Навошта нам інтэграцыя?

Апошнім часам пачасьціліся размовы пра інтэграцыю Беларусі з Расеяй. То «саюзны рубель» абмяркоўваюць, то «саюзны тэлевізар». Болей сталі пісаць і пра пасяджэньні «саюзнага ўраду» і «саюзнага парлямэнту». Відавочна, што падштурхнуў размовы пра інтэграцыю нядаўні арышт у Амэрыцы дзяржсакратара новага «саюзу» Паўла Барадзіна. Больш сур’ёзная падстава для прапаганды «саюзу» — сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Размовы размовамі, але за імі важна не згубіць сутнасьці і сапраўднай мэту інтэграцыі. Што гэта? Дзеля чаго? Каму выгадна?

 

Аб’ектыўна інтэграцыя Беларусі і Расеі як колішніх фактычных калёніі і мэтраполіі ня мае іншага тлумачэньня, апроч няздатнасьці кіраўніцтва РБ ажыцьцяўляць самастойную палітыку незалежнай дзяржавы. Прэцэдэнтаў у сусьветнай практыцы хапае. Апошні прыклад: просьба адной з Каморскіх выспаў, Анжуану, былой францускай калёніі, якая атрымала незалежнасьць, «забраць іх назад». Маўляў, «нічыво не палучаецца». Французы адказалі: «Не-не, вырашайце самі». Ня так выразна, але тое самае кажуць Лукашэнку і расейцы, усяляк гамуючы і «саюзны рубель», і «саюзны тэлевізар». Верагодна, разумеюць, што незалежнасьці — як найвышэйшай фазе дзяржаўнага разьвіцьця нацыі — альтэрнатывы пакуль нідзе ў сьвеце не прыдумалі. Вазьмі зараз тую Беларусь з Лукашэнкам, а прыйдзе які больш «прадзьвінуты» кіраўнік, з шырэйшым кругаглядам — і непазьбежна прыйдзецца мець клопаты з новым разьдзяленьнем.

Прапарцыйна дачыненьні Анжуану і Францыі такія самыя, як беларуска-расейскія. Толькі там ніхто не будуе папулісцкіх схемаў накшталт Каморска-Францускага саюзу, ніхто не займаецца самападманам. Урад адкрыта прызнае сваю слабасьць. Сутнасна наша сытуацыя адрозьніваецца толькі ў гэтым пункце. У нас кіраўнік сваёй слабасьці не прызнае і таму хоча, каб вяртаньне да каляніяльнага стану разглядалася як інтэграцыя, збліжэньне роўных. А ўлічваючы жорсткую канцэнтрацыю ўлады ў руках Лукашэнкі, трэба бачыць за тымі «інтэграцыйнымі ініцыятывамі» не палітыку ўраду ці парлямэнту, г.зн. дзяржавы, а палітыку пэрсанальна Аляксандра Лукашэнкі. Алягізм сытуацыі ў тым, што ў іншага, больш спрактыкаванага і мудрага кіраўніка, на ягоным месцы нават і думкі ня ўзьнікла б пра вяртаньне ў чысты каляніяльны стан. Менавіта незалежнасьць краіны зрабілася б падставай ейнага разьвіцьця, як гэта адбываецца ва ўсім сьвеце.

Паводзіны Расеі ў дачыненьні да «інтэграцыйных працэсаў» — падкрэсьлена стрыманыя і кабінэтныя. Бюджэт «саюзнай дзяржавы» — гэта фактычна заробкі чынавенства «саюзных структураў», аплата будынкаў гэтых структураў і саюзных мерапрыемстваў. Пра рэальныя аб’яднаўчыя акцыі расейцы гавораць неахвотна. Пуцін адной з галоўных задачаў Расеі назваў пазбаўленьне імпэрскіх амбіцыяў. Ужо ў гэтай фразе — і ацэнка сутнасьці Савецкага Саюзу, і ацэнка захадаў дзеля яго аднаўленьня. Маўляў, імпэрыі ня будзе.

Ацэнка Савецкага Саюзу як імпэрыі — пераемніцы імпэрыі расейскай — цалкам слушная. Давайце ўспомнім, якое месца займала Беларусь у гэтай савецка-расейскай імпэрыі. Марыянэткавыя ўрад, сымболіка, плянамернае скарачэньне беларускага школьніцтва, дыскрэдытацыя «недаразьвітага языка». У найгоршыя часы — фізычнае вынішчэньне беларускай інтэлігенцыі, у «найлепшыя» — забарона называць Беларусь краінай (а толькі рэспублікай).

Ідэалёгія братэрства не вытрымлівае крытыкі, хоць і эксплюатуецца ўжо 200 гадоў. Браты найлепей дачыняюцца, калі жывуць паасобку. Ідэалёгія праваслаўя ўсё больш дыскрэдытуе сябе то антысэмітызмам, то нічым не апраўданым цкаваньнем пратэстантаў, то імкненьнем стаць дзяржаўнай рэлігіяй у краіне, дзе суіснуюць розныя веравызнаньні і толькі тры працэнты дэкляраваных праваслаўных сапраўды наведваюць царкву.

Не вытрымлівае крытыкі і прапаганда эканамічных выгодаў «інтэграцыі»: спробы прывязаць беларускі рубель да нестабільнага расейскага, выпрошваньне ў Расеі крэдытаў, якія тая, у сваю чаргу, бярэ на Захадзе. Усё гэта нават не стратэгія, у якой абавязкова мусіла б быць мэта: калі ж перастанем прасіць – праз год ці праз сто? Усё гэта выглядае на тактычныя крокі, абы заляпіць дзіркі. Хаця б на які месяц, а там пабачым.

Не вытрымлівае, нарэшце, крытыкі і міт пра беднасьць Беларусі на свае рэсурсы – самаабразьлівая казачка, якой таксама ўжо 200 гадоў. Хоць у сьвеце існуе мноства прыкладаў, што ня нафта і золата галоўны скарб краіны. Некаторыя ў нафце купаюцца, а жывуць дзіка. А некаторыя і на голым камені разводзяць райскія сады, дзякуючы ўмеламу выкарыстаньню працоўнага рэсурсу ўласнага народу. Гэта значыць – дзякуючы ўмеламу кіраваньню. Такая дзяржава ніколі ня вернецца ў каляніяльны стан, і яе людзі заўсёды будуць ганарыцца і ўласнымі грашыма, і ўласным пашпартам, і ўласнай сымболікай.

Вось чаму ўсе гаворкі пра інтэграцыю ў цяперашняй Беларусі нельга вытлумачыць нічым, апроч няздатнасьці кіраўніцтва самастойна наладзіць жыцьцё ў краіне.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0