Паштовая скрынка

Aleksu зь Менску. Найперш зьвярніцеся да Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, 4-ы том. Ці зазірніце ў кнігу «Сыны і пасынкі Беларусі» і «Гарадзенскія запісы», 1996, №2, там ёсьць пра М.Краўцова асобныя артыкулы.

Міхасю Б. з Магілёва. Напішыце пра «беларускае пяціборства» менш справаздачна – як пра ідэю, а не пра канкрэтны конкурс.

Алене Т. зь Менску. Вашы пажаданьні перадалі ўдзельнікам правапісных нарадаў.

Айцу Віктару з Горадні. Ваш мэсіянізм супярэчыў бы ідэалёгіі “НН”.

Вітаўту П. зь Менску. Ня трэба аргумэнтаў, калі ёсьць факты. Толькі асобныя расейскія і каляніяльныя школы гістарыяграфіі ды пэўныя заходнія гісторыкі, што сфармаваліся пад расейскім уплывам і на расейскіх крыніцах, не прызнаюць гістарычнае беларускае дзяржаўніцкае традыцыі. Гэта, дарэчы, цэлая праблема, што многія г.зв. спэцыялісты-беларусазнаўцы з розных краінаў не валодаюць дастаткова ні беларускай мовай, ні польскай, украінскай, літоўскай, а часта нават і ангельскай мовамі, на якіх можна знайсьці болей аб’ектыўнай інфармацыі пра Беларусь, а таму вымушана карыстаюцца выключна расейскімі крыніцамі і палявы матэрыял зьбіраюць на расейскай мове. Вось і прасякаюцца тэндэнцыйнымі, заідэалягізаванымі тэорыямі. Вывучаць Беларусь выключна праз расейскія крыніцы – гэта ўсё адно што вывучаць Ізраіль праз арабскія крыніцы. Выйдзе карціна аднолькавай аб’ектыўнасьці. Нагвалт патрэбная беларусам навуковая праца “Ад ліцьвіноў да беларусаў: трансфармацыя ідэнтычнасьці”, якая б паказала момант пераемнасьці там, дзе цяпер многім бачыцца момант разрыву, але, здаецца, ніхто пакуль такога ня піша.

Руслану Р. з Баранавічаў. Водгук пра стрэчу Лукашэнкі з інтэлігенцыяй не зьмясьцілі, бо варта было б Вам яго разьвіць: што для Вас асацыюецца з паняцьцямі «інтэлігенцыя» і «інтэлігентнасьць», апроч пэўных палітычных перакананьняў?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0