Змаганьне за ларок

14/8-42. Рэдактару газэты
“Беларуская газэта” сп. Казлоўскаму

Належачы Менскаму раённаму аддзелу Беларускай Народнай Самапомачы ларок, які знаходзіўся ў сквэры рага вуліц б. Петраградзкай і Сьвярдлоўскай, у сыботу 8-га жніўня без майго ведама быў забраны працаўнікамі гаспадарчага аддзелу Вашай рэдакцыі і ўстаноўлены на Старажоўскім рынку для продажу газэт.

Аб прыналежнасьці ларка аддзелу БНС падаю наступнае: раней ларок знаходзіўся па Беламорскім завулку і прыналежыў грамадзяніну Бароўскаму, ад якога пасьля ўплаты каштоўнасьці зробленага Бароўскім рамонту (дзьверы і завала) 7 ліпеня аддзелам БНС быў перавезены на сквэр і скарыстоўваўся для продажу сельтэрскай вады, для якой мэты былі зробленыя адпаведныя капіталаўкладаньні.

Ларок меў шыльду і вісячы замок, які з цягам часу невядома кім быў украдзены. З гутаркі па майму даручэньню асобы з працаўніком в/гаспадарчага аддзелу высьветлена, што Ваш камэндант некалькі разоў аглядаў названы ларок з мэтай яго прысваеньня, дзе бачыў шыльду і замок. Пасьля зьнікненьня шыльды і замка ларок 8.8. г.г. быў забраны Вашым камэндантам.

Нягледзячы ўжо на тое, што Ваш камэндант самаўпраўна забраў ларок, ягоным учынкам нанесены Менскаму раённаму аддзелу БНС страты, як каштоўнасьць затрат па рамонту ларка, а таксама зьліквідавана гандлёвая дзейнасьць ларка, прыбыткі ад якога паступалі ў фонд БНС дзеля аказаньня дапамогі пацярпелым ад вайны.

Выходзячы з гэтага прашу Вашага распараджэньня аб звароце ларка на былое мейсца з вытварэньнем рамонту тых пашкоджаньняў, якія былі зробленыя ў выніку перавозкі.

Кіраўнік менскага раённага аддзелу БНС

 

Кіраўніку Менскага
Раённага аддзелу БНС

У адказ на Вашую адносіну за №52-е ад 14.VIII.42 рэдакцыя “Беларускай газэты” паведамляе наступнае:

Ларок, які знаходзіўся па Беламорскаму завулку №7, належаў нам. На гэта было спэцыяльнае распараджэньне Генэральнага камісарыяту Жылкіраўніцтву аб звароце нам усіх кіёскаў (ларкоў), што належылі раней Саюздруку. На падставе гэтага Жылкіраўніцтва даручыла свайму прадстаўніку сп. Кісялёву сумесна з нашым працаўніком агледзець усе кіёскі і перадаць іх рэдакцыі.

Такім парадкам у канцы чэрвеня месяца быў праведзены агляд ларкоў па Камароўскаму раёну. На выяўленыя ларкі былі складзеныя акты і выпісаны ордэры, але з прычыны таго, што некаторыя зь іх былі ў той час занятыя прыватнымі асобамі ў нас у той момант не было транспарту, мы іх адразу не перавезьлі. Неўзабаве адзін з гэтых ларкоў быў узяты Вамі і мы ня ведалі, дзе ён знаходзіцца. Пазьней, калі мы сталі аглядаць іншыя месцы (Чэрвенскі рынак, Сураскі рынак і цэнтар гораду), мы ўбачылі гэты ларок на сквэры, што каля былога Віленскага рынку. Ларок быў замкнёны і меў шыльду аб гандлі вадой, каму належыла шыльда не было відаць.

Прадстаўнік Жылкіраўніцтва, да якога мы зьвярнуліся, абяцаў нам аслабаніць гэты кіёск і прызначыць нам. Празь некаторы час мы ўбачылі, што замок і шыльда з ларка зьнятыя – значыцца, ён свабодны. Тады мы і перавезьлі гэты кіёск у патрэбнае нам месца. Гэта зроблена са згоды Жылкіраўніцтва.

Такім чынам, мы лічым, што кіёск, на які прэтэндуе раённы БНС, зусім справядліва належыць нам і ды й на гэта ёсьць адпаведныя дакуманты (акт і ордэр Жылкіраўніцтва). Таму мы ні ў якім разе не можам задаволіць Вашую просьбу аб звароце гэтага кіёску Вам.

Адказны рэдактар Казлоўскі

Акрамя гэтага эвэнтуальнае перавязеньне назад і рамонт кіёску, каштавала б больш, чымся цяпер ён каштуе.

Казлоўскі

 

Кіраўніку Менскага
раённага аддзелу БНС Сп.Контовту

Дакладная

Рэдакцыя “Беларускай газэты” ў сваім адказе на Вашу пастанову аб звароце забранага імі кіёску даводзіць тое, што ларок, які знаходзіўся на Беламорскім завулку, належыў рэдакцыі і што было спэцыяльнае распараджэньне Генэральнага Камісарыяту Жылкіраўніцтву аб звароце усіх кіёскаў, што належылі раней Саюздруку.

У супярэчнасьць рэдакцыі паведамляю Вас:

1. Азначаны ларок не належыў раней Саюздруку, так як на шыльдзе было бачна, што ларок належыў арцелі “Пабеда”.

2. Аб узяцьці мною ларка было ўзгоднена з камэндантамі Домакіраўніцтва №19, які не супярэчыў аб забраньні, так як на балянсавым уліку Домакіраўніцтва ларок ня значыўся, а належыў прыватнай асобе Бароўскаму, які перавёз ларок з другога месца.

3. Ордэр на ларок Рэдакцыяй даціраваны 21 ліпеня, у той час як 7-га ліпеня ларок быў забраны.

4. З вышэйсказанага выцякае, што паколькі ларок не лічыўся на балансе домакіраўніцтва, а то і ўзяцьце яго не патрабавала афармленьня адпаведнага дазволу, аб чым мне было сказана ў Жылкіраўніцтве Менскага Гарадзкога Камісарыяту.

Такім чынам ларок безумоўна належыць БНС, а ордэр і акт маючыяся на яго ў Рэдакцыі складзены завочна, г.зн. пасьля адсутнасьці ларка і са спазьненьнем (празь месяц пасьля агляду).

Сакратар Менскага Раённага аддзелу БНС

Складзенае ў пункце 1 і 2 сьведчыць былы ўласьнік ларка Бароўскі, пражываючы па Беламорскім завулку №10.

 

НАРБ, ф. 402, воп. 1, спр. 7, арк. 1-3.

 

Канфлікт з-за ларка разьвёў аднадумцаў па розныя бакі, зрабіўшы ворагамі. Лёс зьвёў іх праз год: і Мечыслаў Контаўт, і Уладыслаў Казлоўскі загінулі ад рук савецкіх партызанаў у Менску у лістападзе 1943 г.

 

Уладыслаў Казлоўскі (1896—1943), беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст, паэт. Адзін з ідэолягаў беларускага нацыянал-сацыялізму. У 1942–1943 гг. – рэдактар “Беларускай газэты”, на старонках якой выступаў з шавіністычнымі і антысэміцкімі артыкуламі. Застрэлены ў Менску ў лістападзе 1943 г. савецкімі партызанамі.

Мечыслаў Контаўт, беларускі грамадзкі дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі бурмістар Менскага павету і старшыня камітэту БНС на горад Менск. Застрэлены ў Менску ў лістападзе 1943 г. савецкімі партызанамі.

Беларуская народная самапомач (БНС), грамадзкая дабрачынная арганізацыя ў Генэральнай акрузе Беларусь (1941–1944). Займалася праблемамі сацыяльнай апекі, аховай здароўя, пытаньнямі культуры.

“Беларуская газэта”, цэнтральнае беларускае пэрыядычнае выданьне на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. Друкавала паведамленьні з фронту, распараджэньні нямецкіх уладаў у Беларусі, гістарычныя, культурніцкія матар’ялы, літаратурныя творы.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0