Сяргей Харэўскі

Злучэньне й страта

Залаты верасень

 

Калі гаварыць пра галоўныя падзеі ХХ ст., то гэта, пэўна што, ня войны, рэвалюцыі ці тэрор. Бо яны прамінаюць, пакідаючы адно магілы й попел. Вялікай падзеяй стаў верасень 1939 г., калі Беларусь набыла цяперашнія межы і... страціла Вільню. Амаль цалкам яна злучылася ў адно, і запаветная беларуская мара абапал мяжы зьдзейсьнілася. Натуральна, гэта адбылося ня гэтак, як марылася. Беларусь бязь Вільні... І гэта таксама фатальным чынам зьмяніла беларускі дыскурс. Мо й праўда, найвялікшыя мары, калі яны зьдзяйсьняюцца, тускнеюць і на вачох ператвараюцца ў побыт, у дадзенасьць, за якою недалёкае мінулае ўжо забываецца, а новыя клопаты й страхі здаюцца большымі за колішнія... Вось Калюмб у захапленьні ўдыхае райскі водар Новага Сьвету... Хто б мог падумаць у 1991-м, што незалежнасьць Беларусі атрымае гэткі вывіхнуты выгляд, як цяпер? І замест росквіту нацыянальнае культуры й мовы свая ж дзяржава будзе вытоптваць усё беларускае...

Так, Заходняя Беларусь не атрымала вызваленьня. Замест польскага бізуна яна атрымала новы тэрор, нястачу й духоўнае паняволеньне. Але на ўсіх беларусаў выпаў адзіны лёс. Што магло быць альтэрнатываю? Ці варта паўтараць, што пры канцы 30-х у Польшчы было амаль цалкам зьліквідаванае беларускае школьніцтва, павысыланыя беларускія сьвятары, а празь несупынныя рэпрэсіі ледзь ліпеў беларускі друк? Палянізацыя захоплівала ўсё новыя пласты грамадзтва, і колькасьць анкетных палякаў несупынна расла. У ніводным з гарадоў колькасьць беларусаў не перавышала колькасьці палякаў. Ня куляю ў патыліцу, а асьветаю зьнішчалася беларушчына ў Польшчы. І гэта было куды больш пэўна. Досьвед цяперашняе Беласточчыны пра тое яскрава сьведчыць. У тых мясцовасьцях, дзе яшчэ Казімер Сваяк правіў імшу па-беларуску, сёньня беларусам ніхто не азавецца... Дый на Гарадзеншчыне ці Заходнім Паазер’і тубыльцы й дасёньня ня надта ахвочыя прызнавацца беларусамі. Часьцяком даводзілася там чуць пра гэта гарачыя спрэчкі на прызбах. І гэта праз 60 гадоў! Хапіла ўсяго 18 гадоў палянафільскай культурніцкай дзейнасьці.

Вымысьляць сабе іншыя варыянты злучэньня дзьвюх Беларусяў — справа нагэтулькі ж сур’ёзная, як і ўяўляць сабе сёньняшняе дэмакратычнае далучэньне Беласточчыны, Віленшчыны ці Смаленшчыны. Давайце прыплюшчым вочы і... уявім. Што да мяне — то не ўяўляю. Ня будзем крывіць душою. Літоўцы, напрыклад, хітруюць, асуджаючы пакт Молатава-Рыбэнтропа. “Vilnius – musų, Lietuva – rusų“ (Вільня нашая, Літва расейская) — любілі ёрнічаць старыя літоўцы. Але ж і яны не паддавалі сумневу тое, што й Вільня й Кляйпэда мусяць належаць ім. Сёньня ў Літве з таго ня ёрнічаюць. Хоць і касавурацца на гэткія савецкія падарункі. Факт!

Дзякуючы гэтаму ўзьяднаньню, за ўсялякімі выдаткамі трэ бачыць галоўнае: цераз усе цярны, празь недасканаласьць абставінаў месца й часу, беларуская культура злучылася ў адно. Калі ўявіць сабе на хвіліну, што тыя, хто жыў бы толькі на ўсходнім беразе, ня мелі б адчуваньня таго, што ім таксама належаць Лідзкі й Наваградзкі замкі, Белавеская пушча, фэерычны сьвет Заходняга Палесься… Дарэчы, пра Заходняе Палесьсе… Хто з тамтэйшых тубыльцаў мог бы сабе 60 гадоў таму ўявіць, што будзе жыць у незалежнай беларускай дзяржаве? Набяруся сьмеласьці сказаць, што няшмат, мякка кажучы. Роўна ж як і жыхары Віленшчыны нават ня мысьлілі сябе ў межах літоўскае Літвы.

Але беларуская супольная культура, у выніку драмы 1939 г., атрымала куды больш глыбіні й досьведу. Сотні творцаў з абодвух бакоў здолелі перамяшчацца па сваім краі. Мастакоў, літаратараў, музыкаў, дойлідаў. Калясальны людзкі патэнцыял сканцэнтраваўся ў Менску. Невыпадкова амаль уся палітычная эліта, што ачоліла ад пачатку незалежную беларускую дзяржаву, была заходняю: Шушкевіч, Кебіч, Грыб, Краўчанка, Багданкевіч…

Заходняя й Усходняя Беларусі — што два людзкія пачаткі — зачалі супольнае дзіця. І за гэта, як, зрэшты, і за любое вартаснае, трэ было чымсьці плаціць.

Адбылося тое, што адбылося. Не дакладна, ня літасьціва, ня гэтак прыгожа, як мроілася, ці яшчэ мо мроіцца. Але Беларусь атрымала два крылы. І цяпер толькі ад беларусаў залежыць, як і куды мецьмем ляцець. Бо заплацілі беларусы за тое й сапраўды вялікую цану…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0