Лісты ў рэдакцыю

Заўвагі пра палкоўнікаў

Вінцэсю Мудрову

Ваш аповед “Іду на таран”, надрукаваны ў №6 часопісу “Калосьсе”, амаль дасканалы. Некаторыя радкі, сказы і нават цэлыя абзацы і старонкі перачытваю многа разоў, смакуючы. Праўда, заканчэньне, з пункту гледжаньня праўды жыцьця, спрошчанае, тады як удалы фінал мог зрабіць аповед бэстсэлерам. І трэ было, ні многа ні мала, проста “ўгадаць” найбліжэйшую будучыню палкоўнікаў на постсавецкай прасторы з 1995 па 2000 г.

Варта адзначыць, што палкоўнікі драпаць цьвіком “Made in USA” на фотакамэрах ня будуць і глыкаць гарэлку з гарла ня будуць, і мастурбаваць, паглядаючы на караценькую спаднічку буфэтчыцы, таксама ня будуць. Гэта справа сэржантаў і шарагоўцаў.

Палкоўнікі мысьляць стратэгічна, і калі хочуць – засвойваюць Камасутру з буфэтчыцамі па поўнай праграме. Але перш за ўсё прыватызуюць тэрыторыі, робяцца губэрнатарамі і прэзыдэнтамі, ціснуцца ў парлямэнты, бяруць удзел у стварэньні карпарацыйна-паліцэйскай дзяржавы-імпэрыі. Вось гэтыя стратэгічна-тактычныя мысьляры нам і цікавыя, бо ім з трэскам прайгралі дэмакратычныя сілы як у Расеі, так і ў нас, у Беларусі, і зараз яны перайначваюць нашае жыцьцё на свой палкоўніцкі кшталт. Сапраўдныя палкоўнікі носяць у сваіх валізах штаны з лампасамі.

Вінцэсь Мудроў, паказаўшы вайсковую рэчаіснасьць на высокім мастацкім узроўні, дасканала і ў меру адбіўшы вайсковыя хібы (кожны таленавіты твор заўсёды перабольшвае, канцэнтруючы зьявы жыцьця), прыканцы зрабіў рэзкі і глыбокі віраж уніз, да шэрай штодзённасьці.

Нас, чытачоў і грамадзянаў, цікавіць: што далей? Сапраўдныя палкоўнікі навядуць парадак, а вось ці здужаюць яны так арганізаваць дзяржаўныя справы, каб мы паімчалі ў будучыню разам з усім цывілізаваным сьветам?

Шэрая рэчаіснасьць... Навошта пра яе пісаць? Яна вакол нас усюды. Яна гуртуецца побач з кожным, яна на вуліцах, плошчах, на тэлеэкранах, у кватэрах. І нават у лесе можна сустрэць гурбы сьмецьця, адкіды чалавечай жыцьцядзейнасьці. Бяры гэтую шэрасьць у рамку, перанось на паперу — і вось новы твор зроблены.

Вінцэсь Мудроў дасканала малюе рэчаіснасьць, але не дае, не падказвае, не шукае выйсьця… Ягоныя героі – ахвяры. Вось апошні аповед, надрукаваны ў ARCHE, №9-2000, “Дарога ў дваццаць крокаў”, які пераклікаецца зь Сідаруковым “Выкраданьнем вепрука”. І там і тут героі п’юць гарэлку і чарніла з пачатку да самага канца, як і ў жыцьці. Дарога ў нікуды! Аніякай спробы вырвацца з гэтага зачараванага кола. Усё абкладзена пляшкамі з гарэлкай, што выконваюць ролю чырвоных сьцяжкоў для ваўкоў.

А нам так патрэбныя і ў жыцьці, і ў літаратуры героі, лепш за ўсё маладыя людзі, якія ідуць супраць агульнай плыні, праз чырвоныя сьцяжкі прэч з кола быдлоты. Яны дасягнулі дабрабыту, стварылі шчасьлівыя сем’і, зрабіліся сапраўднымі людзьмі.

Бо сёньня ня толькі можна, але і трэба ісьці праз аблогу. У гэтым ісьціна сапраўднага мужчыны. Герой нашага часу – той, хто ўцякае з кола брыдоты, п’янства, шэрасьці, гультайства.

Таму ў аповедзе “Дарога ў дваццаць крокаў” не стае аднаго пэрсанажа – аднавяскоўца, які самастойна дасягнуў жыцьцёвага дабрабыту, ажаніўся з самай прыгожай і разумнай дзяўчынай, займаецца пчалярствам, гадуе худобу, згроб у сваю жменю гэтых п’янтылаў, былых аднаклясьнікаў. Нават тамтэйшую адмінстрацыю ён скіраваў у патрэбнае рэчышча. Вось гэты герой і купіў помнік таварышу Сталіну, як напамін аб мінуўшчыне.

Трэба патлумачыць, што ў будучыні няма месца для Гасюты, Міколы-ўнука, Даніка Крываблоцкага. Калі хто зь іх і выжыве, дык праз 10 ці 20 год, прадраўшы вочы, убачыць, што нічога свайго няма: ні зямлі, ні трактара, ні майстэрні, ні жонкі… Іх спойвалі, каб лягчэй было абабраць…

Калі чалавек прайграе жыцьцёвую барацьбу, яго павінен агортваць сорам! Пан Бог даў яму жыцьцё, а ён яго прасьвістаў! Які ж ён герой? Ён мудак, а не герой.

Вось адна з рэальных і страшных тэмаў жыцьця. Чалавек праз 20 год сустракае адзіную і непаўторную любоў. За 20 год ён апусьціўся, забурэў, адзервянеў, можа ірвануць любога і кожнага так, што таму не пазайздросьціш. І вось у чарзе, у краме ён сустракае Яе.

— Даніку, гэта ты? – ледзь чутна і нясьмела спытала Яна. Ён апусьціў позірк долу, кусаў рукі, каб не звар’яцець, і стаяў, як скамянелы, ня маючы мужнасьці зірнуць у вочы Адзінай і Непаўторнай. Лепш бы яго пярун забіў на месцы, лепш бы ён ня жыў. Данік паваліўся на калені і, схіліўшы галаву, мармытаў: “Каюся, Божа, каюся”. А вакол стаялі людзі і глядзелі на Даніка Крываблоцкага”.

Чалавек атрымаў страшную жыцьцёвую Паразу, але грамадзтва, сваякі, сябры заспакойваюць яго, што гэтая параза нястрашная, плюнь на Яе, Даніку, і забудзься. Але не ўсьвядоміўшы паразы як Паразы, ніколі ня станеш Пераможцам.

Сёньня трэба вучыць людзей глядзець крышку далей, на пяць, дзесяць, дваццаць год наперад. Маляваць ім выйсьце. І нельга пагаджацца зь беларускім народным меркаваньнем, што ўсё ад Бога, ад Лёсу, а ад чалавека нічога не залежыць (а раз так, можна піць з раніцы да вечара). Усе мы пакліканыя ў гэты сьвет, каб нешта зрабіць, і на гэта нам даецца свабода выбару. Мы нават можам і нічога не рабіць! Але ў гэтым выпадку атрымаем бессэнсоўнае жыцьцё бяз вынікаў!

Шаноўны Вінцэсю! Я мару, што празь некалькі год усе сьвядомыя людзі ў Беларусі будуць пытаць адзін у аднаго, ці пасьпелі яны прачытаць новы беларускамоўны раман. Магчыма, гэта будзе раман Вінцэся Мудрова пра нашае жыцьцё, пра Чарнобыль, пра здраду, пра каханьне, пра сьнег і дождж, пра паплавы ля ракі, сіняе неба, хуткаплынны Час. Хопіць нам чытаць і назіраць у тэлескрынках чужаземнае жыцьцё. Як сказаў Сакрат Яновіч, “пра свае справы будзем гаварыць самі!” Пасьля “Іду на таран” мне здаецца, што ў Вас атрымаецца. Дый гэты аповед насамрэч зьяўляецца часткай раману, файнага, цікавага раману ці аповесьці – таму так і кідаецца ў вочы ненатуральнасьць заканчэньня.

Кастусь Травень, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0