Вызваленьне палітвязьня

Справа Ўладзімера Кудзінава

Навіна, што пачынаюць урэшце выпускаць з турмы дэпутатаў-зьняволеных, была б зусім добрай, каб суды пераглядалі іхныя справы з улікам іх палітычнае матываванасьці – іншымі словамі, каб дэпутаты былі прызнаныя невінаватымі. Але, раз пры існай уладзе такога мы дакладна не дачакаем, добрай навіной ёсьць і проста перагляд справаў згодна з новым крымінальным заканадаўствам.

У пятніцу агенцтва БелаПАН распаўсюдзіла зьвесткі пра перагляд у Барысаўскім райсудзе справы дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Ўладзімера Кудзінава ў зьвязку з прыняцьцем новага Крымінальнага кодэксу, які значна зьмякчае шэраг артыкулаў. Газэты застракацелі паведамленьнямі аб тым, што пытаньне вызваленьня дэпутата – гэта справа пары дзён. Нам таксама вельмі хацелася б, каб гэты нумар “НН” сп.Кудзінаў чытаў, седзячы дома на канапе ў атачэньні родных і сяброў. Тым ня менш, прыцягвае ўвагу шэраг дробных недарэчнасьцяў, у сьвятле якіх праз пару дзён мусіць адбыцца доўгачаканае вызваленьне Кудзінава.

Кудзінаў быў асуджаны да 7 гадоў турмы згодна з артыкулам 170 ч.2 цяпер ужо несапраўднага Крымінальнага кодэксу, суд прызнаў яго вінаватым у дачы хабару. За кратамі дэпутат знаходзіцца з 4 лютага 1997 г. Новы Крымінальны кодэкс за тое самае (арт. 431 ч.2) прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Такім чынам, 1 лютага, у мінулы чацьвер, суд Барысаўскага раёну быццам бы зьменшыў вязьню пакараньне – зь сямі да пяці гадоў. Але... За тыя 4 гады, што Уладзімер Кудзінаў сядзіць за кратамі, ён перажыў ужо дзьве амністыі, згодна зь якімі ягоны тэрмін зьняволеньня быў двойчы скарочаны на адзін год. На момант перагляду справы ў Барысаве Кудзінаў меў фактычны тэрмін 5 год. Таму нельга сказаць, што барысаўскі суд зрабіў нейкую асаблівую ласку. Кудзінаў нічога ў тэрміне зьняволеньня ня страціў (хоць у беларускіх умовах яшчэ дзякуй Богу, што не набыў).

Заўважце таксама, што судзілі Кудзінава ў 97-м годзе па артыкуле “ад 7 да 15” і далі найніжэйшае вызначанае пакараньне. У 2001-м справу перагледзелі па артыкуле “да 5-ці” — і максымальныя 5 гадоў пакінулі. Як тыя кажуць, уваход – рубель, выхад – два...

Адкуль тады зьвесткі пра такое хуткае вызваленьне? Чаму ў асяродку журналістаў у пятніцу пранеслася: “У панядзелак, 5 лютага, сустракаем Кудзінава”?

Як высьветлілася, менавіта ў панядзелак сустракаць мужа параіў жонцы дэпутата, Зоі Кудзінавай, судзьдзя Менскага абласнога суду Сяргей Мікуліч. Выходзіць, што калі судзьдзя Мікуліч ня хлусіць – тады хлусіць агенцтва БелаПАН. І тады Кудзінаву ў выніку перагляду ягонай справы прысуджаны тэрмін ня пяць гадоў, а чатыры – менавіта гэткі тэрмін “адседкі” сканчаецца для дэпутата 4 лютага.

Нялішне заўважыць: згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, калі тэрмін зьняволеньня сканчаецца ў нядзелю ці іншы выходны дзень, турэмная адміністрацыя абавязана вызваліць чалавека на дзень раней. І звычайна начальства калёніяў ад гэтага пункту заканадаўства не адступае. Але ў мінулую суботу з установы УЖ-15/1, што знаходзіцца ў Менску на вуліцы Кальварыйскай, вызваліліся тры чалавекі, сярод якіх не было Ў.Кудзінава. Мы асабіста размаўлялі з гэтымі людзьмі – паводле іхніх словаў, Кудзінава на вызваленьне ў той дзень ніхто не выклікаў.

Дзяжурны памочнік начальніка калёніі на Кальварыйскай, сп.Борахаў, у тэлефоннай размове зазначыў, што нічога ня ведае пра маючае адбыцца вызваленьне дэпутата.

Выходзіць, што нехта – журналісты, судзьдзя Мікуліч ці хтосьці іншы — яшчэ раз “амніставаў” Кудзінава на два гады, пакінуўшы яму трохгадовы тэрмін пакараньня. Было б добра, каб адна й тая ж амністыя скарачала тэрміны зьняволеньня двойчы. Але гэтак адбываецца толькі ў салодкіх марах пачынаючых вязьняў. І нідзе болей.

Калі Кудзінава сапраўды вызваляць на гэтым тыдні, мы першымі пацісьнем руку гэтаму мужнаму чалавеку. Але пакуль што пэўнасьці няма. Калі б сапраўды на новы 5-гадовы тэрмін уплывала амністыя, Кудзінаў меў бы сядзець, з улікам папярэдніх амністыяў, толькі тры гады, і тады яго мусілі адпусьціць неадкладна па вынясеньні барысаўскім судом рашэньня пра зьмякчэньне пакараньня. Больш за тое, дэпутат меў бы права патрабаваць ад дзяржавы кампэнсацыю за незаконна адседжаны ім год. Калі б судзьдзі, прадугледжваючы такі паварот справы, захацелі прадухіліць скаргі, рашэньне суду пра вызваленьне мела б фармулёўку “абмежавацца адседжаным тэрмінам”. Але тады Уладзімер Кудзінаў абняў бы жонку й дачок таксама ў мінулы чацьвер. Бо, згодна з крымінальна-працэсуальным законам, судовае рашэньне аб вызваленьні зьняволенага падлягае неадкладнаму выкананьню незалежна ад таго, ці будзе яно апратэставанае пракуратурай. Адзінае тлумачэньне ўсёй гэтай справы – што адбылася нейкая блытаніна. Што Лукашэнка ўсё ж паставіў заданьне выпусьціць палітвязьняў (прынамсі, іх частку) напярэдадні выбараў, але райсуд апрануў гэтае рашэньне ў нейкую пакуль памылковую фармулёўку.

Не сьпяшаймася, панове, казаць дзякуй. Не забывайма, хто палітвязьняў адправіў у свой час за краты.

Тацяна Сьнітко,
Зьміцер Гарбуноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0