Лісты ў рэдакцыю

 

На Глыбоччыне — камунізм

У свой час кукурузьнік Мікіта абяцаў: “Цяперашняе пакаленьне будзе жыць пры камунізьме!”. Называлася нават дата – 1980 год. 20 гадоў таму сапраўднага камунізму так ніхто й ня ўбачыў ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Затое камунізм удалося пабудаваць на Глыбоччыне ў першыя месяцы трэцяга тысячагодзьдзя. Мае інфарматары з розных вёсак (Завараты, Прошкава, Зябкі, Лучайка…) паведамляюць, што цяпер у краму можна хадзіць бяз грошай. Прыходзіш, а там ляжыць “талмуд”, у які прадавец запісвае, што Франак ці Ядзя ўзялі пэўную еміну на пэўны кошт.

Выдача прадуктаў на “вэксаль” зьвязана з тым, што сяляне ў калгасах ня могуць атрымаць заробак наяўнымі грашыма ад сьнежня мінулага году. Выйсьце сапраўды можна знайсьці зь любога становішча, але заўсёды зьдзіўляе, што чамусьці вясковыя жыхары лічаць сябе разумнейшымі, чымся гарадзкія. На розныя меркаваньні апанэнтаў, што “бацька благі”, у кожнай вёсцы пачуеш адно й тое: “Трэба працаваць, а не ерундой займацца. І ягадзіну, і грыб сабраць, кабана выгадаваць… Тады й нешта будзе”.

Дык і працуйце!

Скраб, Глыбокае

 

Сэрцы на кандомы

Няўтульна я сябе адчувала 14 лютага: ідзеш па вуліцы і вочы падняць ня можаш, бо няёмка. А часам нават гідка глядзець навокал, бачыць пацалункі на кожным кроку. Я не баюся, што мяне абвінавацяць у зайздрасьці ці пашлюць да Фройда. Я баюся вульгарнасьці ў каханьні.

Сэкулярызацыя хрысьціянскіх сьвятаў зьмяняе ўсю іхную існасьць: на Раство замест немаўляці Хрыста зьяўляецца камічны Санта Клаўс — Сьвяты Мікалай. Сьвяты ж Валянцін раптам паўстае ў якасьці апекуна распусты. Сьвятасьць робіцца роўнай граху, і гэта не ўзвышае, не ачышчае яго, а абражае саму сьвятасьць.

Акцыя моладзевых арганізацыяў праходзіла пад лёзунгам “Свабоды! Любові! Пераменаў!” Спалучэньне першых двух словаў адразу насьцярожвала: я не прыхільніца “свабоднай любові”. А якіх пераменаў прагла ў той дзень моладзь? Няўжо перамены сэрцаў, хай і папяровых, на кандомы, хай і высакаякасныя? Цяжка мне было ўявіць, што любоў, каханьне, набываючы матэрыяльную форму, маюць выгляд гумовай прылады, што забясьпечвае “сэкс без наступстваў”. Вось гэтага я баюся: вульгарнасьці ў каханьні.

На рознакаляровых сэрцах, якія, каб атрымаць касэту “MORE каханьня” і ўжо згаданы сродак кантрацэпцыі, трэ было сабраць па ліку апосталаў (ці каленаў Ізраілевых, каму як больш падабаецца), былі цытаты з Найсьвятой Кнігі пра найвышэйшую цноту — любоў. Жывое Божае Слова мянялі на гумовую рэч, пакліканую перашкодзіць зараджэньню новага жыцьця!

Госпадзе, даруй нам! Веру, што даруеш, бо Любоў Твая, абражаная намі, — “Любоў цярплівая...” (1 Кар. 13:4), “...не памятае зла” (1 Кар. 13:5), “...усё пераносіць, усё церпіць” (1 Кар, 13:7).

Ды ці ж даруем мы сабе самі?..

Наталька Базылевіч, Менск

 

Ачысьцім Беларусь

Вясна. Прыгрэе сонейка і паўстануць перад вачыма люду паспалітага прыхаваныя сьнегам прадукты яго жыцьцядзейнасьці. Распачнуцца так званыя суботнікі, на якіх тысячы ні ў чым не вінаватых людзей будуць у найлепшых камуністычных традыцыях прыбіраць ня імі пакінутае лайно...

Ёсьць у Менску, ува Ўруччы, адзін незвычайны музэй — музэй валуноў. Сабраны там каменныя волаты з усёй краіны ды выкладзены па абрысе Беларусі (дакладней, БССР). Асобна пазначаны асноўныя рэкі, азёры, узвышшы, а таксама сталіца.

І надта ж упадабаў гэтае месца для свайго “культурнага” ападчынку наш электарат. Наслаеньні бітага шкла, абгортак, бляшанак, коркаў, недапалкаў ды іншай халеры ўкрываюць малую Беларусь ад Браслаўшчыны да Прыпяці, ад Нёмана да Дняпра.

Дык давайце ж зладзім суботнік пад заклікам “Ачысьцім Беларусь!” Збярэмся цёплым веснавым днём 24 сакавіка, са сваім рыштункам, ды прыбярэм гэтыя горы сьмецьця.

Прыканцы, калі зьбярэцца дастаткова людзей, можна стаць, узяўшыся за рукі, уздоўж межаў краіны, пазначаных камянямі, сымбалізуючы рашучасьць абараніць яе ад засьмечваньня ня толькі пабітымі пляшкамі, але й Посахавымі-Замяталінымі-Латыпавымі. Над месцам, якое пазначае Менск, уздымем бел-чырвона-белы сьцяг. Барды прасьпяваюць свае песьні, паэты прачытаюць вершы.

Вячка Васілёнак, Менск

 

Дзе пружанскія каміны?!

Прыйшоў я неяк у краязнаўчы музэй “Пружанскі палацык”, паглядзець выставы там розныя, экспазыцыі, ды папрасіўся яшчэ пахадзіць па неадчыненых пакуль залях. Хаджу сабе, дый усё мне здаецца: чагосьці тут не стае. Думаў-думаў, дый згадаў. У 1986 г., калі тут была зубная паліклініка, дзе й мне давялося “згубіць” свой зуб, былі тут два чыгунныя каміны, а ў іншай залі – яшчэ адзін, цікавы такі, абкладзены кахляй. А сёньня – толькі адзін застаўся, дый той, здаецца, не адсюль, нейкі аж занадта ўбогі. Пытаюся ў супрацоўнікаў музэю, чаму адзін камін, а яны кажуць, што пасьля рэстаўрацыі адзін і быў, іншых ня бачылі. Цікаўлюся, хто “рэстаўраваў” — аказваецца, Пружанскі аддзел абласнога аб’яднаньня “Белрэстаўрацыя”.

І якая ж тут рэстаўрацыя? Ад “палацыку” засталіся толькі сьцены, дах, дзьверы ды трохі керамічнай пліткі – куды падзелася ўнутранае ўбраньне, каміны, печы-“галяндкі” і многае іншае, пра што пішацца ў кнізе Пярвішына “Пружанскі палацык”?

З фасаду на гаўбцы адвальваецца тынкоўка (“рэстаўратары”, праўда, сяк-так яе падмазалі), усюды лупіцца фарба, адвальваюцца кавалкі цэглы ад комінаў і г.д.

Дык вось хацелася б спытацца ў добрых начальнікаў, як прымалі ў рэстаўратараў гэткі будынак? Мне ад дасьведчаных асобаў дакладна вядома, што ў склад прыёмнай камісіі ўваходзіў інспэктар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўленьня культуры Брэсцкага аблвыканкаму “бээнэфавец” Леанід Несьцярчук. Як ён мог паставіць свой “аўтограф” на прыёмных актах (калі такія наагул былі)?

Ад рабацягі, які працаваў на гэтай “рэстаўрацыі”, я даведаўся, што зьніклыя каміны знаходзяцца ў Берасьці, у кагосьці з шэфаў рэстаўрацыі.

Вы не падумайце толькі, што я хачу, каб кагосьці засадзілі. Я не зьбіраюся, як той казаў, біцца галавой аб сьцяну “зладзейскага бюракратызму” — мне ў мае гады толькі й трэба, каб людзі ведалі пра гэтую справу, каб кожную раніцу спакойна глядзець са свайго вакна на нашую пружанскую прыгажосьць – “палацык”.

І яшчэ. Мяне зьдзіўляе спакой музэйных супрацоўнікаў, якія дагэтуль не пачалі ніякага расьсьледаваньня наконт зьніклых камінаў.

Але ж я лічу, што гэта справа ня толькі ўсіх пружанцаў, але й усіх, каму неабыякавы лёс нашай нацыянальнай спадчыны.

Віктар Сергіенка, Пружана

 

Помнік вялейскім вязьням

Знайшоў у газэце артыкул пра Вялейскую турму. Гэта пытаньне мяне даўно цікавіць, бо мой бацька Пачкоўскі Альбін загінуў там у 1940 г. ад катаваньняў. Рэабілітаваны ў 1976 г., пасьля майго звароту ў КГБ.

Мяне не пакідае ідэя стварыць помнік ахвярам сталінізму ля турмы, я выбраў месца і як бываю ў Вялейцы, то прыходжу са сьвечкай, каб памаліцца за ўсіх закатаваных.

Мастакам даў бы заданьне, каб зрабілі папярэдні праект помніка, а пасьля з гэтым праектам аб’ехаў бы ўсе сьвятыні былой Вялейскай вобласьці, каб сабраць ахвяраваньні на помнік. Але мяне стрымлівае вялікая інфляцыя — прападуць грошы, дый неспрыяльныя ўмовы палітычныя.

Я ўжо даслаў ліст Яніне Станкевіч-Янушчык, якая напісала кнігу “Марш сьмерці” пра трагедыю ля Чэрвеня ў 1941 г. Аналягічная трагедыя была па дарозе зь Вялейкі на Барысаў. Лічу, трэба мець кантакт са “Związkiem Sybiraków”, рэдакцыяй у Беластоку і зь літоўцамі, бо загінулі людзі з Польшчы і Літвы.

Прапаную пакуль устанавіць тры вялікія камяні, кожны колеру нацыянальных сьцягоў Польшчы, Беларусі (у цэнтры) і Літвы, выбіць нацыянальныя гербы гэтых народаў і на кожным камяні зрабіць надпіс на нацыянальнай мове кожнага народу: “Тут загінулі беларусы, палякі, літоўцы ад рук бальшавіцкіх. Вечная ім памяць”.

У Мядзельскім раёне ёсьць майстэрня, дзе рэжуць валуны і вырабляюць помнікі. Калі помнік зрабіць з тутэйшых камянёў — гэта будзе і сымбалічна, і прыгожа.

Войцэх Пачкоўскі, Мядзел

 

Рыгору Барадуліну

Мы, вучні 11-й клясы сярэдняй школы №5 Рэчыцы, вымушаныя зьвярнуцца да вашай газэты з просьбай. Рэч у тым, што 24 лютага Рыгору Барадуліну споўнілася 66 год. З гэтай нагоды, як паведаміла школьная адміністрацыя, ніякай імпрэзы ня будзе. Прычына: “Бо гэта ж не юбілей”. (Дарэчы, у мінулым годзе таксама нічога не было. Дык паўстае пытаньне: ці ведае адміністрацыя азначэньне слова “юбілей”?)

Але мы ўсё роўна вырашылі павіншаваць любімага паэта зь яго сьвятам, хай ня ў нас у школе, дык праз “Нашу Ніву”.

“Шаноўны Рыгору Іванавічу! Хай 66-ты дзень Вашага нараджэньня будзе найлепшым (калі такое магчыма) з усіх, што Вы раней сьвяткавалі. Жадаем Вам, каб Вашыя кнігі разыходзіліся вялізнымі накладамі; любові моладзі (і ня толькі) і натхненьня. Хай усё, што Вы бачыце навокал, выклікае радасьць, а ня смутак. (Апошняе пажаданьне – гэта й наша мара). Мы вельмі любім і цэнім Вас, а Вашыя вершы выхоўвалі й выхоўваюць розум і сэрцы шмат каго з нас…”

11 “А” кляса СШ №5 Рэчыцы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0