Горкі кавалак хлеба

эсэ

Раней, калі на стале селяніна ляжаў пад абрусам бохан хлеба, лічылася, што сям’я жыве ў дастатку, што гаспадар заможны. Але не заўсёды так бывала цягам таго часу, які мне ўжо пашанцавала пражыць.

Успамінаецца раньняе маленства, калі я мог схавацца ў жыце на асабістым бацькавым шнуры на паплавах, нарваць на мяжы васількоў і нават паласавацца каля вялікай грушкі.

Аднак хлеба на стале пад абрусам ня памятаю. “Чэкар” (гэтак называла маці нас, сваіх пяцёх нашчадкаў) не дазваляла яму залежвацца і чарсьцьвець. Тыя тры-чатыры “як жарон, буханкі хлеба”, якія пякла маці два ці тры разы на тыдзень, зьнішчаліся намі старанна да апошняй скарынкі. Час ішоў, мы падрасталі, “заместа палосак убогіх і вузкіх калгасныя нівы, як мора, ляглі”. Аднак мукі ў нас ад гэтага не пабольшала, і хутка хатні хлеб маці перастала выпякаць. Мы, дзеці, цяпер толькі ўспаміналі, як церліся ля прыпеку, замінаючы маці дастаць зь печы круглы, пахучы, пульхны, часам падгарэлы бохан, каб адкалупнуць пачарнелую скарыначку і паласавацца ёй. Цяпер хлеб, набыты ў краме, хаваўся ў куфар пад замок і прыносіўся да стала толькі падчас абеду. А каб купіць кілё ці два хлеба (у адны рукі больш не давалі), яшчэ трэ было кілямэтры два ісьці да крамы, займаць чаргу, лепей зь вечара, начаваць там. І тады ўжо, калі ня выціснуць з чаргі, можна было мець гарантыю, што сям’я пасьнедае з хлебам.

Калі ж не атрымлівалася, елі праснакі — прэсныя аладкі, замяшаныя на жытняй ці ячнай муцэ і вадзе, сьпечаныя на патэльні. Каб атрымаць муку, нам, дзецям, трэ было прыцемкам ісьці на калгасную ніву па каласкі. Іх потым сушылі на печы, выцярушвалі зярняткі, веялі і ішлі да суседа, у якога цудам захаваліся жорны (бо ў астатніх сяльчан калгасныя актывісты паразьбівалі іх на дробныя кавалкі), — змалоць на муку. Цяпер ужо думкі аб кавалку хлеба не пакідалі ні малых, ні старых.

Хто мог купіць, купляў, хто не — пераходзіў на “другі хлеб”, ці, як цяпер кажуць, — “бульбяную дыету”. Адсюль, відаць, і ганебная нашая мянушка — “бульбашы”.

Гэта адбывалася ў тыя часы, “калі мы былі багатыя мясам, і хлебам, і рыбай”, а некаму ўжо “па трубах да хат прыбягала вада”. Цяжка ўспамінаць пра лусту хлеба і ў ваеннае ліхалецьце. Хай яно сабе! На вайне, як на вайне, як цяперака ў Чачэніі...

А жыцьцё людзкое бяжыць і часам зьмяняецца, людзі нараджаюцца і паміраюць, а хлеб, як і спрадвеку, для простага чалавека застаецца асноўным харчам.

У найноўшыя часы, калі за цюменскія нафтадаляры пачалі купляць зерне за мяжой, хлеб у крамах можна было набыць і без чаргі. Быў і такі працяглы пэрыяд, калі звычайна адзіны гатунак хлеба завозіўся ў сельскія крамы для людзей другога гатунку, якія набывалі яго без чаргі на 2-3 сутак для сябе і свойскай жывёлы.

У гарадах цывілізацыя пайшла значна далей, асабліва за апошняе дзесяцігодзьдзе. У Полацку ў вітрыне можна ўбачыць некалькі гатункаў хлеба, адрозных паводле тэхналёгіі, складу, формы, ну і, вядома, якасьці і цаны.

Учора жонка прынесла з крамы кавалак падавога хлеба вагою 350 г, нарэзанага скібкамі і адмыслова запакаванага, праўда, даражэйшага. Дзіўлюся і пытаю: “Ці не замежны?” “Можа і так, — адказвае, — на Задзьвіньні ўжо больш за месяц прадпрымальнікі гандлююць таньнейшым за наш расейскім хлебам. Аднак паспытаем маю пакупку”. Распакавалі і пакаштавалі. Хлеб надзіва быў сьвежы, з водарам кмену і пасьпелай, але яшчэ ня зжатай, жытняй нівы.

Калі зьелі па скібцы смачнага хлеба і дасталі па другой, з-пад упакоўкі выпала цыдулка, зь якой даведаліся, што хлеб “весенний староборисовский, подовый, дата изготовления – 2001, энергетическая ценность 221 ккал. Полоцкого хлебзавода”.

Другая скібка “смачнага хлеба” падалася ўжо трохі гаркаватай, быццам бы чэрствай і як бы засядала ў горле.

А назаўтра жонка зноў, як і да гэтага, заняла сорак пятае месца ў чарзе былых будаўнікоў камунізму па таньнейшы хлеб і, пасьля гадзіннага выпрабаваньня холадам, прынесла дадому бохан яшчэ цёплага хлеба, таго гатунку, якім колісь кармілі сьвінчо.

Павал Бурдыка, Полацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0