Алесь Чобат

Наш чалавек у Менску

 

Хацелася б верыць аптымістычным прагнозам “паяднанай (?) апазыцыі” пра перамогу яе “адзінага (?) кандыдата” на прэзыдэнцкіх выбарах, верыць, што асядзе на галоўным крэсьле краіны “наш чалавек у Менску”. Менавіта верыць, бо ані як гэта зрабіць, ані што будзе далей — ніхто не разважае. Усім здаецца, што адразу ж распачнецца дэмакратызацыя ў палітыцы, лібэралізацыя ў гаспадарцы ды беларусізацыя ў культуры і асьвеце.

 

Хто гэта мае рабіць? Прэзыдэнт. Бо ён — “наш чалавек у Менску”. Ну, у Менску няхай сабе, а ў Баранавічах, Бабруйску, Барысаве? А ў Смургонях, Скідзелі, Сьвіслачы? Хто там мае рабіць беларусізацыю, лібэралізацыю і дэмакратызацыю? Які ў рэспубліцы насамрэч працэнт дэмакратаў, лібэралаў, людзей нацыянальнай культуры? Колькі іх у дзяржаўнай адміністрацыі і па-за ёй – сярод тых, хто мог бы ў тую адміністрацыю прыйсьці, зьмяніўшы цяперашніх мажнаўладцаў? Мізэрны працэнт. Бо толькі працэнт – супраць дзевяноста дзевяці.

Нават калі, у выніку ўдалай агітацыі, 50% плюс адзін выбаршчык прагаласуюць за беларусізацыю, лібэралізацыю і дэмакратызацыю, гэта яшчэ ня значыць, што тыя працэнты будуць рабіць тое, за што галасавалі. Дый невядома яшчэ, ці сапраўды хочуць тыя працэнты таго, за што галасавалі... Бо агітацыя — матка, а выбарцы — дзеці.

Адным словам, першае, на што наступіць – як на граблі — “наш чалавек у Менску”, гэта кадры, людзі. Няма людзей – няма рэформаў. Таму абсалютна слушна сьцьвярджаюць, што “палітыка — гэта мастацтва магчымага”. А будзеш хацець і рабіць немагчымае – скончыш як іншыя патрыёты й рамантыкі, кшталту Гамсахурдзія, Эльчыбея ці Мілошавіча. Дарэчы, Лукашэнка таксама прыйшоў да ўлады рамантыкам, але вельмі хутка апрытомнеў і заняўся практычнай палітыкай. Іначай даўно б ужо пагарэў...

Мне асабіста апошняя дэкада на Беларусі ўсё часьцей нагадвае “Гісторыю гораду Глупава” Салтыкова-Шчадрына. Пашумелі, пакружлялі, пачалі, кінулі, зноў пачалі, зноў кінулі... Гэтак было пры Кебічу з Шушкевічам. Гэтак пры Лукашэнку. Гэтак будзе і пры “нашым чалавеку ў Менску”, бо ён здолее зрабіць толькі тое, што дазволіць яму старая і маладая “бюракратыя”.

Наўмысна пішу пра “маладую”, а не пра “новую” бюракратыю. У нашай намэнклятуры дзеці, у большасьці сваёй, — гэта псыхалягічныя копіі бацькоў-“калгасьнікаў”. Правінцыялы. Горшыя ці лепшыя, але выканаўцы. У нас усё новае, гэта тое, што ў Нямеччыне, Польшчы, нават у Расеі – даўно старое...

Клян, каб яго халера! Клян клянаў... “Традыцыйнае грамадзтва” – без аніякае традыцыі па-за “выпіць і закусіць”. На халеру тут каму якія рэформы? Тое набліжэньне да Эўропы ці Расеі? Трэба, каб “стабільнасьць” была, каб жылі так, як звыклі.

Цяперашні бюджэт Рэспублікі Беларусі абцяжараны ня так войскам, паліцыяй ды адміністрацыяй, як вечнымі датацыямі на сельскую гаспадарку. Бо іначай здохнем з голаду. Лепш мець стратныя бульбу, збожжа, мяса і малако, чым ніякіх. Таму й лятуць туды, як у прорву, грошы, бэнзын, салярка. Таму ніхто ў вёсцы не запраўляе свайго “BMW” альбо “дзявяткі” на местачковай бэнзакалёнцы. Навошта, калі можна ў калгасе... І катэджы “спэцыялістаў” растуць, як грыбы.

118 раёнаў, ад 17 да 23 калгасаў у кожным... Каля 2500 “працаўнікоў”-крывасмокаў! Што перад імі войска, паліцыя ды адміністрацыя... Паспрабуй, крані тую кампанію, дык яна сапраўдны – а ня кніжна-газэтны! – голад зробіць за месяц – як той Гамсахурдзія. І найперш у Менску, бо ўжо даўно не раён кантралюе калгас, а калгас кантралюе раён. Ня вобласьць кантралюе раён, а раён кантралюе вобласьць. Бо калі тую датацыю ты мусіш даць, дык ужо ня ты дабрадзей, але ён рэкецір.

Асаблівасьць нацыянальнай гаспадаркі ў тым, што чым горш справы ў калгасе, тым большыя зыск і выгоды маюць калгасныя “спэцыялісты”.

Кіраўнічыя пасады абласнога ўзроўню за апошнюю дэкаду занялі людзі ад “прадсядацельскіх целяфонаў”. Гэта яны рэальна вызначаюць кірунак разьвіцьця палітыкі, гаспадаркі, асьветы й культуры. Што ім “прэзыдэнцкі кантроль”– у той “кантрольцы” тыя ж “свае хлопцы”. Клян!

А propos, калі нават і дойдзе да тых “рэформаў”, то ніякага супраціву ня будзе. Дэмакратызацыя? Калі ласка! Пятнаццаць партыяў на мястэчка і сотня дацзыбао на плоце каля кінатэатру — выбірайце сабе з дваццаці кандыдатаў хоць брыгадзіра на фэрме. Лібэралізацыя? Няма праблемаў! Дачка ад сельсавету спрыватызавала сталоўку, сын ад калгасу клюб з крамай – і хоць трава хай расьце па тым камунізьме... Беларусізацыя? Не пытаньне! Загнаць тую савецкую школу з 1 верасьня “на мову”: няхай на занятках малоцяць сабе трасянкай.

Адным словам, да ўсякай моды клян клянаў можа прыстасавацца. Абы не чапалі тых грошыкаў, бэнзыну і саляркі. “Дайця нам самастаяцяльнасьць, но астаўця срадства...” А па-калгаснаму вельмі культурна выходзіць (слухайце Радыё Горадні ў 6:40!): “нада штоб к нам прыслушалісь...”

Ніякіх рэформаў тут быць ня можа, пакуль “небольшой колхоз” не перастане піць кроў з Рэспублікі Беларусі.

Усе беларусы без вынятку – гэта вясковыя дзеці на савецкім халяўным авансе. Пры саветах нам было добра – і ня будзем брахаць! Савецкі лад быў для бедакоў-беларусаў ідэальным. Толькі што быў ён, па-першае, коштам Расеі, і скончыўся ён – па-другое. Аляксандра Лукашэнку правільней было б менаваць кансэрватарам: ён захаваў “небольшой колхоз” у першасным выглядзе. Але надышоў час рэканструкцыі або руйнаваньня. І тут дылема. Зруйнаваць нядоўга, але з чым застанемся? Альбо – добра было б рэстаўраваць і цягаць у Верцялішкі пад Горадню экскурсантаў з Эўропы. Ды хто дасьць грошы, гэта ж дорага, хай яго халера.

Ня трэба, аднак, крыўдзіць вяскоўцаў – вёска і без калгасу выжыве, а вось калгас бязь вёскі здохне. Але ж у Рэспубліцы Беларусі той калгас наўкола! Школа, тэхнікум, інстытут, Акадэмія. Цэх, фабрыка, канцэрн, банк, міністэрства, Студыя, тэатар, суполка, Саюз Пісьменьнікаў разам з Вольгай Іпатавай, кінастудыя “Беларусьфільм”, “Славянскі базар” — усё гэта той самы “небольшой колхоз”.

Час сумаваць. У сэнсе – падсумоўваць. Што мае рабіць “наш чалавек у Менску”? Перш за ўсё – клян разбурыць. Каб кожны сам свае грошы лічыў. Скончыць ужо даўно трэба з тымі “льготамі” і “датацыямі” – пакінуць толькі дзяржаўныя рэзэрвы для скупкі гатовай прадукцыі.

Тады й выявіцца “хто ёсьць who”. Тады й будзе відаць, ёсьць яшчэ людзі ў Беларусі ці няма. Ёсьць – выжывем, а няма — здохнем. Бог ня роўна дзеліць. Але справядліва.

І тут паўстае тое ж самае пытаньне пра людзей. Бо “разбурыць клян”, у Менску седзячы, – гэта ж папросту сьмеху варта. Той клян ня ў Менску жыве, ня ў Горадні ці Гомлі. Ён там жыве, адкуль усе выйшлі. Ён у кожнай дзірцы жыве. На “клян” наехаць – тое самае, што родную матку жывой у зямлю закапаць. У тым і фокус. Першым эўрабеларусам будзе той, хто родную матку ў зямлю закапае. Беларусізацыя, калі пойдзе, дык ня зь вёскі, але з Эўропы – зь вёскі адно саветызацыя ішла. І дайшла. “Наш чалавек у Менску” мае найперш зьнішчаць – такая ягоная гадкая доля. Згарэць мае. Пракляты быць мае. Таму і ахвотнікаў мала – а каторыя ёсьць, камбінуюць, як бы прайграць Лукашэнку: няхай народ зь ім “насёрбаецца”.

Надыходзячыя выбары будуць ня бойняй, але фарсам. Цыркам. Камэдыяй. А вось пасьля выбараў дадзена будзе кожнаму – як прапісана ў Эвангельлі ад Лукі: “Хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, таму адымецца і тое, што мае”...

Лукашэнка – эпоха, Ідэя. Перабіць яго можа толькі іншая эпоха, Ідэя. Ідэя мае быць у тым, каб паламаць “небольшой колхоз” – у сьветапоглядах, штодзённым побыце, у непарыўнай сувязі з “матчынай хатай”. І яе парабкаўшчынай. Ну а калі наша “паяднаная (?) апазыцыя” зь яе “адзіным (?) кандыдатам” так і не адарвалася ад абавязку перад парабкаўшчынай традыцыі... Ніхто зь ёй гаварыць ня будзе. І грошай ня дасьць.

Канец. Кропка.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0