Сучасныя сагі

Піратэхнік

Адна сяброўка распавяла мне во якую гісторыю. Нейкі падлетак, як і многія ягоныя дружбакі-раўналеткі, аж занадта захапляўся рознага кшталту піратэхнічнымі забаўкамі. Гэтае захапленьне расло з надыходам навагодніх сьвятаў. Аднойчы перад праваслаўным Раством ён прыдбаў колькі раней ня бачаных вялікіх пэтардаў, паклаў у кішэню штаноў ды пабег пахваліцца новымі цацкамі перад сябрамі. Але пасьпех быў ня ў лад — на зімовай дарозе ён пасьлізнуўся і добра гэпнуўся. Ад моцнага ўдару ў кішэні здэтанавалі пэтарды, ад выбуху якіх хлапцу ня жартам павярэдзіла геніталіі.

Варыянт каляднае страшылкі, засьцярогі для малых аматараў піратэхнікі са зваротам да мужчынскага кастрацыйнага комплексу. Прыклады апошняга ў беларускай традыцыі практычна нявывучаныя. Прыгадваецца адно хіба народны жарцік: “Сядзь! Хай не вісяць! Адарвуцца — разаб’юцца!”

 

Нявольная русалка

“Мой хлопец мне во што распавёў. Адзін пацан доўга да адной дзеўкі заляцаўся. Нарэшце яны сустрэліся ў яго дома, і ён апаіў яе нейкім зельлем, што тая, ледзьве справа дайшла да абдымкаў, нечакана адключылася. Апрытомнела дзеўка ў лазьні — голая ды скаваная ланцугамі. Залётнік аказаўся сапраўдным маньякам, які ледзь ня цэлы год, пакуль яго выпадкова ня выкрылі, трымаў дзяўчыну за русалку, почасту гвалтуючы ды кормячы ўвесь час адно сырою рыбай”.

Жывучасьць русальных сюжэтаў у беларускім кантэксьце проста ўражвае. Адам Глёбус гэтым разам адпачывае.

 

Gott mit uns!

На адным з урокаў у якойсьці школе зайшлося пра Бога. Настаўніца, хоць і выхоўвалася колісь у атэістычных традыцыях, палка даводзіла шкалярам Яго існаваньне. Дзеткі маўкліва пагаджаліся, і толькі адзін упарта адмаўляўся. Колькі і як настаўніца ні пераконвала, колькі ні выстаўляла аргумэнтаў “за”, хлапец настойліва паўтараў сваё: “Бога няма!”, стоячы ля настаўніцкага стала. Урэшце дайшло да таго, што апанэнты ў запале спрэчкі сталі кідаць толькі словы “Ёсьць!” і “Няма!” бязь лішніх абгрунтаваньняў. Можа, спрэчка тая працягнулася б значна долей, аднак, калі вучань чарговым разам вымавіў “Няма!”, раптоўна лопнула ваза з кветкамі, якая стаяла на стале ў настаўніцы.

Побытавы доказ існаваньня Бога. Такім чынам пераконвалі беларускіх атэістаў яшчэ ў XVІ ст. С.Лован і С.Зізані.

 

Прапала жонка

Неяк у аднаго мужыка прапала жонка. Круцячы розныя вэрсіі здарэньня, міліцыянты, між іншага, учынілі агляд іхнае кватэры. Тамака знайшоўся нож ізь сьлядамі крыві, група якое супадала з групаю крыві зьніклае жанчыны. Мужыка арыштавалі, падазраючы ў забойстве. Паколькі трупа жанчыны так і ня выявілі, а сам бядак палымяна адмаўляў сваю віну, засудзілі яго на сем гадоў, хаця пракурор патрабаваў расстрэлу. Вось жа пасёрбаў нябога гадкоў пяць турэмнай баланды ды выйшаў на волю з чарговай амністыяй. Так бы й жыў. Ажно аднойчы, ідучы па вуліцы, убачыў кабеціну, у якой пазнаў сваю любую. Яго ахінула ярасьць, мужык дастаў выкідуху ды зарэзаў пераляканую жанчыну, думаючы, што другі раз за аднойчы забітую яго ўжо не асудзяць. Толькі думка такая была марнай. Хаця забітая жанчына і сапраўды была ягонаю сужонкай, суд быў безапэляцыйна суворым і абвясьціў сьмяротны вырак.

Сага з шэрагу аб кпінах долі, якія ведамыя з даўніх часоў. Згадайма міт аб Эдыпу ці легенду пра вешчага Алега. У беларусаў — народныя баляды пра жаніцьбу брата й сястры. Найвялікшыя з такіх кпінаў для нас доўжацца ўжо сёмы год.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0