Рэабілітацыя

Украіна разьвітваецца з каляніяльным правапісам 1933 году

У Кіеве ідуць палітычныя баталіі. Кааліцыя рэфарматараў, сацыялістаў, часткі нацыяналістаў і адзіных энэргетычных сыстэмаў Украіны спрабуе скінуць прэзыдэнта Кучму. Сацыял-дэмакраты, народныя дэмакраты, партыя ўлады, анархісты і другая частка нацыяналістаў яго абараняюць. Камуністы, Натальля Вітрэнка, дэмакрат прэм’ер-міністар Юшчанка і трэцяя частка нацыяналістаў занялі пазыцыю чаканьня “ні нашым ні вашым”. Лібэрал і дзяржаўнік Юшчанка разьлічвае пераняць ад Кучмы вагары кіраваньня ў выніку эскаляцыі дзяржаўнага крызысу, а камуністы, прагрэсіўныя сацыялісты і трэцяя частка нацыяналістаў якраз гэтага баяцца. На Хрышчаціку паўстаў палатачны стан, з усіх канцоў краіны ў сталіцу сьцякаюцца ручаінкі бунтароў, каб дамагацца імпічмэнту Кучмы.

Карацей, сапраўдны крызыс улады, які, нібы ў любой культурнай эўрапейскай сталіцы, найхутчэй скончыцца “адстаўкай кабінэту”. То бок нічым. Прыйдзе новы “кабінэт”, або нават будуць новыя выбары. Няхай Украіне жывецца скрушна, хай там рэдка дзе і калі бывае гарачая вада, а натуральная гаспадарка нават на чарназёме зь цяжкасьцю забясьпечвае патрэбы гараджанаў-дачнікаў, усё ж Украіна ўжо дасягнула шчасьлівага для сярэднеэўрапейскай краіны стану, калі “адстаўкі кабінэту” нічога не зьмяняюць.

Кіеў – вольны горад. Там ужо даўно ў цягніках мэтро езьдзяць сабакі, тралейбусы даходзяць не да ўсіх мікрараёнаў, а каштоўныя кнігі ХІХ ст. у букіністычных крамах можна набыць за капейкі. Эканамічна – там бяда. Але духоўна – там рай. У Кіеве выдаюцца шыкоўныя тыднёвікі, месячнікі і штодзённыя газэты па-ўкраінску, пра якія мы можам толькі марыць, сотні кніг – арыгінальных і перакладных, працуюць дзясяткі якасных украінскамоўных тэлеканалаў. Сярод страшэннай дэградацыі грамадзтва і палітычнага хаосу ўкраінская інтэлігенцыя працягвае рабіць тое, што ўважае галоўным, – абнаўляе падваліны нацыянальнага дому. Піша падручнікі па гісторыі, умацоўвае недзяржаўны ўнівэрсытэт – Кіева-Магілянскую Акадэмію, спраўджвае зьнявечаны сталінскімі камісарамі ўкраінскі правапіс. Менавіта таму, што інтэлігенцыя робіць сваю справу, не зважаючы на палітычны клімат, гэты самы клімат ва Ўкраіне застаецца ўмераным, а не кантынэнтальным. Гарачае лета не зьмяняецца сьцюдзёнаю зімой, як у нас. А палітычны курс краіны вагаецца зусім незаўважна, калі параўноўваць зь беларускімі шараханьнямі. Зьмену прагнілага рэжыму Кучмы на кіраваньне вечнага апазыцыянэра Мароза або дэмакрата Юшчанкі наўрад ці заўважаць настаўніцы ўкраінскай мовы. Ня тое, што ў нас – зьмену Лукашэнкі на ягонага апанэнта. А рашэньне Кабінэту міністраў Украіны, які днямі мае зацьвердзіць частку, а можа і ўсе 19 зьмяненьняў, падрыхтаваных Нацыянальнай камісіяй па пытаньнях правапісу пры Кабінэце міністраў, настаўніцы мусяць заўважыць. Гэта і ёсьць тая самая “стабільнасьць дзяржавы”, якая гэтак муляе “шклоўскаму стоду”.

Пра магчымыя зьмены ва ўкраінскім правапісе распавядае намесьнік старшыні згаданай камісіі, прафэсар, загадчык катэдры мовы і стылістыкі Інстытуту журналістыкі пры Кіеўскім унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі Аляксандар Панамарыў.

 

— Мы хочам спрасьціць мову, бо ў цяперашнім правапісе задужа правілаў з выняткамі. Як вядома, у 1928 г. быў прыняты правапіс, называны “харкаўскім” па месцы, дзе засядала правапісная камісія. Ён быў забаронены ў 1933 г., калі савецкія ўлады ўмацоўвалі курс на русіфікацыю моваў народаў СССР. У тым самым годзе ў Беларусі замест тарашкевіцы была ўведзеная наркомаўка. Заслуга дыяспары ў тым, што яна ў сваіх выданьнях зьберагла нормы правапісу 1928 г. Сёньняшнія зьмены – гэта рэабілітацыя большай часткі таго, што было забаронена ў 1933 г.

Напрыклад, мы хочам спрасьціць напісаньне словаў зь “пів”. Мы пішам “пів-Києва” – праз дэфіс, “пів’яблука” – з апострафам і “півгодини” – разам. Чаму б не пісаць разам ва ўсіх выпадках? Так будзе прасьцей.

Іншы прыклад: у нас ёсьць так званае “правіла дзевяці”, паводле якога “и” ў словах іншамоўнага паходжаньня пішацца пасьля дзевяці пэўных літар, а ва ўсіх астатніх выпадках пішацца “і”. Гэтае правіла тычылася толькі агульных назоўнікаў, а ва ўласных было багата выняткаў. Мы пісалі “Америка”, “Африка”, “Рига”, “Рим”, “Париж”, але “Мадрід”. Пісалі “Палестина”, але “Аргентіна”, “Сірія”. Мы вырашылі пашырыць гэтае правіла на ўласныя і агульныя назоўнікі, каб не пісаць надалей “дизель – мотор”, а прозьвішча – “Дізель”. Такім чынам, унівэрсалізаваць. Гэта палегчыць вывучэньне мовы.

Часам нашыя апанэнты, нават не мовазнаўцы, а найбольш журналісты з расейскамоўных і расейскіх выданьняў, прыдумляюць тое, чаго няма ў нашых прапазыцыях. Напрыклад, кажуць, што мы быццам літару “ф” хочам выкінуць, што будзе “хвілосохвія”, “Хранція”. Гэта, безумоўна, глупства. Нічога такога кардынальнага мы не мяняем, бо ўкраінскі правапіс не патрабуе кардынальных зьменаў.

Яшчэ нашы апанэнты кажуць, што, маўляў, правапісаў не зьмяняюць. Але гэта няпраўда. Напрыклад, немцы ўвялі новы правапіс. Малдаване нават зьмянілі графіку — і там таксама крычалі і выступалі.

Некаторыя лямантуюць – колькі часу прайшло, народ прывык да нормаў 1933 году. Па-першае, гэта не аргумэнт – «народ прывык». Немцы дзесяць гадоў адвялі на пераходны пэрыяд, а грэкі зьмянілі правапіс, якому было тры тысячы гадоў, за год.

Мы можам выслухаць розныя думкі, але не абавязаныя іх улічваць. Правапіс – справа мовазнаўцаў. Гэта ня тое пытаньне, якое вырашаецца ўсенародным рэфэрэндумам.

— Ці ня лічыце Вы, што зьмяненьне, згодна з новым правапісам, формы словаў “кіно”, “метро” ва ўскосных склонах можа выклікаць псыхалягічныя складанасьці ў іх успрыманьні? Бо вымаўленьне “кіна” доўгі час было прыкладам абсалютнай непісьменнасьці.

— Так, гэта зрабілі рысай неасьвечанасьці. Хаця гэта прыроднае памкненьне. Мы ж не зьмяняем па склонах іншамоўных словаў, калі ня маем узору. Напрыклад, “пенсне”, “кашне” мы ня можам зьмяняць, бо ва ўкраінскай мове няма сваіх назоўнікаў ніякага роду, якія б сканчаліся на націскны “е”, таму “кашне” ў нас ня будзе зьмяняцца. А чаму мы зьмяняем па склонах слова “інженер”? Бо яно сканчаецца на “р” як, напрыклад, “явір”. Дык чаму б нам не зьмяняць “кіно”, калі яно аналягічнае слову “вікно”, а “метро” — як слова “відро”. Так што гэта прыродная рыса ўкраінскай мовы, якая, пасьля забароны ў 33-м годзе, зрабілася прыкметай “вясковасьці”, неадукаванасьці. Але і чэхі, і палякі, і славакі зьмяняюць гэтыя словы ва ўскосных склонах.

Дарэчы, пра “пальто”. Некаторыя расейскамоўныя газэты раптам пачалі хвалявацца за ўкраінскую мову, нават “Независимая газета”, у якой хтосьці напісаў артыкул “Мова без пальта”. Дык ён жа невук, бо слова “пальто” зьмяняецца ў нас па склонах з 1946 г. Прывыклі ж да «пальта». Гэтаксама прывыкнуць і да іншых зьменаў.

Акрамя таго, нашыя апанэнты выдумляюць, нібыта мы хочам казаць “на радіві”, а не “на радіо”. Дык вось, зьмяняцца будуць толькі тыя словы, дзе перад гэтым “о” стаіць зычны – “кіно”, “пальто”, “метро”. А дзе два галосныя — не, напрыклад, “радіо”, “Онтаріо”.

— Якія водгукі прыходзяць на Ваш варыянт удакладненьня ўкраінскага правапісу?

— Ёсьць водгукі ад спэцыялістаў, якія ўсё ўхваляюць. Ёсьць водгукі, дзе адно ўхваляюць, іншае – не. Ёсьць такія, дзе нічога не ўхваляюць, але гэта збольшага на ўзроўні “Не читал, но осуждаю”. Вось, напрыклад, шмат каго чамусьці абурае тое, што мы хочам пісаць “матеріяльний”. Але вы мне скажыце, хто ва Ўкраіне кажа “матеріальний”? Хто там вымаўляе “а”? Усе кажуць “матер‘яльний”. А на пісьме мы якраз сьлепа капіюем расейскі правапіс. Да 33-га году так не пісалі. Або чаму “месія”, але “месіанство”? Мы прапануем гэтае спалучэньне гукаў скрозь перадаваць праз “ія”.

Мы зачаста бяздумна капіявалі расейскі правапіс. Вось прыклад: прозьвішча былога генэральнага дырэктара дзяржаўнага тэлебачаньня Чэхіі па-чэску гучыць Годач, але расейцы кажуць Ходач, і наша прэса сьледам за імі таксама піша Ходач. Але ж у расейцаў няма “г” фрыкатыўнага, а ва ўкраінцаў ёсьць. Акрамя таго, ягонае імя расейцы пішуць як иржи, бо ня маюць “ї”, а ўкраінцы маюць, і мусяць пісаць їржи. Сказаць “Іржы Ходач” – усё адно, што сказаць “Урій” замест “Юрій”.

— Якія з 19 прапанаваных пунктаў зьменаў атрымалі найбольш крытычных заўвагаў?

— Пратэст неспэцыялістаў выклікала зьмена ў пэўных выпадках літары “ф” на “т”. Як я казаў, пайшла пагалоска, што мы ўвогуле зьбіраемся выкінуць літару “ф” з украінскага альфабэту. Мы “ф” не зьбіраемся выкідаць, хоць гэты гук украінская і ўсе славянскія мовы запазычылі.

Украінская і беларуская мовы найдаўжэй супраціўляліся гэтай літары: у расейцаў — “картофель”, у палякаў — “картофля”, а ва ўкраінцаў — “картопля”. Але потым гэты гук прыйшоў ва ўкраінскую мову: “фізика”, “фонетика”, “Франція”. То бок, калі ён ёсьць у мове арыгіналу, дык ён там і застанецца.

А ёсьць гук “ф”, які паходзіць ад грэцкае “тэты” ці міжзубнага “т”. Ён ва ўкраінскай мове ў 90% выпадкаў перадаецца праз “т”: “математика”, “лабіринт”, “Тесей”, “Тетчер”, “патетика” і г.д. Але там, дзе расейцы перадаюць гэты гук праз “ф”, украінцам таксама загадалі ў 1933 г. яго перадаваць праз “ф”. Вось украінцы і пішуць “патетика”, але “пафос”, хоць гэта аднакарэнныя словы. Таму мы хочам унесьці зьмены ў тых нешматлікіх выпадках. Спачатку мы прапануем увесьці падвойнае напісаньне гэтых словаў — “марафон” і “маратон”, “Афіни” і “Атени”. Яшчэ ўкраінскія клясыкі савецкага часу пісалі “этэр” ці “амальтэя”. Напрыклад, Паўло Тычына: “Пливе етер, струмує вітер, джерела б‘ють”. Або Максім Рыльскі:

“Осінній холодок над спраглою землею

шатро гаптоване широко розіп’яв.

До ніг його падуть як з рога Амальтеї

плоди, налиті вщерть, і довгі пасма трав”.

— А што тычыцца памякчэньня “л”?

— Не, гэтага ня будзе. Як і раней, будзем пісаць “клуб”, “план”, “філологія”. Бо такое памякчэньне не характэрнае для гаворак, на аснове якіх складаўся ўкраінскі правапіс. Тады, у 1928 г., такое памякчэньне “л” было прынятае, але гэта было няслушнае рашэньне, навязанае. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін паказчык таго, што мы не шапкуем перад дыяспарай. Мы хочам, каб усе ўкраінцы сьвету мелі адзіны правапіс.

— А якімі будуць мэханізмы “ўзаконьваньня” гэтых зьменаў?

— Камісія Кабінэту міністраў будзе прымаць гэтыя зьмены, галасуючы за кожны пункт. Думаю, што нейкія асобныя адзінкавыя выпадкі ня будуць прынятыя.

Пасьля таго як камісія прыме зьмены, правапіс павінен будзе зацьвердзіць прэм’ер-міністар краіны. Пасьля гэтага зьмены набудуць законную сілу і будзе выдадзены новы правапіс.

www.part.org.ua,
“Наша Ніва”

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0