МУЗЫКА

 

Не атлет

Трыюмф Андрэя Паначэўнага ў беларускай Філярмоніі

У пятніцу ў Філярмоніі сесьці не было дзе; нават прыступкі балькону былі шчыльна напакаваныя народам. Выратавала, як заўжды, лянота нашых начальнікаў, якія ўпарта ня ходзяць нават на найлепшыя канцэрты. У першым шэрагу – проста побач з эстрадаю – знайшліся два вольныя месцы. Можа не найвыгаднейшыя, бо наш сымфанічны аркестар грукоча неміласэрна, але затое сядзячыя, бяз тлуму й мітусьні.

Ці мо гэта Рыхтэр уваскрос і прыехаў з канцэртамі? Памыляецеся. Граў у гэты вечар чалавек малады й цалкам тутэйшы. І ня проста йграў, а трымаў заключны экзамэн у магістратуры. Сабралася камісія, дакладна абмеркавала хлопцаву ігру і паставіла яму пяцёрку. Хаця няма аніякай упэўненасьці, што магістратуру ён скончыць. Бо для гэтага трэба здаць процьму розных іншых экзамэнаў, напісаць магістарскую працу… А дзе ўзяць для гэтага час, калі крочыш да недасяжнае дасканаласьці? Ды ў дадатак мусіш рыхтавацца да чарговых замежных гастроляў, назапашваць рэпэртуар, вастрыць тэхніку.

…Праўда, поўнай згоды між прафэсарамі не атрымалася. Як заўжды, нехта ўпікаў яму “недахоп эмацыйнасьці” – зрэшты, відавочны, калі слухаць вачыма, а не вушамі. Расейскія піяністы, калі граюць Рахманінава, заўжды скачуць на крэсьле, тэатральна ўзмахваюць рукамі і нават пускаюць сьлязу. Паначэўны ж гэтага ня любіць. Усе пачуцьці ў яго – проста ў музыцы. Хто слухае – той чуе. Тым болей што Рахманінаў, на думку Паначэўнага, – гэта кампазытар, які патрабуе ад выканаўцы ўнутранае стрыманасьці – зусім у беларускім стылі. І факт застаецца фактам: на канцэрты Паначэўнага прыходзіць усё больш і больш людзей. Баюся, што наступным разам ахвотныя мусяць купляць квіткі за месяц да канцэрту ці нават за два! Ці гэта сьведчыць пра арыстакратызм найноўшых беларускіх густаў? Альбо пра адраджэньне патрыятычных пачуцьцяў? Бо Паначэўны, як ні кажы, – наш нацыянальны гонар. Ляўрэат першых прэміяў на найбуйнейшых міжнародных конкурсах. Піяніст, якім захапляецца Эўропа і Амэрыка. Нехта нават параўноўвае яго з культавай фігурай сучаснага піянізму, Івам Пагарэлічам.

На пачатку лютага Паначэўны зноў зьяжджае на гастролі ў Амэрыку. Здаецца, зусім нядаўна – у лістападзе 2000-га – ён граў у Вашынгтоне, у прэстыжнай Philips Gallery, дзе захоўваюцца шэдэўры францускіх імпрэсіяністаў. Цяпер яго чакаюць у Шарлоце – найбуйнейшым прамысловым цэнтры штату Паўночная Караліна, а таксама ў Спрынгзфілдзе – сталіцы штату Ілінойс. У абодвух гарадох Паначэўны будзе іграць з аркестрам: у Шарлоце – Другі канцэрт Рахманінава (той, што ў пятніцу ён граў у Менску), а ў Спрынгзфілдзе – Першы канцэрт Чайкоўскага. Годная задача для атлета! Хаця Паначэўны —чалавек якраз не атлетычнага целаскладу. Зрэшты, у Амэрыцы граць прасьцей, чым дома: дасканалыя аркестры, дасканалыя раялі і заўжды энтузіястычная публіка – “нават калі я дрэнна граю”, – кажа Паначэўны і сарамліва ўсьміхаецца. Яму заўжды здаецца, што ён іграе недастаткова добра. Зрэшты, амэрыканцы напэўна вітаюць яго як героя – прыкладна так, як расейцы вітаюць Вэна Клайбэрна. Амэрыканцы ж таксама ганарацца сваімі конкурсамі піяністаў. Найбольш аўтарытэтны зь іх – Міжнародны конкурс імя Ўільяма Кепэла, што адбываецца раз на тры гады ў Вашынгтоне. У 1998-м абсалютная перамога дасталася Паначэўнаму; у 2001-м ехаць у Вашынгтон ніхто зь беларускіх піяністаў, здаецца, не наважыўся. Можа, таму, што ім замінае Паначэўны – занадта недасяжны, каб на яго раўняцца?

Так ці іначай, але напярэдадні новых гастроляў Паначэўны зноў іграў у Менску. Барукаўся з раялем, якому – паводле ўсіх прыкметаў – ужо час выпраўляцца на пэнсію. Цярпеў нязносны фальш у аркестры, у якім амаль палову складалі прыхадні зь іншых калектываў ці ўвогуле цалкам выпадковыя людзі. (Найбольш дасьведчаныя аркестранты з цэлага гораду некалькі тыдняў таму зьехалі ў Гішпанію, але неўзабаве павінны вярнуцца. У Гішпаніі няма сталай працы для гэткай процьмы аркестравых музыкаў.) Ясна, дырыжор Андрэй Галанаў зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб прымусіць гэтую размаітую брыгаду іграць як адзін чалавек. Ён літаральна вылузваўся са скуры і нават дзе-нідзе страчваў пачуцьцё густу. Аднак вынік атрымаўся амаль што дасканалы. Публіка пляскала – а што яшчэ трэба. Дый Паначэўны быў задаволены. А гэта зь ім нячаста здараецца.

Юлія Андрэева

 

Дыскаграфія

 

“ОЙ, У ЛУЗЕ-ЛУЗЕ...”. Фолк-група “Ліцьвіны”. (р) “Ліцьвіны”, 1998.

Ну, ня ведаю, дзе два гады бадзяўся той альбом, перш чым нарэшце дасягнуў спажыўца. Мо і па замежжах якіх, дзе, зразумела, увагі да ўсяго спрадвечнабеларускага значна больш, чым на Айчыне, гэтак жа, як і разуменьня таго самага спрадвечнага. Карацей, квітнее ўсё беларускае выключна за межамі. Зрэшты, розныя рэчы здараюцца ў тым мастацтве...

“Ліцьвіны” павыдавалі ўжо некалькі альбомаў на касэтах, а гэтым разам сабралі, трэба думаць, найлепшае ў фармаце СD. Сеў, паслухаў. А няблага ў цэлым. Па-беларуску збольшага сьпяваюць, хоць, маючы сюю-тую адпаведную адукацыю, я ўсё ж так і ня змог зразумець надпісу на ўкладцы: песьні выконваюцца на “беларускай ліцьвінскай” і “палескай (яцьвяскай)” мовах. Не, рабяты, вы як таварыш Сталін — адкрыцьці ў мовазнаўстве ўсё ж рэгіструйце на ўласныя імёны, капірайты натуйце. А то я дагэтуль і ня ведаў, што яшчэ адну мову разумею, паліглёцік гэткі...

Я пра музыку. “Ліцьвіны” імкнуцца да таго, каб са сцэны выконваць творы народнае спадчыны як мага бліжэй да іх арыгінальных формаў бытаваньня. У тым ліку — і гучаньня. Паколькі розныя замежныя “Энсонікі” ня маюць у свіх бібліятэчках гукаў народных інструмэнтаў, Уладзімір Бярбераў выкарыстоўвае “саўнд” (гл. укладку) натуральны. Інструмэнты нават пералічаныя. Адно што вуха зачапіла: такое ўражаньне, што розныя творы для альбому пісаліся надта ўжо ў розны час. Вось, напрыклад, загалоўная песьня нешта “ня коціць”, нешта ў яе гучаньні недаробленае чуецца. Ці то проста вушы тыя ад сапраўднага гучаньня самадзейная творчасьць паадбівала... Ды не! Работу гукарэжысэра ўзорнаю назваць не магу. Блізкая да арыгіналу народная музыка — гэта яшчэ не падстава, каб запісваць тую музыку абы-як.

Дык вось, саўнд. “Ліцьвіны” не адзіныя, хто трымаецца менавіта гэтых прынцыпаў, крыху ня зважаючы пры гэтым на тое, што сам сабою перанос фальклёру на сцэну — ўжо парушэньне аўтэнтычнасьці. Гэта як ваўка ў клетцы трымаць і называць яго грозным драпежнікам. Ды які ён у клетцы драпежнік, калі на яго каты зьверху, хвасты ўзьняўшы... Самі разумееце! Ён грозны на лясной сьцяжынцы ў піліпаўку, калі ты зь ім — тварам у твар, а з патронаў у цябе — адно пакет з-пад вафляў. Ды чамусьці менавіта на фактар блізкасьці да першакрыніцы і налягаюць “Ліцьвіны”. І робіцца тое дужа тонка, тэкст (беларускі) таксама такі часам вельмі народны, як і запіс, кшталту “Нават скрыпка са Смургоншчыны — яркі ўзор заходнебеларускай вясковай традыцыі, са сваім моцным і спэцыфічным гукам”. Як гучыць вясковая традыцыя — дальбог, ня ведаю. Але, мусіць, варта ў тое верыць, як і ў тое, што гурт задуманы быў у 1956 г. Абмылка, разумею, але лішняе рэдактарскае вока тут яўна не зашкодзіла б. Ангельскае ў тым ліку, бо даслоўны пераклад назвы альбому на мову Байрана надта ж далёкі ад беларускага арыгіналу.

Увогуле гэты альбом пакідае добрае ўражаньне. “Грозныя тучкі” не палохаюць, а прыцягваюць, “Па вуліцы...” — шыкоўная. Як і вясельны марш. Тут няма спробаў мадэрнізаваць фальклёр, зрабіць яго больш сучасным за кошт выключна аранжаваньня, а больш экзатычным — за кошт ужываньня такога вымаўленьня словаў, якога і ў народзе даўно не засталося. Альбом цікавы, лічу, найперш тым, што на фоне актыўнага звароту да фальклёру ў апошнія гады ён паказвае яшчэ адзін з магчымых падыходаў да яго з сучасных пазыцый.

Бо я ніколі ўсё ж не пагаджуся з тым, што “Ліцьвіны” паказваюць аўтэнтыку. Яны прапускаюць народныя песьні праз уласны прафэсійны досьвед, і ўжо хоць бы таму песьні тыя — апрацаваныя. У якой меры — гаворка асобная. Прыблізна тое ж робіць і ансамбль “Крэсіва”, толькі ніколі ня чуў, каб ягоныя музыкі рабілі акцэнт на аўтэнтычнасьці. Мушу выказаць тут нават ці не крамольную думку: менавіта гэтая вось спроба зрабіць усё “па-настаяшчаму” і абмежавала творчую фантазію “Ліцьвінаў”, прыкавала іх да нібыта правільнасьці, ад якой часам патыхае музэем баявой славы. Фанаты “настаяшчага”, безумоўна, гэтыя запісы слухаць будуць з запалам нацыянальна-сьвядомага ўздыму. Для мяне ж “Ліцьвіны” цікавыя менавіта ў жывым увасабленьні, а не ў вось такім — правільным і амаль дакладным.

Але ж паміж гербарыем і зялёнаю травою на лузе розьніца, згадзіцеся, існуе...

Засушаны слухач

 

“ЛЕПШАЕ. THE BEST”. Група “Палац”.
(р) “Ковчег”, 2000.

Рэпэртуар гэтага альбому музыкі вызначылі мэтадам галасаваньня. Тыя песьні, што па выніках дэмакратычнага волевыяўленьня жыхароў асобна ўзятага “Палацу” набралі большасьць галасоў, і былі прапанаваныя для тыражаваньня.

У гэты сьпіс трапілі як студыйныя запісы, так і канцэртныя, як зусім старыя, літаральна зь першай сэсіі ў студыі, так і трэкі з апошняга альбому. Апрача хіба “Чужых дзевак”, якія павінны неўзабаве выдацца на новым, чарговым альбоме. Прыемна яшчэ й тое, што “Палац” выдаў выбранае ў першым, найлепшым, на маю думку, складзе. Двух музыкаў зь яго ў групе ўжо няма, але ні пры адборы нумароў, ні пры галасаваньні, наколькі вядома, ніякіх “разборак”, як гэта часта здараецца пры разьдзяленьні разам нажытае музычнае маёмасьці, не было. Што сьведчыць: у здаровым арганізьме, апрача здаровай вагі, яшчэ і дух здаровы. А Хаменка зь Беляковым на здымку — дык наагул рэклямовы паказчык увасобленага ў жыцьцё здароўя, каб “Палацу” яго яшчэ на доўгія гады хапіла…

У падобных зборнікаў “Найлепшага” заўсёды маюцца два бакі. З аднаго — гэта сабраныя разам сапраўды найлепшыя творы з даробку за некалькі гадоў. З другога, пэўныя творы, некалі вельмі папулярныя, зь цягам часу нешта ўсё ж трацяць, часьцей за ўсё ў сэнсе іхнага аранжаваньня, мода на якое, як і самі прынцыпы, зьмяняецца даволі хутка. Вось з гэтага боку некаторыя прыёмы аранжаваньня сёньня ўспрымаюцца ўжо куды больш стрымана, чым у першыя гады пасьля здачы “Палацу” ва ўсенародны ўжытак. Скажам, тая ж сэмплерная тэхніка, якая ў станаўленьні групы адыграла ўвогуле станоўчую ролю. Ды сёньня чуваць: там, дзе тых сэмплаў багата, пэўная штучнасьць прыёмаў адчуваецца. Там, дзе сэмплы ўжываюцца сьціпла, яны ніколькі ня шкодзяць гучаньню, хоць наагул “Палац” у апошні час даволі рашуча адышоў ад сэмплаваньня на карысьць жывога граньня. Ня ведаю, што на тое паўплывала: ці то гэта Выдронак разумныя клявішы ў “Юр’ю” забраў, ці то самі хлопцы мацярынскай платы баяцца. У кожным разе, тое пайшло на карысьць. Няхай цяперака “Иван Купала” захапляецца сэмплаваньнем, думаючы, што гэта яны яго выдумалі. Ну, у Расеі і Іван Фёдараў — першадрукар. Няхай!

Увогуле ж я, як прыдбаў той дыск, быў дужа задаволены. Хочаш — сьпявай разам з “Палацам”, дзякуючы якому я многія з тых песень пачуў упершыню; хочаш — скачы пад музыку, якая не патрабуе нават ужываньня шклянкі-другой аўтэнтычных напояў…

Камунальны слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0