Мэдыі

Дыпляматы!

Віцэ-прэм’ер ды міністар замежных справаў Міхал Хвастоў выйшаў на тэлеэкран, і гэта была “Падзея”. Прамаўляў ён па-расейску, хаця беларускую ведае няблага. Але ж пытаньні “дзяжурналіста” БТ былі расейскамоўнымі, таму даруем міністру. Як той казаў — мялі, Мялешка, твая ляпешка.

Мялешка спытаўся Хвастова, ці не шукае Масква свайго новага стаўленіка перад беларускімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Міністар адказаў, што з размоваў з расейскім калегам Івановым такога не адчуў, а потым узяў ды заявіў: “Па-мойму, вынік прэзыдэнцкіх выбараў — ён зразумелы”.

Тут і праграма скончылася: во што значыць сапраўдны прафэсіяналізм! Пераможа Лукашэнка – Хвастоў скажа, што нават у цяжкія часы нізкага рэйтынгу прагназаваў ды каваў перамогу. А прайграе – можна будзе заявіць, што яшчэ ў студзені прадбачыў ганебны зыход дыктатуры.

Зьлятаўшы ў Маскву самастойна ды распавёўшы пра гэта ў “Падзеі”, праз тыдзень сп.Хвастоў – каб не пайсьці на прыём да кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка — паляцеў туды ж разам з Лукашэнкам адкрываць дні культуры Беларусі, што фінансаваліся газавай фірмай “Ітэра”, дзе цяпер працуе просты беларус Іван Ціцянкоў.

БТ не абмежавалася паказам таго, што разам зь міністрам культуры Расеі Швыдкім ды кіраўніцаю МХАТу Даронінай такі самы мэдаль Францішка Скарыны атрымаў проста культурны й вельмі дыпляматычны чалавек Ігар Макараў, прэзыдэнт “Ітэры”. Ужо ў першым рэпартажы з Масквы аб прылёце Лукашэнкі буйным плянам прадэманстравалі журналісцкі блякнот з сымболікаю “Ітэры”. Гэта ледзь ня першы выпадак на БТ, калі схаваную тэлерэкляму, ці, па-маскоўску, “джынсу”, уставілі ў афіцыйны сюжэт пра Лукашэнку.

Яшчэ адна піараўская акцыя атрымалася на наступны дзень. У “Панараме” пасьля кадраў, дзе паказвалі, як на ўваходзе ў Міністэрства ўнутраных справаў ляжыць зьбіты аховаю журналіст Валеры Шчукін (хоць камэнтар быў проста ганебны для калегі-журналіста, аднак нармальны для новага службоўца БТ Юркі Пракопава), пайшоў чарговы сюжэт Алены Ладуцькі з Масквы. Як заўсёды, БТ скрала відэакарцінку з РТР, замазаўшы лягатып апошняга, а сама Ладуцька верашчала тэлефонам – як заўжды, па-расейску. Напэўна, грошай на нармальны тэлеперагон з братняе Масквы не хапіла. Але ж дыктарка Ларыса Грынько знайшла выйсьце: прынесла прабачэньне за якасьць гуку, што магла быць лепшай, ды патлумачыла: “Проста Алена Ладуцька перадавала па тэлефоне”.

А то мы думалі — па факсе (простым або інтэр-...) ці праз пэйджэр. Дыпляматку Грынько не пераробіш.

 

Асьцярожна – трансформэры!

Прыкольная газэта “Советская Белоруссия” мае ня толькі прыкольную назву, але й вартыя яе загалоўкі. “Гондолы на приколе” – пра спыненьне руху на каналах Вэнэцыі. Або першапалосныя загалоўкі пад адной рубрыкай “В стране”, калі іх чытаць не паасобку, а запар. Скажам, “Осторожно – мясо! Чистая работа – Разные судьбы”. Або яшчэ: “Дома-трансформеры. С точностью до градуса – Смерть в подвале”. Побач на першай старонцы інтэрвію з выбаркамаўкай Ярмошынай: над ейным фота – словы “Хочешь – значит можешь!” На другой старонцы таго ж нумару за пятніцу – фатаздымак чаргі ў абменны пункт ды загаловак: “Финансы не любят суеты”.

 

Да “братанскай” амбасады!

Цікавая лінгвістычная знаходка атрымалася ў кіраўніка прэсавага цэнтру Пракуратуры Беларусі Аляксея Таранава ды газэты “Чырвоная змена”. Паведамленьне пра трох жыхароў Полацку, якім інкрымінуецца арганізацыя ўзброенае банды разам з чатырма жыхарамі Расеі, мае загаловак: “Разам з “братанскай” Русьсю”.

Па-першае, цяпер ёсьць гімн новых беларусаў, што інтэгруюцца з новымі расейцамі: “Мы, беларусы, з братанскаю Русьсю...” А недзе ў сярэдзіне тэксту – радкі “Але ад тайгі да “братанскіх” да мораў Пінжак наш чырвоны й круты нораў”.

Па-другое, калі вы ў часе дэманстрацыі апазыцыі пачуеце заклік “Да “братанскай” амбасады!”, гэта ня значыць, што трэба йсьці да ангельцаў на Маркса, 37. На ўвазе маецца расейская амбасада на Старавіленскай, 48.

 

Мэрскі алькагалізм ды прыхадні з космасу

Дасьціпныя журналісты працуюць у газэце “Вечерний Минск”, што нібыта выдаецца на расейскай ды беларускай мовах, калі верыць штодзённаму надпісу ў канцы апошняе старонкі. Пад рубрыкай “В Мингорисполкоме” надрукавалі загаловак “Почему люди пьют и прогуливают?”. А побач — інтэрвію з дырэктарам “Менскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак” Ю.Васілеўскім.

Пытаньне журналіста: “Вы казалі пры нашай сустрэчы ў пачатку 2000 г., што касьмічныя прыхадні ўвайшлі ў 150—160 тыс. кватэраў менчукоў розных рэгіёнаў гораду. А што маем сёньня?” Адказ: “Кабэлявана каля 190 тыс. кватэраў менчукоў”.

Зьміцер Калярадзкі

Пэрліны «Белорусской газеты»

Уладзімер Валанін у «Белорусской газете» рашуча падтрымлівае ідэю вылучэньня Крамлём Уладзімера Мацкевіча ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Аналізуючы розныя аспэкты такога варыянту, ён пры канцы задумваецца і пра тое, як паставіцца да такога вылучэньня незалежнае беларускае грамадзтва. «Наконец, в-пятых - отношение к Мацкевичу местной оппозиции. Понятно, что «невменяемые» тут же начнут истерически вопить о кагэбешном заговоре. С остальными же вполне можно договориться», — піша ён так, каб быць зразумелым для сваіх маскоўскіх чытачоў. Цікава толькі, чаму ягонае выданьне дагэтуль называецца «Белорусской», а не «Местной газетой»?

Лёнік Кінкель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0