

дыскаграфія

“MY ANGEL”. Гурт “Камэрата”. (р) 2000.

Руплівае вывучэньне ўсялякіх пазнакаў — як на вокладцы, так і на самім дыску — дазволіла мне вызначыць, што другі CD у сваёй біяграфіі “Камэрата” вырабіла за мяжой. Тыражаваўся альбом няйначай, як у Варшаве, на даволі вядомай фірме “TAKT”, а дызайн быў зроблены Зьмітром Мілаванавым, які каторы год у той Варшаве працуе.

Няма сумневу, што час, які аддзяляе першы дыск “Камэраты” “Снега, снега...” ад другога, жыватворна паўплываў на творчасьць калектыву. Што праўда, агульная працягласьць гучаньня гэтага альбому ганебна малая для фармату, горда званага СD (усяго толькі 39 хвілінаў), але гэта толькі яшчэ раз пацьвярджае той факт, што “Камэрата” здольная за мінімальны час зрабіць столькі, колькі ніводная Зэмфіра ня зможа ўціснуць ува ўсе свае альбомы разам узятыя.

Запіс быў зроблены ў Мазыры. На CD патрапіла 8 кампазыцыяў, вытрыманых у самай рознай стылістыцы. Разам яны складаюць запамінальны партрэт калектыву зь непаўторнай манерай выкананьня, прыёмамі аранжаваньня і сродкамі ўвасабленьня матэрыялу. Надзвычай тонкае правядзеньне галасоў у песьні “Як пад гаем”, раскоша вакальнага баляваньня ў песьні “Сокал”, выключна беларускае і разам з тым звышсучаснае прачытаньне тэмы “Броўкі мае”, шаманская, язычніцкая вэрсія, трэба думаць, народнай тэмы “Восеньская ночка”. Не магу дакладна сьцьвярджаць, але, здаецца, усе тыя тэмы грунтуюцца менавіта на народных песьнях. Калі гэта ня так — тым болей браваў ды бісаў “Камэраце”! Бо ствараюць яны наскрозь беларускую музыку, і пазбыцца гэтага немагчыма нават пры ўсім на тое жаданьні.

Замежны, так бы мовіць, блёк альбому складаецца зь дзьвюх песьняў. Гэта “Segudilia” Вольгі Вераб’ёвай, вытрыманая ў такім модным цяпер стылі лаціны, і “Bulgarian Fantasy”, ад якой вее лёгкім сумам па тых часох, калі трыё “Bulgarians” пляжыла гіт-парады сьвету сваімі балканскімі матывамі — калі, вядома, можна параўнаць супэрсучасны “Боінг” з дапатопным “кукурузьнікам”. Іншымі словамі, “Камэрата” — гэта палёт па самай высокай траекторыі!

І як на час — апошняя п’еса альбому “Божае нараджэньне”. Я цалкам падзяляю пачуцьці былога савецкага, а цяперака балгарскага саксафаніста Анатоля Вапірава, які, упершыню пачуўшы “Камэрату”, папросту не паверыў, што ўся музыка робіцца выключна галасамі, безь ніякіх музычных інструмэнтаў. Тое, што робяць гэтыя сямёра, вытлумачыць з пункту гледжаньня галасавога апарату часам проста немагчыма. А яшчэ кажуць, што Беларусь — гэта толькі аднайменныя трактары. Скульля! Беларусь у музыцы — гэта перш за ўсё “Камэрата” і гэты альбом, які здольны зьбіць з ног ня толькі які “Мангэтэн трансфэр”, але і Найтмэна з усёю хэўраю яму падобных бесьсьмяротных МакЛаўдаў. Павінен застацца адзін! А калі не — запісвайцеся ў майстар-клясу, пакуль месцы яшчэ маюцца!

Камэральны слухач

 

“ЖЫВЕМ”. Ансамбль “Песьняры”. (р) 2000.

Гэты дыск — з шэрагу сюрпрызаў. Пра тое, што ў нетрах колішніх “Песьняроў” быў напісаны цыкл песьняў на вершы Ларысы Геніюш, было вядома даволі даўно. Гады з тры-чатыры таму мне нават надарылася паслухаць тую праграму на стужцы. Але тады да рэалізацыі праграмы ані на сцэне, ані на магнітнай стужцы справа не дайшла. Паводле чутак, Уладзімер Мулявін, ухваліўшы зробленае гітарыстам Аляксандрам Кацікавым, пажадаў, аднак, каб праграма і лічылася праектам уласна Кацікава, а не “Песьняроў”. Зразумела: як гэта дзяржаўны ансамбль будзе сьпяваць песьні на вершы ворага народу? Таму праграма павісла ў хісткім ідэалягічным паветры і матэрыялізавалася толькі цяпер, на грошы ўжо “Белорусских песняров”. На адваротным баку вокладкі слухачоў нават папярэджваюць, што альбом ня варта разглядаць як чарговы дыск “Песьняроў”. Але скажу адразу: свайго слухача ён знойдзе.

Вось толькі ня варта чакаць ад яго нейкіх адкрыцьцяў. Аляксандар Кацікаў разьлічваў на дапамогу тых “Песьняроў” і напісаў музыку, якая практычна не выходзіць за межы звыклай стылістыкі ансамблю. Музыка традыцыйная, а вершы Ларысы Геніюш — гэта выключна лірыка, у дачыненьні да якой нават акулярысты ідэалягічны камар носа не падаткне. Добрыя, ціхія, прыгожыя вершы (адна зь песень альбому напісаная на словы Валянціны Аколавай). “Краю мой родны” запяваў сам Уладзімер Мулявін. У астатніх саліруюць Ігар Пеня, Алег Казловіч, Валеры Дайнека, якіх мы сёньня ведаем як “БП”. Ёсьць і адмыслова запрошаныя музыканты — гітарыст Уладзімер Ткачэнка, саксафаніст Ігар Люты, піяніст Алег Молчан, гітарысты Аркадзь Іваноўскі і Віктар Малчанаў.

Цікавы факт: тэксты да альбому надрукаваныя па-расейску, тэксты песень — як тое пісала паэтка. Можна пашкадаваць, што яскравых мэлёдыяў тут няма, а як творы асобна ўзятыя найперш запамінаюцца “Ой, пайду” (дзякуючы ўдалай рытмічнай аснове) і проста “Песьня” — найлепшы твор праграмы.

Ва ўсякім разе, ініцыятар стварэньня праграмы, кампазытар ды аранжавальнік Аляксандар Кацікаў выступае тут, згадзіцеся, у нечаканай ролі. У “Песьнярох” ён успрымаўся як адзін з многіх, а тут — як сапраўдны творца, у пэўным сэнсе нават як герой: у часы агульнага ідэалягічнага ачмурэньня выдаць праграму на вершы паэткі, якой дагэтуль не прабачыла ўлада, — сапраўдны ўчынак.

А яшчэ — сьведчаньне таго, які з калектываў жыве, а які… Ой, калядачкі, блін!..

Беларускі слушацель


фільмаграфія

Усе жывыя

“СьЛЁЗЫ БЛУДНАГА СЫНА”, “САЛОДКІ ЯД КАХАНьНЯ”. Фільмы з удзелам Віктара Шалкевіча.
(р) “Беларускі відэаклюб”, 2000.

“Беларускі відэаклюб” робіць тое, чым насамрэч павінна была б займацца дзяржава яшчэ пры спазналым момант ісьціны міністру культуры Сасноўскім і пры цяперашнім міністру Гуляку. Убухаць гэткія сродкі на падтрымку расейскага кіно і асабіста таварыша Сямагі — трэба мець сапраўдны дзяржаўны розум. Знайсьці хоць нейкія грошы на падтрымку нацыянальнага кіно маштабы дзяржаўнага мысьленьня, пэўне, не дазваляюць. Што ж, будзьма мысьліць у катэгорыях больш прыземленых, затое — рэальных.

Новая відэакасэта ад “Беларускага відэаклюбу” напэўна не страсяне беларускай кінаграмадзкасьці. Ды на фоне амаль поўнай адсутнасьці беларускага кіно на відэакасэтах гэтае выданьне не заўважыць нельга. Зь некалькіх прычынаў.

Па-першае, нараджэньне абодвух фільмаў так ці іначай зьвязана зь імем Віктара Дашука: калі першы зь іх зьняты вучнем знанага рэжысэра, дык другі проста пазначаны ягоным імем. Па-другое, абодва яны не былі шырока паказаны з часоў іх стварэньня (1995 і 1996 г. адпаведна). Па-трэцяе, у абодвух фільмах у цэнтры — актор, музыка і выканаўца Віктар Шалкевіч, якога асобна прадстаўляць таксама ня трэба. Ён — зь ліку тых творцаў, якія здольныя завалодаць увагай аўдыторыі, хоць праца ў кіно — не асноўны ягоны занятак. Тым больш фільмы тыя інтрыгуюць.

Мушу прызнацца: у рэальнасьці, пасьля прагляду касэты, інтрыгі значна паменела.

Першая стужка зьнятая паводле сцэнару рэжысэра Віктара Асьлюка і гісторыка Генадзя Сагановіча. Па форме гэта своеасаблівая прыпавесьць, зьмест якой зьвернуты да розуму і пачуцьцяў тых, хто так і не зрабіўся “савецкім народам”. Бо савецкія людзі сэнс той прытчы наўрад ці зразумеюць. Варта згадаць, што фільм здымаўся гадоў шэсьць таму, калі на розумы людзей можна было паўплываць праз публіцыстыку, праз жывы зварот да рэшткаў шэрага рэчыва. Тады тое ўзьдзейнічала. Сёньня ж, на маю думку, такі прыём лабавога ўдару выніку ня мае. Людзі ў масе сваёй зьняверыліся і не адгукаюцца на пункцыю мазгоў нават без агульнае анэстэзіі. Добра, гожа зьняты фільм, мне здаецца, у нашыя дні ўспрымаецца або зь нейкім недаверам, або са скепсысам. Ён пры тым напэўна ня страціў моцы для тых, хто адарваны ад рэальнай хады часу, жыве ў адрыве ад інфармацыйных патокаў. Для тых жа, хто біўся за прынцыпы, давяраў лідэрам і расчараваўся ў іх, фільм, бадай, ня больш, чым проста напамінак пра тое, што ёсьць і такое вось беларускае кіно, стваральнікі якога ня страцілі сумленьня ды прафэсійнасьці. Вось чаму “Сьлёзы блуднага сына” павінны трапіць туды, дзе кіно наагул паказваюць рэдка. Менавіта там гэты фільм яшчэ мае шанцы канкураваць зь якім “Моцным арэшкам”. У горадзе — наўрад. Бо час занадта хутка плыве...

Віктар Шалкевіч тут выступае ў ролі пэўнага сымбалю, сэнсавай зьвязкі паміж эпізодамі. Вырашаць нейкія мастакоўскія звышзадачы ад яго наўрад ці патрабавалі. Хапіла запамінальнага выгляду, сапраўднай магічнасьці позірку. Фільм адпавядае жанравай задачы, і я не выключаю, што на пэўным моманце разьвіцьця (прабачце!) нашага грамадзтва, у пэўнай сытуацыі ён можа нібыта амаладзіцца, прабіць шкарлупіну мазгавых арэхаў і стрэліць дакладна ў “дзесяць”. Сёньня ж, яшчэ раз паўтару, ён здольны змусіць задумацца толькі нямногіх...

“Салодкі яд каханьня” (48 хв.) зьняты Віктарам Дашуком і апэратарам Уладзімерам Спарышковым (годная ўвагі работа!). Гэта ўжо цалкам гульнёвая стужка, у якой Віктар Шалкевіч мае куды больш працы ў простым і пераносным сэнсах. Ён выконвае тут дзьве ролі — экскурсавода па Нясьвіскім замку і ўласна караля Жыгімонта, які гэтак палка любіць Барбару Радзівіл. Гісторыя іх каханьня заслугоўвае, безумоўна, больш маштабнай кінапрацы. Гэтая ж — у пэўным сэнсе фрагмэнтарная, павярхоўная і далёка не заўсёды здольная пераканаць нават простага аматара “Санта-Барбары” (не Радзівіл!). Шаноўны Віктар Дашук, на маё глыбокае перакананьне, пралічыўся з выбарам выканаўчыні ролі Барбары: яна — ніякая! Так, прыгожанькая, маладзенькая, але неяк не нагадвае жанчыны, здольнай закружыць галаву каралю. Задробная для гэтага. Ня ў тым сэнсе, што сьвякрусе Боне хлопнуў мухабойкаю — і няма гераіні, а ў тым, што дзяўчына ня здолела загрузіць ролю так, каб энэргетыка ад яе разьляталася пырскамі ў розныя бакі. І я так і не паверыў, што яна была чымсьці цікавая Жыгімонту як хоць бы, прабачце, калега па сэксе, калі толькі той у ВКЛ існаваў. Тым больш яна не была цікавая — такое ўражаньне — Шалкевічу, які, як і Жыгімонт, толк у кабетах, здэцца, ведае. Ня маючы адпаведнай партнэркі, Віктар, такое ўражаньне, так і ня здолеў сам разгарнуцца ва ўсю шырыню акторскага досьведу. І ў выніку атрымалася: крыху дэтэктыву, крышачку жахаў, кропля эротыкі, напал жарсьцяў на фоне гісторыі і муроў чамусьці адначасова Нясьвіскага ды Мірскага замкаў — і маеш!

Зноў жа: тады, у 1996 г., фільм гэты напэўна атрымаў бы аўдыторыю. Бо яшчэ не загналі ў спэцсховы імкненьне больш даведацца пра сябе, што можна было рабіць у любой форме. Сёньня ж здымаць кіно, здольнае выціснуць сьлёзы з вачэй, прымусіць хоць бы задумацца, магчыма або толькі пры ўмове вар’яцкага, як на нашыя маштабы, фінансаваньня, або пры ўмове, што акторы спрацуюць так, быццам здымаюцца ў апошні раз, гатовыя памерці ў кожным кадры.

Жыгімонту ў гэтым фільме, здаецца, памерці проста не дазволілі (мусіў запісаць для радзімы яшчэ адзін альбом), Барбара памерці, на жаль, не была здольная. Віктар жа Дашук выступіць у ролі Боны Сфорцы не здагадаўся.

Глядач


водгук

Слухачу

“Пра новыя выданьні культавых калектываў прынята пісаць зь піетэтам ды прыдыханьнем...” Але ж мусіць зьявіцца й хаця б адна зьнішчальная рэцэнзія сярод усіх станоўчых.

Вядома, рэцэнзэнт можа выказаць свае асабістыя меркаваньні, але выразы накшталт: “...можна нават альбому ўсяго ня слухаць...” (Слухач) або: “У “Сьвятым Вечары-2000”, апроч трэку №2, амаль няма чаго слухаць” (В.Ластаўкіна) – гэта ўжо недвухсэнсоўныя парады. Ня слухайце, калі не разумееце, але й іншым не перашкаджайце!

Я згодная са Слухачом, што “іронія – гэта часам ці не адзіны сродак супрацьстаяць паскуднай у цэлым рэчаіснасьці”. Але ён цалкам псуе ідэю ў наступным сказе: “Асабліва тады, калі з задуманага атрымліваецца далёка ня ўсё”. Па-першае, не зусім зразумела, што Вы, сп.Слухачу, гэтым хочаце сказаць. А па-другое, іронія ёсьць праявай цалкам станоўчай, бо вельмі важна ўмець сьмяяцца зь сябе. Мне здаецца, NRM іронія заўжды суправаджала.

Дарэчы, пра творчасьць NRM. Не хачу яе праслаўляць, ня толькі таму, што ня дужа захапляюся падобнай музыкай гадоў пяць (век ня той), але й таму, што, магчыма, ня буду мець рацыі, як і Слухач са сваёй крытыкай. Адно хочацца сказаць: творчасьць гэткая – патрэбная. Я ня ведаю, якія мэты маюць “энэрэмшчыкі”: сьвядома “нясуць мову ў народ”, рызыкуючы выклікаць хвалю абурэньняў “дарослых сур’ёзных людзей”, ці папросту робяць тое, што ім самім падабаецца. Але ці ж гэта кепска, калі такога кшталту “папса” (даруйце, а што Вы разумееце пад словам “папса”, сп.Слухачу?!) гучыць на айчынных FM-станцыях і які-небудзь падлетак гадоў 15-ці набудзе кружэлку NRM замест такіх сама модных “Мумія Тролю” альбо “Чычэрынай”? Добра, калі якая-небудзь дзяўчыначка сапраўды кіне плакаць, паслухаўшы песьню “Дзед Мароз” альбо нейкі хлопчык засьпявае “Тры чарапахі”, шпацыруючы па вуліцы, балазе песьня дзеля гэтага прыдатная: вясёлая, дасьціпная, лёгка запамінаецца. Галоўнае ўсьвядоміць: для каго тая музыка. Напэўна ж не для Вас, сп.Слухачу!

Кожны мае пэўныя крытэры для вызначэньня “сапраўднае музыкі” (адмыслова бяру ў двукосьсе ня толькі як цытату, але й як тэрмін такі сама адносны, як і “рок-н-рол”, “папса”). Я была б узрадавана, пачуўшы ў Беларусі па-беларуску штосьці ў манеры ангельскай COIL, вугорскай MASFEL альбо чэскай UЋ JSME DOMA (крый Божа, не капіяваньне), групаў, папулярных адно ў вузкіх колах як у сваіх краінах, так і ва ўсім сьвеце. Але я ня маю права сьцьвярджаць, што менавіта гэтая музыка – сапраўдная. Дарэчы, наяўнасьць прыгожае мэлёдыі – гэта добра, але не абавязкова (узгадайма Z’EV, THE RESIDENTS, PAN SONIC ды шмат іншых). А вось дзе вы напэўна ўжо знойдзеце прыгожую мэлёдыю, дык гэта на тым самым “Песьню загарніце з сабой”.

Чакаеш ва ўлюбёнай газэце рэзэнзіі на сольнік Івана Кірчука (а зьяўляецца... на “Івана Купалу”). Не дачакаліся мы рэцэнзіяў на альбомы “Тройцы” ды “Юр’і”; на праекты “Я нарадзіўся тут”, “Каляды. Рожство. Шчодрэц” і на новы праект З.Лук’янчыка. а ўжо пра такія рэчы, як “Паддашша” і казаць няма чаго (у “Навінках”, дарэчы, рэцэнзія была). Калі Слухача “дастала тая рок-н-рольная канцэптуальнасьць”, дык мушу абвясьціць, што мяне ўрэшце дастаў Слухач.

А што да рэцэнзіяў, дык, на мой погляд, найбольш прыдатныя яны ў Віктара Мухіна (не музычныя, праўда, а кніжныя), дзе журналіст папросту абвяшчае: выдалі, маўляў, нейкую кнігу, зьвярніце ўвагу. Пра штосьці больш падрабязна, пра штосьці – у два словы. Але бязь лішніх эмоцыяў ды без кіраўніцтва да дзеяньняў.

Вольга Муская, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0