Мяжа трываласьці на злом

Жыцьцёвая гісторыя Ларысы Сімаковіч

Кожнага з загонаў, які ў свой час давялося “ўзараць” Ларысе Сімаковіч, камусьці іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё. Паціху ўрабляць свае соткі, абрастаючы манаграфіямі ды званьнямі, школамі ды пасьлядоўнікамі... Але чамусьці ўвесь час нібы нехта змушаў яе да радыкальных зьменаў. Хаця тут цяжка вызначыць: жыцьцё падштурхоўвала, ці проста людзі, ад якіх яна на той час залежала, элемэнтарна перакрывалі ёй кісларод. Камусьці іншаму на ўсё жыцьцё хапіла б і аднаго такога “аблому”, каб не захацець больш ніякіх экспэрымэнтаў на сабе. Звычайна пасьля трыццаці людзі здаюцца: адракаюцца няспраўджаных юначых мараў і супакойваюцца на тым нямногім, чаго ўдалося дасягнуць. Але гэта, відаць па ўсім, не яе доля...

 

* * *

Мы пазнаёміліся ў Майстроўні, якая пачыналася з народных песень, фальклёрных сьвятаў і цяпер ужо назаўсёды будзе асацыявацца зь імі.

...На першы погляд, афіцыйнае непрыняцьцё фальклёру ў майстроўскай інтэрпрэтацыі было невытлумачальным. Сусальныя карагоды “пятнаццаці рэспублік-сясьцёр” з квазінацыянальнымі вяночкамі, цюбяцейкамі, балалайкамі і кінжалам у зубах — гэта ж была адна з падвалінаў савецкай ідэалёгіі. У 60—70-я гады ў кожнай школе на працягу году абавязкова праходзіў “фэстываль дружбы народаў”: бацькі мусілі апрануць дзяцей у касьцюмы адной з “братніх рэспублік”, а вучні — завучыць вершы і песьні на “братніх мовах”, ня надта пераймаючыся іх сэнсам. (Памятаю: мне гадоў восем, на мне чырвоная “туркмэнская” сукенка да пятак, зашпіленая сьпераду вялізнай брошкай, з-пад цюбяцейкі зьвісаюць дванаццаць тонкіх касічак. Страшэнна задаволеная сабой, я дэклямую на ўсю актавую залю: “Азатлыгын айдымын парлат сэн эзіз Ленін...”.)

Адпаведна з палітычнымі ўстаноўкамі, у Беларусі ці ня кожны калгас меў свае “запрашаем-на-вячоркі”, і ніводзін урадавы канцэрт не абыходзіўся безь “Лявоніхі”. А майстроўскія Купальлі ды Гуканьні вясны тапталіся апантана. Хаця яны на 99% складаліся з палітычна бясшкоднага, неапрацаванага беларускага фальклёру. Ну дзе, здавалася б, тут лёгіка?

Але сабачы нюх камісараў ад этнаграфіі не даваў пудла. Майстроўскія сьпевы, зь іх напругаю ў 2000 вольт, мелі з афіцыёзным фальклёрам столькі ж супольнага, колькі рухавая беларуская перапёлачка — з абскубаным бройлерам. Пасьля таго як нам пачаў адкрывацца глыбейшы й патаемны сэнс народнай песьні, сьвет фальклёру стаў імкліва раскручвацца, як спружына, і выявілася, што ён самадастатковы. Нам, прынамсі, яго хапала, каб у ім жыць. Пракаветныя словы і старажытныя напевы неяк прыдаваліся да ўсяго: і хлопцаў дражніць, і голасна выказваць, што мы думаем пра “гэты час і гэты лад”. Ня ведаю, як гэта атрымлівалася, але самыя бяскрыўдныя тэксты — “Медуніца лугавая, чом’ ня пахнеш на ўсім лузе?” — пачыналі гучаць як паўстанцкі гімн. Што беспамылкова заўважалася як сябрамі, так і ворагамі.

Аднойчы трапіўшы ў магічнае кола беларускага фальклёру, мы ніяк не маглі ім нацешыцца. Сьпявалі ў тралейбусах, у падземных пераходах, на менскіх вуліцах, разыходзячыся пасьля сустрэч на філфаку БДУ. Сьпяваць Майстроўню навучыла Ларыса Сімаковіч, на той час сама яшчэ студэнтка кансэрваторыі.

 

* * *

Што такое сцэна, публіка й посьпех, маленькая Ларыса ведала зь пяці гадоў. І яе саму ў родных Баранавічах ужо прыкмецілі. Аднойчы пасьля чарговага канцэрту да яе падышла незнаёмая жанчына і распавяла, што для такіх, як яна, таленавітых дзяцей у Менску ёсьць адмысловая школа. Ларыса прыйшла дадому і сказала бацькам: адвязіце мяне туды. Ніхто ў сям’і, натуральна, не ўспрыняў усур’ёз просьбаў сямігадовага дзіцяці — ці мала што яно там навыдумляе! Але Ларыса так умольвала, што бацька ўрэшце здаўся. “Добра, Ліда, — сказаў ён жонцы, — завязі ты яе ў тую школу, каб потым нас не кляла, што не пусьцілі”. На іспыт у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (больш вядомую як “Парнат”) яны паехалі, як на прагулянку, — нават усіх патрэбных дакумэнтаў з сабой не ўзялі.

Сам іспыт Ларыса памятае вельмі выразна — чорнае піяніна “Беларусь”, графін з вадой, стол з чырвоным абрусам, а за сталом — сівы вусаты дзядок.

Значна пазьней Ларыса даведаецца, што экзамэн у яе прымаў сам Рыгор Шырма. А тады яна паводзілася зусім вольна — сьпявала “Туп-туп, чаравік” і ўсяляк імкнулася зрабіць зь немудрагелістае песенькі музычны спэктакль. Пасьля іспыту камісія загадала Ларысінай маці тэрмінова падвезьці рэшту дакумэнтаў — дзяўчынка бліскуча прайшла ў першую клясу. Ішоў 1964 год.

“Слухай, Ларыса, — пытаюся я ў яе, — ты хоць разумела, што гэта школа-інтэрнат, што ты застанешся бяз мамы, адна, у чужым горадзе?” — Так, адказвае, разумела выдатна. — І не баялася? — Ані. Усе плакалі, як мяне ў Менск праводзілі, і маці, і цёткі, а мне зусім не было страшна. Я вельмі хацела там вучыцца.

Фантастычнасьць той сытуацыі я адчуваю вельмі добра — у мяне самой дачка якраз сямігадовага веку. Не ўяўляю, за якія скарбы сьвету яна б магла пагадзіцца на такое, блізу сірочае, дзяцінства ў інтэрнаце — маючы жывых бацькоў. Але Ларысіна прага вучыцца, як ні неверагодна гэта гучыць, нават у сем гадоў была мацнейшаю за прывязанасьць да роднага дому. “Я вельмі часта — і тады, і потым — лавіла сябе на адчуваньні, што стаю перад зачыненымі дзьвярыма. Нешта там ёсьць, і яно бязьмерна мяне прыцягвае. Гэты магнэтызм я нічым не магу вытлумачыць...”

...Найгалаўнейшым урокам інтэрнацкага жыцьця быў сам досьвед выжываньня ў дзіцячым калектыве — зь ягонымі жорсткімі ўнутранымі правіламі і бязьлітаснымі “жартамі”: калі, напрыклад, раніцай хтосьці зь дзяўчатак не знаходзіў каля ложка аднае панчохі і мусіў бегчы на сьняданак з босай нагою. Самыя таленавітыя пэдагогі, відаць, ня здольныя па-сапраўднаму ўплываць на гэты замкнёны для дарослых сьвет, дзе заўсёды ёсьць лідэры і ізгоі, дзе так лёгка аб’ядноўваюцца ўсе супраць аднаго і дзе часам даводзіцца трываць непрыязнасьць, кпіны і прыніжэньні. Вытрымлівалі далёка ня ўсе. З сарака чалавек, прынятых разам з Ларысай Сімаковіч у першую клясу, школу скончылі ці то 9, ці то 11. Дзеля справядлівасьці скажам, што ня ўсе сышлі самі, некаторых адлічылі за недастатковыя посьпехі ў музыцы.

Апошняе Ларысы ня тычылася ніколі. Яе любімая школьная настаўніца, Галіна Цітова, якая была яшчэ і загадчыцай музычнага аддзяленьня, утварыла з вучняў малодшых клясаў хор і адразу зрабіла Ларысу салісткай (гэты статус дадаткова ўскладніў стасункі дзяўчынкі з аднаклясьнікамі). Менавіта Галіна Рыгораўна, як адчувае Ларыса, і вывела яе ў сапраўдную музыку. Імкнучыся ва ўсім насьледаваць настаўніцы, Ларыса выбрала спэцыяльнасьць харавіка-дырыжора (зрэшты, школу яна скончыла яшчэ і як піяністка).

Суворая інтэрнацкая рэчаіснасьць мела ўсё ж і станоўчыя якасьці — яна выдатна гартавала характар. У старэйшых клясах Ларыса зрабілася прызнаным лідэрам. (“Я была такая “жалезная лэдзі” — моцная, часам нават да жорсткасьці”.) Але ўладны характар патрэбны дырыжору ня менш за музычны слых. І Галіна Рыгораўна, адчуваючы, што на яе вачах гадуецца самабытны музычны талент, часам даручала Ларысе кіраваць школьным хорам, а потым падахвоціла яе стварыць і першы самастойны калектыў: некалькі дзяўчынак пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч сьпявалі апрацоўкі беларускіх народных песьняў, прычым нярэдка Ларыса сама — ня ведаючы, што гэтая праца завецца складаным словам “аранжаваньне” — перарабляла вакальныя творы для зьмяшанага хору так, каб іх маглі выконваць дзеці.

...Увесну, калі сыходзіў сьнег, а ў лесе зьяўляліся першыя кветкі, Ларысе падабалася гуляць у прыдуманую ёй самою гульню — ці то ў таямнічага Робін Гуда, ці то ў добрага дамавічка. Сьветлымі ўжо нядзельнымі вечарамі, калі жыцьцё ў інтэрнаце крыху суцішвалася, яна прабіралася на вахту, “выкрадала” з дошкі ключ ад кабінэту Галіны Рыгораўны — і ўквечвала ўвесь яе пакой прынесенымі зь лесу пралескамі ды яловымі галінкамі. У гэты момант дзяўчынка чамусьці зусім ня думала, што яе могуць заўважыць, пацікавіцца, чым гэта яна займаецца ў пакоі загадчыцы, насварыцца, урэшце, — вачам Ларысы ўяўлялася толькі адна карціна: твар любімай настаўніцы, калі тая назаўтра адчыніць дзьверы і ўбачыць такую прыгажосьць...

Ці здагадвалася Галіна Цітова, сёньня ўжо заслужаная настаўніца Беларусі, хто гаспадарыў у яе кабінэце нядзелямі, — невядома. Калі не — то няхай гэтая таямніца раскрыецца для яе цяпер.

 

* * *

Потым была Беларуская дзяржаўная кансэрваторыя, аддзяленьне харавога дырыгаваньня. Менавіта там пасьля трэцяга курсу Ларыса сутыкнулася са зьявай, якой наканавана было ў значнай ступені вызначыць яе далейшае жыцьцё: яна ўпершыню пабачыла, як сьпяваюць аўтэнтычны беларускі фальклёр. Гэта сапраўды быў выпадак, ці “воля лёсу” — бо студэнты-харавікі ня езьдзілі ў фальклёрныя экспэдыцыі і мелі поўнае права атрымаць дыплём, ні разу не пачуўшы негарманізаваных вясьнянак ці калядак. Фальклёрную практыку мусілі адбыць “кампазытары”, і Ларыса, сама ня ведаючы, чаму, напрасілася ехаць зь імі. Яны трапілі на Віцебшчыну — у край старажытнай і ўрачыстай гетэрафоніі. Ларысу ўразіла ўсё: напевы, рытмы, а найбольш — самі сьпявачкі. Напачатку пагаджаючыся толькі “паказаць” песьню, вясковыя кабеты ўжо на трэцяй ноце забываліся аб сваім намеры й пачыналі сьпяваць усур’ёз. То бок, выкладаючыся даастатку, дарэшты, не пакідаючы нічога недагавораным. Яны сьпявалі — а па іхных тварах, як па кнізе, можна было чытаць гісторыю іхнае маладосьці, каханьня, замужжа...

Успаміны аб тых віцебскіх сьпявачках праз увесь год заставаліся такімі яркімі, што налета Ларыса ізноў папрасілася ў фальклёрную экспэдыцыю. Потым яшчэ й яшчэ — паездкі працягваліся й тады, калі яна выйшла замуж, і перапыніліся толькі з нараджэньнем Ясіка. Але шмат гадоў потым ёй з тугою прыгадваліся азёры, кусты вяргіняў у гародчыках і адчайна-безаглядныя жаночыя галасы:

“А Манечкін татулька

Ды прасіўся ў Бога

На дзіцяцю паглядзеці...”

Досьвед фальклёрных практык меў пэўныя практычныя наступствы. Ларыса раптам зразумела, што ўсе чутыя і сьпяваныя ёю раней апрацоўкі беларускіх народных песьняў (нават зробленыя “клясыкамі жанру” — Галкоўскім, Шырмам, Копасавым) — гэта, мякка кажучы, вельмі далёкія ад фальклёру творы. Дакладней, яны й не прэтэндавалі на тое, каб называцца фальклёрнымі, гэта была акадэмічная музыка, усяго толькі ўгрунтаваная на народных мэлёдыях. Паўставала пытаньне: а ці нельга паспрабаваць сумясьціць несумяшчальнае? Як-небудзь інакш зблізіць гэтыя два палюсы: аўтэнтычны фальклёр — і прафэсійнае мастацтва? Спалучыць пранізьлівую шчырасьць, наіўную даверлівасьць, цёмнае загадкавае прадоньне не заўсёды ўжо зразумелых фразаў — і музычную мову XX стагодзьдзя, адточаную вакальную тэхніку, эўрапейскае выкананьне? Здаецца, менавіта з такога імкненьня і нарадзіўся другі кіраваны Ларысай калектыў — студэнцкі квартэт “Каралёначкі”. Ён выконваў Ларысіны ўласныя апрацоўкі беларускіх народных песьняў. Ужо тады гэтыя апрацоўкі радыкальна разышліся як з магістральным для белсавецкай музыкі аптымізмам полечкі-скакухі, так і з балотнай “беларускаю журбою”. Мэлёдыя, пачынаючыся нібыта ад звыклага парогу сялянскае хаты, неўпрыкмет заводзіла на такую вышыню, дзе маглі кружляць толькі буслы і чыстыя думкі — салодка-горкія, як арабінавы сок. А словы абіраных ёю песень — што гэта былі за тэксты?!! “У караля сярод двара стаіць явар зялёненькі, пад яварам Дунай ціхі...”, “У Ерусалім каля места, ой, там ішла Божа Маці, несла сьвечачку грамнічную...” (Нагадаю, на дварэ стаялі марозныя 80-я.) Падобным чынам, мусіць, вылекаваныя ад амнэзіі ўзгадваюць даўно забытае маленства...

Ларыса супала з Майстроўняй адразу, як быццам сынхронна павярнуліся два ключы ў сакрэтных замках, і адчынілася патаемная схованка. А ў схованках, як вядома, хаваюць дзьве галоўныя рэчы — скарб і зброю.

 

* * *

У 1980 г., калі Ларыса Сімаковіч вучылася на 4-м курсе, яе ўзялі працаваць хармайстрам у хор Беларускага радыё й тэлебачаньня. Праз пэўны час Ларыса адчула, што перарасла “штатныя” функцыі (якія палягалі, галоўным чынам, у развучваньні партый), і ёй захацелася, як яна сама кажа, “быць мастаком”. Але як толькі Ларыса паспрабавала працаваць з калектывам творча, рэалізоўваць свае ідэі ўжо як дырыжор, ёй адразу далі зразумець, што кожны каток мусіць ведаць свой куток. Вядомы кіраўнік хору, народны артыст Беларусі, вырашыў, што аднаго таленавітага дырыжора на калектыў цалкам дастаткова. І ён прымусіў Ларысу сысьці.

Атрымаўшы дыплём дырыжора-харавіка, Ларыса апынулася перад невырашальнай праблемай: куды пайсьці працаваць? На той час у Беларусі існавалі толькі тры прафэсійныя харавыя калектывы, і ніхто з кіраўнікоў, вядома, не зьбіраўся саступаць ёй месца. Узначаліць самадзейны хор? Гэта значыла — ад пачатку выракаць сябе на творчую нерэалізаванасьць, бо аматарскія сьпевы ніколі не дасягнулі б прафэсійнага ўзроўню, да якога яна пасьпела прызвычаіцца ў хоры БРТ. Гаворка ішла не аб “прэстыжнасьці” — Ларыса прагнула дасканалага гуку, яна чула яго ўнутры сябе і ўжо намацвала шлях, ужо нават трохі ведала, якім чынам выводзіць хор да такога гучаньня. У самадзейным калектыве і пра гэтыя мары, і пра адпаведны рэпэртуар давялося б забыцца назаўсёды: яна мусіла б працаваць зь людзьмі, якія нават не заўсёды ведаюць ноты, і на пальцах тлумачыць таму, хто фальшывіць, каб сьпяваў на два таны вышэй.

З гэтай, здавалася б, безвыходнай сытуацыі Ларыса знайшла абсалютна нечаканае выйсьце. Яна вырашыла паступіць у кансэрваторыю другі раз — каб стацца яшчэ й кампазытарам. Менавіта яе згаданыя вышэй студэнцкія работы — апрацоўкі народных песьняў — прыцягнулі ўвагу Андрэя Мдзівані, і той пераканаў Ларысу, што ёй варта заняцца кампазыцыяй усур’ёз.

...Можа, хто-небудзь думае, што вучоба на іншым аддзяленьні ў той самай навучальнай установе вызваляе, прынамсі, ад паўторнай здачы адных і тых прадметаў (кшталту марксізму-ленінізму альбо этыкі, напрыклад)? Дык ён памыляецца...

Паралельна з вучобай Ларыса працавала — хаця Ясік быў яшчэ зусім маленькі, яна не ўяўляла сабе жыцьця ў “дэкрэтным зьняволеньні”. Працавала ў розных месцах — з хорам таварыства інвалідаў па зроку, у клюбе заводу імя Леніна. Калі Майстроўня распалася на некалькі “вузкаспэцыяльных” суполак (літаратурную, гісторыка-краязнаўчую і г.д.), з часткі тых, хто найбольш упадабаў сьпевы, утварыўся фальклёрны гурт “Дзяньніца”. Напачатку ім кіравала таксама Ларыса. Яшчэ празь нейкі час яна адчула, што напоўніцу ўвасобіць ейныя пляны, датычныя выкананьня беларускага фальклёру, здолеюць толькі выхаваныя ёю самою з маленства выканаўцы. І Ларыса Сімаковіч робіць наступны знакавы для сябе крок — яна пачынае працаваць зь дзецьмі. Спачатку гэта дзіцячы фальклёрны ансамбль Палацу культуры тэкстыльшчыкаў. А потым Ларыса пераходзіць на Беларускае тэлебачаньне, стварае фальклёр-тэатар “Госьціца” і набірае туды трохгодак. Сярод былых майстроўцаў, якія таксама ў большасьці пасьпелі абрасьці сем’ямі ды дзецьмі, лічыцца за вялікі гонар аддаць дзіця “да Ларысы”.

 

* * *

...Некаторыя рэчы супадаюць у прасторы й часе так дакладна, што міжволі пачынаеш думаць пра іхную невыпадковасьць ці перадвызначанасьць. Вясновы вечар. Майстроўня, якая пасьля філфаку прытулілася ў Палацы прафсаюзаў, зьбіраецца на сьпеўкі. Туды ж кіруецца й кіраўнічка — Ларыса Сімаковіч. Яна спускаецца з прыступак кансэрваторыі і бачыць, што на Пляцы Волі бульдозэры пачалі руйнаваць будынак першага беларускага тэатру. За некалькі хвілін Ларыса дабяжыць да Палацу і здыханым голасам паведаміць нам гэтую навіну. Па тэлефоне не ўдаецца зьвязацца ні з кім з уплывовых людзей. Часу на роздум няма. Мастакі сьпехам малююць даўжэзны плякат. З гэтым плякатам праз паўгадзіны мы выйдзем на грудок насупраць былога “Патсдаму” і пачнем скандаваць: “Руйнуецца помнік гісторыі! Руйнуецца помнік гісторыі!”. Але пакуль плякат малюецца, кожны мае час на роздум: сысьці ці застацца. Яшчэ ніхто ня ведае, чым могуць пагражаць вулічныя акцыі пратэсту. Яшчэ не было прэцэдэнту. І таму мы, натуральна, баімся. Гэты страх мяшаецца зь ярасьцю і афарбоўвае нашыя галасы такой нязвыклай інтанацыяй, што той крык амаль дваццаць год стаіць у мяне ўвушшу.

...Пакрычаць на ўзгорку нам далі хвілін 10, ня болей.

Не сказаць, каб “рэпрэсіі” супраць мітынгоўшчыкаў былі надта ўжо страшныя. У турму нікога не пасадзілі, штрафаў не прызначалі (улады адрэпэтуюць такія дзеяньні значна пазьней). Па месцы вучобы або працы затрыманых зь міліцыі адправілі “цялегу”. А там ужо начальства, камсамол і партыя мусілі разьбірацца з кожным “бунтаўніком” паасобку. Мелі непрыемнасьці некаторыя з бацькоў, калі яны займалі больш-менш значныя пасады (напрыклад, выкладалі ў інстытуце). Кагосьці са студэнтаў-майстроўцаў пазбаўлялі стыпэндыі, інтэрнату. У мяне асабіста ўсё скончылася сходам у кабінэце галоўнага рэдактара “Чырвонай змены” і атрыманьнем ці то вымовы, ці то папярэджаньня, забылася.

Ларысу Сімаковіч выключылі з кансэрваторыі “за нацыяналізм і прапаганду рэлігійных абрадаў”, узгадаўшы ёй і здаваныя толькі па-беларуску іспыты, і сьпяваны яе квартэтам “Ерусалім”, і тое, як яна аднойчы прапусьціла заняткі, даверліва патлумачыўшы, што езьдзіла ў вёску на хрысьціны.

Напачатку была роспач.

“Чалавек ня можа паглядзець на сябе з заўтрашняга дня. Ён яшчэ ня ведае, куды павернецца лёс, і бачыць перад сабой толькі гэты жудасны факт: крах усіх плянаў”.

Але Ларысе шанцавала на добрых пэдагогаў. На гэты раз ёй дапамог узьняцца Дзьмітры Смольскі. Цяпер ужо ён запэўніваў Ларысу, што кампазытарская дзейнасьць — менавіта яе шлях. І пераканаў.

...Можа, хто думае, што каб вярнуцца праз год на тое самае аддзяленьне, у тую самую навучальную ўстанову, дастаткова “аднавіцца” ў ёй, выканаўшы патрэбныя фармальнасьці? Ізноў жа ён памыляецца. Трэба здаць усе ўступныя іспыты нанова і зноў апынуцца на першым курсе. Трэці раз усё пачынаючы з чыстага аркуша.

 

* * *

Ішло лета 1994 г. У кампаніі ўсё тых жа былых майстроўцаў мы адзначалі чыйсьці дзень нараджэньня. Тэлевізар быў уключаны, але на яго ніхто не зьвяртаў увагі, папросту нешта там цурчэла, як у ручайку, нейкая музыка-танцы-воплескі. І раптам чуем: “Першае месца ў нацыянальным конкурсе прысуджаецца фальклёрнаму тэатру “Госьціца” за балет “Інтуіцыя міту”. Гэта быў рэпартаж зь Віцебскага фэстывалю сучаснай харэаграфіі...

Мы замерлі, забыўшыся дапіць налітыя чаркі і дажаваць каўбасу. Балет? Ларыса? Ну так, мы ўжо ведалі, бачылі, што “Госьціца” пад Ларысіным кіраўніцтвам ня толькі сьпявала беларускі фальклёр, але й пачала суправаджаць ягонае выкананьне нейкімі незвычайнымі рухамі — гэта былі й не рэканструкцыі старажытных карагодаў, і ня копіі традыцыйных вясковых танцаў... Карацей, ня тое, што дасёньня фіксуюць этнографы ў беларускіх вёсках. Ня тое, што яшчэ сяк-так прасьвечвае скрозь напластаваньні стагодзьдзяў, а, хутчэй, прамень у адваротным напрамку: які быў скіраваны з нашых дзён у гэтую непраглядна-зялёную смарагдавую глыбіню, адбіўся пры самым яе дне ад чагосьці ўжо нябачнага і вярнуўся назад.

Ня ўсім з прыхільнікаў “аўтэнтычнага выкананьня” былі даспадобы Ларысіны экспэрымэнты ды вольнасьці з фальклёрам. Навошта, маўляў, патрэбныя ўсе гэтыя падскокі, павароты, прысяданьні, калі “народ сьпявае ня так”? Многія ў глыбіні душы дзівіліся, а то й шкадавалі, што “Госьціцу” ўсё далей заносіць кудысьці ў незразумелы бок, некаторыя адкрытым тэкстам раілі Ларысе “ўзяцца за розум”... Але каб з усяго гэтага раптам — фэстываль харэаграфіі? Першае месца?

Пачаўся гэты балет (на музыку Ларысы, натуральна!). Пра што ён быў? Пра ўсё, страчанае намі — і ўспадкаванае адначасова. Пра тое, што не дайшло, не захавалася, не перадалося ад прадзедаў нашчадкам у выглядзе цэласнага нацыянальнага эпасу, касмаганічнай міталёгіі, — але што прысутнічае, хаця й раздробленае на тысячы аскепкаў, у тых будзённых і звыклых дзеяньнях, што нават не фіксуюцца сьвядомасьцю. Вось рукі чалавека раскладаюць вогнішча. Калышуць дзіця. Наліваюць ваду са збанка. Ларыса здолела ўбачыць і, галоўнае, паказаць гэтыя рухі так, што яны нібы засьвяціліся знутры, набылі галяграфічны аб’ём, напоўніліся цалкам іншым сэнсам.

Балет “Інтуіцыя міту”, гаварылася ў анатацыі да яго, гэта “першая спроба тэатру перавесьці закадаваную мову фальклёру беларусаў на мову плястыкі. Гэта — спроба сучасным розумам і эмоцыямі зразумець тую інфармацыю, што даецца кожнай нацыі на пачатку яе роду”.

...Мы сядзелі ў дружнай майстроўскай кампаніі, глядзелі балет і думалі, відаць, пра адно: як жа мы ўсе памыляліся, думаючы, што ведаем Ларысу. І не адразу нават заўважылі, што Ларыса... сама танчыць сярод дзяўчатак-падлеткаў! Танюткая, стрункая, надзіва плястычная. Гэта ўжо было занадта! Ну, урэшце, існуюць жа нейкія даведзеныя практыкай правілы й законы? Напрыклад, што пачынаць займацца харэаграфіяй трэба гадоў у 7 — і ўжо ніяк не пазьней за 12. Хто паверыць, што можна стаць да балетнага станка ў сталым веку і засвоіць клясычную харэаграфію? Ня ведаю іншага чалавека, апроч Ларысы Сімаковіч, каму б удаўся гэткі цуд. Увогуле ня ведаю чалавека з мацнейшай сілай волі...

Чаму раптам у яе жыцьці такое месца пачала займаць харэаграфія? Здавалася б, столькі іншых магчымасьцяў для самавыяўленьня — як дырыжорка, як кампазытарка, як фальклярыстка, як піяністка, нарэшце. Але “раптам” гэта магло выглядаць толькі для староньняга й ня вельмі абазнанага назіральніка. Ларыса з маленства была неймаверна захопленая балетам. Яшчэ школьніцаю яна ўцякала па вечарах у тэатар на балетныя спэктаклі — і вярталася ў інтэрнат апоўначы, самотна прабіраючыся паўзь цёмныя двары ды вулкі. Дванаццацігадовая дзяўчынка сама (!) перазнаёмілася ў тэатры з балерынамі і потым у антрактах заўсёды прыходзіла да іх у грымёрку. “Цяпер, з вышыні гадоў, я выразна бачу, што нават тады, калі я здавала ў школе выпускны іспыт па дырыгаваньні — у гэтым ужо прысутнічала харэаграфія...”

Імкнучыся, як і ўва ўсім, да дасканаласьці ў сваёй празе авалодаць харэаграфічным майстэрствам, у 1999 г. Ларыса — не паверыце — паступае ў кансэрваторыю чацьверты раз. На нядаўна створанае харэаграфічнае аддзяленьне. І яе прымаюць — чалавека, які ня мае нават пачатковай харэаграфічнай адукацыі! Але ня ўсе дзьверы можа адчыніць талент, хоць сабе й памножаны на ўпорыстасьць ды ўзьведзены ў ступень працавітасьцю. Другая (ня кажучы ўжо пра трэцюю!) вышэйшая адукацыя ў нашай краіне цяпер можа быць толькі платнаю. Грошай на вучобу — немалых — у Ларысы, натуральна, няма. І тады народны артыст СССР, прафэсар Валянцін Елізар’еў (відавочна, уражаны незвычайнасьцю абставінаў) прымае абсалютна неардынарнае рашэньне: ён дазваляе Ларысе наведваць заняткі проста так, без усялякіх фармальнасьцяў.

...Усё ішло добра, покуль студэнтам не задалі чарговага заданьня: прыдумаць варыяцыі фэі Бэзу (з балету “Прыгажуня ў сонным лесе”) у клясычным, мадэрновым і авангардовым стылях. Адна з гэтых тэмаў неяк сама сабой перарасла ў Ларысы ў самастойны твор, працягласьць якога зь дзьвюх зададзеных хвілін павялічылася да васьмі. Рэакцыя пэдагога была нечаканай: “Я задаваў на дзьве хвіліны і на музыку Чайкоўскага, а Вы што прынесьлі?” І — ні слова па сутнасьці, ніякай ацэнкі, поўнае ігнараваньне... Ларыса адчула, што гэта зь ёй некалі ўжо было. Хор БРТ, праца хармайстрам, фактычная забарона мысьліць і дзейнічаць самастойна...

...Яна здолела здаць іспыты на харэаграфічнае аддзяленьне Акадэміі музыкі, бо пяць гадоў прыходзіла на ўрокі ў Опэрны тэатар — і займалася нароўні з прафэсіяналамі. Дазвол наведваць урокі ў Опэрным сыходзіў таксама ад Валянціна Елізар’ева, які нават і не здагадваецца, што падарыў Ларысе пяць найцудоўнейшых гадоў жыцьця. Бо ў гэтым тэатры (зь якім Ларыса з маленства мае нейкую містычную сувязь) яна сапраўды пачувалася дома: ёй было там спакойна і ўтульна.

Да таго ж, лёс па-ранейшаму дарыў Ларысе сустрэчы з таленавітымі пэдагогамі. Яна трапіла ў клясу да Аляксандра Мартынава. “Ён пэдагог-паэт. Ад яго выпраменьваецца настолькі роўная і абсалютная любоў да кожнага вучня...”

Празь пяць гадоў заняткаў Ларысу не пазнаў на ўроку знаёмы балетмайстар: запытаўся, што гэта за цікавая дзяўчынка. І тут раптам, як растлумачылі Ларысе, “тэатар перайшоў на новы рэжым працы”, і яе папрасілі здаць пропуск.

На апошнюю сваю рэпэтыцыю яна прынесла Аляксандру Мартынаву вялікі букет ружаў. І, сыходзячы з тэатру назаўсёды, нечакана пачула за сьпінаю аплядысмэнты.

 

* * *

У ліпені 2000 г. у маёй кватэры зазваніў тэлефон, і я пачула Ларысін голас: “Прыходзь на мой канцэрт у Нацыянальны мастацкі музэй”. — “Гэта будзе выступленьне “Госьціцы” ці канцэрт з тваіх інструмэнтальных твораў?” — перапыталася я. — “Не. Гэта будзе мой сольны вакальны канцэрт. Ты яшчэ ня чула мяне ў гэтай якасьці...”

Паклаўшы слухалку, я адчула, што ў мяне зьлёгку едзе дах. Рэч у тым, што чыста вонкавы кантраст паміж “вакалістамі” і “танцорамі” зафіксаваўся ў маёй памяці аж надта яскрава. Калісьці, у часы другой беларусізацыі, мне давялося весьці ў нашым Опэрным тэатры курсы беларускай мовы. Заняткі заканчваліся дзесьці аб адзінаццатай, і якраз у гэты час пачынаўся перапынак у артыстаў. Яны зьбіраліся ў тэатральным буфэце разам: бязважкія балерыны ў махровых халатах паверх трыко пілі сок, мажныя сьпевакі застаўлялі падносы сьмятанай, булачкамі, біфштэксамі... Мяне вельмі забаўляў гэты дыхатамічны падзел тэатральнага сьвету, гэтая зрокавая апазыцыя двух вялікіх музычных жанраў. Але каб адзін чалавек наважыўся паяднаць у сваёй асобе і адно, і другое?

...У мастацкім музэі акурат экспанавалася выстава Шагала, таму я прыехала задоўга да пачатку канцэрту і паднялася на галерэю. Якраз там мяне і засьпеў першы гук — выканаўца расьпявалася перад выступам. Але гэта не магла быць Ларыса, гэта быў абсалютна не яе голас! Я перагнулася цераз балюстраду. Вочы па-ранейшаму спрачаліся з вушамі. Ля раяля сапраўды стаяла неверагодна прыгожая Ларыса Сімаковіч, але голас, які запаўняў усю прастору музэйнае залі, належаў камусьці, з кім я яшчэ не была знаёмая. Бо ранейшую Ларысіну манеру сьпяваць я ведала зусім няблага, дый шмат хто з чытачоў “НН” таксама — не ў адной маёй сям’і дзеці засынаюць пад касэту зь беларускімі калыханкамі, даўным-даўно запісанымі Ларысай на радыё. Мяккая, пяшчотная, утульна-хатняя афарбоўка яе тэмбру ў гэтых калыханках цудоўна надавалася для песенек “пра ката-варката”. І шмат каго гэтая “свойскасьць” зьбіла з тропу. У сваёй кнізе “Лінія, што йдзе ў бясконцасьць” (1999 г.) Юлія Чурко акрэсьліла голас Ларысы Сімаковіч як “невялікі, але чысты”. Сумнеўны камплімэнт для прафэсіянала, скажам шчыра. Але адкуль было ведаць Юліі Чурко, уражанай балетнымі дасягненьнямі кіраўнічкі “Госьціцы”, што Ларыса ўжо некалькі гадоў мэтаскіравана працуе і над сваім вакалам?

На канцэрце ў Нацыянальным мастацкім музэі голас Ларысы Сімаковіч гучаў магутна й раскошна. Яе найпрыгажэйшае лірыка-каляратурнае сапрана адну за адной скарала вяршыні сусьветнага бэльканта — Керубіні, Гендэль, Пэргалезі, Страдэла, Рымскі-Корсакаў, Чайкоўскі, Пучыні, Варламаў... Думаць не хацелася ні пра што. Хацелася стаць пад плынь гэтага голасу і бясконца слухаць, слухаць яго, адчуваючы, як ён струменіцца скрозь кожную клетачку істоты. Гэты голас гаварыў, што ў жыцьці ёсьць надзея і сьветласьць, і ён сам быў гэтай сьветласьцю. Ужо пасьля чацьвертага твору выбухнула першая авацыя, якая фактычна не сьціхала да канца канцэрту, перапыняючыся толькі выкананьнем нумароў. Адбівалі сабе далоні і тыя, хто прыйшоў паслухаць Ларысу, і тыя, хто апынуўся на канцэрце выпадкова — завітаўшы на выставу славутага земляка. Сярод апошніх быў і першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка. Ён некалькі разоў пераходзіў зь месца на месца, слухаў з розных кропак — з галерэі, зь лесьвіцы. Па твары было відаць: як музыкант ён зразумеў, што сутыкнуўся з унікальнаю зьявай — але ня можа адразу ў гэта паверыць. А пасьля канцэрту ў яго зь кінарэжысэрам Віктарам Шавялевічам адбыўся красамоўны дыялёг:

— Ну, як уражаньні? — папытаўся Шавялевіч.

— Ведаеце, для мяне гэта было адкрыцьцё, — шчыра сказаў Рылатка.

— Што, Шагал?

— Не, Сімаковіч...

Пра гэтую размову Віктар Шавялевіч апавядае празь некалькі дзён пасьля канцэрту, калі мы з Ларысай сядзелі ў рэпэтыцыйным пакоі “Госьціцы” і спрабавалі разважаць на тэму: а што далей?

Каб жа гаворка ішла пра нейкую маладую й нікому не вядомую сьпявачку з такімі вакальнымі дадзенымі, ясная рэч, што трэ было б ісьці да дырэктараў Опэрнага тэатру, філярмоніі і крычаць пра тое, што й на нашых суглінках часам трапляецца самародкавае золата. Але Ларыса Сімаковіч — далёка не пачатковец. Яе дасягненьні ў розных сфэрах музычнага мастацтва неаспрэчныя. І я ніколі не паверу, што яна пагадзілася б звузіць абсяг свае творчасьці да адной толькі кар’еры сьпявачкі. Таму й пытаюся: якія яе амбіцыі ў гэтай галіне?

Ларыса адказвае проста. Што яна цяпер валодае сваім голасам настолькі, што адчувае ў сабе сілы брацца за самыя складаныя вакальныя партыі. Што на канцэрце яе не асьляпіла захапленьне публікі — наадварот, яна выразна ўбачыла свае слабасьці, і цяпер дакладна ведае, у які бок кіравацца. “Тэхнічны момант зроблены — рэгістры выраўнаныя, голас паддаецца. Тая праца, якая засталася, — гэта суцэльная асалода. Гэта маніпуляцыя з тонкай гукавой матэрыяй, якая сама кудысьці разьвіваецца, а ты слухаеш і спасьцігаеш. Няма мяне, і слухачоў няма, а ёсьць тое, што ёсьць у гэтым гуку, і яму трэба даць адбыцца... Гук — гэта хваля, якая нясе інфармацыю. Ад характару інфармацыі залежыць узьдзеяньне гуку, пры слушнай інфармацыі яно павінна быць лекавым. Гукам, як лязэрам, можа ачышчацца прастора”.

Ларыса марыла б, напрыклад, пра канцэрт у Камэрнай залі філярмоніі. Але ідыятызм сытуацыі ў тым, што чалавек, які двойчы скончыў кансэрваторыю па іншых спэцыяльнасьцях, ня можа лічыцца прафэсійным сьпеваком — і таму ня мае права ні на залю для сольнага канцэрту, ні нават на афішу для яго.

“Дык як жа табе не прыйшла ў галаву самая натуральная думка — што трэба паступіць у кансэрваторыю пяты раз?” — не вытрымліваю я.

Мы сьмяемся разам, але ня надта вясёлым сьмехам, усьвядоміўшы, што абсурду ў гэтай ідэі ніяк ня больш, чым лёгікі.

 

* * *

той жывы заўсёды спажывае
нейкі боль
(няхай сабе ня пяць!)
проста дзьверы на пятлі іржавай
ветрам вернасьці рыпяць
рыпяць
рыпяць
нехта адчувае болю болей
выйсьце бачыць жадны
на ўвесь сьвет
бо калі ні выхаду ні болю
дзе мастак
музыка
дзе паэт

Верш належыць Барысу Жанчаку, мужу Ларысы Сімаковіч. Пра гэты ўнікальны саюз двух надзвычай творчых людзей — музыкі і паэта — варта, безумоўна, напісаць асобны артыкул, а яшчэ лепей — апавяданьне ці паэму, і я вельмі спадзяюся, што нехта некалі зробіць гэта лепш за мяне.

У тым будучым творы знайшлося б месца і рамантычнаму каханьню (малады настаўнік Барыс Жанчак выкладаў Ларысе беларускую мову, калі яна вучылася ў “Парнаце”), і вернасьці, і ахвярнасьці, і дзясяткам супольных творчых праектаў. Апошні зь іх — “Тры алегорыі Правялебнай Панны” для голасу і камэрнага складу. Адна з частак гэтага твору гучыць на кампакт-дыску “Легенды Вялікага Княства”. А той, хто трапіў 3 сакавіка ў Палац дзяцей і моладзі на рыцарскі фэст, мог пабачыць “Алегорыю...” і ў харэаграфічным увасабленьні. Дарэчы, калі хто ня ведае: хлопец, які падчас выступу “Госьціцы” пранікнёна сьпяваў народныя песьні, а таксама выконваў у “Алегорыі...” ролю Музыкі-Ваяра, — гэта Ян Жанчак, студэнт першага курсу музычнай вучэльні.

...Жанчына, якая з маленства перадусім выбірае прафэсійную творчасьць, якая жыве не ў кватэры, а ў музыцы, мала надаецца на ролю “хатняе котачкі”, і конкурсы на лепшую вышываную сурвэтку яе ня звабяць таксама. Але гэта значыць толькі тое, што шлюбы творчых людзей ня мусяць ацэньвацца паводле традыцыйных крытэраў.

Асабіста ў мяне саюз Барыса Жанчака і Ларысы Сімаковіч выклікае здаровую зайздрасьць. Па-мойму, гэта проста неверагодная ўдача — ведаць, што можаш ва ўсім спадзявацца на чалавека, з кім назаўсёды злучыў свой лёс. Што калі ты ня маеш часу гатаваць вячэру, то папросіш мужа, і ён падсмажыць бульбу. А калі табе спатрэбіўся тэкст для новай песьні, ты таксама зьвернешся да мужа (бо хто лепш за яго адчуе, якіх менавіта словаў ты прагнеш?). І ён для цябе абавязкова напіша выдатны верш. Напрыклад, вось такі:

гэта воблака з тваім воблікам
зьбег дажджынак ці ветру зьбег? —
гэта я адзінотай восеньскай
гэта я ўспамінаю цябе

гэта намаразь нібы навалач
паўтарае цябе цяпер
што мароз са сваёй выяваю —
гэта я ўспамінаю цябе

хай вятрыска блакіт праторуе
за акном лядзяш растае
што ні ўбачу — дык непаўторныя
адшукаю рысы твае

 

* * *

За 20 гадоў творчай дзейнасьці кампазытарка Ларыса Сімаковіч напісала музыку да спэктаклю “Калыска чатырох чараўніц”, пастаўленага ТЮГам, музыку да ўсіх фільмаў Віктара Шавялевіча з цыклю “Да вас, сучасьнікі мае”, сымфонію, сымфанічныя карціны “Мураванка” і “Пачатак роду”, пастараль “Зьвеставаньне”, інструмэнтальныя п’есы, шмат твораў для зьмяшанага складу хору і мноства песень. З усяго пералічанага гучала толькі музыка да фільмаў і спэктаклю.

Ёю створаныя для “Госьціцы” харэаграфічныя мініятуры “Яблычны спас” і “Шляхамі ў вечнасьць”, а таксама шэсьць аднаактовых балетаў — прычым, падкрэсьліваю, створаны ад пачатку і да канца: ня толькі музыка, але і харэаграфія, і пастаноўка. Сярод іх, апроч “Інтуіцыі міту”, “Нябога” (кажучы словамі самой Ларысы, твор “пра сустрэчу з самім сабой, пра тое, як сутыкаюцца дабрыня й агрэсія, якія жывуць у кожным чалавеку”), “Калінаў мост”, “Эўтаназія. Апошні рытуал”, “Национальный интерес” (як напісала “Культура”, “трэба ведаць беларускую патрыётку Сімаковіч, каб ацаніць сарказм назвы, наўмысна расейскамоўнай”). І яшчэ “Жах”, аднойчы паказаны ў філярмоніі на канцэрце “Госьціцы”. Ён мае падзагаловак “Сучасная байка” і ўвесь пабудаваны на аўтэнтычных прыказках, прымаўках і песьнях, спалучаных з харэаграфіяй у стылі фолк-мадэрн. Што ж датычыць змрочнай назвы, дык Юлія Чурко слушна заўважыла, што гэты балет “працяты трагічным сьветаадчуваньнем”.

Пабачыўшы некаторыя з гэтых балетаў, рэжысэр Валеры Мазынскі сказаў, што такое эмацыйнае ўзрушэньне, якое робяць Ларысіны творы і яе акторы, ён вельмі рэдка адчуваў на драматычнай сцэне. Але паглядзець Ларысіны харэаграфічныя творы немагчыма, бо “Госьціцы” няма дзе іх паказваць — тэатар амаль не выступае. Больш за тое: калектыў, які фармальна існуе пры Беларускім тэлебачаньні, апошні раз здымаўся тым самым тэлебачаньнем у 1998 г., дый то вельмі фрагмэнтарна. З усіх балетаў тэлебачаньне дэманстравала толькі “Інтуіцыю міту” — у рамках трансьляцыі з ужо згаданага Віцебскага фэстывалю. Інакш, як сьвядомым ігнараваньнем, замоўчваньнем, зьдзейсьненым на чыйсьці загад, такое стаўленьне не назавеш.

“Госьціца” стваралася, калі тэлебачаньне ўзначальваў Генадзь Бураўкін. Ён сам быў вельмі зацікаўлены ў гэтым калектыве, і таму ствараліся ўсе ўмовы для працы фальклёр-тэатру, часта запісваліся перадачы зь ягоным удзелам. Зьмянілася кіраўніцтва — зьмянілася і стаўленьне. У 1999 г. Ларысе нават не перадалі запрашэньне на чарговы Віцебскі фэстываль сучаснай харэаграфіі, якое прыйшло на адрас тэлебачаньня з пазначэньнем калектыву і кіраўніка.

У фальклёр-тэатру няма мэнэджэра, які б займаўся арганізацыяй канцэртаў, як няма і магчымасьці ўзяць чалавека на гэтую пасаду, бо штатны расклад не прадугледжвае такой адзінкі. І калі нават аформіць патэнцыйнага мэнэджэра “артыстам ...катэгорыі” — то хто ж пагодзіцца працаваць за жабрацкі аклад 28 тыс. рублёў? Да слова: аклад самой Ларысы Сімаковіч як кіраўніка мастацкага калектыву на Беларускім тэлебачанні складае каля сарака даляраў. Гэта адзіная яе крыніца даходу. І зараз вы зразумееце, чаму я мушу пра гэта сказаць.

 

* * *

Нядаўна мне трапіліся словы польскага філёзафа Кшыштафа Чыжэўскага, якія ўразілі сваёй жорсткай дакладнасьцю.

“Ты можаш шмат гадоў сумленна над нечым працаваць, можаш многаму навучыцца і шмат дасягнуць, але ў жыцьці прыйдзе такі момант, калі ты ўсё аддасі, калі табе давядзецца аддаць гэта ўсё за бесцань, за фігу з макам. І калі ты й надалей будзеш стаяць на сваіх нагах, калі не затрэцца тваё імя, гэта значыць, што ўсе гэтыя гады ты працаваў над нечым зусім іншым, нечым непараўнальна больш важным, чымся нейкія званьні і становішча ў сьвеце”.

Жыцьцё часта падаецца нам роўнай, даволі аднастайнай і трошкі нудотнай чарадой дзён — але толькі да моманту, пакуль ня здарыцца штосьці, што ўшчэнт зруйнуе гэтую стабільнасьць і не пакіне каменя на камені ад звыклага сьветаўпарадкаваньня. Падрыхтавацца загадзя да такога выпадку немагчыма. Пры сустрэчы зь ім нельга не разгубіцца. І ў першае імгненьне гэтага землятрусу чалавек заўсёды застаецца адзін пад заваламі.

А вось далей бывае па-рознаму. Ён можа вельмі хутка сканаць у самоце і цемры, згубіўшы надзею вырвацца з палону, — а можа пачуць праз тоўшчу абрынутага бэтону далёкія галасы сяброў. І будзе трываць, ведаючы, што яго абавязкова выцягнуць.

Некалькі месяцаў таму ў Ларысы Сімаковіч пачаліся праблемы са здароўем. Раптоўна і катастрафічна. Гэта не сьмяротная хвароба, дзякаваць Богу. Аднак вылечыць яе кансэрватыўнымі сродкамі — гэта значыць, без апэрацыйнага ўмяшаньня — сёньняшняя мэдыцына ня ў стане. Але ж такія апэрацыі звычайна робяць у веку, калі людзей больш не хвалююць ненапісаныя сымфоніі і непастаўленыя балеты!.. Ня кажучы ўжо пра магчымыя ўскладненьні. І пра неверагодныя грошы, якіх гэтая апэрацыя каштуе.

З уласьцівым іхнай прафэсіі драбочкам цынізму хірургі дадаюць: крытэрам для неадкладнай апэрацыі можа служыць толькі ўласнае адчуваньне болю. Гэта значыць, пакуль можаш — цярпі. Жыві на анальгетыках, спрабуй перасоўвацца ракам ці бокам — гэта твае праблемы. Але памятай, што ад гэтага болю ты не ўцячэш нікуды, апроч як пад лязо скальпеля.

Што такое цярпець гэты боль, безумоўна, не апішаш словамі. “Уяві сабе лямпачку ў 500 ват, якая ўвесь час засьціць увесь навакольны сьвет, і нельга ні адвесьці вачэй, ні заплюшчыць іх. Гэта прыблізна тое самае”.

У дні, калі дапамагаюць якіясь моцныя лекі, Ларыса езьдзіць на рэпэтыцыі, ставіць для “Госьціцы” новыя харэаграфічныя нумары. “Я глыбока перакананая, што мастака, музыку нехта павінен, што называецца, пхаць у плечы. Каб яму не даводзілася самому хадзіць, напрыклад, у той самы мастацкі музэй і прапаноўваць свой канцэрт. А ў адказ чуць ад дырэктара, які яшчэ й у вочы ня бачыў ні мяне, ні “Госьціцы”, — “Нам лапці ў музэі непатрэбныя”. Такія рэплікі мяне забіваюць, і трэба шмат часу, каб ізноў узьняліся апушчаныя рукі. Калі я выконваю абавязкі мэнэджэра, дык адчуваю, што займаюся сваёй асобай, а калі працую творча, то займаюся нечым іншым, нашмат важнейшым. Я ўсё чакаю, калі ж тое, што я раблю, спатрэбіцца некаму яшчэ. І ведаю, што магу не дачакацца”.

Ня ведаю, ці валодае хто-небудзь з чытачоў “НН” дастатковай уплывовасьцю, каб дапамагчы “Госьціцы” і самой Ларысе прабіцца да гледача. Але ёсьць рэчы, якія нам пад сілу зрабіць безумоўна. Па-першае, мы можам сабраць для Ларысы грошы — лекі і мэдычныя паслугі, якія патрэбныя ёй, шалёна дарагія. Па-другое, Ларысе зараз вельмі прыдаўся б кампутар — “я не самотны, я выхад маю на сэрвэр пана Марціна Кухты...” Па-трэцяе, — хаця я ня веру ў цуды — чыесьці мэдычныя парады, верагодна, маглі б прынесьці ёй прынамсі часовую палёгку.

Я амаль ня веру ў дзівосы, але ўсё ж напішу і пра ідэі з разраду фантастычных. Кансультацыя ці, магчыма, лячэньне за мяжой. А хто ведае, а раптам?.. Беларусы ў сьвеце жывуць паўсюль. Сярод іх, безумоўна, ёсьць і людзі нябедныя — а што мы, нацыя зломкаў, у рэшце рэшт?

Нас усіх — хто прачытае альбо можа прачытаць гэты нумар газэты — рэальна ўжо шмат. А Ларыса Сімаковіч у нас адна. І самыя гучныя словы ў яе адрас заслабыя, каб быць адэкватнымі.

...Кожнаму ў маленстве даводзілася забаўляцца з дроцікам: перагінаць яго туды-сюды, туды-сюды, аж пакуль тонкі мэтал ня вытрымае й зломіцца. Але нікому ня думалася, што ролю такога дроціка мы будзем усё жыцьцё станавіць сабой. Напэўна, яна даецца чалавеку разам зь несьмяротнаю душою — мяжа трываласьці на злом. І хутчэй за ўсё, апякуючыся першым, мы павялічваем другое.

Віялета Кавалёва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0