Дэслабаданізацыя
У Югаславіі арыштавалі былога кіраўніка дзяржаўнага тэлебачаньня за часоў Мілошавіча, Драгалюба Міланавіча. У яго ёсьць пра што і за што спытаць. Напрыклад, ці ж ня ведаў ён пра маючую адбыцца паветраную атаку NАТО на будынак сэрбскага ТV, падчас якой загінула 6 чалавек?
Ён пакінуў сваіх супрацоўнікаў там, хаця яму паведамілі, што будынак будзе заатакаваны. Затое ў красавіку 1999 г. Мілошавіч прыводзіў гэтыя сьмерці як прыклад няўвагі NАТО да жыцьця мірных жыхароў. Афіцыйныя асобы абяцаюць, што і сьледзтва па справе самога Мілошавіча пачнецца на днях, пра тое ж казаў і прэм’ер Джынджыч. Яны пазьбягаюць дакладных камэнтароў, абмяжоўваючыся заявамі пра дастатковасьць падставаў для пачатку сьледзтва супраць былога прэзыдэнта і пра тое, што рашэньні па справе Мілошавіча павінны прымаць адпаведныя органы, а ня ўрад. Некаторыя турбуюцца, што істотныя абвінавачваньні супраць Мілошавіча высунуць будзе вельмі няпроста, бо сьлядоў злачынстваў не адшукаць. Джынджыч прызнае, што, вядома, найпрасьцей было б раскрыць фінансавыя парушэньні, але будуць шукаць таксама і доказы ваенных злачынстваў.
Важныя зьмены чакаюцца і на бягучым тыдні — парлямэнт прызначыць новых пракурораў і судзьдзяў, заклаўшы фундамэнт для расьследаваньня злачынстваў былога рэжыму.
С.Р.