З усёй краіны

 

Памерла Марыя

У вёсцы Ніжнія Жары Брагінскага раёну памёрла найстарэйшая жыхарка Беларусі і плянэты Марыя Шарая, якой было 124 гады. Марыя Шарая пажыла ў трох стагодзьдзях, а ХХ-е пражыла цалкам. Памёрла яна ціха, а хавалі яе ўсёй вёскай. Была на тым пахаваньні і 104-гадовая аднавяскоўка спадарыні Марыі, якая памятае нябожчыцу яшчэ нявестай.

 

Захад і Ўсход краіны

На захадзе Беларусі злачыннасьць удвая ніжэйшая, чым на ўсходзе. Пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў У.Навумаў. Самая высокая злачыннасьць — на Віцебшчыне. Мала адстаюць ад яе Магілёўская і Гомельская вобласьці.

 

Падвысілі мінімалку

З 1 сакавіка мінімальны заробак падвысілі да 5700 руб. (быў 3600), а тарыфная стаўка першага разраду складзе 11500 руб.

Алесь Кудрыцкі

 

Кат без галавы

Невядомымі беларускімі патрыётамі быў пазбаўлены галавы помнік Ульянаву-Леніну, што стаяў на тэрыторыі школы ў Жабінцы. “Такім чынам беларускія хлопцы выказалі свае адносіны да ката, што зьнішчыў сотні тысяч сыноў і дачок беларускага народу”, — гаворыцца ў лісьце, дасланым у “НН”.

 

Забойца павесіўся
ў драбільні

Раніцай у Дзень сьвятога Валянціна cмургонскую міліцыю падняў на ногі званок з Залесься (мястэчка ля Смургоняў) — знойдзены труп жанчыны. Як высьветлілася, забілі яе напярэдадні сьвята, увечары. На целе ахвяры — два сьляды ад нажа і чатыры ад сякеры. Абвесьцілі пошукі забойцы, у газэце нават фатаздымак далі і прыкметы абвінавачанага з абяцаньнем узнагароды й ананімнасьці, калі зловяць. І яго знайшлі праз 11 дзён пасьля забойства ў закінутай драбільні сылікатнага заводу. Злачынца павесіўся і пакінуў дзьве пасьмяротныя запіскі. Ён каяўся ў зробленым, у тым, што і сам стаў ахвярай абставін.

Забойца і ахвяра былі знаёмыя, нават блізкія адно аднаму людзі. Некаторы час жылі разам. Але напярэдадні забойства моцна пасварыліся. Кажуць, яна (між іншым, працавала бібліятэкаркай і мела 43 гады) выгнала яго са сваёй хаты. І ён адпомсьціў. Сьледчыя казалі — жудасную карціну яны ўбачылі: пакутніца ў сараі, у гноі, у лужыне крыві. А тыя, хто зь ёй працаваў, казалі, што яна заўсёды выглядала шчасьлівай і вясёлай, хоць жыцьцё яе не шкадавала... І ўрэшце не пашкадавала канчаткова.

 

Пікетчык

Віктара Тураўца, сябра КХП БНФ, у Смургонях ведаюць усе. Не імя, а яго бясконцыя пікеты. За мінулы год ён выходзіў да “Гастраному” (звычайнае месца пікетаваньня) 6 разоў. Чатыры пікеты запрашалі байкатаваць выбары ў Палату, астатнімі Віктар пратэставаў супраць незаконных дзеяньняў цяпер ужо былога намесьніка начальніка міліцыі, які забраў у барацьбіта таблічку аб зборы подпісаў за незалежнасьць краіны. Апошні пікет адбыўся 25 лютага, як заўсёды, у нядзелю. Цэлую гадзіну сябар КХП разам з жонкай прастаяў на марозе з плякатамі антылукашэнкаўскага зьместу. Яны раздавалі ўлёткі, размаўлялі з народам. Адзін нядобразычлівы грамадзянін падышоў: я з КДБ, кажа, страляў бы такіх, як ты, кажа. Паабяцаў пазваніць “сваім хлопцам”. Потым пад’ехала міліцыя. Падаслалі нейкіх дзяцей, якія фатаграфавалі Віктара. Ён паказаў хлопчыкам язык.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

Інтэграцыя
па-савецкаармейску

У мінулую нядзелю жыхары вёскі Крашын, што пад Баранавічамі, адчулі, што вадаправодная вада падазрона сьмярдзіць.

Санэпідэмстанцыя адразу ж забараніла піць ваду з кранаў і пачала хляраваць вадаправодную сетку. На шчасьце, ніхто не атруціўся. Што да прычынаў здарэньня, дык, відаць, рамонтная брыгада, рамантуючы каналізацыю 23 лютага, паблытала трубы і злучыла яе з вадаправодам.

 

Загінуў таксоўца

1 сакавіка на гадзіну спыніўся рух на цэнтральных вуліцах Баранавічаў. Хавалі кіроўца таксоўкі, што зьнік два тыдні таму, а днямі быў знойдзены за горадам у сваёй машыне “Аўдзі-80”. Каля 300 таксоўцаў суправаджалі нябожчыка да могілак. Калёна машынаў з чорнымі стужкамі на антэнах расьцягнулася амаль на 2 км.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Канфіскавалі
33 тысячы даляраў

Амаль 33 тысячы даляраў канфіскавалі ў адзін дзень памежнікі ў пункце пропуску “Катлоўка”. Грошы, ня ўнесеныя ў дэклярацыю, спрабавалі правезьці трое літоўцаў. Спачатку ў кіроўцы аўтафургона “Вольва” знайшлі 2700 даляраў і 500 марак. Затым у абшыўцы аўтамабіля “Фальксваген” — яшчэ 3400 даляраў. Але найбольш важкі сюрпрыз чакаў ахоўнікаў мяжы ў “Аўдзі-100”, якая належала літоўцу. Крыху больш за 26 тысяч даляраў ЗША спрабаваў ён правезьці церазь мяжу. Плача цяпер чалавек...

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Сыноў не пакрыўдзіў

Сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар два гады таму cкончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ. Пасьля кароткае стажыроўкі ў беларускім пасольстве ў Нямеччыне ён, як і бацька, служыў у памежных войсках. На “дэмбель” сыходзіў капітанам, з узнагарода за выдатную службу на дзяржаўнай мяжы.

Цяпер Віктар працуе першым сакратаром упраўленьня Эўропы МЗС Беларусі. Нейкім чынам яму ўдалося пераскочыць цераз пасады рэфэрэнта, аташэ, трэцяга і другога сакратароў. Гэта амаль тое самае, калі б выпускнік вайсковай вучэльні адразу ўладкаваўся на палкоўніцкую пасаду.

Міхаіл Чыгір лічыць гэткі кар’ерны рост сына Лукашэнкі праявай пратэкцыянізму з боку бацькі. “Прачытайце кнігу «Шклоўскія страсьці», многа новага дазнаецеся. Там усё напісана: як Лукашэнка паводзіў сябе, калі ў саўгасе працаваў, як сын ягоны паступаў ва ўнівэрсытэт. Гэта ўсё вядома людзям», — заявіў ён. А Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што Віктара Лукашэнку часта бачылі ў Менску ў час, адведзены пад баявую і палітычную падрыхтоўку, і робіць з гэтага выснову, што cлужба ў таго была нашмат лягчэйшая, чым у звычайнага афіцэра.

Малодшы сын Лукашэнкі таксама вучыцца на дыплямата.

Паводле Радыё Свабода

 

Мазаічная шпіёнаманія

Беларускае тэлебачаньне разахвоцілася лавіць замежных шпіёнаў. На гэтым тыдні палявалі на амэрыканскіх. Паказвалі амэрыканскіх дыпляматаў, жывых і ўжо ў ад’езьдзе, ды называлі іх агентамі.

У якасьці доказу паказалі запіс гутаркі з адным рудым хлапцом, якога, быццам бы, амэрыканцы і завэрбавалі.

Прозьвішча хлапца – Агальцоў, і ведалі яго многія беларускія актывісты. Заўважалі яго то сярод маладафронтаўцаў, то на сходах БПС, ды так агалец пабываў ці не ўва ўсіх арганізацыях “трэцяга сэктару”. Ён шчыра прызнаваўся, што ён – сябар юнацкай структуры беларускіх лібэрал-дэмакратаў, а калі яго пачыналі гэтым папракаць, ён апраўдваўся, што ўступіў у гэтую арганізацыю, каб раскласьці яе зь сярэдзіны. Веры яму ніхто нідзе не даваў, бо паводзіў сябе гэты малады чалавек дзіўнавата. Напрыклад, усім распавядаў, што ягоны дзядзька – палкоўнік ФСБ і што яны хочуць прадаць заходнім выведкам сьпісы агентаў ГРУ. Як, маўляў, гэта толькі зрабіць?.. Ну, дык няма дурных!.. Пасьля сп.Агальцоў стаў казаць, што ён аднёс тыя сьпісы ў амэрыканскую амбасаду і што яму за іх далі 200 даляраў. А пасьля зьнік з шэрагаў беларускіх актывістаў, каб нарэшце зьявіцца на БТ.

Гэтак, БТ першым выцягнула з рукава “супрацоўніка “Народнае Волі”, лібэрал-дэмакрата Навоева, другім – “шпіёна-маладафронтаўца” Агальцова. У наступных сэрыях нам маюць паказаць запроданцаў, якія махаюць ліхтарыкамі натаўскім самалётам-разьведчыкам. Адпаведныя здымкі вяліся днямі на даху аднаго з будынкаў у Навінках.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0