Паштовая скрынка

 

Андрэю В. зь Менску. Хіба гэтыя зьвесткі пра Францішка Савіча нідзе раней не друкаваліся? Калі не, тады Ваш артыкул недастаткова аўтарскі, мастацкі, літаратурны. Зашмат у ім дыдактычнасьці й чапурыстасьці. Дух часу не ўваскрошаны. У Вяляцічы варта было б выбрацца, дый у Вільню, зь яе духам і архівамі. Зьмітру М. зь Менску. Тое самае і з Вашым артыкулам пра Віктара Хэльтмана. І Вам раім пачаць дасьледаваньне з паездак у Вярховічы і Вільню, а тады пісаць.

Лін-ку С. з Кобрыня. «Не займацца самаедзтвам» — цікавая тэма для далейшага роздуму і тлумачэньня, што гэта значыць. Усё астатняе бясспрэчна і ўжо прамоўлена спсп.Пазьняком і Шарэцкім, таму не друкуем.

Віталю А. зь Менску. Тое, чаго панадусім шукаюць і прагнуць сябры Вашай арганізацыі, можна вызначыць хутчэй як «каханьне», чым як «улада». Таму й не дасягаюць «вынікаў».

Паўлу Б. з Полацку. Вы напісалі ўсё адно, як для знаёмых. Многа незразумелага. Калі сам у Полацку не жывеш, дык і ня ўцяміш, паставілі той помнік ці гэта яшчэ толькі праект. Малюнак кажа, а словы не апісваюць. А «Пра хлеб» — сардэчна. Бярэм у працу.

Ганьне С. з Койданава. Мір.

Міколу Б. з Дубровы. Парабала з пэруанскім творам харошая, але асобна не глядзіцца. Тут больш прыдаўся б «рымэйк» яго пад беларускія рэаліі.

Уладзіку Г. з Страсбургу. Пра гэтую праблему ў беларускай мове Вы ўжо аднойчы пісалі. Цікава было б даведацца, як яна вырашаецца ў Францыі і якія дыскусіі точацца вакол яе.

Ярашу М. зь Менску. Пра “Троіцу” – яшчэ не рэцэнзія, а анатацыя. Замнога тэхнічных дэталяў, галоўнае ня вылучана. Варта было б падрабязьней распавесьці пра фэстываль, асабліва калі яго ладзілі фрызы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0