Алесь Чобат

БССР: 1919-91

 

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была галоўнай падзеяй у жыцьці беларускай нацыі ХХ стагодзьдзя. Сама нацыя, “просты народ”, і яе наўрад ці хацела. Але менавіта ў часах БССР тая нацыя худа-бедна стала на ногі, скончыла школу, уцякла зь вёскі ў Менск альбо Горадню, здабыла кватэру, уладкавала сына ў вайсковую вучэльню, а дачку — замуж за начальніка альбо нават за немца... Адным словам, за часам БССР вёска вылезла з гною ў людзі. Уся. Разам. За адно пакаленьне.

У “гістарычную сьвядомасьць” сучаснай беларускай нацыі тыя ВКЛ ды Рэч Паспалітая ніколі і ніяк ня ўлезуць – бо гэта не яе гісторыя ў яе разуменьні. Бо “просты вясковы люд” ня мае гісторыі – ён жыве ў замкнёным коле: зіма, вясна, лета, восень. Гісторыя пачынаецца, калі людзі выходзяць зь вёскі. А беларусы выйшлі зь вёскі толькі ў часы БССР.

Дый БССР гэнай таксама магло б ня быць. Бо розныя прыблудныя Мясьніковы ды Ландэры хацелі камандаваць адной “Западной Областью”; на БССР не хапала ў іх розуму, пыхі, адвагі, таленту. Зрабіў БССР, насамрэч, Сталін Іосіф Вісарыёнавіч, у тыя гады народны камісар па справах нацыянальнасьцяў. Круцілі і перакручвалі тую БССР як хацелі. Не пасьпелі абвясьціць яе ў Смаленску 1 студзеня 1919 г., як празь месяц у Менску зрабілі ўжо Літоўска-Беларускую – і сталічку ў Вільню аднесьлі. А ціскануў вясной і летам з захаду маршал Пілсудзкі, дык пра тую “літбелку” адразу забыліся, зноў зрабілі ССРБ – і сталічку назад у Смаленск... А пляны былі зусім яе скасаваць. За непатрэбнасьцю. Але тут, ужо па савецка-польскай вайне 1920 г., рушыў восеньню па Палесьсі генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч. Чатыры дывізіі Чырвонай Арміі разьнёс у дым з пылам, 50 тыс. вінтовак слуцкім, менскім і мазырскім мужыкам пакінуў... Ваеннае становішча ў Беларусі было да лета 1924 г., і Віцебшчыну з Магілёўшчынай да той захаванай БССР далучылі з той самай прычыны – каб трымаць тую “вясковую страляніну” ў адной жмені.

Так робіцца гісторыя. Не было б генэрала Булак-Балаховіча, не пакінулі б бальшавікі БССР. А калі летам 1921 г. у Менску нямецкі амбасадар асеў, а зімой 1922 г. БССР як адзін з чатырох суб’ектаў утварыла Савецкі Саюз, тут ужо стала амаль што пэўна, што “жыве сабе Беларусь...”

Што праўда, у другой палове 30-х магло павярнуцца іначай. Чаму гэта ў Магілёве збудавалі “Дом Ураду-біс” – як у Менску?! А таму, што Магілёў... меў быць сталіцай Западнорусской ССР у складзе БССР (у межах да 1939 г.) і Смаленскай Губэрні. Межы той новай “рэспублікі” адпавядалі межам вайсковай акругі. У тым уся прычына, у тым і фокус... Але тут Гітлер у Эўропе морду задраў. Па мюнхэнскім падзеле Чэхаславаччыны ўчуў таварыш Сталін слабіну і страх “дзермакратаў” эўрапейскіх ды таксама ў Эўропу палез – і тут ізноў БССР спатрэбілася. Беларусь нашу мілую “Россия-матушка” заўжды піхала ў Эўропу перад сабою – як бульдозэр ножык. Таму мы той Расеі і патрэбныя, таму і жыве Беларусь...

Быў верасень 1939 г., скончыўся той “рыскі падзел ганебны”... Быў чэрвень 1941 г. і поўны разгром Вэрмахтам “асвабадзіцялеў”. Былі “польскія вывазкі”, была бойня габрэяў, была акупацыя, пятнаццаць паліцый – ад латышоў да калмыкаў! – была савецкая партызанка
(дакладней, ажно чатыры: ад НКВД, ад ГРУ Генэральнага Штабу, ад ЦШПД таварыша Панамарэнкі і ад “антыфашыстоўскіх камітэтаў” былой КПЗБ!), была Армія Краёва, украінская ЎПА... У 1944-м прывёў генэрал Іван Сяроў восем (!!!) дывізій МГБ і вымеў усіх, як венікам. Стралялі, вядома, саплякі па вёсках – да 1950 г. Ды потым іх простыя раённыя “чакісты” паціху пералапацілі... А вось тут ужо пачалі будаваць фабрыкі, “азоты”, браць у войска, пускаць у пэдагагічны інстытут, а самых тупых недаўлотаў “мучыць” у калгасе... (Так паміж намі, вясковы бядак першы раз “сытна” паеў, калі пачаў красьці у калгасе.) У савецкай літаратуры гэты час (ад 50-х і да 80-х гадоў на Захадзе і гадоў на 20 раней на Ўсходзе) называецца вядомай трыядай: індустрыялізацыя, калектывізацыя і культурная рэвалюцыя.

Савецкая індустрыялізацыя, калектывізацыя і культурная рэвалюцыя сфармавалі сучасную беларускую нацыю. Ня “кніжную”, а сапраўдную.

Лічбы можна пакінуць статыстыкам і гісторыкам – важней вылучыць сутнасьць. А сутнасьць гэтага зусім нядаўняга часу ў тым, што вёска пераехала да места, атрымала местачковыя дыплёмы і прафэсіі, села на начальніцкія крэслы, засвоіла газавыя пліты і сантэхніку, але псыхалягічна працягвае да нашых дзён думаць... як у вёсцы.

Чаму так сталася? Бо гэты “пераезд” адбыўся неверагодна хутка і масава. Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе ня места паціху перамалола і “зацывілізавала” вёску, але вёска так гвалтоўна і раптоўна лінула ў места, што сама стаптала, перакруціла, вывернула на свой капыл і завескавала яго.

Што такое вёска? Гэта такая чалавечая супольнасьць, якая, па-першае, жыве клянам, не прызнае асобы чалавека як асобы, толькі як частку кляну, а па-другое, вёска жыве адным днём, жыве ня ў часе, а ў замкнёным коле – ад “пасяўной” да “ўборачнай”... І гэта не бяда і ня сорам! Зрэшты, у вёсцы, а тым болей у нашай вёсцы “безь людзей не пражывеш”... Але ў тым бяда, што, жывучы ў месьце паводле вясковых звычак, будзеш выглядаць “нармалёвым” толькі сярод “сваіх”, але... поўным ідыётам перад усім астатнім сьветам – і Расеяй у тым ліку! Зь беларусаў сьмяюцца, бо беларусы... усе “такія, як усе”. У нас эліты няма. Пагаварыце зь любым губэрнатарам, міністрам, старшынькай Саюзу Пісьменьнікаў – ніводны ня думае хоць на два-тры гады наперад; думаюць як у вёсцы, на дзьве пары году: “зіма” і “падгатоўка к зіме”; “пасяўная” і “ўборачная”.

БССР нічога не зьмяніла ў псыхалёгіі і характары беларусаў. Савецкі лад і парадак ідэальна лёг на беларускі клян і беларускую вёску. Дзіва, што беларусы любяць БССР і Савецкі Саюз! Дзіва, што на тыя ВКЛ і Рэч Паспалітую – а нават Расейскую імпэрыю! – у іх поўная алергія. Бо гэта – чужое.

У дзеях БССР выключнае значэньне мела ІІ сусьветная вайна (па савецкай тэрміналёгіі “Великая Отечественная”), бо гэта была першая вайна ў гісторыі Беларусі, зь якой этнічныя беларусы выцягнулі карысьць. “Адраджэнскі” лямант пра “страчаныя” Вільню, Смаленск, Беласток не хачу слухаць – для таго ёсьць Пазьняк у Варшаве і пара-тройка ненармальных у кожным мястэчку. Бо тая карысьць ад вынікаў ІІ сусьветнай вайны намнога важнейшая за Вільню, Смаленск і Беласток.

Па-першае, у выніку вайны БССР павялічылася ўдвая, ахапіла амаль усе так званыя “этнічныя землі”.

Па-другое, даваенныя дамінуючыя нацыі (палякі і габрэі) выйшлі з вайны абяскроўленымі. Ад габрэяў у выніку гітлераўскага генацыду на засталося амаль нічога. Палякі ў выніку савецкіх “вывазак” і эміграцыі ў карэнную Польшчу страцілі ўсю эліту, “інтэлігенцыю”, па-савецку кажучы, – і здэградавалі на вяскова-калгасны люд.

Па-трэцяе, ад 1945 г. БССР зрабілася фармальна ажно суб’ектам міжнароднага права, трапіла ў заснавальнікі ААН.

Па-чацьвертае, пасьля вайны беларусы з “партызанскім радаводам” масава лінулі ня проста ў месца, але ў кіраўніцтва, адміністрацыю – і прыблізна з 1956 г. амаль што апанавалі Менск і губэрні, ня кажучы ўжо пра раёны. (Па-за старшынём КГБ і камандуючым вайсковай акругай.) У 20-я і 30-я пра тое і падумаць ніхто ня мог.

Чаму ж так сталася? Чаму за адно пакаленьне адбылося акалгашваньне і асавечваньне цэлай нацыі ў 10 млн. чалавек?! І без усялякага супраціву з боку той нацыі... Бо нацыі не было. Быў клян клянаў. Вясковыя дзеці па халяўным савецкім авансе. “Кожны сам за сябе, а Гаспод Бог супраць усіх...”.

Далей. У нас звыклі славіць “вясковую сямігодку”. Як жа ж, тая навучала на роднай мове... А менавіта! І была галоўнай прыладай “русіфікацыі” (на мой розум, той працэс правільней менаваць саветызацыяй: параўнайце, як па-расейску пісалі Карскі альбо Багдановіч і як мы пішам, сьмеху варта...). Бо – хто добра сканчаў вясковую сямігодку па-беларуску, меў магчымасьць убіцца ў які-небудзь тэхнікум альбо філфак па-расейску, скончыць яго, дастаць кардонку зь пячаткай... і больш да канца жыцьця нічога не рабіць!

Паўтараю, вёска жыве ў замкнёным коле. У яе разуменьні праца бывае толькі ў тым коле – у хляве, на полі. Вёска лічыць, што па-за вёскай усе толькі гуляюць... І таму мроіць пра тое, каб з тае вёскі ўцячы! Старэйшыя людзі на Гарадзеншчыне (дасьледаваньні прафэсара Анны Энгелькінг з Гданьску) так і гавораць: “То мы і надрываліся, і так, і гэтак, бы не было тут дзяцей”. Беларусы па ІІ сусьветнай вайне перлі да места гэтаксама, як перад той вайной, 1914 г., мроілі... пра Амэрыку. Думалі, што там мёдам намазана...

Тыя мова, вера і ўсё астатняе былі для нашых бацькоў так сабе. Нідзе цяпер мовы той не чуваць, а глянеш на вынікі перапісу – вочы на лоб лезуць. 80% папуляцыі мае яе за родную. У тым і фокус. Беларусы самі сябе лічаць “працаўнікамі”, “гасьціннымі” і “шчырымі”, а выглядаюць насамрэч як нацыя спажыўцоў, дробных уласьнікаў, каму ўвесь астатні Сусьвет патрэбны толькі для таго, каб “езьдзіць купляць”... Адчуваю, як абураецца наша “сьвядомая інтэлігенцыя”. Нельга так пра свой народ. Народ сьвяты. Народ не памыляецца. Народ цяжка працуе. Канец. Кропка.

А як жа! Бо тут і лезе з нашай “інтэлігенцыі” тая самая вёска ў местачковых штанах... Людзі, я ж за вас ня лепшы – я такі самы. Мне проста абрыдла самому сабе хлусіць.

Сама мова нічога ня вартая – калі служыць толькі прыступкай для засваеньня другой мовы і другой культуры. Местачковая вескаўня мае беларускую мову за вясковую рысу – і як агню баіцца, што разам з “мовай фашысцкай дурной” яе выпхнуць назад да вёскі, якую яна даўно і спрадвеку ненавідзіць! Чэслаў Мілаш ведаў, што пісаў: “Бо ты ёсьць мовай падлюгаў, мовай неразумных і ненавідзячых сябе больш усе іншыя народы, мовай даносчыкаў, мовай ашалелых, мовай хворых на сваю цноту...” Гэта не пра палякаў – гэта пра нас. Таму і сам Мілаш называе сябе не палякам, але ліцьвінам – хоць і “польскай культуры”...

Але ці БССР і камуністы ў тым вінаватыя, што засталіся адны падлюгі, даносчыкі, ашалелыя і зьненавідныя сабе больш за ўсе іншыя народы”? Ну, яшчэ алькаголікі, літаратары і спадар Зімоўскі са сталічнага местачковага тэлебачаньня... Хіба не. Хіба той клян клянаў быў спрадвечны. Пры БССР ён толькі ўцёк зь вёскі да места, “выбіўся ў людзі, на лягчэйшую долю”. А камунізм – то быў. Няма яго – то няма. Але – справядлівая роўнасьць мае быць. Калі коратка, то беларус ад расейца адрозьніваецца тым, што беларус ненавідзіць і багатых, і бедных – параўнаем: па-расейску “убогий” амаль што сьвяты, па-беларуску “галадранец” амаль што злодзей! – мае быць “адзінакава”, “як у людзей”... Нацыя дробных уласьнікаў, у якіх у падкорках мозгу сядзіць страх памяці і якія да ямы не забудуць, што за іх “дабрабыт”... плаціў 300-мільённы Савецкі Саюз – а не яны яго “кармілі”, бо то народна-пустапарожняя легенда! – і таму падсьвядома, сьвядома і несьвядома хочуць, каб... нехта за іх зноў заплаціў! “А мы адробім – як нада...”.

Адсюль (каб за нас нехта плаціў!) і амаль паталягічная “любоў да Расеі”, да бяздоннай бочкі, да “панскага двара” – дзе заўжды можна пазычыць, а потым не аддаваць, а моцна плакаць. У 1994-м нашы “інтэлектуалы” былі мала ня ў шоку: такі “добры” народ выбраў такога “кепскага” Лукашэнку... А каго ён мог выбраць? І чым прэзыдэнт Лукашэнка “кепскі”?! Некалі ў Амэрыцы пісалі на сьценах у забягайлаўках: “Просьба не страляць у піяніста! Бо ён грае так, як умее...” Лукашэнка жыве і робіць, як усе: “пасяўная”, “уборачная”, “падгатоўка к зіме” і “зіма”... Чысты Вівальдзі! Чатыры пары году. Чатыры пары жыцьця. Беларус зь беларусаў прэзыдэнт Лукашэнка.

Але – ці нам ад таго галава баліць? Мы – вёска ў месьце. “Жывём адным днём...”. Альбо, як “суцяшаюць” мяне скідляне на гарадзенскім бруку, “Алесю, Алесю, Алесю, усё будзе добра... Жыве Беларусь! Пайшлі на сто грамаў, мы ставім...”

Калі нацыя гуляе налева і направа, гэта значыць, што пачалася нейкая эпідэмія. Чума, халера... Страх жыць?!

ВКЛ, БНР і ўсё астатняе ня могуць існаваць у розуме і памяці калгаснай вёскі, якая ўцякла зь вёскі ў места і мае сябе за страшна разумную. Савецкі Саюз нідзе не прападаў, бо на месцы застаўся савецкі народ. Гэта не бальшавіцкая прапаганда – гэта рэальнасьць. Савецкі Саюз сягоньня – гэта Рэспубліка Беларусь, савецкая і сацыялістычная. Якая жыве адным днём. Якая не разумее, як гэта нейкая асоба можа мець нейкія правы. (“Какія там выбары! У нашай дзірэўні дак палавіна за празідзента!.. А остальные?.. Какіе застальныя?!”). Якая ёсьць не народам, але тлумам – клянам клянаў. Якая ёсьць... Савецкім Саюзам. Бо так ёсьць.

Гісторыя Беларусі ў сьвядомасьці саміх беларусаў — гэта гісторыя БССР.

Вядома, прыемней разважаць пра Міндоўга, Рагнеду, Грунвальд, Скарыну, Панятоўскага, Міцкевіча, Купалу і Багдановіча. Чысьценька за імі выглядаем, па-эўрапейску. Таму й ня любім БССР памінаць – тут Ландэр зь Мясьніковым, Наседкін з “амэрыканкай”, Панамарэнка з Цэнтральным Штабам, Мазураў на тэлефоне і Машэраў Пятро Міронавіч на гелікоптэры. Але – ёсьць прыгажосьць і ёсьць дабрабыт. А ў галаве сярэднестатыстычнага беларуса ніякай прыгажосьці няма. Адзін дабрабыт. “Зьямо па шкварачцы, вып’ем па чарачцы...” Ня ведаю, ці тое “кепска”, ці тое “добра”. Хачу быць талерантным: хачу, гаворачы пра беларусаў тое, што думаю, не вучыць іх жыць па-іншаму. Бо і яны людзі – ня я адзін. І яны маюць роўна такую свабоду выбару, як я – другой свабоды не бывае. Іншая справа, што жывуць яны ня ў вёсцы, а ў месьце, дзе не абыдзешся натуральнай гаспадаркай: хата, печ, сала, збожжа, дровы, а з жалеза адны каса, серп і бацькаў нож хлеб адразаць... Там, дзе места, там ужо ня вёска. Не Беларусь. Там Рэспубліка Беларусь. Там плаціць трэба. Там жыць трэба ня так, як “мы прывыклі”, але як людзі кругом жывуць. Мне свой народ не шкада, бо і ён нікога не шкадуе. Цікава проста, што ж тут далей будзе. Бо тут унікальны край — такога не было й няма. Тут вёска, традыцыйнае грамадзтва, нахабна жыве па-свойму пасярод цывілізацыі, пры гэтым на памежжы дзьвюх культураў, “умоўна-лацінскай” і “ўмоўна-бізантыйскай”, Захаду і Ўсходу. І жыве, чорт на яе маць! І здыхаць не зьбіраецца. Ці мы тут яцьвягі, ці гуды, ці ліцьвіны, ці беларусы, ці саветы, ці калгасьнікі. Чортава племя...

Студзень 2001, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0