Стагодзьдзе NRM

Той, хто памятае камэрнасьць першых “каранацыяў” у колішнім Альтэрнатыўным тэатры, са мной пагодзіцца: за сем гадоў рок-каранацыя відавочна рэгрэсавала як зьява, як беларускае шоў. Раней яна заўжды досыць арыгінальна стылізавалася – прыкладам, пад баль у сярэднявечным шляхецкім палацы – і была сапраўднай Цырымоніяй зь вялікай літары.

Позьняя саўдэпія моцна спрыяла разьвіцьцю нацыянальнай сьвядомасьці ў нефармальным асяродку моладзі: цяпер амаль ня верыцца, што першыя рок-фэсты ў правінцыйных гарадах ў часы перабудовы падтрымліваў нават камсамол. А ўсе гэтыя “Рок-крокі” ў Горадні, “Тры колеры” ў Менску, ды “Фестывалі сучаснай маладзёвай музыкі”ў Наваполацку. А так і не народжаны менскім рок-клюбам часопіс “Грыф”, а Вітаўт Мартыненка са сваім “Нотным аркушам” у самай на той час прагрэсіўнай газэце Беларусі – “Чырвонай змене”? Недзе там побач і “кузьня рок-музыкаў” — Беларускі палітэх, і першыя канцэрты “Крамы”, “Улісу”, і гіт-парады “Беларускай маладзёжнай” ды “Радыё Свабода”... Не было яшчэ незалежнасьці, тым больш — “Рок-каранацыі”, і ўсё гэта здавалася недасяжным. Як, дарэчы і немінучым. Заўтрашнім днём.

І вось заўтрашні дзень – колішні – мінуў, але вынікі нешта не зусім радуюць.

Пры падвядзеньні вынікаў не ставала храналёгіі і рэальнай прывязкі падзеяў да праўды жыцьця. Ніхто не дадумаўся прэзэнтаваць хоць па хвіліннай сустрэчы са старымі добрымі “зубрамі”: “Бондай”, “Мрояй”, тым жа “Ўлісам” ці “Мясцовым Часам” узору 89-га году; не зашкодзіла б згадаць і “Новае Неба”... Тым, каму за пятнаццаць-дваццаць, можа падацца, што раз не згадалі, дык гэтага й не было. Затое ёсьць нейкія “Воображаемые люди”, прэтэндэнты на званьне “Адкрыцьцё году”. Раней такое безгустоўе і нешляхетнасьць і блізка б не падышлі да “кароннай” рок-сцэны Беларусі. Тынэйджэры крычалі зь месцаў “Ідзіце дахаты!”, а потым бальшыню сваіх эмоцыяў аддалі Вольскаму й кампаніі.

Вядучымі цырымоніі былі Аксана і Анатоль Вечары – экс-вядучыя праграмы “Акаляда”, як яны прадставіліся (дзеля таго, відаць, каб хтосьці, пабачыўшы Анатоля, не згадаў які-небудзь “паглынальнік тлушчу”). Першы нумар праграмы абнадзейваў, бо то была “Крама” з трыма старымі добрымі гітамі і “Жыве Беларусь!” Ігара Варашкевіча пасьля іх. Пасьля выступу “Ўяўных людзей” зь іхнай уяўнай музыкай я ўжо пачала баяцца, што другі прэтэндэнт на званьне адкрыцьця году стоміць прысутных яшчэ больш. Але дарма. Гурт “Безь білета” зь першых акордаў падаўся выдатнай сумесьсю “Джыпсі Кінгз”, “Аукцыону”, “Вопляў Відаплясава” і колішняга нашага менскага тэатру “Бамбукі”, створанага дзеля прыколу на пачатку 90-х тады невядомымі Жэнем Калмыковым і Сяргеем Міхалком. Музыка гурту ня проста жывая, а жывейшая за ўсё жывое ў найлепшым сэнсе слова. Яна выконвалася на ўсім, пачынаючы ад гітары са скрыпкай і сканчаючы кастаньетамі ды міліцэйскім сьвістком. За шчасьце ўся заля падпявала іхнай кампазыцыі “Мая краіна Беларусь”. Пасьля “безьбілетнікі” ажыцьцявілі ўласна “Адкрыцьцё году” — адкаркавалі слоік з гуркамі.

На жаль, не ўдалося праверыць, на што здольныя ў гэтым пляне хлопцы з гурту “Нэо”. Між іншым, нішто сабе музыка, аднак ня ўпісваецца яна ў традыцыйны “рок-каранацыйны” стыль. Але я была б ня супраць, каб “Нэо” раскруціўся дзесьці ў Маскве – ён лепшы за шмат каго з расейскай “новай хвалі”. А вось тыпова наш з выгляду гурт “Юр’я”, дзіця Юр’я Выдронка, толькі арнамэнтам на галаўных ўборах дзяўчат выклікаў воплескі разам з “Жыве!...”. Калі ж дзяўчаты засьпявалі, а хлопцы пачалі скідаць майкі і вучыць нас санскрыту, стала сумна. Ніякая нацыянальная сьвядомасьць не прымусіць мяне слухаць дыск “Юр’і” дома. Хіба толькі калі надумаю падацца ў глыб унутранай эміграцыі — у крышнаіты...

Лідэр “Нэйра Дзюбелю” Аляксандар Кулінковіч значна ажывіў публіку сваёй палымянай прамовай. “Вельмі сумнае відовішча: заля, якая сядзіць, незразумелая каранацыя ў незразумелай краіне, у якой року ў прынцыпе і няма”, — канстатаваў ён. Як высьветлілася пазьней, музыкаў “Нэйра Дзюбелю” да самага іхняга выхаду на сцэну ахоўнікі не выпускалі з грымёркі. Менавіта апошнім, відаць, прысьвячалася песенька з фрагмэнтам неўнармаванай лексыкі.

Усё было, як у рок-Эўропе часоў клясычнага рок-н-ролу. Фанаты таксама. Мы назіраем за нараджэньнем новай слаўнай генэрацыі – беларускага “гопніка”-падлетка, што размаўляе (на канцэрце) на дрэннай беларускай мове, можа “набіць” вам морду “за Лявона” і падчас канцэрту дражніць іншых яго ўдзельнікаў п’янымі воклічамі. На шчасьце, наяўнасьць такіх фанатаў робіцца аж занадта відавочнай.

Што да NRM, дык яна змусіла міліцыянтаў павылазіць з усіх шчылінаў, зьявіцца перад публікай у сваёй сапраўднай колькасьці і паказаць гледачам іхнае месца...

Напрыканцы Лявон пажадаў слухачам сьветлай будучыні ў выглядзе нармальнага прэзыдэнта. “Ім мог бы быць і я”, — сьціпла дадаў ён. Суграмадзяне па Незалежнай Рэспубліцы Мроі распачалі дэбаты пра магчымасьці ўласнага прэзыдэнцтва, чым нагадалі родную апазыцыю і... хуценька вярнулі нас з мрояў на грэшную РБ-шную зямлю.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0