Бясконцая кніга

У Вільні выйшла кніга Міхася Раманюка “Беларускія народныя крыжы”. Міхась Раманюк не пабачыў плёну сваёй працы. Пра бацьку і ягоную кнігу распавядае ягоны сын Дзяніс Раманюк, які завяршаў бацькаву працу.

 

...Матэрыял для кнігі зьбіраўся каля 25 год. Першы здымак датуецца 1971 г., а ў апошнюю экспэдыцыю бацька зьезьдзіў у жніўні 96-га, літаральна за дваццаць дзён да таго, як яго забрала хуткая дапамога. Незадоўга да сьмерці бацька запрасіў да сябе Дубаўца з Харэўскім – ня тое каб добра ведаў іх, проста адчуваў, што яны могуць рэальна дапамагчы. Але мы толькі пасьля яго сьмерці сабраліся тут, у майстэрні. Тады і распачалася ўся гэтая справа з выданьнем. Да яе спрычыніліся таксама Беларускі дабрачынны фонд у Вялікай Брытаніі і асабіста айцец Аляксандар Надсан. Практычна тры з паловай гады прайшло, пакуль кніга пабачыла сьвет. Спачатку яна мелася быць фармату А4, аб’ёмам 112 старонак і зьмяшчаць каля 100 здымкаў. Мы здолелі павялічыць удвая і фармат, і аб’ём; кніга зьмяшчае 303 фатаздымкі і каля дзесяці графічных малюнкаў.

— Чаму дасьледчык беларускай народнай вопраткі Міхась Раманюк раптам зацікавіўся такой спэцыфічнай тэмай?

— Бацька больш вядомы сваімі працамі па адзеньні. Але апошнія год дзесяць, пасьля перабудовы, асабліва пасьля Чарнобылю, яно пачало імгненна зьнікаць. Папросту паўмірала пакаленьне людзей, якія маглі самі прасьці, ткаць, якія ведалі, што намітка – гэта намітка, хустка – гэта хустка, ручнік – гэта ручнік. А іх дзецям прасьцей было купіць якую адзежыну ў краме. Мадэрнізацыя разам з сучаснымі тканінамі накрыла вёску, і бацька вымушаны быў пераключыцца на іншую тэматыку. Тым больш, што паралельна ён дасьледаваў усю культуру беларускага народу, то бок і куфры, і народны жывапіс, і мастацтва, і разьбу па дрэве, і кераміку... Аднак гэтыя тэмы вывучаліся іншымі інстытутамі ды музэямі – карысталіся большым попытам дзеля сваёй прыгажосьці, турыстычнасьці, так бы мовіць. А бацькава заслуга ў тым, што ён дасьледаваў нераспрацаванае іншымі. Памятаю, ён пачынаў з асобных фрагмэнтаў, асобных здымкаў, а пасьля гэта перарасло ў цэлае выданьне. Апошнія разьдзелы сваёй кнігі бацька рыхтаваў, ужо калі быў хворы і не ўставаў з ложка. За ім занатоўвала мая маці. Можна сказаць, што апошнія сьвядомыя хвіліны жыцьця ён прысьвяціў гэтай кнізе.

Чаму менавіта крыжы? Цяжка сказаць. Відаць, у працэсе іншых экспэдыцыяў бацька зьвярнуў увагу на ўнікальнасьць пахавальнага абраду, на надмагільлі, абракальныя крыжы, пабачыў, што гэта асобная зьява, вельмі разнастайная і цікавая. Усьвядоміў, што крыж у беларускай культуры ёсьць ня проста сымбалем хрысьціянства, надмагільным знакам, але чымсьці большым. А калі ён гэта адчуў, дык пачаў мэтанакіравана шукаць нейкія ўнікальныя месцы, дасьледаваць надмагільлі, абракальныя крыжы. Часам і мяне браў у экспэдыцыі...

— Як увогуле гэта адбывалася?

—У першыя экспэдыцыі бацька езьдзіў на адмыслова набытым дзеля гэтага мапэдзе, аднак той увесь час псаваўся, і давялося яго адрачыся. Экспэдыцыі не былі хаатычнымі. Бацька папярэдне вызначаў маршрут, мэту пошукаў, набываў стужкі, браў з сабою вялізную фататорбу, штатывы, палявыя дзёньнікі, купляў квіткі на цягнік ці аўтобус і зь дзьвюма-трыма перасадкамі дабіраўся ў патрэбнае месца. А там ужо як атрымлівалася – людзі падказвалі, раілі. Зь вёскі ў вёску пераходзіў на пехату, пад’яжджаў папуткамі, аўтобусамі.

Начаваў не ў гатэлях, як гэта рабілі музэйшчыкі, а ў людзей. Бацька імкнуўся выкарыстаць цёмныя вечаровыя гадзіны, калі немагчыма было ні фатаграфаваць, ні дасьледаваць, каб пасядзець зь якой старой бабулькай, запісаць штосьці ад яе, атрымаць максымум інфармацыі. Экспэдыцыя магла заняць 2–3 дні, найбольш тыдзень – гэта калі нехта зь сяброў згаджаўся павазіць бацьку на машыне па вёсках. Пасьля яшчэ тыдні з два бацька займаўся праяўкай стужак, апрацоўкай інфармацыі, друкаваў кантролькі, рабіў архіў, усё падпісваў, датаваў. І гэта ў свой вольны час, у свае выходныя, за свае грошы. Днём ён мог прачытаць зь дзясятак лекцыяў у некалькіх установах – ад Беларускай Акадэміі Мастацтваў да якой-небудзь школы ці тэхнікуму, а ўвечары, пасьля 19-й, яшчэ сядаў у майстэрні і працаваў да 21—23-й гадзіны – штодня, усё жыцьцё, без выходных і сьвятаў. Безь сям’і, можна сказаць. Таму мы бачым вынікі. Таму ён і зрабіў працы за цэлы інстытут.

— А чаму ж нашыя акадэмічныя этнографы ў шапку спалі?

— Як мне днямі вельмі хораша сказаў Міхал Баразна, прарэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў, нашая навука – бройлерная. Пакуль гэты шпрыц з пэніцылінам у піскляня пампуюць, яно расьце. Як толькі вымаюць – гібее. Ня дасьць дзяржава грошай, вось і па навуцы будзе. Бо акрамя матэрыяльнай зацікаўленасьці трэба мець надзвычайны дасьледніцкі запал і быць папросту захопленым сваёй тэмай. Таму справа Міхася Раманюка працягваецца, як бачым, нават пасьля ягонай сьмерці. Кніга вось выйшла. Шкада, што бацька яе не пабачыў...

— А як афіцыйная навука ставілася да пошукаў Міхася Раманюка?

— Культура пахаваньня, надмагільляў была наўпрост зьвязаная з рэлігіяй – хрысьціянскай, паганскай і г.д. А ў нас, паколькі рэлігія не прызнавалася, дык і гэты пласт культуры лічыўся нецікавым. Тым больш, што ён ня мог быць камэрцыйным. Можа быць, менавіта таму гэтая праца ўнікальная. У літоўцаў, палякаў выходзілі на гэтую тэму вузкаспэцыялізаваныя выданьні — “мураваныя крыжы” ці “капліцы”. І ўсё. А бацька стварыў унівэрсальную энцыкляпэдыю. Ён пастараўся закрануць усе зьявы – пахаваньні самагубцаў, няхрышчаных дзяцей, каменныя, каваныя, мураваныя крыжы; і што тычыцца абракальных – прыкрынічныя, прысядзібныя, на раскрэсах, мэмарыяльныя і г.д.

– У кнізе больш за трыста фантастычных фатаздымкаў. Чым фатаграфаваў Міхась Раманюк?

— Яшчэ ў асьпірантуры бацька не адзін месяц адкладаў грошы са стыпэндыі, а пасьля адмыслова паехаў у Маскву і набыў фотаапарат “Пэнтакон” за пяцьсот рублёў – сума фантастычная для 1971 г. А што да фатаздымкаў, дык бацька ж быў мастак па адукацыі... Па-за кнігай засталося яшчэ больш за тысячу фатаздымкаў.

— Ці сутыкаліся Вы падчас працы над “Беларускімі народнымі крыжамі” зь нечым такім, на што бацька не зьвярнуў належнай увагі?

— Натуральна. Таму, зь іншага боку, добра, што выданьне расьцягнулася на тры з паловай гады – удалося дадаць нейкія матэрыялы, якіх не было. Напрыклад, назьбіралася матэрыялу на яшчэ адзін падразьдзел па Мядзельскім раёне, дзе людзі прыдарожныя крыжы, якія ставяцца ў сярэдзіне вёскі, называюць вясковымі. Главу “Пахаваньні пратэстантаў” таксама ўжо я дадаў, пабачыўшы, што яны прынцыпова адрозьніваюцца. Або “Крыжы на месцы дарожных здарэньняў” – многія казалі мне, што гэта кіч, што гэта запазычанае, што гэтага падразьдзелу нельга рабіць, але гэтым летам недалёка ад Лынтупаў я натрапіў на трохмэтровы каваны крыж-прыгажун 1854 г. Тутэйшыя жыхары распавялі, што бацька з сынам ехалі канём і забіліся на гэтым месцы. Пахавалі іх на могілках, а тут проста паставілі крыж-памятку. І гэта быў самы пераканальны доказ для ўсіх маіх апанэнтаў. Гэтую кнігу можна было б рабіць бясконца, бо ўвесь час зьяўляліся новыя матэрыялы, новыя здымкі. Так, да “Надмагільных нарубаў” цяжка было знайсьці ілюстрацыі, але ў кнізе “Палесьсе” з фатаздымкамі Юзэфа Абрэмбскага, выдадзенай у Польшчы, я пабачыў гэтыя нарубы ў іх самай архаічнай форме на здымках першай паловы стагодзьдзя, якія б вельмі ўпрыгожылі і нашую кнігу.

— Як ставіліся простыя людзі да бацькавай працы? Ці пускалі ў хату пераначаваць?

— Звычайна асоба прафэсара, дасьледчыка імпанавала простым вяскоўцам. Ён звычайна казаў ім, што вывучае гісторыю, каб паказаць дзецям у горадзе, як даўней жылі. Калі ён прыходзіў, пачынаў распытваць іх, цікавіцца іх культурай – яны самі ўпершыню атрымлівалі магчымасьць зірнуць на яе нібыта зь іншага боку. Раней яны проста не ўспрымалі гэта як нешта незвычайнае, гэтая культура месьцілася для іх недзе на ўзроўні будзённасьці. А бацька, атрымліваючы ад людзей патрэбныя яму веды, адначасова надаваў ім упэўненасьці, самапавагі, дапамагаў адчуць у звыклай працы смак мастацтва, адчуць сябе творцамі. Так было са Стакарэўскім, ганчаром з Пружаны. Чалавек пачаў па-іншаму глядзець на свае гарлачы й глякі – бачыць у іх ня толькі тавар для вясковага кірмаша. Увогуле, бацька прывозіў у горад вырабы многіх народных мастакоў, рабіў ім прамоцыю, пісаў артыкулы – словам, выводзіў у людзі. Натуральна, шмат знаёмых засталося ва ўсёй Беларусі. Многія й ня чулі нават, што бацькі ўжо няма. Калі тэлефануюць, даводзіцца тлумачыць... Колькі месяцаў таму тэлефанавала жанчына, у якой мы начавалі, калі я быў яшчэ зусім малы. Хацела, каб бацька дапамог яе сыну знайсьці пакойчык у інтэрнаце. Ён ніколі не адмаўляў простым людзям, зь якімі даводзілася сутыкацца, калі тыя прыяжджалі ў горад са сваімі праблемамі. Знаходзіў час, хадзіў па міністэрствах, ці куды там было трэба...

— Чаму ў кнізе пераважаюць палескія здымкі?

— Бацька аб’езьдзіў практычна ўсю Беларусь. Цяжка знайсьці месца, дзе ён ня быў. Але Палесьсе найбольш захавала сваю аўтэнтыку. Цывілізацыя з-за цяжкапраходнасьці прыйшла туды вельмі позна, і ўнікальныя традыцыі там зьберагліся лепей, чым у іншых мясьцінах.

— Назва кнігі, “Беларускія народныя крыжы”, досыць умоўная...

— Назву даў бацька, і мы вырашылі яе не зьмяняць, хаця кніга мае нашмат шырэйшую тэматыку. Яна прысьвечаная ўнікальным зьявам нашай культуры, якія трэба пасьпець зафіксаваць, бо яшчэ дзясятак год – і яны зьнікнуць. Ну, зразумела, курганоў не дадуць зруйнаваць археолягі, крыж у артадаксальнай форме яшчэ доўга будзе існаваць, аднак нюансы страцяцца. Сучасная культура бэтонных надмагільляў ды помнікаў з мармуровае крошкі ўсё паглыне. Ужо ня ставяць нарубаў, прыкладаў, сіюмінутных крыжоў, што рабіліся з арэхавага кійка, якім мералі даўжыню нябожчыка, каб пасьля ведаць, які дол капаць.

Мала засталося і абракальных крыжоў. Тых, што стаяць не на магілах, а на скрыжаваньнях, проста каля дарог, каля хат, каб засьцерагчы сядзібу ад злых сілаў. Або, напрыклад, на прошчы – на месцы, якое, нібыта, вызначалася сваімі надзвычайнымі ўласьцівасьцямі. Там зазвычай ставілі крыж і хадзілі да яго маліцца. Падчас малітвы адбывалася абраканьне, якое можна параўнаць з ахвяраваньнем: ролю ахвяры выконвала белае палатно – ручнік, фартух, намітка і г.д. – якім абвязвалі крыж, калі прасілі штосьці ў Бога або дзякавалі за нешта. Палатно давалася велізарнай працай і з гэтай прычыны надзялялася магічнымі ўласьцівасьцямі – таму ручнікі і на абразы вешалі, і свата на вясельлі імі абвязвалі, і маладых у царкве на іх ставілі...

А той, хто здымаў упадабаны рушнік з крыжа, павінен быў, паводле народных уяўленьняў, памерці ў надзвычайных пакутах. Бацька, наслухаўшыся гэткага, не рызыкаваў, хаця там былі сапраўды ўнікальныя творы мастацтва, якія папросту згнілі разам з гэтымі крыжамі. Бо апошнія, звычайна, паступова ператвараліся ў цэлыя стагі рушнікоў і аднойчы папросту валіліся пад іх цяжарам. А на месцы старога людзі проста ставілі новы крыж. Тут мы яскрава можам бачыць, што ў народнай сьвядомасьці такі крыж нібыта стаяў на мяжы паганскай і хрысьціянскай традыцыяў, бо атаясамліваўся адначасова і са стодам, і з Хрыстом. Скажам, першы ручнік заўсёды завязвалі на ўмоўным “інтымным месцы” крыжа і тлумачылі тым, што “трэба ж Хрысту сорам прыкрыць”.

— Ці ёсьць штосьці падобнае ў нашых суседзяў?

— Аналягаў крыжам на прошчы ні ў Польшчы, ні ў Літве няма. Ёсьць крыжы прыдарожныя, раскрэсавыя, прыкрынічныя і г.д.

— Ці засталіся яшчэ нейкая неапублікаваная спадчына Міхася Раманюка?

— У рукапісах ляжыць кніга “Беларускія народныя куфры” – абсалютна ўнікальная манаграфія, нават большая за “Беларускія народныя крыжы”. Ёсьць матэрыялы па беларускіх дыванох, па вясельнай абраднасьці, але колькі й якога – не магу сказаць – не падымаў архіваў. Мара ўсяго жыцьця бацькі – сапраўдная навуковая тэарэтычная манаграфія пра беларускае народнае адзеньне, якая б утрымлівала ўсе вядомыя рэканструкцыі, а таксама новыя фатаздымкі, малюнкі. Па-добраму, яшчэ, вядома, не адзін год трэ было б папрацаваць, але можна было б зрабіць сапраўдную энцыкляпэдыю беларускага народнага адзеньня, прычым не ў адным томе. Бо першая бацькава кніга на гэтую тэму – “Беларускае народнае адзеньне” – была, фактычна, фотаальбомам.

— Усё ў кнізе ёсьць, а абэліскаў з зорачкай няма. Гэта – прынцыпова?

— Ды не, я, пасьля таго як кніга выйшла, нават пашкадаваў, што не паставіў аніводнага фатаздымка, бо бацька пра абэліскі савецкіх часоў таксама піша. Іх ставілі па вайскоўцах, камуністах. Гэта факт гісторыі, культуры, як тыя самыя памяткі па няхрышчаных дзецях альбо крыжы.

— Што Вас найбольш уразіла падчас працы над кнігай?

— У Веткаўскім раёне ёсьць мясьціна – там крыніца нават ня б’е, а проста вывяргае ваду і расьцякаецца пяцімэтровым ручаём – я такога ў жыцьці ня бачыў. Але ня гэта галоўнае. Там, як каля большасьці беларускіх крыніцаў, зробленая студня, на якой крэйдай ад рукі было напісана: “Зрабі нас шчасьлівымі і заможнымі, Божа! Дапамажы Беларусі”. Я ледзьве не зваліўся, калі пабачыў. І гэта ў лесе, кілямэтраў за пяць ад бліжэйшай вёскі, дзе камар’я, гнюсу ўсякага – я рэзкасьць навесьці ня мог... Мне многія пасьля ня верылі, казалі, што я сам гэта напісаў. А не было б гэтай кнігі, ніхто б пра такое і не даведаўся. Дзякуй Богу, што былі і ёсьць у нас этнографы, якія езьдзілі, шукалі, зьбіралі, дасьледавалі.

Гутарыў Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0