Валерка Булгакаў

Дыктатар-нацыяналіст

 

Лукашэнка — палітык глыбока нацыяналістычны. Іншая рэч, што Лукашэнкаў нацыяналізм спэцыфічна ўсходнеэўрапейскі, калі не зусім эўразійскі; ён, бадай, ня мае сваіх аналягаў на Захадзе. Нацыяналізм Лукашэнкі на першы погляд цураецца выразнай нацыянальнай дамінанты. Нельга адназначна сьцьвярджаць, што Лукашэнка, напрыклад, расейскі нацыяналіст. Сапраўды, Лукашэнкаў нацыяналізм сягае часоў, калі Расея яшчэ ня стала нацыянальнай дзяржавай з вырабленай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, і мае сваім выточным пунктам так званы “савецкі патрыятызм”.

Лукашэнка — носьбіт таго спэцыфічнага нацыяналізму, які ў расейскай мове атрымаў назоў “государственничества”. Лукашэнкава “государство” неабходна разумець вельмі шырока — як неабсяжную тэрыторыю і як разбудаваны дзяржаўны апарат, як надзвычай магутную вайсковую сілу, што ўключае ў сябе гіпэртрафавана баяздольную армію і флёт, як сыстэму сацыяльных гарантыяў, што забясьпечвае бязьбеднае існаваньне, як, нарэшце, міжнацыянальны мір і парадак. Лішне гаварыць, што прататыпам такога “государства” была ў сапраўднасьці значна менш прывабная савецкая дзяржава. З адыходам апошняй у нябыт яе прыцягальнасьць у вачах сымпатыкаў толькі ўзрасла.

А ягоная “малая радзіма” — Шклоўшчына й Беларусь — выклікае асацыяцыі хіба што з бацькоўскай хатай, радоўкай, каровамі на сьвітаньні, першым сьнегам на Дзяды, пожняй, укрытай ранішнім туманам, і буслом над галавой, адным словам, з рэчамі прыземленымі і звычайнымі.

У сваім глыбокім і праніклівым аналізе “Агонія камунізму” ў 1989 г. Зьбігнеў Бжазіньскі сьцьвярджаў, што пераход да посткамунізму ў пэўных усходнеэўрапейскіх краінах будзе суправаджацца фазай нацыяналістычнай дыктатуры. Трэба з жалем сканстатаваць, што гэткага роду прагнозы ў Беларусі спраўдзіліся. Шэсьць гадоў кіраваньня Лукашэнкі сталіся гадамі пабудовы не грамадзянскай супольнасьці, а нацыяналістычнай дыктатуры з вэртыкальным, г.зн. аўтарытарным, мэханізмам улады. Тое, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой нацыяналістычную дыктатуру, лішні раз даводзіць яго агрэсіўна-нецярпімае стаўленьне да праяваў культурнай, палітычнай і г.д. адрознасьці: ён з аднолькавай сілай перасьледуе незалежную беларускую культуру ці польскую нацыянальную меншыню, але пры гэтым заплюшчвае вочы на расейскія ваенізаваныя паўфашысцкія групоўкі. Адчувае, без сумлеву, ідэалягічную блізіню.

Звычайнай практыкай для Беларусі сталася праліцьцё крыві дэманстрантаў падчас мірных акцыяў апазыцыі. Нядаўнія бясьсьледныя зьнікненьні вядомых палітыкаў і бізнэсмэнаў паказваюць, што краіна рушыла лацінаамэрыканскім, “піначэтаўскім” шляхам разьвіцьця. Палітычнае кіраўніцтва Беларусі пераступіла тую мяжу, за якой наступае крымінальная адказнасьць за прынятыя рашэньні і зьдзейсьненыя ўчынкі.

 

Лукашэнка і ВПК

Фактычна, Лукашэнка — стаўленік і адначасна закладнік тых гаспадарчых элітаў, якія сфармаваліся ў Беларусі яшчэ за савецкіх часоў і якія дагэтуль уяўляюць сабой рэальную сілу. Дасягнуўшы ўсёй паўніні палітычнай улады, ён пачаў абслугоўваць перадусім інтарэсы вайскова-прамысловага комплексу беларускай эканомікі, а таксама аграпрамысловага лобі.

Барацьба за тое, які кандыдат зможа найбольш пасьлядоўна рэалізаваць гэтыя інтарэсы, і была галоўнай інтрыгай прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. Выкарыстоўваючы агрэсіўныя перадвыбарчыя лёзунгі, акурат Лукашэнка, а не Вячаслаў Кебіч, здолеў мабілізаваць для сваёй падтрымкі большую сацыяльную базу. Палітыкі незалежніцкай арыентацыі на гэтых выбарах ня мелі аніякусенькіх шанцаў, бо за імі не стаяла нічога, апрача прывідных спадзеваў на раптоўны выбух у масах нацыянальнай сьвядомасьці.

Невыпадкова, што нават пасьля таго, як Вячаслаў Кебіч перастаў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, Аляксандар Лукашэнка якраз у ім бачыў найбольш небясьпечнага канкурэнта ў барацьбе за ўладу.

Палітычны капітал Лукашэнкі — гэта ў першую чаргу давер лабістаў ВПК і іншых сыстэмаўтваральных галінаў народнай гаспадаркі пры суворым кантролі за вышэйшым кіраўніцтвам узброеных сілаў, органаў унутраных справаў і спэцслужбаў, і толькі пасьля безаглядны і нічым не абмежаваны сацыяльны папулізм, які, насуперак цьверджаньням некаторых аналітыкаў, выконвае дапаможную ролю. Як прагматычны палітык Лукашэнка фактычна заключыў з гэтымі лабістамі няяўны “пакт аб ненападзе”: пэўная эканамічная свабода першых наўзамен за ляяльнасьць да апошняга. Гэта дазваляе гаварыць пра зрошчваньне ўладных і гаспадарчых элітаў у Беларусі.

Будучы кроўна зацікаўлены ў сваім палітычным выжываньні, беларускі прэзыдэнт апошнім часам пачаў асьцярожна прамацваць і новыя бізнэс-эліты, каб заручыцца іх падтрымкай. У гэтым сэнсе вельмі паказальныя вынікі леташніх восеньскіх выбараў у лукашэнкаўскую “палату прадстаўнікоў”, куды прайшло некалькі дзясяткаў ляяльных уладзе бізнэсоўцаў і прадпрымальнікаў. Адчуваючы рост патэнцыялу гэтай параўнальна новай сацыяльнай групы і эканамічнай сілы, прэзыдэнт Беларусі ў будучым будзе імкнуцца дасягнуць зь ёй узаемавыгаднага кампрамісу. У беларускіх варунках гэткі кампраміс можа зводзіцца толькі да ўліку некаторых эканамічных патрабаваньняў гэтай сілы пры ўмове яе палітычнай ляяльнасьці да існуючай улады.

 

Лукашэнка і Расея

Паняцьце “Расея” мае для прэзыдэнта Лукашэнкі адрозны ад агульнапрынятага сымбалічны зьмест. “Расея” для беларускага прэзыдэнта ня толькі і ня столькі геапалітычная рэальнасьць, рэальная краіна з сваімі рэальнымі праблемамі, колькі традыцыя дэспатычнай улады. Іншымі словамі, выбар Лукашэнкі на карысьць “Расеі” азначае выбар на карысьць дэспатычнай, нікому не падкантрольнай улады. Лукашэнку падабаецца акурат такая “Расея”, што асацыюецца з грубымі, нявыхаванымі валадарамі, якія могуць увогуле не паддавацца акультурваньню, “Расея”, дзе палітычная воля кіраўніка, які ўвасабляе сабой дзяржаву і яе інтарэсы, азначае ўсё, а воля асобнага індывіда — нішто. Тое, што вобраз такой “Расеі” можа існаваць толькі на ўзроўні ўяўленьня, прыносіць Лукашэнку адны расчараваньні. Аднак расейскі дэспатызм, колькі яго ні выкараняй, невыкараняльны, і яго праявы ў сучаснай палітычнай рэальнасьці Расеі дазваляюць Лукашэнку жывіць спадзяваньні на тое, што яго ўява і аб’ектыўная рэальнасьць некалі такі скрыжуюцца.

Па-другое, галоўная мэта сучаснага беларускага рэжыму — у сваім палітычным выжываньні, а не ў далучэньні на правах суб’екта да Расейскай Фэдэрацыі. Афіцыйны Менск інтэгруецца з афіцыйнай Масквой выбарачна, толькі ў тых сфэрах, якія забясьпечваюць адносную стабільнасьць яго існаваньня і надалей.

Па-трэцяе, і гэта датычыць сёньняшняга моманту, а таксама псыхалёгіі палітычных лідэраў, моцны ўдар па “ўсебаковай” інтэграцыі паміж дзьвюма краінамі нанёс рэактываваны ўладнымі элітамі нашага ўсходняга суседа працэс маскоўскай рэцэнтралізацыі, які ў канцавым выніку, відаць, прадугледжвае ператварэньне Расеі ўва ўнітарную дзяржаву. Узмацненьне магутнасьці цэнтру і аслабленьне ўлады рэгіёнаў, у тым ліку пераразьмеркаваньне структуры падаткавых выплатаў, іншых фінансаваных струмянёў на карысьць мэтраполіі, якое назіраецца сёньня ў Расеі, робіць праблематычнай палітычную інтэграцыю паміж нашымі дзяржавамі. Рэч у тым, што раней, калі гіпатэтычна ўявіць уваход Беларусі ў Расею, беларускі лідэр мог прэтэндаваць на статус буйнога рэгіянальнага лідэра з бліскучымі пэрспэктывамі зрабіць кар’еру ў цэнтры, а цяпер ён можа разьлічваць на пасаду правінцыйнага губэрнатара, уладныя паўнамоцтвы якога пастаянна кантралююцца новасьпечанымі “прэзыдэнцкімі намесьнікамі”. Ня трэба забывацца, што Лукашэнка даўно адчуў смак улады, ён прызвычаіўся рабіць замежныя візыты і сустракаць замежных гасьцей, быць “вярхоўным галоўнакамандуючым” і прасьціраць сваю магутнасьць на сельскую гаспадарку, цяжкую прамысловасьць і горадабудаўніцтва. Пераход у новую якасьць пагражаў бы Лукашэнку моцнай псыхічнай траўмай.

 

Лукашэнка
і міжнародная ізаляцыя

Трэба пару словаў сказаць і пра эканамічныя прычыны палітыкі эскаляцыі міжнароднай ізаляцыі Беларусі, якая мэтанакіравана праводзіцца на працягу ўсяго тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Рэч у тым, што стабільнасьць і доўгатрываласьць сучаснага беларускага рэжыму можа забясьпечыць толькі сучасная структура беларускай эканомікі. У Беларусі так і не былі сур’ёзна трансфармаваныя створаныя за савецкіх часоў прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу. Разам зь іншымі сыстэмаўтваральнымі сэктарамі беларускай эканомікі ён арыентаваны пераважна на расейскія рынкі збыту. З аднаго боку, такая арыентацыя беларускай эканомікі цалкам задавальняе Лукашэнку, які ажыцьцяўляе ў сутнасьці палітычнае прыкрыцьцё гэтай эканамічнай аднавэктарнасьці. З другога боку, беларускія гаспадарчыя эліты — кіраўнікі дзяржаўных ці падкантрольных дзяржаве заводаў, фабрык і іншых прадпрыемстваў — становяцца ў неаплатным даўгу перад Лукашэнкам, які дэ-факта зьдзяйсьняе рэалізацыю іх жыцьцёвых інтарэсаў. Узьнікае парытэт палітыкі і эканомікі, калі любыя паважнейшыя зьмены ў эканоміцы цягнуць за сабой зьмены ў палітыцы, і наадварот.

Міжнародная ізаляцыя Беларусі выгадная Лукашэнку тым, што яна вельмі дзейсна забясьпечвае эканамічнае status-quo. Прыток жа буйнога замежнага капіталу ў Беларусь азначаў бы, па-першае, кардынальную ломку існуючага эканамічнага парадку, якая, па-другое, мела б фатальныя наступствы для беларускага палітычнага кіраўніцтва і рэалізоўванага ім палітычнага курсу. Памянёны парытэт палітыкі і эканомікі быў бы раз і назаўсёды парушаны. Беларусь была б уцягнутая ў Эўропу і ў эўрапейскую эканамічную супольнасьць жалезнай рукой рынкавых мэханізмаў.

Гэтага як агню баіцца Лукашэнка. Яго палітычныя заявы і акцыі, накіраваныя на эскаляцыю міжнароднай ізаляцыі Беларусі, робяцца ўсё больш натужна. Яны становяцца ўсё больш знарочыстымі і ўдаванымі, набываюць характар абавязковага палітычнага рытуалу.

Цяперашняе палітычнае кіраўніцтва Беларусі задавальняе і будзе задавальняць толькі чыста касмэтычная прысутнасьць замежнага капіталу. Сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня “Макдональдз”, фірмавыя крамы пабытовай тэхнікі для дому “Siemens&Bosch”, заводзік “Coca Cola” ў Менску — гэта ўсяго толькі змушаная саступка, на якую даводзіцца ісьці рэжыму.

Рэальная ўлада для Лукашэнкі — гэта перадусім усёабсяжны або блізкі да ўсёабсяжнага кантроль над беларускай эканомікай. Толькі разуменьне гэтага дапаможа сфармуляваць рэцэпты супраць палітыкі лукашызму ў Беларусі.

 

Гэта ўрывак з артыкулу «Ідэалёгія лукашэнкаўскага рэжыму», падрыхтаванага для таварыства IDEE-“Трэці сэктар”, які цалкам будзе надрукаваны ў наступным нумары «Arche-Скарыны»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0