Аўтапартрэт
на фоне Вільні

ворчасьць Дзяніса Раманюка добра вядомая чытачам “НН”. 10 гадоў на нашых старонках зьяўляліся ягоныя фатаздымкі, малюнкі й артыкулы. Ягоныя творы шматкроць выстаўляліся ў Вільні. А гэтым разам з фотамастацтвам Раманюка зноў можна пазнаёміцца і ў Менску. 11 сакавіка ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася ягоная маштабная выстава “Аўтапартрэт на фоне Вільні”.

 

У інтэрвію Літоўскаму тэлебачаньню Дзяніс Раманюк акрэсьліў свой, як фотамастака, даробак гэткім чынам: ”На мяжы ХІХ і ХХ ст. “віленскі альбом” першым стварыў Ян Булгак. Ягоная віленская спадчына стала клясыкай фотамастацтва. На зломе ХХ і ХХІ ст. стварыць “віленскі альбом” давялося мне”. І гэта праўда.

Польская школа фатаграфіі пакінула Вільню. Спробы гэткіх фатографаў, як Марыюш Германовіч ці Войцэх Пражмоўскі, пераасэнсаваць цяпершчыну Вільні, непазьбежна зьбіваюцца на элегічную рэтраспэкцыйнасьць. Стомленасьць віленскім матэрыялам адчувае й літоўская школа фатаграфіі. Творы Альгімантаса Кунчуса, Антанаса Суткуса, Повіласа Карпявічуса ці Ільлі Фішэра, што склалі “залаты фонд” віленскае тэматыкі, належаць цяпер мінуламу стагодзьдзю. Росквіт літоўскае фатаграфіі прыпаў на 70-я гады, і менавіта тады былі створаныя, бадай, найлепшыя фотапартрэты гэтага гораду. Цяперашняе пакаленьне літоўскіх творцаў глядзіць на Вільню як на эрзац, турыстычны аб’ект. І калі тут тчэцца тканіна нейкага людзкага жыцьця, фатографы глядзяць на яе экзыстэнцыйна. То бок, адбітае на здымках зусім неабавязкова характэрна віленскае. А Вільня, шматкроць партрэтаваная, растыражаваная, працягвае жыць сваім непаўторным жыцьцём, незалежна ад хуткаплынных культурных, моўных ці палітычных рэаліяў.

Дзяніс Раманюк жыве зь Вільняю. І ў гэтым — вялікая розьніца між ім і ягонымі калегамі. Ад 1992 г., калі ён пачаў навучаньне ў Віленскай мастацкай акадэміі, і дасёньня ён жыве тут, застаючыся самім сабой. Беларускім мастаком, шчыльна зьвязаным з культурным кантэкстам Менску, дзе нарадзіўся й пачаў свой творчы шлях. Дзе значнае месца ў нацыянальнай культуры займаў ягоны бацька, Міхась Раманюк, і дзе ён выкладаў мастацтва сам. Таму творы Раманюка зьвяртаюцца найперш да беларускага гледача, прапануючы яму своеасаблівае віленскае люстэрка, у якім ён бачыць уласны адбітак. Адбітак у высокіх бухматых аблоках над горадам, што лятуць сюды аднекуль з-над Полацку ці Горадні, адбітак на спрадвечных мурах, пастаўленых задоўга да таго, як былі пакроеныя цяперашнія мапы, адбітак у хвалях дахоўкі, кожная зь якіх нясе цеплыню чалавечых рук... Штодзённыя вандроўкі проста па вуліцах, па стрэхах, па віленскіх гарах дазваляюць Дзянісу Раманюку бачыць бясконцую зьмену станаў прыроды, сьвятла й паветра, калі кожны прамень, што мяняе кут свайго падзеньня, мяняе і ўсё навокал. Гэтае пільнае ўзіраньне нясе з сабою безьліч адкрыцьцяў. Ужо ня толькі аб’ект адлюстраваньня, старая Вільня, а яе паветра, шматкроць адбітае ад сьценаў сьвятыняў, напоўненае гулам званоў і напоенае водарам блізкіх лясоў і далёкіх палёў, становіцца самадастатковым.

Першапачаткова Дзяніс Раманюк ставіў перад сабою куды больш сьціплую задачу. Ён пачынаў з жанравых і пабытовых фатазацемак, падгледжаных у віленскіх закутках, куды не патрапляюць зазвычай турысты, з партрэтаў людзей, якія жывуць зь ім побач, з краязнаўчых фотаэсэ пра мэмарыяльныя мясьціны... Гэта былі нізкі “Дзеці Зарэчча”, “Студэнты”, “Мае суседзі”. Але прыкладзеныя адзін да аднаго, гэтыя здымкі па прашэсьці гадоў набрынялі зусім іншым зьместам. Ужо цяпер багата таго, што яшчэ выяўлена на віленскіх здымках Раманюка, няма ў жыцьці. Вільня няўхільна мяняецца. Прападаюць здаўна вядомыя пляны, захінутыя новымі аб’ектамі, выпетрываюцца знаёмыя пахі й сьціхаюць звычныя гукі. Цяпер здымкі Дзяніса Раманюка маюць і гістарычную каштоўнасьць. Ён пасьпеў зафіксаваць той злом эпохаў, пра які ня дбалі іншыя ягоныя калегі.

Горад, як натуральны жывы арганізм, дае новыя сюжэты, дорыць новыя ракурсы таму, хто шукае ягонай нязьменнасьці. Коміны, дахі, крыжы, дрэвы. Прыйсьці пасьля сотняў папярэднікаў і пабачыць тое, што ім пабачыць ня выпала. У тым і ёсьць пякучая радасьць першаадкрывальніка. Вільня на здымках Раманюка – пазачасавая, спрадвечная. У ягоны аб’ектыў не патрапляюць аб’ектыўна банальныя рэчы. Шыльды, вітрыны, побыт... Застаецца адно Вільня, як сон, што можа прысьніць адно той, хто можа і ўмее любіць. А таму беларускі глядач не адчуе ў Раманюковых здымках ані адчужанасьці, ані адсунутасьці, ані аддаленасьці.

І ягоны аўтапартрэт у віленскіх здымках наўмысна становіцца ня больш чым сылюэтам, алегарычным знакам, што запрашае да супольнага сузіраньня. Сам партрэт аўтара ўяўляе сабой павялічаны ў шмат разоў... ягоны ўласны цень, які несьвядома трапіў на некаторыя фатаздымкі. Драбностка на тле вялізарнай панарамы Вільні канца ХХ — пачатку ХХІ ст.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0