МУЗЫКА

 

 “Кerntopf” і памылка вэб-майстра

Ці памятаеце вы камісійную краму ў пачатку вуліцы Сердзіча? Мабыць, памятаеце, калі вы мянчук і калі вам даводзілася час ад часу піць піва ў суседняй карчомцы “Дубок” (цяпер там “Хуткае харчаваньне”). Тае камісіёнкі няма ўжо гады тры, а на яе месцы ўладкавалася нейкае ТАА, што гандлюе тэлевізарамі SONY, электрачайнікамі, паласатымі швэдрамі і іншым шмацьцём, якое з аднолькавым посьпехам можна купіць у Эгіпце, на Тайвані і ў рыбацкай вёсцы на беразе Карыбскага мора.

А вось у даўнай камісіёнцы прадавалі тое, чаго на Тайвані не адшукаеш. Памятаю, як дзіцем я езьдзіла туды — паглядзець. Якіх толькі пачвараў там не было! Пецярбурскія раялі “Бэкер” – фанабэрыстыя, з арэху. Венскія фартэпіяны – квадратныя, з мноствам пэдаляў, націскаючы на якія, можна было выціснуць неверагодныя гукі – дзівоснае гудзеньне, бразгат бомаў, звон цымбалаў і грукат барабанчыкаў. (У XIX ст. была мода на “турэцкую” музыку.) І, нарэшце, “Кернтапф” – звонку мэталёвы, увесь у загагулінах, з падсьвечнікамі проста на пюпітры, драўлянаю вантробай і адмысловымі малаточкамі, абцягнутымі скурай, а ня лямцам, як робяць цяпер. За яго прасілі даражэй, чым за іншыя інструмэнты, – 50 руб. Струны ў яго былі скрозь парваныя, а мэханізм – безнадзейна сапсаваны. Гэткая бандура, здавалася, была прыдатная толькі на тое, каб трымаць у ёй бульбу. І ўсё ж яна выклікала зайздрасьць і захапленьне. Шкада было толькі, што кватэра ў нас маленькая…

Пару тыдняў таму я атрымала невялічкі электронны ліст ад Уладзімера Бараніча, вэб-майстра Інтэрнэт-сайту “НН”. Да яго былі прышпіленыя два лісты з Кёльну.

Аўтарам лістоў аказаўся зусім не беларус, шмат якіх знайшло апошнім часам прытулак у Нямеччыне, і нават не піяніст. У першым лісьце Увэ Кернтапф зьвяртаўся да нас па дапамогу. “Дарагія вэб-публікатары, – пісаў ён. – Я немец, і ў мяне вялізныя цяжкасьці з расшыфроўкаю нелацінскіх літараў на старонцы http://sr10.xoom.com/Nasa_Niva/2000/47/07.htm. Прабачце мне, калі ласка, але я нават ня ўпэўнены, грэцкія гэта літары альбо кірылічныя. Мяне галоўным чынам цікавіць зьмест тых тэкстаў, дзе згадваецца маё сямейнае прозьвішча Кернтапф. Абзац пачынаецца з «? 12”, а далей можна прачытаць маё прозьвішча, напісанае лацінкаю. Я буду вельмі задаволены, калі вы мне раскажаце, пра што гэты артыкул. Прывітаньне зь Нямеччыны. Увэ Кернтапф”.

Ёсьць у Інтэрнэце “залатыя рыбкі” – спэцыяльныя прылады, якія ўмэнт адшукаюць для вас любыя патрэбныя зьвесткі, варта толькі націснуць на клявішу. Выходзіш у сусьветную сетку, выклікаеш “рыбку” і просіш: “Рыбка, рыбка, адшукай мне Кернтапфа!” І праз 0,13 сэкундаў мудрая машына падносіць табе 161 згадку пра носьбітаў гэтага слаўнага прозьвішча. Пра тое, што ў Канадзе нейкаму Вальдэмару Бруна Кернтапфу далі пяць гадоў турмы за фінансавыя злоўжываньні. Аб прафэсару Варшаўскай палітэхнікі – непасрэдным нашчадку колішніх фабрыкантаў фартэпіяна і дакладчыку на канфэрэнцыях у Чыкага, Кліўлендзе і Сан-Францыска… Адшукаўся і наш суразмоўца Увэ Кернтапф. Ня ў якасьці прафэсара дый ня ў якасьці злодзея, а як сьціплы творца генэалягічнага дрэва свайго роду. Я налічыла ня менш за 30 старонак, дзе адлюстроўваліся розныя галіны і ўзроўні гэтае шляхетнае расьліны. А на асобнай, шыкоўна дэкараванай вэб-старонцы, – партрэт Увэ з жонкаю Сабінай у дзень іхнага шлюбу, а таксама дата шлюбу, адрас, тэлефон, факс, e-mail, адрас загараднай вілы… Як любяць сябе людзі!

Спасыл жа на “НН” быў у самым канцы. У дадатак, англамоўная “рыбка” сумленна прызналася, што ніўскі тэкст для яе нечытэльны. Бедны немча! Сп.Бараніч яму назаўтра ж паведаміў, што наша вэб-старонка друкуецца на кірыліцы (беларускай) і што прозьвішча Кернтапф згадваецца ў артыкуле пра аднаго беларускага музыку мінулага стагодзьдзя, які нібыта жыў у Варшаве ў сям’і Кернтапфаў і з задавальненьнем карыстаўся іхнымі дасканалымі фартэпіяна. Прачытаўшы гэта, немец моцна зьдзівіўся і папрасіў назваць імя беларускага музыкі. Бо – ён дакладна гэта ведае! – “быў яшчэ адзін чалавек, які жыў у гэтай сям’і, – польскі піяніст Ян Ігнацы Падэрэўскі”. Тут сп.Кернтапф цалкам меў рацыю, хаця тое, што ён распавёў нам пра Падэрэўскага далей, было, скажам шчыра, не зусім дакладным. Але што ты зробіш? Паводле назіраньняў адной маёй знаёмай, сярэднестатыстычны немец глыбока перакананы, што Моцарт – гэта аўстрыйскі гатунак цукерак.

А вось сп.Бараніч крыху памыліўся, назваўшы Падэрэўскага беларускім музыкам. Падэрэўскі нарадзіўся ў цяперашняй Украіне, каля Жытоміру; аднак украінскія адраджэнцы ніколі не называюць яго сваім. У лістападзе 2000-га “НН” надрукавала артыкул, прысьвечаны ягоным 140-м угодкам. Галоўнаю прычынаю для публікацыі было тое, што Падэрэўскі быў ня толькі выдатным піяністам, але й палітыкам. І ў 1918—1919 г. у якасьці першага прэм’ер-міністра адноўленае Польшчы ён пэўным чынам спрычыніўся да лёсу БНР… Таму мы не пашкадавалі месца на апісаньне дэталяў ягонай біяграфіі. Згадалі сям’ю Кернтапфаў, дзе ён бясплатна жыў на ўсім працягу навучаньня ў кансэрваторыі. Згадалі й прадукт іхнага сямейнага бізнэсу – фартэпіяна “Кернтапф”. Прычым, Бог ведае зь якой нагоды, напісалі фірмовую назву лацінскімі літарамі – “Kerntopf”. Гэтыя літары акурат і прыцягнулі ўвагу нашага нямецкага сябра.

Якая ж мараль гэтае гісторыі? Код нашае культуры ня страчаны. Восем лацінскіх літараў – і зьвязваюцца ніткі, разрэзаныя стагодзьдзем войнаў, акупацый і нянавісьцяў. Эўропа ў нас. А мы ў Эўропе – на скрыжаваньні ўсіх ветраў, якія пахнуць пылам старых гарадоў і сольлю Атлянтыкі. Гэтага ніхто ў нас не адніме. І адна памылка вэб-майстра здольная нагадаць нам пра гэта.

Сёньня ў Інтэрнэце я адшукала абвестку: “Прадаецца піяніна XIX ст., фірма “Kerntopf”. Побач – адрас электроннай пошты і нумар тэлефону. Між іншым, з кодам Гарадзенскае вобласьці.

Юлія Андрэева

Музыкантаў

Хлопчык
з Асіповічаў —
у сталічнай Філярмоніі

У красавіку 2000 г. журы Міжнароднага конкурсу піяністаў “Менск-2000” прысудзіла ўсе магчымыя і немагчымыя прызы й узнагароды Аляксандру Музыкантаву. Наймалодшы з усіх, ён нечакана апынуўся побач зь лідэрамі айчыннае піяністычнае школы – Сікорскім і Паначэўным. Ці не зацяжкая ноша для вучня дзясятай клясы, на выгляд нічым не адрознага ад сваіх аднагодкаў?

Менавіта на гэтае пытаньне й мусіў адказаць ягоны сольны канцэрт пазаўчора ў Канцэртнай залі Беларускай філярмоніі. У залі сабраліся пэдагогі па клясе фартэпіяна з усяго Менску, ды яшчэ сотні дзьве дзяўчатаў з Музычнага коледжу і малодшых курсаў Акадэміі музыкі. Пасьля канцэрту яны ўтварылі за кулісамі вялізную чаргу, спадзеючыся хоць на хвілінку прыцягнуць увагу новага героя. Што тычыцца шырокае публікі, дык яна пакуль асьцярожнічае. А можа, акурат гэткая свойская атмасфэра, без аншлягу, але й бяз прыкрага адчуваньня пустэчы ў залі, з дыхтоўным, патрабавальным партэрам і эмацыйнай галёркай найбольш спрыяе пасьпяховаму дэбюту.

У першым аддзяленьні Музыкантаў граў выключна Шапэна. Граў збольшага па-дзіцячаму, без глыбіннага пранікненьня ў сутнасьць, без прыхаванага болю, гэтак уласьцівага Шапэну, і – як вынік – зь вялікай колькасьцю памылак. А можа, папросту далося ў знакі натуральнае ў такіх абставінах хваляваньне. Адзіным выняткам была Саната сі-бэмоль мінор. Падалося, што за раялем апынуўся зусім іншы чалавек – мудры і сур’ёзны. Яе трэцяя і чацьвертая часткі (славуты пахавальны марш і фінал, які часта параўноўваюць зь ветрам над трунамі) прагучалі з такой глыбінёю і дасканаласьцю, якіх мне, бадай, ніколі не даводзілася чуць у гэтай залі.

У другім аддзяленьні Аляксандар пачуваўся больш упэўнена. Вельмі добра выканаў чатыры эцюды-карціны Рахманінава і Шостую санату Пракоф’ева, якая была ягоным “каньком” яшчэ на конкурсе. Акрамя яе, у канцэрце не прагучала аніводнага твору з конкурснай праграмы. І Шапэн, і Рахманінаў былі вывучаныя нанова – цягам апошніх месяцаў. І гэта вылучае Музыкантава з шэрагу нашых ляўрэатаў, якія, здараецца, год за годам дзяўбуць старую конкурсную праграму, пакуль тая не ператворыцца ў шматкі. Яшчэ адзін плюс Музыкантава – надзвычай прыгожы, ясны і сьпеўны гук. Ну і, канечне, тэмпэрамэнт, якому хлопец яшчэ сам не заўжды можа даць рады.

Усё гэта вяшчуе юнаму ляўрэату пасьпяховую кар’еру. Дарэчы, наступным тыднем Музыкантаў выпраўляецца на першыя ў сваім жыцьці амэрыканскія гастролі. Ён выступіць на музычным фэстывалі ў Саване, штат Джорджыя.

Ю.А.

дыскаграфія

“Весначуха”

Група “юр’я”. “Aria Records”, (p) 2000.

Альбом новага праекту Юр’я Выдронка пакідае ўражаньне, быццам ты насамрэч па пуцёўцы агенцтва “Ur’ja-Tour” наведаў экзатычную цывілізацыю Арыяварта. Можа быць, згадкі пра ейнае існаваньне і зафіксаваныя недзе ў запыленых фаліянтах старажытнагрэцкіх гісторыкаў. Але для Выдронка, трэба разумець, Арыяварта зрабілася нечым кшталту ідэалягічнае базы, на якой ён і збудаваў новы музычны праект.

Цывілізацыя Арыяварта дужа нагадвае мне вакзал памежнага райцэнтру зь вясковымі бабулямі, цыганятамі, гарадзкімі (у першым калене) міліцыянтамі з салам і яйкамі ад бацькоў, камандзіровачным тутэйшым вэртыкальшчыкам, райцэнтраўскай “круцізной” (Зямфіра ў слухалках) ды парай-тройкай напаўапранутых нелегалаў-аўганцаў, што прабіраюцца з таджыцкімі пашпартамі да польскае мяжы. І — уявіце сабе — усе яны гамоняць адначасова!

Гэта і ёсьць “новы этнамультыкультуральны праект” на тле паштовак Язэпа Драздовіча з далёкае цывілізацыі.

Пазамінулым годам “Франц” Юры Выдронак аднавіў фрагмэнт Арыяварты на галоўнай сцэне “Слов’янського базару”. І трэба прызнаць: галасу той нумар нарабіў! Асабліва сярод украінскіх журналістаў, якія бегалі і пыталіся “Шчо цэ було?!” Тады ўзьнікла спадзяваньне на тое, што ў Беларусі зьявіўся новы, арыгінальны, мастацка-пераканальны калектыў. Альбом “Весначуха”, на жаль, прымушае казаць, што альбо пошукі цывілізацыі вяліся не зусім там, альбо Арыяварта тых пошукаў была ня вартая.

Бо недастаткова паставіць побач хлапца з электрагітарай ды фальклёрны дзявочы ансамбль, дудара й лірніка Віктара Кульпіна і сытарыста Юр’я Задзірана, а зьверху агучыць усё гарлавым сьпевам Выдронка a la Тува. Усе намаганьні выявяцца дарэмнымі, калі ўсё гэта разам проста не прагучыць. А яно найчасьцей якраз і не гучыць, або, скажам так, гучыць надзвычай нязвыкла.

Экстрэмальны рок, прынамсі, гэтак ня ўразіць. Ды вось у чым штука: Выдронак часам здольны зазірнуць наперад настолькі, наколькі тое няздольны зрабіць самы адмысловы пісьменьнік-фантаст. А такіх у нас нібыта няма, апрача аўтараў эканамічных справаздачаў дзяржавы. Упэўнены: праз год-другі праект “Ur’ja” зробіцца такі ж звыклы для слуханьня, як і “Ляпис Трубецкой”. А пакуль, згодны, такі падыход да фальклёру, вядома ж, неверагодна раздражняе. Прыблізна гэтак жа ў свой час Рыгор Шырма адрэагаваў на інтэрпрэтацыю фальклёру “Песьнярамі”, якіх цяпер зь ліку маладых наагул мала хто слухае: старызна! Паслухайце, як увасобленая песьня “На той сьвет па мамку”. Калі ў вас у душы нічога не зварухнецца — паступайце вучыцца на мянта.

Можна толькі ўявіць сабе, колькі высілкаў і часу паклаў Юры Выдронак на запіс гэтага альбому зь відэатрэкам (мой кампутар адмовіўся паказваць малюнкі). Ён крочыць нязьведанымі сьцяжынамі, якія зусім не абавязкова прыводзяць да плёну, зямлі абяцанай ды чарговых спонсараў. Галоўнае — ён працуе, паказваючы, што музычная культура ў Беларусі можа існаваць і ў такім вось увасабленьні, называй ты тую краіну цывілізацыяй ці не.

Зарыявартаны СЛУХАЧ

 

водгук

Пакрыўдзіла мяне “рэцэнзія” Слухача на альбом “Тры чарапахі”. На маю думку, апошнім альбомам такога кшталту была “Мая краіна” “Новага Неба” (за што ім, дарэчы, і помнік можна паставіць!). Усе, хто слухаў “Чарапахаў”, падзяліліся на два лягеры – «за» і «супраць». Апошніх менш, іх асноўны аргумэнт – гэты альбом ня вытрыманы ў NRMаўскім стылі. Але хіба ўсе яны павінны быць падобнымі адзін да аднаго? Рок – гэта ня 10 стандартных мэлёдыяў папсы ці рэпу, а выкарыстаньня спэцэфэктаў ніхто не забараняў!

У альбоме вытрымана канцэпцыя, і ніводная песьня зь яе не выбіваецца. А гіту кшталту “Худсавету” даўно ўжо не было!

Асобна наконт “папсовасьці” тытульнае песьні. Калі пры ацэнцы музычных твораў кіравацца прынцыпам “пад гэтае можна танчыць – значыць, папса”, мала застанецца ўласна рок-песень, а “Партызаны” і “Одзірыдзідзіна”, а таксама “We will rock you” будуць лічыцца гопам.

Я не належу да фанатак NRM, але цалкам згодная з вынікамі апошняй рок-каранацыі.

Дзіна Свабодзіна, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0