Беларускі Хрыстос
сучасны, як Біл Гейтс

У беларускай культуры вобраз Хрыста быў адроджаны Ўладзімерам Караткевічам, чый раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» цалкам легальна выйшаў у 1966 г. Малюючы ілюстрацыі да яго, я і мае аднакурсьнікі сутыкаліся зь дзіўнай праблемай: каб зразумець Караткевічавы мэтафары, чытаньня бэлетрыстычнае канвы было недастаткова, даводзілася паглыбляцца ў Сьвятое Пісьмо. Гэтак у аўдыторыях менскае мастацкае вучэльні пачала зьяўляцца Біблія. Пільнае вока пэдагогаў гэта адсочвала: «Дзе ўзяў?», «Хто даў?»

Тое было даўно. Сёньня ж Ісус Хрыстос ізноў — адзін з цэнтральных пэрсанажаў беларускага мастацтва. Але, як і нэафіты, сучасныя мастакі мусяць яго вымысьліваць. Бо нават Сьвятое Пісьмо не падказвае нам, як выглядаў Хрыстос.

Знаны ў Вільні беларускі мастак Сяргей Поклад намаляваў багата палотнаў на біблійныя сюжэты. Ён часта выстаўляецца ў Літве, Нямеччыне, Польшчы, Беларусі. Я задаў яму пытаньне: які для вас Хрыстос і які зьмест вы ўкладаеце ў свае партрэты Хрыста?

 

Сяргей Поклад

“Для мяне Ісус Хрыстос – гэта валадар валадароў, які прыйшоў на Зямлю. Але я маляваў не абразы, а вобраз мацярынства... У Бібліі сказана, што жанчына ўратуецца толькі праз нараджэньне дзяцей, як Ева. У Бібліі напісана, што трэба палюбіць Госпада ўсім сэрцам, усёй душою, усёй крэпасьцю сваёй. А Бог ёсьць Духам! І маюць рацыю тыя, хто пакланяецца ня бачнаму Богу, а Духу. І я не разумею, калі людзі вешаюць ягоныя выявы на сьцены, пакланяюцца ім. Бог робіцца, што ідал. Упрыгожыць нешта можна, а пакланяцца – гэта ідальства. Я малюю не абразы, а сымбалі. Быў Сын Божы, ён уратаваў людзей. Калі любіш — а я дужа-дужа люблю Ісуса Хрыста, — дык карціць, ведаючы ягоны лёс, уяўляючы, як ён жыў, хадзіў па зямлі, паказаць гэта на плоскасьці людзям. А вось рабіць з гэтага культ я не хацеў бы”.

Мастак Поклад – пратэстант, і чыстыя й звонкія абразы, гэтак папулярныя сярод пакупнікоў, для яго — толькі спосаб падзяліцца сваімі ўяўленьнямі пра Хрыста. Ня больш. Самае галоўнае для яго, каб гэта было прыгожа... Сп.Поклад глыбока перакананы, што Беларусь ня бу-дзе ўратаваная мастацтвам, бо, нягледзячы на велізарныя здабыткі мастацтва Эгіпту, Італіі ці Нямеччыны, яны ня выратавалі нікога. На ягоную думку, няма ніякага хрысьціянскага мастацтва. Ёсьць мастацтва, а ёсьць Хрыстос. «Беларусь, — кажа Сяргей Поклад, — можа ўратаваць толькі шчырая вера ў Збаўцу...»

Я зьвярнуўся таксама да скульптараў, бо хто ж, як ня скульптар, мусіць вычуваць вобраз Хрыста як гістарычнага пэрсанажа. Плястычна, відочна, навобмацак...

Эдвард Падбярэскі — аўтар манумэнтаў беларускім дзеячам на віленскіх могілках, Росах і Ліпоўцы. Але найперш ён — аўтар аздобы шмат якіх касьцёлаў у Вільні, Рукойнях, Маладэчне, Глыбокім, Лідзе, Менску, Мазыры, Дунілавічах, Мосары. Рабіў ён гэта яшчэ ад 70-х. Менавіта дзякуючы гэткім творцам, як Падбярэскі, традыцыі сакральнага мастацтва ў Беларусі не перарываліся й за саветаў. Тады, калі іншыя мастакі займаліся камуністычнай афармляйлаўкай.

 

Эдвард Падбярэскі

“Для мяне Хрыстос – гэта наша Надзея! – кажа сп.Падбярэскі. — Ён быў высокага росту, меў доўгі твар, шэрыя вочы. Ён вельмі прыемная асоба, падобны да некаторых маіх знаёмых. Калі ўзяць некалькі чалавек, скласьці, дык... Турынская плашчаніца — праўдзівы дакумэнт, што сьведчыць пра выгляд Хрыста.

Я стаю на канонах. Калі адхіліцца ад іх, дык скульптура ня бу-дзе ўспрымацца людзьмі. Бо вобраз вельмі складаны, рэдка хто можа яго зразумець. Ведаеце, цяпер моцна ўсё ўскла днілася. Сёньня ствараць Ягоны вобраз цяжэй, чым раней. Чалавек цяпер стаў нашмат складанейшы, чым раней уяўлялі сабе людзі. Гэта я па сабе магу сказаць...

У Польшчы будуецца новая самая вялікая базыліка ва Ўсходняй Эўропе, мне прапанавалі рабіць там скульптуры. Гэта Лісень пад Колінам, едучы на Познань. У траўні будзе ў Польшчы вялікі юбілей Маці Божае з-пад Коліна, увесь край будзе сьвяткаваць. І я цяпер раблю самую адказную справу для Польшчы...”

Дарэчы, за мяжою сёньня працуе багата беларускіх творцаў. Зоя Літвінава расьпісала старасьвецкі касьцёл у Гапфагартэнсе, што ў Аўстрыі, Алесь Лось размаляваў колькі цэркваў на Падляшшы. Скульптар Валяр’ян Янушкевіч таксама вядомы ня толькі помнікам Скарыну ў Лідзе, мэмарыялам сясьцёр-назарэцянак у Наваградку, але й мэмарыяльнай шыльдай Міхала Агінскага ў Флярэнцыі. Добра вядомы ён у Беларусі і як аўтар плястычнае аздобы касьцёлу сьвятога Роха ў Менску... А цяпер паводле ягонага праекту давяршаюць інтэр’ер нядаўна адчыненага касьцёлу Сьвятога Андрэя Баболі ў Полацку. Тамака ж будзе высьвячаная й брама беларускіх пакутнікаў за веру.

 

Валяр’ян Янушкевіч

“Хрысьціянскаму мастацтву ў нас ужо 1000 гадоў, — кажа Валяр’ян Янушкевіч. — Яно палягае на традыцыях бізантыйскага мастацтва і раманскага стылю. Я не трымаюся цьвёрдага канону, як гэта робіцца ў Расейскай праваслаўнай царкве. Але ў каталікоў таксама ёсьць свая традыцыя, пэўная іканаграфія, якой трымаліся ўсе мастакі. Адхіленьні маглі быць, але вобраз Хрыста ўсё адно пазнаецца. Калі ты выявіш чалавека гадоў пяцідзесяці, з тоўстым жыватом, дык такога Хрыста ніхто не пазнае. Традыцыя патрабуе трыццацігадовага. Калі зробіш яго з кароткімі валасамі, гэта таксама ня будзе Хрыстос, хоць ты разьбіся, даказваючы...

Цэрквы й касьцёлы ў нас, на жаль, афармляюць непрафэсійна. Выходзіць нейкае дылетанцкае мастацтва, афармляйлаўка, бо народнае ўсё ж было абапертае на традыцыі. Сярод сучасных майстроў, якія сур’ёзна шукаюць новы вобраз Хрыста, — Вашчанка і Пушкін. Аднак і ў іх я яшчэ ня бачу таго магутнага цэльнага вобразу, які б хацеў бачыць. Я й сам не кажу, што маю вялікія дасягненьні...

Пасьля гадоў вынішчэньня ідзе працэс адраджэньня, але ён кволы. Традыцыя цалкам не перарвалася, але моцна пацярпела. Расейская цывілізацыя прынесла нам сваё бачаньне. Накідвалі нам гэныя псэўдабізантыйскія формы, ніяк не ўласьцівыя нашаму народу. І тыя ж барокі ў свой час таксама вынішчалі гэты цэльны вобраз. Бо вобраз гэты, як мне здаецца, які ён быў у Бізантыі ці ў раманскім стылі, быў узноўлены мастакамі італьянскага адраджэньня. Мастакі вярнуліся назад, зрабіўшы крок наперад. Але пасьля былі тыя барокі, ракако... Ператварылі Хрыста ў аздабляйлаўку, як цяпер, гэта ўсё з адной опэры...

Беларусь столькі перажыла, што яна на хрысьціянства абапіраецца, як, бадай, ніякая іншая краіна. Бо такіх цярпеньня й дараваньня, як у беларусаў, я нідзе не заўважыў. У той жа Польшчы ўсё трымаецца на нейкай экзальтаванай традыцыі”.

Аляксандар Пушкін вядомы ня толькі гучнымі пэрформансамі з палітычным падтэкстам, але й цыкламі сьценапісаў у праваслаўнай царкве ў Бабры, што на Крупшчыне, і ў касьцёле сьвятога Станіслава ў Магілёве. Таму свае пытаньні я адрасаваў і яму.

 

Алесь Пушкін

“Чуючы слова “канон”, адразу згадваю калькі з расейскае традыцыі. Прыклад: царква Ўсіх Тужлівых Радасьці, Чарнобыльскае Божае Маці, у Менску. Ці — царква Марыі Магдалены. Гэта жах! Гэта ня жывапіс... Супраць такога канону ў мяне ўзьнікае пратэст. Насьледуючы, мастак павінен сьведама перайначваць канон на беларускую глебу. Тое, што раней рабілася інстынктыўна. Вось, скажам, «Шарашоўскія сьвятыя»: Ян Залатавусны, Рыгор Багаслоў, Васіль Вялікі... Мы, што паканчалі беларускую Акадэмію, знарок перайначваем іх пад нашае Адра-джэньне. Для мяне канон — гэта беларусізацыя старажытных канонаў.

ХХІ ст. прынясе іншы вобраз Хрыста. Можа, ён будзе выкананы ў тэхніцы галяграфічнай мазаікі, ці ў скульптуры зь цікавай падсьветкаю якімі лязэрамі... Я вось выкарыстоўваю інкрустацыю саломкаю. У Бабры я зрабіў Хрыста з заляўкашанай фанэры, інкруставанага наўкола саломкаю. Гэтак мы перацягваем свой канон у ХХІ ст. Каб у мяне была магчымасьць зрабіць наўкола яго галяграфічнае зьзяньне, я б зрабіў, але, на жаль, змог толькі з саломкі.

Для мяне Хрыстос ХХІ ст. – такі, які рухаецца, сьвеціцца, а з вачэй – крывавая сьляза. І каб тэмпэратура вуснаў сэнсарна ўлоўлівалася, калі чалавек яму ногі цалуе. Калі ў верніка ўсхваляваны, гарачы мозг, з вачэй пачынае выцякаць Хрыстова кроў. А калі ты халодны, прагматычны, заходні, цалуеш ногі бяз думак і жару, дык нічога ня выцячэ. Вось такі Хрыстос ХХІ ст. Вось такога я мару зрабіць для вясковай царквы.

Асоба Хрыста? Я бачу яго такім, каб хацелася быць да яго падобным. Гэта вельмі сучасная асоба. Ён бы цяпер карыстаўся электроннай поштай. У яго былі б два шляхі. Альбо наагул сысьці ў пустынь, і яго б тады не было. Альбо наадварот, ён быў бы сучасны, як Біл Гейтс, лячыў бы людзей і нават кампутары — выпусьціў бы свой вірус, які б чысьціў кампутары, забруджаныя паскуднымі порнасайтамі й гвалтам”.

Чатыры мастакі – чатыры сусьветы. Вобраз Хрыста, кананічны ці не, для беларускіх мастакоў яшчэ вялікая таямніца, разгадку якое яны імкнуцца шукаць найперш у саміх сабе. Папярэднія традыцыі зглумленыя чужынцамі альбо забытыя. Зважаючы на тыя страты, што прынесла нам ХХ ст., нашае бачаньне Хрыста ў новым тысячагодзьдзі й будзе менавіта гэткім, якім яго створаць нашыя мастакі цяпер.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0