Навіны за тыдзень
Рабуюць беларускія асяродкі
У ноч зь пятніцы на суботу абрабавалі Берасьцейскі цэнтар падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў “Вежа”. Рабаўнікі вынесьлі ўсю тэхніку, якая была ў карыстаньні цэнтру: 6 кампутараў, друкарку, мадэм, сканэр, факс. Пры дапамозе гэтага абсталяваньня рыхтавалі да друку каля 46 выданьняў малога накладу з усяе Берасьцейшчыны, праводзілі кампутарную школу для грамадзкіх арганізацыяў, ладзілі юрыдычныя кансультацыі для нефармальных групаў у пытаньнях рэгістрацыі. Супрацоўнікі “Вежы” пакінулі памяшканьне а 22-й увечары 26 студзеня, а раніцай (а 9.30) офіс знайшлі абабраным. “Вежа” арандуе памяшканьне ў двухпавярховым дамку ў самым цэнтры Берасьця — акурат насупраць будынку знаходзяцца райсуд і сьледчы ізалятар, які дзень і ноч ахоўваецца. З будкі ахоўніка добра відаць і будынак “Вежы”.
Вядуць сьледзтва. Калі гэта арганізавалі спэцслужбы, каб падарваць беларускую дзейнасьць, дык шанцаў, што рабаўнікоў знойдуць, вобмаль. А выглядае на тое, бо літаральна дзень таму, у ноч з 25 на 26 студзеня, таксама абрабавалі офіс Дрысенскага інфармацыйна-рэсурсавага цэнтру “Рубон”. А месяц таму такі ж лёс напаткаў Наваполацкі цэнтар “Усяслаў Чарадзей”.
Усе гэтыя асяродкі займаюцца падтрымкай і разьвіцьцём грамадзянскіх ініцыятываў і нефармальных аб’яднаньняў рознага кірунку: маладзёвага, жаночага, спартовага і г.д.
Ганчарык ідзе
Прэзыдыюм Рады Фэдэрацыі прафсаюзаў падтрымаў прапанову аб удзеле Ўладзімера Ганчарыка ў прэзыдэнцкіх выбарах як «шараговага грамадзяніна шляхам збору 100 тысячаў подпісаў». Выбарчая пляцформа будзе разгледжаная пасьля афіцыйнага абвяшчэньня даты выбараў.
Б.Т.
Адзін – на 600 сем’яў
Міністар аховы здароўя І.Зелянкевіч паведаміў, што зараз, фінансуючы мэдычную ўстанову, будуць улічваць колькасьць ня месцаў у шпіталях, але пацыентаў, якія прайшлі цераз установу. Гэта дазволіць, разьлічвае міністар, зьнізіць выдаткі на 36%. Бо сёньня дзяржава можа адшкадаваць толькі 50 тыс. рублёў на аднаго пацыента. Зараз дактары будуць імкнуцца зьменшыць колькасьць апэрацыяў, дыягнастычных матар’ялаў, аналізаў, месцаў у шпіталях і часу знаходжаньня хворых у стацыянары. А калі пацыент стане настойваць, яму прапануюць заплаціць. З гэтага году ў Беларусі зьяўляецца й новая мэдычная спэцыяльнасьць — лекар агульнай практыкі, хатні доктар. Перакваліфікавацца ў сямейных дактароў вымушаныя будуць тэрапэўты. Сямейным, праўда, ён будзе вельмі ўмоўна, бо кожны зь іх будзе абслугоўваць каля 2000 пацыентаў. Адзін на 600 сем’яў.
Б.Т.
Птушынае царства
Падвялі вынікі Міжнародных дзён назіраньня птушак, якія праводзіліся 30 верасьня і 1 кастрычніка. Беларусь брала ўдзел у гэтай акцыі другі раз. У гэтыя дні мноства людзей выехала на прыроду, каб прасачыць, якія птушкі сустракаюцца ў лясах, парках, на рэках і азёрах.
У Беларусі за два дні аматары прыроды пабачылі 51365 птушак 128 відаў. Найчасьцей сустракаўся назіральнікам грак. Зафіксаваныя таксама чорны бусел, скапа, зьмеяед, белая курапатка, пугач і іншыя рэдкія віды. Удзел у назіраньні бралі 457 чалавек. Найболей птушак сярод усіх удзельнікаў конкурсу пабачыў Мікалай Кузьміч зь Ляхавічаў — 5744.
Радыё Рацыя
афіцыйна
Прэмія разьяднальніку
Адкрыты ліст Сямёна Шарэцкага патрыярху Алексію
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі зьвярнуўся з адкрытым лістом да маскоўскага патрыярха Алексія ў сувязі з прысуджэньнем А.Лукашэнку высокае праваслаўнае прэміі. С.Шарэцкі нагадвае, што тэрмін паўнамоцтваў А.Лукашэнкі закончыўся і супраць створанага ім рэжыму ўзбуджаная крымінальная справа па факце захопу ўлады неканстытуцыйнымі сродкамі. «Лукашэнка, як гэта рабілі і робяць усе дыктатары, разьяднаў народ Беларусі паводле ўсё таго ж бальшавіцкага прынцыпу: хто ня з намі, той супраць нас. Пры гэтым “чэснымі” ён лічыць тых, хто падтрымаў і працягвае падтрымліваць зьдзейсьнены ім ў лістападзе 1996 г. дзяржаўны пераварот і ўсталяваньне ў Беларусі дыктатарскага рэжыму», — піша Старшыня. «У Беларусі сёньня ўся ўлада сканцэнтравана ў адных руках, — працягвае ён. — Таму ў многіх міжнародных арганізацый і палітычных дзеячоў ёсьць усе падставы меркаваць, што пасьля падзеньня ў Югаславіі рэжыму Мілошавіча Беларусь застаецца апошняю цьвержаю дыктатуры ў Эўропе. Больш за тое, створаны ў Беларусі дыктатарскі рэжым зьяўляецца ў адносінах да саміх беларусаў па сутнасьці акупацыйным, бо ўсе ключавыя пасады ў ім займаюць стаўленікі Масквы».
«Што тычыцца самога Аляксандра Лукашэнкі, — заўважае Старшыня, — дык ён публічна заяўляў, што лічыць сябе “праваслаўным атэістам”. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што Праваслаўная царква яму патрэбная толькі для рэалізацыі ўсё тых жа ўладалюбных памкненьняў. Таму гэткую ўвагу высокіх гіерархаў расейскай Праваслаўнай царквы да гэтага невылечна хворага на ўладалюбства чалавека нельга расцэньваць інакш як падтрымку расейскай шавіністычнай палітыкі ў адносінах да Беларусі», — гэткую выснову робіць сп.Шарэцкі.