Каўбаскі ля палацу

4 лютага, нядзеля. Косаўскі палац папросту ўражвае сьлядамі барбарства. Усе сьцены густа сьпярэшчаны надпісамі з імёнамі, датамі, брыдкай плюганінай. Хроніка: калі хто піў гарэлку і зь якімі бабамі. Ёсьць і наскальныя прызнаньні ў каханьні, нават па-ангельску. Між іншым, савецкіх сьлядоў з «дмб» зусім няшмат. Мяркуючы па надпісах, аўтары — тутэйшыя людзі, моладзь. Носьбіты «вялікарускава языка». Ёсьць і адзіны прыклад афіцыйна рэклямаванага білінгвізму, які быццам бы пануе ў Беларусі, — слова «прыдурак» на сьцяне палацу вымалявана па-наску. Вельмі сымбалічна.

Нагода для прыезду нас, гарадзенцаў, у гэты дзень у гэтую мясьціну — настальгічная. 12 лютага 1746 г. быў ахрышчаны хлопчык —Касьцюшка Тадэвуш — пад гэтым імем ён стаў вядомы ў сьвеце. 255 гадоў таму. На жаль, пятры першыя не прысутнічалі падчас хросту. Таму, мабыць, зь Менску прыехалі толькі Мар’юш Машкевіч, польскі пасол, і Джон Кунштатэр з амэрыканскага пасольства. «Кіраўніцтва Рэспублікі» напэўна пакутавала ад галаўнога болю: як вызваліць з заморскага палону аднаго карупцыянэра, таму, мабыць, нікога не прыслала. Хаця зразумела, што сусьветна вядомы змагар за свабоду з-пад Косава — ніхто для нашага Аляксандра Рыгоравіча, якога цікавіць толькі югаслаўскае Косава. Пагатоў, “рэспубліканскае кіраўніцтва” па-ранейшаму шануе славутага карнага генэрала Суворава, прысланага расейскім царом, каб зьнішчыць паўстанцкае войска касьцюшкаўцаў.

Вось пра такія відавочныя рэчы думаеш, упершыню апынуўшыся побач зь нягеглымі ланцугамі агароджы, за якой быў дом польскага героя Касьцюшкі, аб чым па-расейску паведамляе шыльда. А дом-музэй Суворава, як заўжды, у выдатным стане. Цытатамі зь ягонай «навукі перамагаць» вучаць у сучаснай «беларускай арміі». Лепей лішні раз пра гэта сказаць, чымсьці папросту прамаўчаць. Дыпляматы паклалі кветкі да касьцюшкаўскага каменя. Шыльду зь яго, дарэчы, скралі злодзеі, косаўскія патрыёты мусілі замяніць яе недарагой чаканкай. Замежнікаў тутэйшае начальства павезла карміць. Пасьля гэтага прыехалі мы. Убачылі тутэйшых патрыётаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Людзі былі пераважна сталыя. Сьцягоў ніхто не высмыкаў з рук. Карацей, ледзьве не дэмакратыя. Малады мужчына зь відэакамэрай на пытаньне “Зь якога тэлеканалу?” прабачліва адказаў: “Самі разумееце, адкуль я”.

Пад’ехалі да касьцёлу косаўскага, ведаючы, што там мусіла адбыцца імша ў памяць Касьцюшкі. Калі некалькі чалавек выйшлі з аўтобуса, тутэйшая цётка з разуменьнем спыталася: «Вы што — апазыцыя?» — і патлумачыла, што міліцыя не пускала ў касьцёл «тутэйшай апазыцыі». Але імша ўжо закончылася. А двух ксяндзоў мы ўбачылі потым каля касьцюшкаўскіх падмуркаў. Абодва размаўлялі па-беларуску. Далей усе пайшлі да Косаўскага палацу, што побач. Віктар Шалкевіч пасьпяваў крыху, стоячы у высокім гатычным прайме колішняга вакна. Жанчына з Косава пачытала польскія вершы пра Касьцюшку.

Сямён Домаш паведаміў прысутным, што летась наведаў музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў швайцарскім горадзе Салюры, дзе паўстанцкі генэрал пражыў свае апошнія гады. Паводле словаў сп.Домаша, у кнізе водгукаў ёсьць запісы, пакінутыя кіраўнікамі буйных дзяржаваў. Што да беларускіх палітыкаў, дык ён быў першым з тых, хто наведаў музэй славутага сына беларускай зямлі. Сабранай публіцы Сямён Домаш распавёў аб сытуацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Адбылася гутарка зь людзьмі. Сп.Домаш, дарэчы, спаткаўся таксама з прадстаўнікамі грамадзкасьці ў Пружане, Кобрыні, Берасьці.

Ля Косаўскага палацу публіка падсмажыла на вогнішчы каўбаскі, прысутнічала багата моладзі. Сярод удзельнікаў былі заўважаны і дыпляматы. Праўда, не прыехалі запрошаныя літоўцы. Ня ведаю, ці не змаглі, ці, можа, вырашылі не аспрэчваць паходжаньня Касьцюшкі. Мне асабіста іхняя адсутнасьць не перашкодзіла. Усё ж такі, пры ўсім маім «інтэрнацыяналізьме», мне робіцца ніякавата, калі суседзі называюць літоўцамі Дастаеўскага, Лышчынскага, Семяновіча, Міцкевіча.

Сяргей Астраўцоў, Косава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0