Перакур

Лукашэнка ўсім надакучыў. Ён на экране, на карыкатурах, на сьценах. Абрыдла слухаць пра яго, упоперак горла стаяць ягоныя гістэрыкі, прытаміла змагацца зь ім. Ня хочацца ўдзельнічаць у ягоных палітінфармацыях, выбарах, пратэстах супраць яго і байкотах. Ня хочацца чуць.

 

Грамадзкая апатыя набыла грозныя памеры. Беларусы ўжо ня хочуць, каб было “як раней”. Беларусы яшчэ ня хочуць, каб было, “як у Польшчы й Літве”. Беларусы проста нічога ня хочуць. Гэта лукашызм.

Лукашызм за сем гадоў уеўся ў кожную нашу клетку. Вырасла цэлае пакаленьне маладых, якія й ня ведаюць іншай рэальнасьці, апроч лукашэнкаўскай. Яна складаецца з паўсюднай – у эканоміцы і маралі — падвойнай бухгалтэрыі, з усіхнага хамства і з тэлебачаньня пасьля работы — скрынкі мрояў, поля цудаў. Дзеля гэтага – паўсюдны нігілізм. Для мільёнаў сама ідэя Беларусі без абрыдлага Лукашэнкі ўжо ўспрымаецца як фантастычная. “Гэтак не бывае”.

З ідэяй пра вечнасьць свайго ворага звыкліся нават многія змагары зь ім. “Ну, не пераможам, але 15% пэўна зьбяром”, — такія пэрліны можна пачуць у перадвыбарчых штабах асобных кандыдатаў, што прэтэндуюць на ролю “адзінага”. Змаганьне без канца, ад паразы да паразы, ад мітынгу да мітынгу, пачынае станавіцца змаганьнем дзеля змаганьня, дэманстрацыяй дзеля дэманстрацыі. Лукашэнка – нягледзячы на ўсе выбары, байкоты, шэсьці і грамадзянства БНР – застаецца. Бо такія “апазыцыянэры”, што мараць пра 15%, ня здольныя патлумачыць людзям, у чым можа яшчэ заключацца перамога, апроч як у барацьбе за 15% галасоў. Такія апазыцыянэры не заўважаюць культуры, гістарычных вехаў, бо й самі жывуць ад зарплаты да зарплаты, ад пасяўной да ўборачнай. Хоць з вышыні гісторычных вехаў сёньняшняя апатыя – проста перакур.

Беларусы перакурваюць, думаюць сабе і ўсё больш усьведамляюць, што Лукашэнка супярэчыць усёй нацыянальнай істоце беларуса, з аднаго боку, і ўсёй рацыі сучаснае эканомікі, з другога. Што ён замахнуўся стаць царом Расеі і праляцеў. Ён банкрут. Ён гуляе толькі на апатыі й нігілізьме. Але хто б замяніў яго?

Апазыцыя стаіць перад складанай задачай: як абудзіць людзкую энэргію, калі да выбараў застаецца зусім нічога часу, а грамадзтва больш ня верыць у “збаўцаў” і вялікія ідэі? Самае дарагое, што беларуская палітыка страціла за часоў Лукашэнкі, – гэта свой ідэалізм, свае фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія пакінула валяцца на шляху змаганьня. Калі стала граць паводле правілаў, на якіх трымаецца лукашызм, – падвойнай бухгалтэрыі, хамства і абагаўленьня тэлевізара. Народ глядзіць на такую апазыцыю і кажа — “ня бачу альтэрнатывы”. І мае рацыю!..

Як вярнуць страчаныя ідэалы?

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0