Уладзімер Ляхоўскі

Галоўны закон беларускага жыцьця

Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі й справа змаганьня за Незалежную Беларусь

 

Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. прававая расейская сыстэма разбурылася, на яе месца насоўваўся бальшавізм. Край маўчаў ды мадзеў. Здавалася, што няма тае згуртаванае сілы ў народзе, якая здолее ўзяць на сябе адказнасьць за лёс бацькаўшчыны. Але такая сіла была – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, абраная на Ўсебеларускім зьезьдзе ў сьнежні 1917 г. Насамрэч, ні Ўсебеларускі зьезд, ні Рада БНР з сучаснага прававога гледзішча не зьяўляліся паўнавартаснымі прадстаўнікамі беларускага народу, выбранымі на падставе ўсеагульнага, тайнага народнага галасаваньня. Гэткае волевыяўленьне было немагчымым ва ўмовах пэрманэнтных акупацыяў Беларусі. Але Рада БНР на той час была адзіным дэмакратычным прадстаўнічым органам у Беларусі, які мог выступаць у абарону правоў свайго народу, прэзэнтаваць ягоныя інтарэсы ў сьвеце. Усьведамляючы сваю адказнасьць за лёс Бацькаўшчыны, за яе будучыню, 25 сакавіка 1918 г. Рада прыняла гістарычны акт пра незалежнасьць. Аляксандар Цьвікевіч ёміста ды проста сфармуляваў сутнасьць і значэньне гэтай падзеі: “Права на незалежнасьць разумеецца само сабой… акт 25 сакавіка не шукае для сябе апраўданьня… ён сваім зьместам зацьверджае правечнае права народаў Беларусі на волю… Праўда, дзякуючы акту 25 сакавіка Беларусь ня стала незалежнаю дзяржавай. Але гэта ня зьменшае надзвычайнай, гістарычнай вартасьці гэтага акту як галоўнейшага закону беларускага вызваленчага руху, усяго беларускага адраджэньня. Ён стаў не законам, праведзеным у жыцьцё, але стаў законам беларускага жыцьця (падкрэсьлена мной. — У. Л.).”

Гісторыя БНР зноўку сталася актуальнай напрыканцы 1980-х, калі беларускія нацыяналісты на чале зь Зянонам Пазьняком стварылі БНФ і ўзьнялі пытаньне дзяржаўнай незалежнасьці. Тады на ўвесь голас было сказана, што ўтвораная ў 1918 г. БНР была рэальнай спробай стварыць сваю нацыянальную дзяржаву. Прыход да ўлады ў 1994 г. рэваншысцкага прарасейскага рэжыму і рэсаветызацыя краіны замарудзіла працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня грамадзтва і аб’ектыўнага асэнсаваньня нацыянальнай гісторыі. Наш абываталь у сваёй большасьці дагэтуль блытае БНР з БНФ. Задамося пытаньнем: чым жа насамрэч была Беларуская Народная Рэспубліка?

Савецкія падручнікі тлумачылі: БНР — “правакацыя беларускага народу” з боку нацыяналістаў (зладжаная нямецкімі і польскімі акупантамі, а таксама краінамі Антанты), якія імкнуліся адарваць Беларусь ад “братняй” Расеі. На пачатку 1990-х, за кароткі час дэмакратызацыі й беларусізацыі атрымала права на жыцьцё іншая трактоўка: БНР — “беларуская дзяржава, утвораная ў 1918 г.” (“Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі”, 1993).

Пачнем з вызначэньня тэрыторыі БНР. Другая Ўстаўная Грамата дэкляруе: “Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай”. Тым самым сьцьвярджалася, што Беларусь непадзельная і ніхто, акрамя народу Беларусі, ня мае права вяршыць ягоны лёс і валадарыць на ягонай зямлі.

Аднак панаваньне чужынцаў на беларускай зямлі працягвалася, таму гэты канстытуцыйны пастулят так і не пераўтварыўся ў закон і застаўся дэклярацыяй пра намеры.

Часавыя абсягі існаваньня БНР выклікаюць шматлікія спрэчкі. Асобныя дасьледнікі абмяжоўваюць ейную чыннасьць 1918-м годам (студзень—сьнежань), калі Рада ды Ўрад БНР дзейнічалі ў Менску. У гэтым ёсьць пэўная лёгіка. Пасьля звароту ў Менск бальшавікоў Рада Рэспублікі фактычна перастала існаваць (апошні раз у поўным складзе яна зьбярэцца на пару дзён у акупаваным палякамі Менску толькі ў сьнежні 1919 г.), а ейны Ўрад стаў урадам у выгнаньні. Iншыя лiчаць, што храналёгiю чыннасьцi БНР трэба пашырыць да 1921 г., г.зн. да заканчэньня польска-савецкае вайны ды падпiсаньня Рыскае дамовы, калi Беларусь падзялілі Польшча i бальшавiцкая Расея. Трэцiя, якія сяньня складаюць бальшыню, дацягваюць ейную дзейнасьць да 1925 г., калi на 2-й Бэрлiнскай агульнанацыянальнай палiтычнай нарадзе група А.Цьвiкевiча лiквiдавала ўрад БНР. А можна лічыць годам зьнікненьня БНР 1943-і, калi памёр Васiль Захарка, тагачасны ейны прэзыдэнт. А чым тады лічыць сяньняшнюю Раду БНР на эмiграцыi – легiтымным прадстаўнiцтвам беларускага народу ў выгнаньнi ва ўмовах акупацыi краiны (гэта пры 10-гадовым iснаваньнi Рэспублiкi Беларусі) цi iдэалягiчнай асамблеяй, што прэзэнтуе “праўную пераемнасьць дзяржаўнай незалежнасьці Беларусi”?

Адкажам проста: Беларуская Народная Рэспубліка як рэальная дзяржава з усімі клясычнымі атрыбутамі дзяржаўнасьці ў 1918 г. да канца ня зьдзейсьнілася. Найбольшыя ейныя посьпехі бачныя на ніве разьвіцьця нацыянальнай культуры й асьветы, выдавецкай дзейнасьці. Вельмі сьціпла выглядаюць здабыткі БНР у справе арганізацыі нацыянальнага войска, рэалізацыі фінансава-эканамічных праектаў. Пэўных вынікаў дасягнулі беларускія дзеячы ў дыпляматычнай чыннасьці. Былі ўтвораныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы й кансуляты БНР ў Бэрліне, Коўне, Рызе, Капэнгагене, Празе, Парыжы, Стамбуле ды іншых эўрапейскіх сталіцах. Дзякуючы намаганьням Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Кастуся Езавітава, Кузьмы Цярэшчанкі, Аляксандра Цьвікевіча Беларуская Рэспубліка дэ-юрэ была прызнаная ўрадамі Ўкраіны, краінаў Балтыі (Літвы, Латвіі. Эстоніі) ды Фінляндыі. Рэальных наступстваў у справе прызнаньня Беларусі як суб’екта міжнароднага права гэта не прынесла. Заходняя Эўропа тады, на жаль, засталася абыякавай да голасу прадстаўнікоў беларускага народу. Падчас працы Парыскай мірнай канфэрэнцыі ў 1919—1920 г. палякі і прадстаўнікі белай расейскай эміграцыі перашкодзілі дэлегацыі БНР узяць удзел у паседжаньні.

БНР можна характарызаваць як палітычную інстытуцыю, утвораную ў 1918 г. з арганізацыйных структураў першага агульнанацыянальнага форуму — Усебеларускага зьезду 1917 г., якая мела на мэце дасягненьне рэальнай незалежнасьці Беларусі. І храналягічная цягласьць БНР будзе доўжыцца, покуль задачы па будаваньні сувэрэннае Беларусі застаюцца актуальнымі.

Аб’ектыўныя ды суб’ектыўныя прычыны перашкодзілі беларускай нацыянальнай эліце ў 1918 г. дамагчыся дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі. Аднак у той час была сфармаваная яе ідэалёгія. Паводле Ўстаўных Граматаў фундамэнт дзяржаўнасьці будаваўся на прынцыпах парлямэнтарызму, дэмакратычнага выбарчага права й падзелу ўладаў, на аснове свабодаў і роўнасьці для ўсіх грамадзянаў краіны, не зважаючы на іхную нацыянальную ды канфэсійную прыналежнасьць. Для прадстаўнікоў іншых этнічных групаў абвяшчалася “права на нацыянальную-пэрсанальную аўтаномію …роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі”. Прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў бралі чынны ўдзел у стварэньні Беларускага агульнага Дому. Гэбраі Мойша Гутман, Самуіл Жытлоўскі, Ісак Лур’е, Давід Анэкштэйн, Бруна Мілер актыўна працавалі ў структурах ураду БНР, а татары Гасан Канапацкі ды Якуб Якубоўскі спрычыніліся да стварэньня беларускага войска. Ёсьць і цалкам адваротныя прыкрыя прыклады, калі самі беларусы варожа ставіліся да ідэі незалежнасьці. (Ідэоляг правых расейскіх шавіністаў, аўтар “Народной монархии” Іван Саланевіч калісь пісаў, што ён “стопроцентный белорус”, але выхаваны не на нейкім там Янку Купалу, а на Пушкіну й Дастаеўскім ды выступаў заўсёды за “единую Россию”, а не за нейкі там сойм у Вільні або Менску.)

Штопраўда, лявіца ў Радзе ды Ўрадзе БНР (перадусім эсэры) не адракаліся ідэі будаваньня нацыянальнай дзяржаўнасьці на савецкай аснове (так, у канстытуцыйных актах БНР праводзіцца ідэя скасаваньня прыватнае ўласнасьці на зямлю). Іхная апантанасьць iдэямi ўсталяваньня ў Беларусi “дыктатуры працоўных масаў” ды сусьветнае сацыялiстычнае рэвалюцыi адштурхнула ад iх значную частку патрыятычна настроенага грамадзтва, найперш зь ліку заможнікаў. Аднабокасьць палітычнага спэктру беларускага вызвольнага руху першае паловы ХХ ст., дзе пераважалі сацыялісты й левыя радыкалы, ідэалягічныя памкненьні якіх ня мелі сур’ёзнае альтэрнатывы з боку правацэнтрысцкіх ды лібэральных партыяў, доўгі час шкодзіла справе згуртаваньня адзінага незалежніцкага лягеру. А ці разумелі левыя радыкалы, чаго насамрэч хацелі беларускія сяляне, інтарэсы якіх яны імкнуліся бараніць? “Наагул, – пісаў адзін з ідэолягаў маладое плыні беларускага нацыянальнага руху Рыгор Злоцкі, — трэба адзначыць, што на Беларусі сярод беларускіх сялянаў не было камуністаў. Ідэя камунізму чужда для беларуса, часткаю праўда да гэтага прычасна наша інтэлігэнцыя, апынуўшаяся ў трагічным становішчы. Большасьцю жа насіцеляў камуны зьяўляецца брадзячы беларускі элемэнт, выхаваны на расейскіх фабрыках”.

Менавiта пад уплывам ідэалёгіі БНР быў iдэйна разгромлены беларускiм нацыянальным адраджэньнем “западноруссизм”. Нямала iдэйных “западноруссов” перайшлi на беларускiя адраджэнскiя пазыцыi (Тодар Вернікоўскі, Васіль Рагуля, Аляксандар Карабач). Галоўнай пагрозай беларускаму руху зрабілася iдэалёгiя бальшавiзму – новае формы маскоўскага iмпэрыялiзму, якi нярэдка хаваўся пад маскаю нацыянал-камунiзму.

Апагеем чыннасьці БНР стала прыняцьце 25 сакавіка 1918 г. Трэцяй Устаўной Граматы, якая абвяшчала сувэрэнітэт Беларусі й дзяржаўны разрыў з Расеяй. Важнаю тут уяўляецца праблема прававога ды маральнага вызначэньня Акту 25 Сакавіка. Прыняцьце Сакавіцкага Акту – галоўная падзея ў гісторыі Беларусі ХХ ст. Ейныя ворагі, учорашнія ды сёньняшнія, лямантуюць пра тое, што прыняцьце акту пра незалежнасьць Радаю Рэспублікі зь юрыдычнага боку было нелегітымным. Аднак веліч гэтай падзеі не патрабуе ідэалягічных замоўчваньняў і стварэньня мітаў. Калі аналізаваць гісторыю з пункту гледжаньня “легітымнасьці” гэткага кшталту, нават укрыжаваньне Ісуса Хрыста можа падацца законным, бо таго пажадаў натоўп.

Што ўяўляла зь сябе Беларусь напярэдадні абвяшчэньня Незалежнасьці? Разбураная вайною гаспадарка, больш за мільён уцекачоў на абшарах Расейскай імпэрыі, адсутнасьць грамадзянскае супольнасьці, трывалых дэмакратычных традыцыяў, дэнацыяналізаваная большасьць тутэйшае інтэлігенцыі ды сярэдняе клясы грамадзтва, чужародная небеларуская буржуазія і прадпрымальніцтва. (Адзін красамоўны факт: паводле зьвестак з 500 анкетаў настаўнікаў сярэдніх і пачатковых школаў Віцебшчыны, пададзеных у 1918/19 навучальным годзе ў тамтэйшы губэрнскі аддзел народнай адукацыі, толькі 3 чалавекі з апытаных пазначылі сваёю роднаю мовай беларускую(!). У Менску, які стаў у той час фарпостам беларускага вызвольнага руху, з 200 пэдагагічных працаўнікоў беларускай мовай пры выкладаньні ў навучальнай установе карысталіся ад сілы 30—40.)

У сытуацыі, калі незалежніцкі рух не набыў яшчэ “крытычнае” вагі, калі людзкі рэсурс беларускага адраджэньня быў нешматлікім, беларускія нацыянальныя дзеячы нярэдка ў палітычнай барацьбе паміж сабой за асабістыя ды групавыя інтарэсы забываліся пра мэту сваёй чыннасьці. Нямногія разумелі згубнасьць міжпартыйных звадак. Адзін зь лідэраў Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка пісаў свайму нядаўняму апанэнту Вацлаву Ластоўскаму 15 ліпеня 1920 г.: “Павінен быць скрыты ядзіны нацыянальны фронт… Ня час тапер дзяліць сьведамых беларусаў на правых і левых. Усех нас аб’едзіняе агульная мэта — незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны”. Калі цэнтрысты (сацыял-дэмакраты, народныя сацыялісты, хадэкі) усё больш схіляліся ў сваёй палітычнай дзейнасьці да шляху эвалюцыі, дык прыхільнікі левае радыкальнае плыні (эсэры і большасьць сацыял-фэдэралістаў) ратавалі за “чыстую лінію” нацыянальнае рэвалюцыі. У выніку, пры канцы 1920 г. разьяднаная палітычная нацыянальная эліта не была гатовая ні маральна, ні арганізацыйна да масавага ўздыму беларускага сялянства супраць “польскага пана ды маскоўскага камісара”.“Сяляне ўбачылі…, — пісаў у той час Злоцкі, — усё тое, што нясуць камуністы — чужое для іх, а ў камуне самой бачылі для сябе кабалу. Вось тут яны і ўхапіліся за прынцып самаазначэньня. Утварылася такім чынам рэальная апазыцыя кампартыі. Расейцы-камуністы спалохаліся гэтай думкі сярод селян аб “буржуазнай” незалежнасьці і пайшлі на ўступкі, прыпадносячы эрзац-незалежнасьць з погляду компартыі і аб’явіўшы барацьбу правадырам “буржуазнай” (народна-дэмакратычнай) незалежнасьці”. Чаго так дамагаліся беларускія рэвалюцыянэры, адбылося насамрэч, але бязь іх. Хто ў гэты час сядзеў у Варшаве, хто ў Коўне і Рызе. Трагізм Слуцкага збройнага чыну і дзясяткаў іншых антыбальшавіцкіх паўстаньняў вядомы.

Усё ж, колькі словаў пра “айцоў” БНР. Iван ды Антон Луцкевiчы, узгаданыя раней Ластоўскi, Цярэшчанка, Дуж-Душэўскi, Езавітаў і Цьвікевіч, а таксама Тамаш Грыб, Янка Чарапук, Васiль Захарка, Пётра Крэчэўскi, Янка Станкевiч, Язэп Варонка, Лявон Вiтан-Дубейкаўскi... Яны паўстаюць перад намi жывымi людзьмi, кожны са сваiм уласным “ego”, са сваiмi схiльнасьцямi, сымпатыямi ды антыпатыямi. Часам рабiлi памылкi, часам былi не на вышынi. Але iх цяжка папракнуць у адсутнасьцi любовi да Бацькаўшчыны, адказнасьцi за яе будучыню. Яны хварэлi сэрцам за Беларусь, аддавалi ёй свой талент i энэргiю. Сучасны расейскi гiсторык-”дэмакрат” Уладзiмер Булдакоў пры ўсёй сваёй “пранiкнёнасьцi” так i не зразумеў сутнасьці нацыянальнага ўздыму “недзяржаўных” народаў былой Расейскай iмпэрыi. За г.зв. “сэпаратызм” ён цынiчна назваў нацыянальных дзеячоў — беларусаў, украiнцаў, грузiнаў, прадстаўнiкоў iншых народаў — “этнамаргiналамi”. Выхаванаму на імпэрскiх традыцыях, яму, вiдаць, цяжка ўцямiць, што галоўнае крэда лiдэраў нацыянальна-вызвольнага руху былых паняволеных нацыяў Расеі было й ёсьць не “русафобiя”, а iдэалы свабоды: для кожнага народу, грамады, асобы, задачы не разбуральныя, але стваральныя — будаваньне свайго ўласнага дому. Некаторых зь іх па-сапраўднаму можна назваць рыцарамі высокага духу й свабоды. У 1925 г., у час расчараваньняў, духоўнага і фізычнага зьнясільля ў лягеры беларускіх незалежнікаў, тагачасны прэзыдэнт БНР Пётра Крэчэўскі зьвяртаўся да сваіх сяброў ды аднадумцаў, паказваючы прыклад дзяржаўнай мужнасьці й веры ў ідэалы Вольнай Беларусі: ”Пытаюцца, калі ж настане гэты час. Усім надзвычайна цяжка насіць гэтыя пачэсныя тытулы, ня маючы пашаны нават ад палітычна думаючых у Краі калег. Так, цяжка… Аб гэтым кожны павінен быў падумаць у час, як яго выбіралі на пэўнае становішча. Цяпер аб гэтым думаць позна. Трэба ведаць, што ўлада — ня радасьць і асабісты дабрабыт, а крыж, які народ ускладае на плечы лепшых сыноў, каб яны зрабілі тое, чаго ня можа зрабіць народ сам. Ня трэба пэсымізму і безнадзейнасьці — трэба цьвёрда ісьці да сваёй мэты, тады хутчэй можа наступіць і канец нашаму крыжу, які мы з гордасьцю і задавальненьнем паложым у ног выбраўшага нас народу і скажам, што мы з чэсьцю выпаўнілі свой абавязак”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0